Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Трэба любіць свой народ

Часам, размаўляючы з маладымі беларусамі, ці чытаючы іхныя лісты, чую як наракаюць яны на свой народ, што ён такі да гэтакі, ды несьвядомы, ды пасіўны, ды не шануе свайго, ды баязьлівы, ды ня хоча змагацца за сваё шчасьце, ды здрадлівы, ды схіляецца перад акупантам і г.д., і злуюцца на сваіх людзей, выказваюць непавагу і гатовыя адмовіцца і ўзьненавідзець.
Гэтыя маладыя людзі яшчэ не разумеюць, што яны самы ўжо стаяць на шляху да здрады. І пакуль ім жывецца цяжка, так як і бальшыні беларусаў, яны будуць толькі наракаць, што іншыя не ўзьняліся да іхных (як яны думаюць) высокіх думак і патрыятычных памкненьняў. Але калі ім засьвеціць фартуна ў бізнэсе, у грашах, у сацыяльным становішчы, у службе, у кар’еры, то шмат хто з такіх людзей замыкаецца ў сваіх інтарэсах і хавае ідэалы пад печ, ці ў куфар на дно, каб не рызыкаваць сацыяльным камфортам. Тады гэтакі беларус, каб апраўдацца перад самым сабой будзе ў голас казаць, што народ дурны.
Колькі я ўжо наглядзеўся на гэтакіх людзей, на такія прыклады. Гэта адзін з пратаптаных шляхоў здрады ў няволі, гэта дарога, якой ішлі шмат якія выхадцы з сялян і бедных пластоў грамадзтва.
Супрацьпаставіцца такому нявольніцкаму працэсу можа воля, духоўны чын і нацыянальная асьвета. Але толькі вольная нацыянальная дзяржава можа стварыць умовы для нармальнага культурнага разьвіцьця асобы.

***
Ніколі нельга, асабліва ва ўмовах акупацыі і нацыянальнага прыгнёту, расчароўвацца, зьневажаць і абзываць свой народ. Калісьці сацыяльныя вярхі лічылі сябе людзьмі, а рэшту “народам”. Памятайма, што народ, гэта ня нехта, недзе там. Народ – гэта мы ўсе. Народ – гэта мы. Такое ёсьць нацыянальнае і дэмакратычнае разуменьне народа. Нельга затоптваць сябе ў гразь, асабліва калі нас усіх затоптваюць чужыя. Гэта негадзіва для чалавека. Усьведамленьне адмоўных якасьцяў народа павінна выклікаць жаданьне пазбыцца гэтых недахопаў, а не імкненьне ўцячы, адмовіцца ад нацыі (ад самых сябе), ад культуры ды мовы. Пачынаць выпраўленьне найлепш з сябе. Гэта першы крок, каб стацца асобай. І кіравацца трэба на станоўчыя прыклады, якіх шмат у нашай гісторыі і ў жыцьці.
Трэба ўсьведамляць прычыны набытых “адмоўных якасьцяў” людзей. Можа варта іншым сходзіць у Курапаты і падумаць пра гэта там. Дзьвесьце гадоў фізічна і духоўна вынішчалі наш народ. Забівалі лепшых. Толькі за саветамі ў мірны час забілі больш 2-х мільёнаў і толькі за тое, што былі беларусамі, зьнішчылі ледзь ня ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. А школа, а фальсіфікацыя гісторыі, а вынішчэньне памяці? Потым, калі Беларусь пачала адраджацца нішчыцелі сталі называць адраджэньне “экстрэмізмам”, “дэстабілізыцыяй”. Яны хацелі захаваць стабільнасьць магільніка, спакой сьмерці, статус-кво таго пачварнага маразму, які яны стварылі ў нашым грамадзтве. “Статус-кво” – гэта ідэалёгія нішчыцеляў, мэтад па замацаваньні зьнішчэньня і ператварэньня яго ў норму існаваньня.
Наш нрод стаў ахвярай трох імпэрыяў у выніку зьбегу нешчасьлівых абставінаў. Але ён увесь час змагаўся за волю ў абліччы лепшых сваіх прадстаўнікоў, ён ніколі не пераставаў ствараць, нават тады, калі вынішчылі ягоную эліту, а рэшта вярхоў здраджвала яму, абзывала, штурхала ў гразь.
Любіць і шанаваць свой народ неабходна, у якім бы стане, у якім бы няшчасьці ён не апынуўся. Бо толькі з нашага народа можа быць наша будучыня.
Калі, напрыклад, на чыюсьці маці, ці на любімага бацьку напалі бандыты і сьмяртэльна зьбілі яго, і выжыў ён скалечаны, кульгаючы, бяз зубоў з адным вокам, са зьнявечаным тварам. То ці будуць дзеці яго любіць? Ці будуць яны яго лячыць? Можа яны пачнуць саромецца яго калецтва і твару і назавуць яго страшыдлам і недалэнгам, завернуцца, кінуць яго і пойдуць ў сьвет каваць сваё шчасьце? Пэўна ж не. Але калі б такое і здарылася, то хто стане вінаватым: хворы бацька ці дзеці, што зракліся яго? Трэба памятаць простае правіла – нікчэмнасьць эліт штурхае народ у няволю. Адсутнасьць эліт хавае яго ў небыцьцё.
Ня трэба ніколі забывацца, што наша беларуская свабода дасягаецца намі праз мільёны нявінных ахвяр. Яны ляжаць у тысячах курапатаў па ўсёй Беларусі. Гэта такія ж самыя беларусы, што і цяпер. І было б найніжэйшай нізкасьцю і змрочным абсурдам абвінаваціць у іхняе сьмерці іх жа самых.
Шануйма ж сябе на справе, свой народ, сваю кроў, зямлю, мову, гісторыю і культуру, калі мы хочам быць, жыць і мець ад жыцьця радасьць. Для беларусаў цяпер і заўсёды, гэта ёсьць галоўная ўмова народнай свабоды. Пра гэта казалі ўсе вялікія беларусы ад Марцінкевіча ды Багушэвіча да магутнага Быкава. Вось людзі на якіх варта зважаць у хвіліны роспачы і сумненьняў. І не забывайма (нават будучы на доле не забывайма), што быў вялікі Вітаўт і дзейны Скарына, мудры Сапега і рашучы Кастусь. Бо сорамна плакаць нашчадкам вялікай краіны і апускацца, каб плявалі народу ў твар. Не абзываць яго трэба, не адмаўляцца, не хавацца ў камфорт, у нару, у пойла, у грошы, у быт, а бараніць.
Свой народ трэба любіць як Бога, нават калі ён маўчыць.
Уступае ў жыцьцё новае пакаленьне беларусаў, якое ўжо ня памятае камунізму, але поўнай чашай паглынае яшчэ яго вынікі. Гэтыя вынікі – Беларусь у падпольлі. Але хай жыве яна ў сэрцы, у душах, у галаве і на вуснах, хай кіруе ўчынкамі і жыцьцём, бо наша Беларусь – гэта наша Беларусь і толькі мы, беларусы, можам яе адрадзіць.

Зянон Пазьняк
8 студзеня 2006 г.

20/1/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2006
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024