Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту \”Адраджэньне\” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ

9 красавіка 2006 г. у Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.
Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, “Беларусь змагаецца”:
“Паважаныя сябры Фронту, Сойму БНФ і Партыі БНФ, вітаю ўсіх на Бацькаўшчыне і зычу ўсім свабоды.

Вітаю нашых герояў, якія пратэставалі на плошчы Кастуся Каліноўскага ў Менску 19-25 сакавіка. Вітаю нашых вязьняў, якія адпакутвалі пад арыштам за вольную Беларусь! Сябры Фронту і Партыі годна паводзілі сябе ў гэтыя дні. Асабістая падзяка належыцца тым, хто вышаў на пляц 7-га красавіка з пратэстам супраць фальшывай інаўгурацыі ўзурпатара ўлады. У пэўнай ступені вы выратавалі гонар Беларускай нацыі, бо нельга было адмаўчацца на гэты зьдзек з народа і з усяго пакаленьня. Слава змагарам! І тым, хто цяпер пад арыштам (Юры Беленькаму, Эдуарду Бокію, Ільлю Шыманскаму, Уладзімеру Мікалаеву, Уладзімеру Богачу), і тым, хто змагаецца на волі.

Нягледзячы на рэпрэсіі, на жорсткую расправу, на антыканстытуцыйны чарговы захоп улады, ёсьць падставы для радасьці і аптымізму. Гэта найперш тое, што ў грамадзтве пачалося абуджэньне і пазбаўленьне ад страху. Мы ўбачылі, што вырасла новае добрае пакаленьне моладзі, якая гатовая змагацца за вольную Беларусь пад сьвятым беларускім Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Мы бачылі, што іх падтрымалі бацькі і дзяды.

Мы пераканаліся таксама, што доўга яшчэ нашае грамадзтва будзе ікаць камунізмам, нявольніцтвам і каляніялізмам. Акупацыя і камунізм дарма не мінаюць. Расплочвацца за вынішчэньні, уціск і паніжэньне будуць цэлыя пакаленьні. Але тым больш высакародныя адраджэнскія ідэалы нашага змаганьня.

Высновы, якія пацьвердзілі сакавіцкія падзеі, нікога ў нас, відаць, не зьдзівілі. Але гаварыць пра іх трэба пастаянна і, галоўнае, даводзіць да сьведамасьці людзей, якія прывыклі кіравацца толькі сваім вопытам, не затрудняючы сябе думаньнем.

Падзеі выразна паказалі, што прарасейскі гэбізм на Беларусі – гэта ёсьць мадыфікацыя звычайнага фашызму, з той асаблівасьцю, што ён ёсьць палітычна прарасейскі і антыбеларускі ў нацыянальнай ідэалёгіі.

Сакавік выявіў наглядна, што акрамя Лукашэнкі (які амаль два тыдні адсутнічаў пасьля “выбараў”) уладай на Беларусі кіруе і распараджаецца прамаскоўская хунта з цэнтрам у Маскве.

Выбарчая кампанія выявіла дзеяньне на Беларусі палітычных тэхналёгіяў, распрацаваных у Маскве ў асяроддзі крамлёўска-лубянскай бюракратыі, набліжанай да Пуціна (група Глеба Паўлоўскага). Канцэпцыя стварэньня двух прамаскоўскіх квазіапазыцыйных лідэраў (з вызначэньнем планак актыўнасьці) дакладна супадае з маскоўскімі распрацоўкамі і праводзілася амаль адкрыта з адкрытымі вызначэньнямі і пастаноўкай задачаў. Тут Маскве нельга адмовіць у акупацыйным прафэсіяналізме. Прадбачачы беларускі ўздым, яны заранёў падрыхтавалі падстаўныя фігуры і стараліся пераняць кантроль над працэсамі.

Але не ўсё ў іх атрымалася і, я мяркую, не атрымаецца. Беларуская сіла будзе ўзрастаць. Небясьпека, аднак, у маскоўскай каардынацыі з Захадам. Нельга забываць ні Ганса Віка, ні каардынацыю Масквы з АБСЭ, калі быў патоплены на Беларусі ўздым 1996 года і разбэшчана падачкамі цэлае пакаленьне актыўнай моладзі. Цяпер у беларусаў ёсьць магчымасьць падсумаваць горкі вопыт і зрабіць высновы.

На мой погляд, Казулін і Мілінкевіч свае задачы ўжо выканалі. Баюся, што Казуліна Масква ўжо кінула як адпрацаваны матэрыял і яго чакае лёс Марыніча ды Чыгіра (а магчыма й Карпенкі). Зь Мілінкевічам яшчэ крыху пагуляюць. Гэта чалавек гумовы і больш прыдатны на ролю.

Шчыра кажучы сумна глядзець на ўсіх гэтых людзей, якія нічаму ня вучацца ў сваіх амбіцыях пагуляць з Расеяй і рабскіх думачках ашукаць Маскву. У выніку камэры, інфаркты, інсульты, магіла і… ніхто нічога не разумее, бо сьляпым не дадзена. Некалі на Беларусь пагуляць з Расеяй, пасупрацоўнічаць нібыта ў будаўніцтве камунізму вярнулася цэлае пакаленьне рэвалюцыянэраў ад Браніслава Тарашкевіча да Сяргея Бусла. Вядома, чым гэта скончылася. І толькі адзінкі, паміраючы ў ГУЛАГу, білі сябе ў лоб: “дурні мы дурні, так нам і трэба”. Высноваў з гэтага, як паказвае гісторыя, не зрабіў ніхто. Цяпер настаў час гумовых псэўдаапазыцыянэраў. Але тая ж дарожка.

Імпэрскую Расею можна перамагчы толькі ў адкрытым баі сіла на сілу. Таму ня толькі Грузія і Балтыя сталі вольнымі, але будзе такой і малая Чачэнія. Але ніколі волі ня ймуць халуі, ніколі воля не здабываецца хітрасьцю, прыстасавальніцтвам і выгадай, а толькі адкрытым змаганьнем.

Цяпер усім фронтаўцам і ўсяму нашаму Вызвольнаму руху трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на распаўсюджваньне нацыянальнай асьветы. Нацыянальна разьвіты сьведамы чалавек сам арыентуецца ў абставінах, яму ня трэба за каждым разам тлумачыць што добра, а што дрэнна. Мы бачым, што палітыка прамаскоўскага рэжыму накіравана на вынішчэньне культуры і самаіснасьці беларускай нацыі. Гэтаму трэба супраціўляцца палітычна асэнсавана сродкамі культуры.

Пуцінская групоўка ў Расеі плянуе затрымаць уладу ў сваіх руках шляхам стварэньня фармальнасьці – іншага суб’екта дзяржаўнага існаваньня. Гэта дало б магчымасьць Пуціну выбірацца далей на прэзыдэнта ўжо новай фармальнасьці. Беларусь выбралі ахвярай гэтай імпэрскай палітыкі. Фармальнасьць заключаецца ў далучэньні Беларусі да Расеі.

Лубянка, відаць, будзе йсьці напралом. Інакш яны ня ўмеюць. (Мікраінсульт Лукашэнкі хутчэй за ўсё справа іхных рук). Не сумняваюся, што наступаюць трывожныя часы. Але Беларусь зьмяняецца. Ад хуткасьці гэтых пераменаў і ад нашай палітычна-асьветніцкай працы таксама будзе залежыць наша народная будучыня”.

З ацэнкай цяперашняй палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра ўдзел патрыётаў з розных гарадоў і раёнаў краіны ў сакавіцкім змаганьні супраць наступу расейскага імпэрыялізму. Людзі вярнуліся з сталіцы ў родныя мясьціны, уражаныя размахам падзеяў і сілай Беларускай Салідарнасьці. Цяпер на месцах актывізуецца патрыятычная дзейнасьць, усё больш людзей, перш за ўсё моладзь становяцца пад Сьцяг Беларускага Адраджэньня. Фальшывая прамаскоўская дыктатура канчаткова дыскрэдытавала сябе. Акупанцкі фашызм ня мае пэрспэктывы ў Беларусі. Сойм разгледзеў пляны палітычнай і асьветніцкай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
9 красавіка 2006 г.

9/4/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2006
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024