Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Cяргей Навумчык: Як аднаўлялася Незалежнасьць (Фрагмэнты публікацыі “Сем гадоў Адраджэньня (1988-1995)” у часопісе ARCHE, нумар 3, 2006 г.) Пра тактыку і дысцыпліну Тыя, хто сачыў за падзеямі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня праз СМІ, назіралі вонкавы бок дзейнасьці Апазыцыі БНФ – выступы дэпутатаў, дыскусіі, прыняцьце законаў. Аднак гэта была ўсяго толькі частка палітычнай дзейнасьці. Паводле рэглямэнту, сэсіі ВС павінны былі склікацца два разы на год, але ў рэальнасьці яны зьбіраліся часьцей і звычайна цягнуліся пару месяцаў (за рэдкімі выключэньнямі – напрыклад, самая вызначальная, гістарычная пазачарговая сэсія ў жніўні 1991 году была і самай кароткай – два дні). Паміж сэсіямі дзейнасьць дэпутатаў апазыцыі не спынялася. Працавалі адмысловыя групы з удзелам экспэртаў (на пачатку – эканамісты А. Станкевіч, У. Тарасаў, пазьней В. Масквіч, С. Гусак, акадэмік Р. Гарэцкі, член-карэспандэнт акадэміі І. Нікітчанка, прафэсар У. Кулажанка – гэта толькі некаторыя імёны). Увосень 1990 году прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці былі зьдзіўленыя, калі апазыцыя БНФ вынесла на 2-ю сэсію некалькі дзясяткаў заканадаўчых прапаноў, пераважна датычных эканомікі і дзяржаўнага будаўніцтва. З гэтага моманту з вуснаў нашых апанэнтаў, ва ўсялякім разе ў Авальнай залі, практычна не гучалі папрокі, што “БНФ выступае толькі за беларускую мову і не займаецца эканомікай” (што, аднак, пазьней пачалі пісаць некаторыя лібэральныя палітычныя аналітыкі). Апазыцыяй БНФ была падрыхтаваная праграма пераходу Беларусі да рынкавых узаемаадносінаў, падмацаваная адпаведнымі законапраектамі. Камуністы казалі, што ў апазыцыі існуе жорсткая дысцыпліна; усе галасуюць так, як скажа Пазьняк. Насамрэч палітычная тактыка выпрацоўвалася ў часе дыскусіяў, меркаваньне Пазьняка як палітычнага лідэра было, бясспрэчна, важным, асабліва з улікам ягоных бязьмежных (азначэньне Васіля Быкава) аналітычных здольнасьцяў і нейкай надзвычайнай палітычнай інтуіцыі. Аднак я не сказаў бы, што з боку Пазьняка назіраўся “інтэлектуальны дыктат” – што да тактыкі, дык досыць часта пад уплывам іншых меркаваньняў ён зьмяняў пазыцыю (лінія на дзяржаўны сувэрэнітэт, вядома, заставалася непахіснай). Тактыка дзеяньняў на сэсіі абіралася з улікам магчымых варыянтаў паводзінаў нашых апанэнтаў. Паколькі мы складалі 1/10 частку парлямэнту, дык усё даводзілася пралічваць вельмі дакладна. І ўжо калі тактыка прымалася – на сэсіі ў Авальнай залі яе трэба было трымацца ўсім. Вядома, часам пры абмеркаваньнях ці галасаваньні сытуацыя мянялася, раіцца не было калі, рашэньне даводзілася прымаць імгненна, і ў такіх выпадках вызначальнае слова заставалася, зразумела, за Пазьняком (але гэта – клясычны парлямэнцкі закон, які ў Брытаніі існуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў). Усе дэпутаты апазыцыі ведалі стратэгічныя мэты і тактыку іх дасягненьня. Таму калі ў нейкіх выпадках, напрыклад, нехта з нашых апанэнтаў (часам і сам Кебіч) не маглі зьвязацца з Пазьняком, яны выходзілі ці на Баршчэўскага, ці на Голубева, ці на мяне (мы выконвалі функцыі каардынатараў апазыцыі) і маглі быць пэўныя, што дамоўленасьці будуць выконвацца. Зразумела, што ў такім разе мы інфармавалі Пазьняка і іншых дэпутатаў. Зрэшты, нейкая гіерархія ўнутры апазыцыі адсутнічала, функцыі каардынатараў былі хутчэй тэхнічныя, чым палітычныя. У тых выпадках, дзе прынцып узгодненасьці (ці, калі хочаце, палітычнай дысцыпліны) парушаўся, наступствы маглі быць вельмі сур’ёзныя. Так здарылася ў 1994 годзе, калі намесьнік Пазьняка па апазыцыі і лідэр БСДГ Алег Трусаў разам з паплечнікамі нечакана падтрымалі на прэзыдэнцкіх выбарах не Пазьняка, а Шушкевіча. І наадварот – падчас прыманьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце менавіта дакладна абраная тактыка прывяла да посьпеху (падрабязна пра гэта – пазьней). Былі і ўнікальныя прыёмы, якія можна было скарыстаць толькі аднойчы. Так, неяк парлямэнцкая большасьць вынесла заканадаўчую прапанову аб адкліканьні дэпутатаў – мэханізм быў такі, што даваў магчымасьць намэнклятуры адклікаць практычна ўсіх апазыцыйных дэпутатаў; нават калі б мы не вылазілі са сваіх акругаў, забыўшыся на палітыку і займаліся толькі асфальтаваньнем вуліц, пракладкай каналізацыі і г.д (для чаго яшчэ трэба было выпрасіць той асфальт ды трубы) – нас бы ўсё роўна пазбавілі дэпутацкіх мандатаў. Сытуацыя ўзьнікла цяжкая, крытычная, і, як падавалася – безвыходная. Намэнклятура была ўпэўненая, што заблякаваць гэты закон нам ня ўдасца. І тут пры абмеркаваньні на карысьць закону выступіў Валянцін Голубеў. А Зянон Пазьняк падышоў да мікрафона і заявіў, што звычайна ў нас парадак прыняцьця законаў спачатку ў першым чытаньні, потым у другім, а гэты закон так дасканала распрацаваны, што трэба прымаць адразу ў другім чытаньні. Дэпутаты, натуральна, пагаджаюцца. Абмеркаваньне скончылася – час галасаваць. Пазьняк уздымаецца зь месца: “Так, апазыцыя – галасуем! Сяргей (гэта да мяне, бо я сядзеў ля дзьвярэй), паглядзі, хто там з нашых у фае, хай бягуць у залю!” Баршчэўскі, Маркевіч, Гюнтэр з розных сэктараў з залі, гучна – “Хлопцы, дык галасуем, як дамовіліся! Цісьнем “За””. Сьпікер разгублены – а трэба ужо вымаўляць “Хто – за? Прашу галасаваць”. Дэпутаты-камуністы бачаць, што БНФ чамусьці вельмі зацікаўлены ў законе – і значная іх частка “За” не галасуе. Мы, натуральна, таксама не галасуем (кнопка для галасаваньня прыкрывалася пласьцінай, і калі ты жадаў – сусед мог ня бачыць, калі ты яе цісьнеш). Усё вырашылі літаральна дзесяць сэкундаў. Законапраект галасоў не дабраў. Паколькі, паводле прапановы Пазьняка, галасавалася адразу ў другім чытаньні, і закон ня быў прыняты – ён не павінен галасавацца ізноў, павінен быць адпраўлены на дапрацоўку. Гэта быў апошні дзень сэсіі – у наступную сэсію палажэньне ад адкліканьні дэпутатаў ужо не ўключалі; мы правялі зь некаторымі кулюарную працу. Але ў той раз ужо праз пяць хвілінаў усе ўсё зразумелі, ды і мы не маглі стрымаць сьмеху, калі камуністы нам казалі “Ну, вы нас і надурылі! Больш не паддамося”. Зразумела, што такі прыём скарыстаць ізноў было б немагчыма. Ну а па-за межамі Авальнай залі Дома ўраду ды офісу БНФ на Варвашэні, 8 у нас былі сустрэчы на прадпрыемствах, у інстытутах ды розных арганізацыях як у Менску, гэтак і ў рэгіёнах. Так, увосень 1994 году мы аб’езьдзілі дзясяткі раёнаў Заходняй Беларусі – сотні выступаў у гарадах, мястэчках і вёсках. Вышэй я спаслаўся на клясычную практыку парлямэнцкай дысцыпліны Вялікабрытаніі. Аднак у Лёндане дэпутаты ведаюць, што выкананьне партыйных патрабаваньняў дасьць ім магчымасьць пераабрацца на іншы тэрмін, магчыма, заняць нейкую пасаду ў парлямэнце, а пры зьмене ўлады – увайсьці ў склад ураду. Такіх гарантыяў дэпутатам Апазыцыі БНФ ніхто не даваў, дый даць ня мог. Усё трымалася на веры ў найвышэйшую мэту – Незалежнасьць Беларусі. Ну і, нарэшце, падаецца нялішнім абнародаваць фінансавы аспэкт нашай дзейнасьці. За ўсе гады існаваньня апазыцыі БНФ на распрацоўку ці экспэртны аналіз законапраектаў, Дэклярацыі і Канстытуцыі, увогуле на палітычную дзейнасьць мы не атрымалі ад замежных дзяржаваў ці небеларускіх арганізацыяў ніводнага, як цяпер модна казаць, “гранту”, ніводнага даляра, рубля, франка, маркі, злотага, кроны і г.д. Дэклярацыя аб сувэрэнітэце: пакуль што – у складзе СССР Паказальна, што ў траўні 1990 году ў Сойме БНФ яшчэ вяліся дыскусіі наконт незалежнасьці. Зазначу, што я ні ў якім разе не хачу закінуць Юр’ю Дракахрусту папрок у жаданьні пазбавіць Беларусь незалежнасьці наагул; гаворка на Сойме ішла пра тое, што павінна быць спачатку – дэмакратызацыя альбо незалежнасьць. У нечым тая дыскусія паказальная, калі ўлічыць далейшае разьмежаваньне ў дэмлягеры па лініі “агульныя дэмакраты” – “незалежнікі”. Але трэба сказаць, што аднадушша наконт незалежнасьці не было і ў дэпутатаў, якія ўвайшлі ў “Дэмакратычную плынь”, якая пазьней пераўтварылася ў “Дэмакратычны клюб”. Усьведамленьне неабходнасьці сувэрэнітэту прыйшло паступова, хоць і даволі хутка: ужо праз два месяцы пасьля пачатку першай сэсіі да дэпутатаў ад БНФ далучыліся тыя, хто меў аб праграме Фронту цьмянае ўяўленьне альбо нават канкураваў на выбарах з фронтаўскімі кандыдатамі. Шмат у чым паспрыялі гэтаму цынізм, зь якім дэпутаты-прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры адкідвалі кадравыя прапановы “дэмклюбу” падчас выбараў старшыняў парлямэнцкіх Камісіяў. 11 траўня Сойм БНФ заявіў, што дасягненьне сувэрэнітэту немагчымае ў складзе СССР, а ў пачатку ліпеня 1990 году канфэрэнцыя БНФ прыняла праект Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Спачатку дэпутаты-камуністы і чуць не хацелі ні пра якую дэклярацыю; пасьля прыняцьця аналягічнага дакумэнту Вярхоўным Саветам РСФСР пра яе неабходнасьць заявіў і старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей. 27 ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Пазьней Станіслаў Шушкевіч будзе казаць, што дэпутаты БНФ ня бралі ўдзел у галасаваньні, сышлі з залі – некарэктна замоўчваючы вельмі істотныя акалічнасьці. Па-першае, сама Дэклярацыя была напісаная дэпутатамі БНФ. Прапанаваныя намі палажэньні Дэклярацыі, хоць і пасьля гарачых дыскусіяў, але, збольшага, прымаліся. Заставаўся апошні артыкул, у які прыхільнікі СССР жадалі ўключыць пункт аб неабходнасьці падпісаньня “саюзнай дамовы”. Да таго ж большасьць адмаўляла нашае патрабаваньне – надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць – у выпадку супярэчнасьці Канстытуцыі і законаў СССР Канстытуцыі і законам Беларусі перавагу б мелі апошнія). Узьнікала і яшчэ адна пагроза – пасьля паартыкульнага галасаваньня Дэклярацыя павінна была прымацца “ў цэлым”, і тут магла пачацца рэвізія раней прынятых палажэньняў, іх выхалошчваньне (гэта было б парушэньнем рэглямэнту, але нязначным). Ішло да таго, што Дэклярацыя ўвогуле магла быць не прынятая. Так, дэпутат Леанід Козік (член Прэзыдыюму ВС, пры Лукашэнку – лідэр праўладных прафсаюзаў) падчас абмеркаваньня заявіў, што “калі мы прымем тую Дэклярацыю, дык яна накіраваная на 100 працэнтаў на прамы выхад з Саюзу”. У гэтых умовах Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасьць будзе настойваць на “саюзнай дамове” і адмовіцца ад канстытуцыйнасьці Дэклярацыі – выйсьці з Авальнай залі. Гэта мела б псыхалягічны эфэкт, заблытала б дэпутатаў, яны б дзейнічалі ад “супрацьлеглага” (“насуперак” БНФ). У фракцыі БНФ адбылася дыскусія. Прапанова была вельмі рызыкоўная, але Пазьняку ўдалося пераканаць у яе слушнасьці; некалькі чалавек ўсё ж вырашылі пакінуць у залі ў якасьці назіральнікаў. Фактычна, у той момант Пазьняк паставіў на карту свой аўтарытэт сярод калег і палітычную будучыню; калі б тактыка не спрацавала і Дэклярацыя была не прынятая, ці адбылася б рэвізія ўжо прынятых артыкулаў – ён успрымаўся б сваімі ж паплечнікамі як авантурыст. Аднак мэта сувэрэнітэту была нагэтулькі важная, што ён пайшоў на такую рызыку, будучы ўпэўнены, што пераможа. Калі дайшлі да апошняга артыкулу – была адкінутая канстытуцыйнасьць Дэклярацыі і ўведзеная “саюзная дамова”; дэпутаты БНФ заявілі, што пакідаюць залю і ня ўдзельнічаюць у галасаваньні. Сабраліся ў памяшканьні за прэзыдыюмам, дзе па тэлевізары ішла трансьляцыя (той самы пакой, дзе ў часы Машэрава зьбіралася ў перапынках сэсіяў вышэйшае кіраўніцтва). Я быў сярод пакінутых назіральнікаў і бачыў, які эфэкт зрабіў выхад з залі двух дзясяткаў дэпутатаў на чале з Пазьняком на дэпутатаў-камуністаў: “Яны ня хочуць галасаваць! Ну дык мы прагаласуем”. У выніку Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР была прынятая (праўда, з “саюзнай дамовай” і без канстытуцыйнага статусу, што будзе выпраўлена ў жніўні 91-га). Вядома, нават ва “ўсечаным” варыянце Дэклярацыя была значным крокам наперад – да таго ж, на працягу двухдзённых дэбатаў 26–27 ліпеня нам удалося адстаяць некаторыя істотныя палажэньні, напрыклад, бязьядзернасьць Беларусі. Напаўсувэрэннасьць У той жа дзень, 27 ліпеня, было заяўлена пра ўтварэньне апазыцыі ў Вярхоўным Савеце – да гэтага мы называліся фракцыяй. Аднак ні фракцыяў, ні апазыцыі кіраўніцтва Вярхоўнага Савету не прызнавала – юрыдычна існавалі толькі Камісіі ВС, аддзелы ў апараце ВС, а апазыцыі БНФ нібыта і не было. Не было – юрыдычна – і самога БНФ. Праўда, Пазьняку ўдалося “выбіць” пакой на трэцім паверсе Дома ўраду, у правым крыле (калі стаць тварам да фасаду). Насуперак нашых чаканьняў, нічым нам не спрыяў і Станіслаў Шушкевіч, які пасаду першага намесьніка старшыні ВС ня мог бы заняць без падтрымкі дэпутатаў БНФ. Зь ліпеня 1990 году па жнівень 1991-га доўжыўся пэрыяд напаўсувэрэннасьці Беларусі. Апазыцыя БНФ у гэты час распрацавала і прадставіла на разгляд Камісіяў і Вярхоўнага Савету некалькі дзясяткаў законапраектаў, накіраваных найперш на ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці – аб уласнай грашова-фінансавай банкаўскай сыстэме, а таксама рынкавых формах гаспадараньня (сярод якіх і блёк законапраетаў, аб’яднаных у Зямельны Кодэкс з правам прыватнай уласнасьці на зямлю). Але практычна ўсе законапраекты апазыцыі БНФ былі адрынутыя пракамуністычнай парлямэнцкай большасьцю, і хаця шмат якія нашыя напрацоўкі былі прынятыя ў выглядзе асобных артыкулаў у законах, Беларусь імкліва губляла час, які прыбалты ды палякі выкарыстоўвалі для стварэньня рынкавай эканомікі. У сакавіку 1991 году з ініцыятывы М. Гарбачова быў праведзены рэфэрэндум аб захаваньні СССР. Сам “плебісцыт” у Беларусі быў прызначаны пры адсутнасьці беларускага Закону аб рэфэрэндуме, з парушэньнямі нават так званага “саюзнага” заканадаўства, з фальсыфікацыямі. Агітацыя вялася на карысьць Саюзу – Пазьняку, Сямдзянавай і мне адмовілі ў тэлеэфіры для агітацыі супраць захаваньня СССР. Зрэшты, галоўнае было нават ня ў гэтым. Пазыцыя БНФ палягала ў тым, што, паколькі СССР ўтвараўся не праз рэфэрэндум, а шляхам падпісаньня Дамовы, не рэфэрэндум павінен вызначаць і лёс імпэрыі. З гэтага гледзішча пазьнейшае падпісаньне Віскулёўскага пагадненьня аб скасаваньні Саюзу і ратыфікацыя яго Вярхоўнымі Саветамі краін-заснавальніц СССР было абсалютна легітымным рашэньнем і, скажам так, цалкам юрыдычна адэкватным падпісаньню Дамовы аб утварэньні СССР у Маскве ў 1922 годзе. Тым часам Крэмль губляў кантроль над сытуацыяй у рэспубліках; эканамічная палітыка Гарбачова, якая абапіралася на інтарэсы вайскова-прамысловага комплексу, прывяла да паглыбленьня інфляцыі і ўзьнікненьня дэфіцыту на самыя элемэнтарныя тавары (посуд, электралямпачкі, цыгарэты і г.д.). У красавіку 1991 году некалькі дзясяткаў тысяч рабочых менскіх прадпрыемстваў распачалі страйк і выйшлі на плошчу перад Домам ураду. Першапачатковай прычынай было падвышэньне цэнаў; аднак ужо ў першы дзень актывістам БНФ удалося прапанаваць страйкамаўцам палітычныя лёзунгі, у тым ліку і патрабаваньне аб новых выбарах у Вярхоўны Савет. Але кіраўніцтва Савету Міністраў уцягнула некаторых лідэраў страйкаму ў бясплённыя перамовы пра падвышэньне заробкаў, і страйк скончыўся. А празь некалькі месяцаў інфляцыя “зьела” і тыя сьціплыя падвышэньні зарплатаў. Літаратар Валянцін Акудовіч у адным з інтэрвію сказаў, што рабочыя выйшлі з трывогай за існаваньне Савецкага Саюзу. Словы пра трывогу – выразны прыклад таго, як пад нейкія “высновы” (інтэрвію было прысьвечанае “нізьвяржэньню” Пазьняка) падбіваюцца не адпаведныя сапраўднасьці факты. Сярод патрабаваньняў удзельнікаў страйку няма пункту аб захаваньні СССР; яго і не магло быць, таму што адным зь лідэраў страйкаму самімі ж рабочымі быў абраны дэпутат апазыцыі БНФ Сяргей Антончык. Больш за тое. Патрабаваньне сувэрэнітэту гучала ўжо і з вуснаў кіраўнікоў прадпрыемстваў. Так, у траўні 1991 году мне як дэпутату ад Віцебскай акругі быў перададзены “Зварот сходу прадстаўнікоў працоўных калектываў прамысловых прадпрыемстваў г. Віцебску”, падпісаны дырэктарамі, кіраўнікамі прафкамаў і старшынямі страйкамаў пяці самых буйных прадпрыемстваў гораду – станкабудаўнічага заводу імя Кірава, заводу заточных станкоў, станкабудаўнічага заводу імя Камінтэрну, тэлевізійнага заводу і вытворчага аб’яднаньня “Маналіт”, на якіх працавала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У пераліку палітычных патрабаваньняў першым стаіць: “Надаць дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйны характар”. Жнівень 1991: путч і Незалежнасьць Раніцай 19 жніўня 1991 году маскоўскае тэлебачаньне і радыё паведаміла пра адхіленьне ад пасады Міхаіла Гарбачова і стварэньне Дзяржаўнага камітэту ў справе надзвычайнага становішча (у гісторыю ён увайшоў з расейскай абрэвіятурай – ГКЧП). Мы не былі ад Гарбачова ў вялікім захапленьні, уласьцівым маскоўскай лібэральнай інтэлігенцыі і іх менскім адэптам. Асабіста ў мяне апошнія ілюзіі зьніклі пасьля кароткай размовы зь ім у лютым 1991 году пра дзеяньні кіраўніцтва СССР падчас Чарнобылю. Генэральны сакратар ЦК КПСС і Прэзыдэнт ядзернай звышдзяржавы паводзіў сабе як вучань, які выправіў ацэнку ў дзёньніку. У той жа дзень, выступаючы ў беларускай Акадэміі навук, Гарбачоў абрынуўся з рэзкімі выпадамі на дэмакратаў; я сядзеў у першым радзе, Міхаіл Сяргеевіч паказваў на мяне пальцам, тэлекамэры трансьлявалі, і цешча ў Глуску думала, што гэта – канец. Аднак было абсалютна зразумела, што пры адным зь яго папярэднікаў – Андропаве – за мае пытаньні мяне б чакаў арышт, а пры яшчэ ранейшым папярэдніку, Сталіне – расстрэл. Разумелі мы і тое, што замест адносна лібэральнага, хоць і непасьлядоўнага Гарбачова, на трон можа ўзысьці пасьлядоўны ў сваёй рэакцыйнасьці вылучэнец вайскова-прамысловага комплексу. Яшчэ за некалькі тыдняў да абвяшчэньня ГКЧП у СМІ зьявілася заява групы “дзеячоў літаратуры і мастацтва” пра небясьпеку распаду СССР з заклікам прыняць рашучыя меры; ГКЧП і стаў выразьнікам вяртаньня ў старыя часы. Наяўнасьць у ГКЧП сілавых міністраў і кіраўнікоў ваенна-прамысловага комплексу не пакідала ілюзій наконт антыдэмакратызму і рэпрэсіўнасьці мэтадаў, якімі будуць захоўваць СССР ад распаду. Той жа раніцай 19 жніўня дэпутаты апазыцыі БНФ сабраліся ў Вярхоўным Савеце і зрабілі шэраг заяваў, ацаніўшы падзеі як спробу захаваць савецкую імпэрыю шляхам усталяваньня вайсковай дыктатуры. Мы (Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў, У. Заблоцкі ды аўтар гэтых радкоў) пайшлі да старшыні Вярхоўнага Савету М. Дземянцея і запатрабавалі ад яго неадкладна склікаць сэсію ВС. “Беларускі народ добра памятае жудасныя злачынствы сталінскай дыктатуры і не даруе патураньня тым, хто зноў імкнецца растаптаць яго сувэрэнітэт і свабоду”, – гаварылася ў нашым Звароце да Дземянцея. Той сказаў нам, што нібыта Гарбачоў сам падаў у адстаўку і што на працягу тыдня будзе скліканая сэсія Вярхоўнага Савету СССР – таму зьбіраць сэсію беларускага парлямэнту няма патрэбы. Тады ж, 19 жніўня, мы накіравалі звароты да старшыні Саўміну В. Кебіча, міністра ўнутраных справаў, старшыні КДБ, у якіх канстатавалі, што “спроба антыканстытуцыйнага перавароту, зробленая… групай палітычных авантурыстаў у Маскве, накіраваная супраць дэмакратыі, законных органаў улады і сувэрэнітэту рэспублік, зьяўляецца дзяржаўным злачынствам. Безадказныя дзеяньні путчыстаў у СССР не павінны мець ніякай падтрымкі на Беларусі. Усе іхнія распараджэньні зьяўляюцца незаконнымі і не павінны выконвацца ніякімі органамі ўлады Беларускай ССР. Мы заклікаем Вас праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць беларускай рэспубліцы…” І старшыня КДБ, і міністар унутраных справаў занялі нэйтральную пазыцыю (але пазьней стала вядома, што на чыгуначнай станцыі былі падрыхтаваныя эшалёны для “транспартаваньня” тых, хто, як выказаўся ў той дзень Дземянцей, “падбухторвае людзей”). Кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Малафеевым цалкам падтрымала дзеяньні ГКЧП, абавязаўшы партыйныя камітэты выконваць яго распараджэньні. Старшыня Дзяржтэлерадыё А. Сталяроў спыніў вяшчаньне беларускага каналу і пераключыў яго на Маскву, з трансьляцыяй распараджэньняў ГКЧП. Члену Прэзыдыюму ВС М. Сьлямнёву, які хацеў выступіць супраць ГКЧП, было адмоўлена ў радыёэфіры. Увечары 19 жніўня перад будынкам Дома ўраду мы правялі мітынг – на яго прыйшло некалькі соцень чалавек. Зянон Пазьняк ды іншыя дэпутаты БНФ заклікалі не выконваць распараджэньні ГКЧП. Мітынг адбыўся і 20 жніўня, ужо больш шматлюдны. Да патрабаваньня аб скліканьні сэсіі далучыліся і іншыя дэпутаты, у тым ліку першы намесьнік Старшыні ВС С. Шушкевіч. Аднак шмат хто вырашыў заняць пазыцыю чаканьня, і на 13 гадзін 20 жніўня мы мелі ўсяго 33 подпісы дэпутатаў (для скліканьня нечарговай сэсіі іх патрабавалася 120). Увечары 21 жніўня ГКЧП пацярпеў паразу. У 16 гадзін на чале з Пазьняком мы ізноў былі ў кабінэце М. Дземянцея; цяпер ужо ён быў вымушаны прымаць рашэньне аб скліканьні нечарговай сэсіі, якая прызначалася на 24 жніўня. На наступны дзень нам прадставілі жывы тэлеэфір. У сваёй заяве дэпутаты апазыцыі БНФ выказалі ўпэўненасьць, што “народ Беларусі ў гэтыя дні канчаткова зразумеў неабходнасьць поўнай незалежнасьці Рэспублікі… Толькі ў свабодзе і незалежнасьці наша будучыня”. Акрамя таго, мы запатрабавалі неадкладнага прыняцьця новага Закона аб выбарах дэпутатаў (праект якога мы перадалі ў Прэзыдыюм ВС яшчэ ў траўні) і прызначэньня новых парлямэнцкіх выбараў. Намэнклятура знаходзілася ў стане разгубленасьці, Камісіі ВС ня мелі абсалютна ніякіх напрацовак, і за тры дні і ночы (21–24 жніўня) мы падрыхтавалі пакет законапраектаў, якія былі неабходныя для абвяшчэньня і замацаваньня незалежнасьці. Цяпер, калі я прыгадваю тыя суткі, не магу падзяліць дзень і ноч — здаецца, яны зьліліся ў адно. Патрабаваньне аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, зразумела, было галоўным – нароўні з патрабаваньнем аб роспуску КПБ–КПСС і адстаўцы тых, хто падчас путчу не выканаў сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Так, прапаноўвалася “асудзіць бязьдзейнасьць і безадказнасьць у справе абароны Канстытуцыі і сувэрэнітэту Беларускай ССР членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Дземянцея М.І, Шаладонава В.І., Гаркуна У.Г., Гілевіча Н.С., Грыба М.І., Жуковіча Я.Б., Жукоўскага М.Д., Капытава М.Я., Каратчэні І.М., Козіка Л.П., Кулічкова А.М., Котава С.М., Леўчыка У.К., Міцько П.А., Савіцкага Б.П., Смоляра І.М., Сівіцкага Д.А., Унучкі Р.І. у час спробы дзяржаўнага перавароту 19–21 жніўня г.г. Лічыць немагчымым далейшае выкананьне імі абавязкаў членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Беларускай ССР… Выказаць недавер і вызваліць ад займаных пасадаў Старшыню Савета Міністраў БССР Кебіча В.Ф. і яго намесьнікаў, міністра юстыцыі Беларускай ССР Дашука Л.А., Старшыню Дзяржтэлерадыё БССР Сталярова А.Р., кіраўніцтва Пракуратуры БССР за бязьдзейнасьць і неканстытуцыйныя паводзіны падчас спробы дзяржаўнага перавароту”. Я адмыслова прыводжу тут гэтую даўгую цытату, таму што адразу пасьля сэсіі ў бок дэпутатаў апазыцыі БНФ пасыпаліся папрокі, што, нібыта, мы “купіліся” на згоду нашых палітычных апанэнтаў прыняць сувэрэнітэт і ледзь не падпісалі зь імі пагадненьне. Сэсія ВС праходзіла 24–25 жніўня – БНФ вывеў на плошчу перад Домам ураду некалькі тысячаў чалавек, і “голас народу” даходзіў у фае парад Авальнай заляй. Пазьней шмат пісалі, што нібыта сакратара ЦК КПБ В. Ціхіню ледзь уратавалі ад лінчаваньня – насамрэч ніхто Ціхіню не чапаў, яго проста абплявалі; праўда, актывістам БНФ сапраўды прыйшлося “эвакуяваць” яго з плошчы. Большасьць з нашых заканадаўчых прапановаў на сэсіі не прайшла. І ўсё ж удалося дасягнуць галоўнага – Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце набыла статус канстытуцыйнай сілы. Акрамя таго, была прыпыненая дзейнасьць КПБ–КПСС, пайшоў у адстаўку М. Дземянцей. Аднак члены Прэзыдыюму ВС і кіраўніцтва Саўміну засталіся на сваіх пасадах. Нам проста не хапіла сілаў (а канкрэтна – парлямэнцкіх галасоў), каб зьдзейсьніць тое, што было зроблена ў Чэхіі і іншых краінах – цалкам зьмяніць вярхушку дзяржаўнага апарату, паставіць новых людзей. Былая камуністычная прэса імгненна пачала папярэджваць, каб, барані Божа, не пачалося “паляваньне на вядзьмарак”. Супраць такога паляваньня выступіў і Станіслаў Шушкевіч. Было праігнараванае і нашае патрабаваньне аб новых парлямэнцкіх выбарах. Чаму не было штурму І тут ёсьць адна важная акалічнасьць – запатрабаваўшы адыходу з палітычнай сцэны намэнклятуры, забароны КПБ–КПСС, Пазьняк у першы ж дзень аднаўленьня незалежнасьці зьвярнуўся да “былых камуністаў” з заклікам далучыцца да стваральнай працы па адбудове дзяржаўнасьці. Нам была абсалютна зразумелая неабходнасьць пазбаўленьня былых камуністаў вышэйшых кіраўнічых пасадаў. Аднак у кампартыі было васямсот тысяч чалавек – і нельга было забараніць ім працаваць паводле спэцыяльнасьці. Гэты заклік Пазьняка не надрукавала ніводнае афіцыйнае выданьне, пра яго ўвогуле ня ўзгадваюць – намэнклятуры, старой ды новай, было куды выгадней ляпіць з Пазьняка чалавека, які “будзе страляць ды вешаць камуністаў” (пройдзе час, і былыя камуністы ў лукашэнкаўскіх структурах будуць звальняць людзей з працы за адну толькі прыналежнасьць да Народнага Фронту). Паказальная пазыцыя лібэральных, “агульнадэмакратычных” публіцыстаў, якая выявілася ў тым ліку і ў дыскусіі ў расейскамоўнай газэце “Знамя юности”. “Такім чынам, мы свабодныя і незалежныя… Але чаму, чаму, вяртаюся я да ранейшай думкі, няма народнай радасьці, таго, што называюць грамадзкім уздымам? – пытаўся Сямён Букчын у артыкуле ў “Знамя юности” за 27 ліпеня. – Незалежнасьць рэспублікі мы атрымалі з потных рук партакратычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце… І гэта абражае маю годнасьць грамадзяніна”. “Сама ідэя сувэрэнітэту не вінаватая ў тым, што да яе прысмакталася розная камуністычная шваль. Мне асабіста ўсё роўна, з чыіх рук атрыманыя свабода і незалежнасьць”, – адказаў яму Віталь Цыганкоў. Букчын на гэта: “Вас задавальняе намэнклятурна-партыйная сувэрэнізацыя Беларусі?.. Можна сотні разоў заклікаць да прыватызацыі, да рынку і г.д., але вызначаць гэтыя працэсы, тым ня менш, будзе тая ж намэнклятура. І Ваш, Віталь, чэкісцкі заклік “быць пільнымі”, каб “яны не скарысталі наш сувэрэнітэт”, абсалютна бясплённы. Яны ім ужо скарысталіся. І вельмі звыкла і своечасова”. Букчын ня бачыў (альбо не пажадаў бачыць), што сувэрэнітэту дамагалася не партнамэнклятура – гэта было якраз патрабаваньне тысячаў людзей на плошчы. Не сказаў ён ні слова й пра тое, што апазыцыя БНФ запатрабавала і адставак, і новых выбараў. Ну, а тое, што за сувэрэнітэт прагаласавалі і “рукі партакратыі” – дык такі ўжо быў на той момант Вярхоўны Савет (зрэшты, ні раней, і ні пазьней лепшага і не было). Мы якраз і скарысталі парлямэнцкі мэханізм (у дадзеным выпадку – так, у тым ліку і мэханізм палітычнага ціску), каб шляхам галасаваньня канстытуцыйна зацьвердзіць незалежнасьць. Дзякуй Богу, што нам удалося здабыць незалежнасьць палітычным, парлямэнцкім мэтадам. Гісторыя, аднак, ведае багата прыкладаў, калі сувэрэнітэт дасягаўся зусім іншымі спосабамі, коштам соцень і тысяч ахвяр, коштам крыві. У некаторых нацыяў такое змаганьне цягнецца дзесяцігодзьдзямі, а колькасьць палеглых пры гэтым вымяраецца дзясяткамі тысяч. Паўтараю, што ў нас не было ніякай магчымасьці зьмяніць вышэйшую ўладу ў Менску і ў рэгіёнах. Пры тым, што палітычныя патрабаваньні пра такую зьмену ў тыя жнівеньскія дні мы выказалі – і з парлямэнцкай трыбуны, і праз СМІ. Былі вычарпаныя ўсе легальныя спосабы – заставаліся нелегітымныя. А менавіта тыя, якія, паводле меркаваньня некаторых сёньняшніх камэнтатараў, мы маглі б скарыстаць: заклікаць да захопу будынкаў ЦК, КДБ, сілавых міністэрстваў. Што да ЦК – дык разам зь Сяргеем Антончыкам і Валянцінам Голубевым мы літаральна выкінулі Малафеева з кабінэту першага сакратара (былы машэраўскі, потым – шушкевічаўскі, а цяпер лукашэнкаўскі кабінэт). Будынак ЦК быў апячатаны. Для захопу ж іншых месцаў нам неабходны былі зусім ня тыя сілы, на якія мы маглі разьлічваць. І галоўнае – ні КДБ, ні мінабароны яшчэ юрыдычна не знаходзіліся ў падпарадкаваньні Менску (так было да сьнежня 1991-га, да Віскулёў). У Літве абаронцы Вярхоўнага Савету мелі хоць нейкую зброю – у нас яе не было абсалютна. У нас не было нават дзясятка ўзброеных людзей. Не было ніякай гарантыі, што не пачнецца страляніна па тых, каго б мы падштурхнулі на захоп будынкаў (фактычна, па моладзі, па жанчынах і дзецях, якія сабраліся на плошчы Незалежнасьці). Таму ўсе гэтыя развагі пра “захопы” – зь ліку нерэальных варыянтаў. А вось што было рэальна ў тыя дні – гэта выяўленьне палітычнай волі Станіслава Шушкевіча, які пасьля адстаўкі Дземянцея заняў найвышэйшую ў краіне пасаду і атрымаў непараўнальна большыя магчымасьці, чым лідэр апазыцыі Пазьняк. Аднак Станіслаў Станіслававіч імгненна пачаў шукаць “згоду” з тымі, хто праз два гады адправіць яго ў адстаўку. Незалежнасьць – вынік змаганьня пакаленьняў Ёсьць і яшчэ адна тэорыя, якая раз-пораз гучыць падчас ацэнак падзеяў 1991 году: “беларусам незалежнасьць звалілася зь неба”, бо “ўсё вырашылі падзеі ў Маскве”. Паказальныя ў гэтым сэнсе словы таго ж Акудовіча: “Плыня таго бурапеннага часу самахоць рабіла патрэбную нам справу, яна сама разбурыла бэрлінскую сьцяну, камуністычны блёк, Савецкі Саюз… Дарэчы, менавіта ў эпохі тэктанічных ператрусаў найлепей бачная ўся пустата ды нікчэмнасьць палітыкі і палітыкаў. Нічога яны… не маглі тады зрабіць: ні стрымаць вялікага распаду, ні скіраваць яго ў патрэбнае ім рэчышча… Бадай тут якраз да тэмы будзе згадаць, што бліскучае ўмельства прыўлашчваньня чужога як свайго напрыканцы 80-х – у першай палове 90-х прадэманстраваў Зянон Пазьняк. Ён, ачоліўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, на ўсе сто (ці мо і значна болей) адсоткаў скарыстаўся плёнам расейскай дэмакратычнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў, заходняй прапаганды і дыпляматыі, інтэлектуальным наробкам і палітычнай энэргіяй ўласна дэмакратычнай і лібэральна настроенай інтэлегенцыі”, – гаворыць Акудовіч і далей абвяргае сам сабе: “Калі б слова “геній” можна было дастасоўваць да палітыка, то трэба было б прызнаць, што ў тую пару Зянон Пазьняк быў геніяльным палітыкам, паколькі скарыстаўся з сытуацыі значна больш, чым яна мела ў сваім патэнцыяле для нацыянальна-вызвольнага руху” (“Свободные новости”, 25 красавіка 2002). З практычнага гледзішча, такі падыход лягічна павінен прывесьці да высновы, што ніякая палітычная дзейнасьць, ніякае змаганьне не патрэбныя ўвогуле. Напрыклад, змаганьне з дыктатурай: усё адно, рана ці позна, кожнага дыктатара прыбірае Бог. Навідавоку і перакручваньне фактаў: калі ж гэта “расейская лібэральная публіцыстыка” хоць слова напісала пра неабходнасьць сувэрэнітэту Беларусі ці адраджэньня беларускай мовы? Наконт жа выкарыстаньня Пазьняком інтэлектуальнага наробку нацыянальнай эліты пагаджуся, дадаўшы сюды, праўда, і ранейшыя пакаленьні – а інакш і быць не магло, бо дасягненьне сувэрэнітэту было марай і мэтай і Каліноўскага, і Купалы… Зрэшты, у мяне няма жаданьня камэнтаваць супярэчлівыя сэнтэнцыі гэтага літаратара – здаецца, большасьць ягоных тэкстаў якраз і пабудаваная на прынцыпе абсурду, і калі знаходзяцца ахвотныя чытаць і ўспрымаць падобнае – дык калі ласка. Іншая справа, што гэты экстравагантны прынцып абсалютна некарэктны для аналізу рэальных палітчных падзеяў. Але ёсьць і сурьёзныя дасьледчыкі, якія грунтуюцца не на аргумэнтах кшталту “плыні бурапеннага часу”, а на аб’ектыўным і цьвярозым дасьледаваньні магчымых варыянтаў – і вось такія выказваньні вартыя аналізу. Так, у якасьці пацьверджаньня тэорыі “сувэрэнітэт зь неба” прыводзіцца прыклад рэспублік, дзе нацыянальна-вызвольныя рухі практычна адсутнічалі – але, вось жа, пасьля жніўня 1991 году і яны атрымалі сувэрэнітэт. Пры аналізе прычынаў распаду любой імпэрыі цяжка аспрэчваць важнасьць падзеяў у яе сталіцы. Гісторыя ж ведае і выпадкі, калі тэрыторыі адна за другой адвальваліся, але цэнтар працягваў выконваць свае імпэрскія функцыі, і таму краіна захоўвала ўсе прыкметы імпэрыі (такой застаецца Расейская Фэдэрацыя). Падзеі ў Маскве ў жніўні 1991-га, бясспрэчна, мелі вызначальны характар як сыгнал да распаду імпэрыі – але трэба ўлічваць, што шмат у чым яны самі былі перадвызначаныя сытуацыяй у тагачасных саюзных рэспубліках. Найперш – нацыянальна-вызвольнымі рухамі, якія дамагаліся сувэрэннасьці сваіх рэспублік, і Ельцын быў вымушаны ўлічваць такія настроі. Менавіта на гэтых тэндэнцыях, дарэчы, і згуляў Ельцын падчас амаль чатырохмесячнага (жнівень–сьнежань 1991-га) супрацьстаяньня з Гарбачовым, які спрабаваў фарсіраваць падпісаньне “саюзнай дамовы” (так званы “новаагароўскі працэс”). Ужо не кажу пра тое, што менавіта падзеі ў Курапатах на Дзяды 1988 году сталіся ці ня першым гучным масавым выступам на тагачасных “імпэрскіх ускраінах”, першым гучным сыгналам Маскве аб закаце савецкай імпэрскай эры. Уласна, Масква толькі на некалькі дзён аслабіла імпэрскія ланцугі – і мы гэтым імгненна скарысталіся. Ну, а калі б не скарысталіся? Не запатрабуй дэпутаты апазыцыі БНФ неадкладнага наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу Канстытуцыйнай сілы – зусім верагодна , што захаваўся б “статус кво”; прыгадаем, што лідэр кампартыі Малафееў (а камуністы былі ў ВС у большасьці) казаў толькі пра эканамічную самастойнасьць рэспублікі. І менавіта з боку апазыцыі БНФ ішоў штодзённы прэсінг на Станіслава Шушкевіча ўсе тыя месяцы, што папярэднічалі Віскулям – з патрабаваньнем не падпісваць гарбачоўскую “саюзную дамову”. Без канстытуцыйнасьці Дэклярацыі Масква магла б утрымліваць Беларусь як частку сваёй тэрыторыі – пры поўнай згодзе Захаду (ён і згаджаўся з гэтым аж да Віскулёў). Ці былі ў Масквы сілы нэйтралізаваць у такой сытуацыі (пры згодзе Захаду) нацыянальна-вызвольныя выступы ў Беларусі? Бясспрэчна, былі. У падобных сытуацыях істотнае значэньне мае пазыцыя сілавых структур і, найперш, войска. Неўзабаве пасьля аднаўленьня незалежнасьці было ўтворанае міністэрства абароны і быў прызначаны выканаўца абавязкаў міністра (генэрал Пятро Чавус). Аднак міністэрства складалася з некалькіх кабінэтаў. А арміі і дывізіі ўсё яшчэ знаходзіліся ў падпарадкаваньні начальніка акругі генэрала Кастэнкі, які непасрэдна падпарадкоўваўся маскоўскаму Генштабу. І па камандзе з Масквы апошні дзейнічаў бы гэтак, як ён і дзейнічаў у дні ГКЧП – у інтарэсах Масквы. Падобным чынам паводзіў сябе ў Малдове расейскі генэрал Лебедзь – і Маскве ўдалося, фактычна, адкалоць Прыднястроўе. У Беларусі было моцнае войска, якое, акрамя стратэгічных ракетных ды дапаможных фармаваньняў, складалася з трох танкавых арміяў (гэта дзевяць танкавых і мотастралковых дывізыяў). Эфэктыўнасьць выкарыстаньня такіх войскаў для задушэньня пратэстных выступаў была пацьверджаная ў Будапэшце, Празе і ў некалькіх меншых маштабах у Польшчы. У студзені 1991 году ў Вільні тактыка не спрацавала, але толькі таму, што на абарону парлямэнту выйшла некалькі соцень тысяч літоўцаў (у тыя дні я быў у літоўскім парлямэнце і ведаю, пра што кажу). У Менску столькі б людзей на абарону Вярхоўнага Савету ня выйшла – зрэшты, войскам і не спатрэбілася б яго штурмаваць, калі б ён заняў (а ён потым і заняў) прамаскоўскую пазыцыю. Некаторыя палітолягі, імкунучыся зьменшыць значнасьць канстытуцыйнасьці Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, супрацьпастаўляюць ёй як лёсавызначальную падзею падпісаньне Віскулёўскіх пагадненьняў. Калі ўжо разглядаць падзеі ў такім ракурсе, дык ёсьць некаторыя акалічнасьці, якія ніяк не дазваляюць успрымаць 25 жніўня 1991 году як другарадную падзею ў параўнаньні зь Віскулямі. Маю на ўвазе дакумэнты сакрэтных фондаў, якія нядаўна былі абнародваныя. Ніводны аналітык ня будзе аспрэчваць ролю сілавых, рэпрэсіўных структураў у працэсе стрымліваньня сувэрэнізацыі рэспублік былога СССР. На працягу дзесяцігодзьдзяў выступы нацыянальных сілаў падаўляліся з рознай ступеньню жорсткасьці. Прыклады – кастрычнік 88-га ў Менску, красавік 89-га ў Тбілісі; нарэшце, нават шматтысячны выступ літоўцаў у студзені 91-га быў прыдушаны спэцвойскамі КДБ. Аднак аналіз абнародаванных фондаў ЦК КПСС і КДБ СССР паказвае, што ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў рэпрэсіўныя мэтады патрабавалі фармальнай легітымізацыі і абапіраліся на прававыя рашэньні (іншая рэч – наколькі дэмакратычна прымаліся тыя рашэньні). Так, пастановай Кабінэту Міністраў СССР ад 10 красавіка 1991 году і загадам старшыні КДБ СССР ад 17 красавіка таго ж году было створанае Ўпраўленьне па кіраўніцтве адмысловымі часткамі войскаў КДБ (так званае Ўпраўленьне “СЧ”). Гэтыя спэцчасткі павінны былі ўдзельнічаць у “забесьпячэньні канстытуцыйнага ладу, бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці СССР”. Заўважым: спэцчасткі створаныя пасьля т.зв. сакавіцкага “рэфэрэндуму” аб захаваньні СССР; КДБ атрымаў у выніку “рэфэрэндуму” і “волевыяўленьня народу” нібыта легітымную падставу для сілавой абароны існаваньня СССР. У жніўні былыя савецкія рэспублікі абвясьцілі незалежнасьць, пераважна праз наданьне Дэклярацыям статусу канстытуцыйнай сілы. Некалькі месяцаў Гарбачоў спрабаваў захаваць СССР, але 22 кастрычніка 1991 году Дзяржсавет СССР (акрамя прэзыдэнта СССР у яго ўваходзілі кіраўнікі рэспублік) скасоўвае КДБ СССР і стварае службы выведкі, аховы мяжы, так званую міжрэспубліканскую службу бясьпекі. А 3 сьнежня 1991 году прэзыдэнт Гарбачоў падпісвае закон, які абавязвае “лічыць органы бясьпекі рэспублік у выключнай юрысдыкцыі сувэрэнных рэспублік (дзяржаў)” (“Лубянка. Органы ВЧК-ОГПУ-НКВД-НКГБ-МГБ-МВД-КГБ. 1917-1991”, Международный Фонд “Демократия”, Москва – Издательство Йельского университета, США, 2003”). Такім чынам, юрыдычная ліквідацыя агульнаімпэрскай рэспрэсіўнай сыстэмы адбылася пасьля прыняцьця Дэклярацый – і перад Віскулямі (ці не адкрыла менавіта гэтая ліквідацыя Ельцыну, Краўчуку і Шушкевічу шлях да падпісаньня празь некалькі дзён пагадненьня – тэма асобнага дасьледваньня). Нарэшце – і, магчыма, гэта галоўнае, – адсутнасьць канстытуцыйнасьці Дэклярацыі, якая была нададзеная ў жніўні 91-га, стварыла б зусім іншую атмасфэру ў вышэйшых уладных і элітных колах Беларусі ў сьнежні. Да Віскулёў справа і не дайшла б. Бо пасьля канстытуцыялізацыі Дэклярацыі Шушкевіч і Кебіч былі проста вымушаныя рабіць наступны крок (пра рэальную пазыцыю Шушкевіча ў дні перад Віскулямі гаворка ніжэй). І тое, што нам у жніўні 1991-га ўдалося “зламаць” Кебіча, павярнуць яго ў бок да сувэрэнітэту, адыграла выключную ролю пры падпісаньні, а затым ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненьняў. Дарэчы, наколькі я магу меркаваць, ініцыятыва сустрэчы кіраўнікоў трох краінаў сыходзіла ад Кебіча. Ва ўсялякім разе, пра неабходнасьць такога спатканьня я пачуў ад яго яшчэ ўвосень 1991 году, падчас размовы ў фае Дома ўраду. Адзін з удзельнікаў той увогуле выпадковай, кароткай сустрэчы – дэпутат Яўген Глушкевіч — ужо не жыве. Акрамя мяне і, зразумела, Кебіча, гэта мог бы пацьвердзіць чацьверты ўдзельнік той размовы – Аляксандар Лукашэнка. Віскулёўскія пагадненьні ад імя Беларусі падпісаў не адзін Шушкевіч, як прынята лічыць, а яшчэ і Кебіч, як старшыня ўраду (адпаведна, падпісаліся і кіраўнікі ўрадаў Расеі і Украіны). Падаецца, што менавіта наяўнасьць подпісу Кебіча, які ў сьнежні 1991 году ў значнай ступені кантраляваў Вярхоўны Савет, і паспрыяла таму, што дэпутаты (за выключэньнем аднаго толькі Ціхіні) прагаласавалі за ратыфікацыю пагадненьняў аб ліквідацыі СССР. Пры ўсёй крытычнасьці ацэнкі дзейнасьці Кебіча ў наступны пэрыяд, вось гэтую акалічнасьць канца 1991 году нельга выкрасьліць з гісторыі. Словам, калі б рашэньне аб Дэклярацыі 25 жніўня не было прынятае, Расея ўжо ў 1992 годзе магла б паглынуць Беларусь, паколькі ў рэальнасьці адразу пасьля Віскулёў пачаўся працэс энэргічнага ўцягваньня нашай краіны ў арбіту расейскіх палітычных і вайсковых інтарэсаў. Нарэшце, тыя, хто гавораць пра “дармовасьць” Незалежнасьці, забываюцца на ахвяры, якія пакаленьні беларусаў на працягу стагодзьдзяў прыносілі дзеля таго, што ў жніўні 1991-га ўдалося зрабіць бяскроўна. Увогуле ж прыкра апраўдвацца за дзейнасьць ў справе дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Прыкра, але ня дзіўна, калі ведаць беларускую спэцыфіку абплёўваньня ды абхайваньня. Падобнае магчыма бадай толькі ў Беларусі – і больш нідзе ў сьвеце. Падазраю, што менавіта з прычыны гэтай беларускай спэцыфікі прыйдзецца яшчэ не аднойчы выслухоўваць словы розных экзальтаваных камэнтатараў пра “плыні бурапеннага часу”, якія ўсё робяць “самахоць”. У суцяшэньне ж паплечнікам па апазыцыі (калі яны маюць у ім патрэбу) магу толькі выказаць прагноз, што ў гісторыі застануцца ня гэтыя ацэнкі, а – словы Васіля Быкава: “Што ж датычыцца апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, дык я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, незалежна ад лёсу Беларусі наагул, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна, гэта будзе ацэнена празь вякі”. Бясспрэчна, што гэтая ацэнка належыць да ўсіх актывістаў БНФ, якія дамагаліся сувэрэнітэту ды ўсіх тых грамадзянаў, якія прыйшлі ў жнівеньскія дні 1991 году на плошчу Незалежнасьці, каб спраўдзіць мару пакаленьняў беларусаў. 2006 г., Сяргей Навумчык 26/2/2006 › Старонкі гісторыі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |