Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Легендарны “Мірон” — на беларускай “Свабодзе” У 1995-м годзе, пасьля вядомага рэфэрэндуму аб нацыянальнай сымболіцы, калі на будынку Дома ўраду быў паказальна разарваны бел-чырвона-белы сьцяг, такое самае палотнішча ўзьвілася над райцэнтрам Лёзна, недасяжна лунаючы на небясьпечнай 40-мэтровай вышыні. Той, хто ўзьняў яго, назваўся Міронам і падпісаў гэтым імем запіску са словамі : “Вярніце народу гістарычную памяць”. З тае пары ягоныя пасьлядоўнікі ўжо 10 год уздымаюць сьцягі над рознымі беларускімі гарадамі, а міліцыянты штораз высьвятляюць асобу чарговага “Мірона”. “Мірон” вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі ў самых цяжкадаступных месцах – на высокіх вежах, лініях электраперадач пад напругаю ў дзясяткі тысяч вольт. З гледзішча звычайнага чалавека, ён робіць нешта неверагоднае і таму ўяўляецца нейкім волатам, якому падуладна ўсё. Гэты вобраз натхніў мастака Алеся Марачкіна ўвасобіць уяўную постаць Мірона на сваёй аднайменнай карціне. (Марачкін: ) “Мірон, Мірон, Мірон – Вось некалькі радкоў з майго верша. Мірон – гэта чалавек зь неймавернымі здольнасьцямі, неймавернай сілы, нешта на ўзроўні Шварцэнэгера! Гэта наш, беларускі супэргерой! Я яго такім уяўляю: ён трымаецца за гэтую высокавольтную лінію, у пальчатках, у яго на шапцы антэна, каб трымаць сувязь са сьветам - можа, з тымі, хто апякуецца, каб яго не схапілі. Я намаляваў яго такім чынам, што твару не відно – са сьпіны. У мяне пыталіся, чаму я намаляваў так, і я адказваў, што калі наш бел-чырвона-белы сьцяг залунае над Беларусьсю, ён усім пакажа свой твар!” Хаця “Мірон” на карціне Алеся Марачкіна быў непазнавальны, яе некалькі разоў забаранялі паказваць на выставах. І ўсё ж час ад часу гэта ўдавалася рабіць. Так, 25-га сакавіка 2000 году адкрыцьцём выставы мастацкае суполкі “Пагоня” распачалося сьвяткаваньне 82-х угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Была ў той экспазыцыі і выява легендарнага “Мірона”, да якой паэт Рыгор Барадулін дадаў сваё чатырохрадкоўе: “Дрыжыце: і калхозны трон, Хто такі “Мірон”? Рэальны чалавек або толькі рамантычная легенда? (Cпадарыня: ) “Гэта які такі Мірон? Які сьцягі вывешвае? Ведаеце, мне мае знаёмыя зь міліцыі казалі, што гэта не адзін чалавек, а ажно восем. І супраць кожнага ўзбуджаная крымінальная справа”. (Дзяўчына: ) “А я, напэўна, таксама палезла б вешаць сьцяг. Таму што гэта – мой сьцяг! “Мірон” – гэта, мабыць, і ёсьць пратэст унутраны!” (Спадарыня: ) “Не, існуюць розныя формы пратэсту. Можна і сьцягі вешаць. Але ж лезьці на высакавольтныя лініі – гэта небясьпечна для жыцьця , і гэта ж можна адключыць сьвятло ў цэлым раёне! Канечне, хуліганам “Мірона” назваць нельга, але гэта ўжо недзе блізка да таго”. (Спадар: ) “Я думаю, што Мірон – гэта сымбаль, гэта наш віцебскі, беларускі міт. Калі мне выпадзе вывесіць сьцяг на самую высокую кропку ў нашым горадзе, я таксама буду “Міронам!” Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда перакананы, што сапраўдны Мірон — толькі адзін. Той, хто быў першы. І згадвае падзеі 1995-га году. (Хамайда: ) “Усё пачыналася на наступны дзень пасьля таго ганебнага рэфэрэндуму. Трэба было нешта рабіць. І калі зьявіўся гэты сьцяг над Лёзнам, гэта быў учынак - асобны, я лічу, гераічны ўчынак асобнага чалавека. Бо гэта было вельмі небясьпечна - напруга і 30 тысяч вольт, і 110 тысяч вольт. А потым ужо зьявіліся пасьлядоўнікі “Мірона”, і сьцягі пачалі зьяўляцца ў розных гарадох Беларусі”. Моладзевы лідэр Павал Севярынец у кнізе “Пакаленьне Маладога фронту” піша пра тое, што ўчынак “Мірона” стаўся прататыпам шырокамаштабных акцыяў “Горад наш!”, калі над вуліцамі ды плошчамі ўзьвіваліся адначасова сотні бел-чырвона-белых сьцягоў. Наступнікамі чалавека-легенды сталіся ўжо дзясяткі людзей. Сярод іх, да прыкладу, віцяблянін, а цяпер палітычны эмігрант Зьміцер Піменаў. Сёньня ён жыве ў Бэльгіі. Быў затрыманы там, абвяшчаў галадоўку на знак пратэсту. Нядаўна эміграваў і колішні старшыня віцебскага “Маладога Фронту” Яніс Чучман, які ў 2003-м годзе вывесіў сьцяг над амфітэатрам. Спадар Хамайда ўзгадвае яшчэ аднаго земляка, Рамана Салаўяна – ён здолеў замацаваць палотнішча на электрычных дратах каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. На жаль, Раман трагічна загінуў у 25-гадовым узросьце. Імёны іншых Барыс Хамайда раіць захоўваць у таямніцы, бо за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў сёньня караюць. 10 год таму Мірона абвінавацілі ў злосным хуліганстве. У Лёзьненскім райаддзеле мы пацікавіліся, ці не шукаюць там і да сёньня чалавека, які ў 1995-м годзе вывесіў сьцяг на коміне райбыткамбінату. Намесьнік начальніка Яўген Грушэўскі адказваў на мае пытаньні ня дужа ахвотна . (Грушэўскі:) “Я ўзначальваю крымінальную міліцыю, і я вельмі пільны ў гэтых пытаньнях: што можна казаць, а што – не. Ёсьць таямніца сьледзтва. А можа, вы – злачынца, якому трэба нейкую інфармацыю ад нас атрымаць…” Калі ёсьць таямніца сьледзтва, то і сьледзтва яшчэ ёсьць – так мяркуе і сам “Мірон”. Рэальны, жывы чалавек, які ўвесну 1995-га году наважыўся пратэставаць супраць афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму. У ягоным пашпарце запісанае іншае імя, але на ўмовах ананімнасьці ўдалося сустрэцца з ім у тым самым Лёзьне, дзе, як кажуць, “нараджалася легенда”. Колькі разоў людзі спрабавалі ўявіць сабе легендарнага “Мірона”! А насупраць – звычайны чалавек. Можа, крыху вышэй сярэдняга росту. Асілкам яго не назавеш, але шырокія плечы выдавалі добрую фізычную загартоўку. Твару не паказаў: ён сядзеў сьпіной. Але ў тым, што гэта і ёсьць той самы “Мірон”, сумнявацца падстаў не было: ён распавядаў пра такія дэталі, якія мог ведаць толькі непасрэдны ўдзельнік гучных акцый. (Мірон: ) “Першая акцыя – гэта цэлая гісторыя. Яна праводзілася тут, недалёка ад таго месца, дзе мы стаім, на коміне кацельнай райбыткамбінату на вышыні 40 мэтраў. Тады нідзе няможна было набыць чырвонай тканіны. А з адной белай сьцяг ня зробіш! І я набыў чырвонай фарбы, расфарбаваў ды павесіў бел-чырвона-белы сьцяг”. Палотнішча неўзабаве маглі зьняць, таму “Мірон” прымацаваў да яго паперку з надпісам: “Асьцярожна, выбуховае прыстасаваньне!” і пустую мэталічную скрынку. Аднак міліцыянты, паводле ягоных словаў, пачалі паводзіць сябе цалкам неспадзявана… (Мірон: ) “Калі сьцяг быў заўважаны, сабралася ўся раённая адміністрацыя. Выклікалі міліцыю, прывезьлі вінтоўку, і маёр гнёў па гэтай скрынцы і па сьцягу разоў можа дзесяць. А афіцэр збоку падказваў – карэкціраваў агонь. Урэшце маёр ніводнага разу ня трапіў, і афіцэр, былы дэсантнік, палез на комін ды ўрэшце зьняў сьцяг. Але на гэтым гісторыя ня скончылася: маёр, які страляў, неўзабаве трапіў у псыхіятрычную лякарню, а таго афіцэра звольнілі з працы, і ён перабіваецца выпадковымі заробкамі”. “Мірон” распавёў яшчэ некалькі выпадкаў са сваёй практыкі ў Лёзьне, Віцебску, іншых гарадох. Ягонае майстэрства абыходжаньня з электратэхнікай і “ўзыходжаньні” на дахі ды коміны настолькі ўражваюць, што я нават запыталася, ці ня мае ён якую адмысловую альпінісцкую або навукова-тэхнічную падрыхтоўку? (Мірон: ) “Адмысловае падрыхтоўкі ніякае няма — толькі рукі, ногі і галава і ўсё! Напрыканцы мы пацікавіліся, адкуль узялося ягонае імя - ня дужа фактурна беларускае, як таго можна было б чакаць. (Мірон: ) “Мірон” – гэта несапраўднае імя. Яно зьвязанае крыху з маім радаводам. А другое, яно – ад слова “мір”, а што такое мір, тлумачыць, мусіць, ня трэба. “Мірон” заўсёды ідзе мірным шляхам, пакуль не навісла рэальная пагроза сувэрэнітэту Беларусі”. Але пакуль такая небясьпека існуе, кажа “Мірон”, на дапамогу яму няхай прыходзяць іншыя – “Алесі”, “Васілі”, “Янкі” і “Міколы”… І калі хто зь іх баіцца вышыні,- усьміхаецца суразмоўца, - няцяжка знайсьці іншую патрэбную справу… Паводле Радыё Свабода 19/12/2005 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |