Травеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту \”Адраджэньне\” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ
14 траўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адражэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, — “Ветрык, вей!”:
“Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што ў беларусаў ёсьць добры патэнцыял будучыні і нацыянальнага Адраджэньня. Гэта выявілася ў актыўнасьці моладзі, у яе гатовасьці змагацца з рэжымам за вольную Беларусь. Зразумела, што ворагі беларушчыны будуць імкнуцца першым чынам задушыць гэтае абуджэньне. Дзеяньні паліттэхнолягаў мы ўжо бачым. Тактыка тая ж тыпова лубянская: падстаўныя фігуры, падстаўныя арганізацыі, фальшывыя псэўдазмагарныя ідэі, імітацыя змагарнай дзейнасьці, безадрасны агульнадэмакратычны рамантызм і адвод грамадзкай энэргіі ў сьляпы завулак, у апэндыкс. Узорны прыклад – існаваньне эклектычнага “Зубра” (аналягічную арганізацыю стварылі ўжо на Украіне, будуць змагацца за дружбу з “демократической Россией”).
Праект адводу рэвалюцыі ў апэндыкс, які нядаўна агучылі “дэмакраты” з “апазыцыі”, характарызуецца, дарэчы, надзвычайнай прымітыўнасьцю і разьлічаны ў асноўным на дэнацыяналізаваных і нясьпелых людзей з маладзёвага асяроддзя. Прапануюць ствараць на вуліцах, і ўвогуле ў горадзе, імгненныя тэатралізаваныя сітуацыі (флэш-мобы) і адразу разьбягацца. Дзеля гэтакай рэвалюцыі аб’явілі пра роспуск “Зубра” (які ў асноўным мазаў сьцены расейшчынай) і вырашылі перакваліфікаваць яго на “мобы-шмобы”. Усё гэта выглядае несур’ёзнымі дзіцячымі гульнямі і паказвае на ўзровень людзей, якія за ўсім стаяць. Гэтая тэхналёгія – працяг парцянкі (джынсы). Галоўнае – любымі спосабамі адцягнуць беларускую моладзь ад нацыянальнага змаганьня, ад нацыянальнай ідэі, ад Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, ад разуменьня расейскай пагрозы, ад нацыянальнага Адраджэньня. Задача відавочная – збэсьціць новае пакаленьне моладзі, якая заявіла пра сябе ў сакавіку гэтага года.
У сувязі з гэтым у каторы раз паўтаруся: нацыянальная асьвета людзей, беларускае асьветніцтва ёсьць і павінна быць нашым пастаянным прыярытэтам. Вайна за Беларусь вядзецца ўсімі спосабамі і ва ўсіх кірунках, але вынік гэтай вайны будзе залежыць ад перамогі ў сьвядомасьці”.
Аб канкрэтных мэтадах нацыянальнага маладзёвага змаганьня я ўжо коратка пісаў раней. У бліжэйшы час пастараюся гэта сістэматызаваць. Стратэгічнай лініяй павінна стаць “Беларуская Салідарнасьць” і Адраджэньне. Тактычна трэба скарыстаць мэтады арганізацыі і спосабы дзейнасьці Камітэтаў абароны ў запачаткаваным тры гады таму БКА (Беларускі Камітэт Абароны). Галоўнае, што ў цяперашніх беларускіх умовах гэты мэтад нэўтралізуе шырокую дзейнасьць агунтуры. Рэжым ня здолее скарыстаць напоўніццу важную сваю зброю.
З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту. Ён распавёў пра апошнія агрэсіўна-імпэрскія заявы Крамля. Пуцін і ягонае атачэньне абвясьцілі чарговы ўльтыматум Беларусі. Заява цынічна адкрытая: падвышаем кошты на сібірскі газ і патрабуем, каб Беларусь уключылася ў склад Расеі. Дзесяць гадоў таму, у 1996 г. расейская імпэрыя ўжо выстаўляла нам ультыматумы. Тады змагарны народ выйшаў на вуліцы Менска і абараніў сваю незалежную дзяржаву. Цяпер агрэсары разьлічваюць, што псэўдаапазыцыі ўдалося разбурыць народны супраціў, што расейскі імпэрыялізм лёгка завалодае нашай краінай і нашымі нацыянальнымі багацьцямі. Але патрыёты Бацькаўшчыны будуць арганізоўваць супраціў агрэсіі. Увесь цывілізаваны сьвет ужо ўбачыў, што Расея ахоплена цяжкім эканамічным і сацыяльным крызізам, аб чым вымушаны казаць у сваіх выступах нават Пуцін. У анэксіі Беларусі і захопе яе чалавечых, тэхналягічных і натуральных рэсурсаў Крэмль бачыць магчымасьць пераадолець крызіс. Але беларусы не пагодзяцца быць матэрыялам для вырашэньня чужых праблемаў. Беларуская Салідарнасьць – шлях нашага народу да вызваленьня.
Выступіў сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Ён таксама нагадаў пра расейскі наступ супраць незалежнай Беларусі ў 1996 г. Тады сітуацыя была значна больш цяжкай для беларускіх патрыётаў. Многія палітыкі Заходняй Эўропы ў той пэрыяд ужо пагадзіліся на акупацыю і анэксію Беларусі Расеяй. Яны казалі беларускім патрыётам, што “шлях дэмакратызацыі Беларусі – праз дэмакратычную Расею”. За прамінулыя дзесяць гадоў, пасьля апошняй расейскай “газавай вайны” супраць Украіны і ўсяе Эўропы многія на Захадзе больш адэкватна ацанілі палітыку Расеі і адмовіліся ад публічнай падтрымкі расейскай акупацыі Беларусі. Трэба ўлічваць больш спрыяльную для нашай незалежнасьці міжнародную сітуацыю. Але справа абароны Бацькаўшчыны і пабудовы дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы ёсьць задачай перш за ўсё самых беларусаў.
Выступілі таксама сябры Сойму. Яны распавялі пра патрыятычны ўздым у розных рэгіёнах краіны. У авангардзе нацыянальна-вызвольнага руху – беларуская моладзь, якая гуртуецца пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Наш народ гатовы ўстаць на абарону Бацькаўшчыны ад расейскай імпэрыі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14 траўня 2006 г.
14/5/2006 › Навіны
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|