Зянон Пазьняк: “Заўтра ў вольнай Беларусі”!
Палітычны даклад на 7-м Зьезьдзе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі—БНФ і 9-м Зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
Паважаныя дэлэгаты 7-га Зьезду Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і 9-га Зьезду Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, і віншую з пачаткам нашага Зьезду. Беларусь жыве і будзе жыць. Нягледзячы на ўсе цяжкасьці змаганьня і выжываньня ў антыбеларускіх умовах. Праўда за намі і будучыня – наша. Мы гэта адчуваем і ведаем, мы ў гэта верым і гэтая ўпэўненасьць дае нам сілы.
Надзвычайныя ўмовы, у якіх адбываецца наш Зьезд змушаюць мяне быць ашчадным і стрыманым на азначэньні.
І. АГУЛЬНАЕ СТАНОВІШЧА
Уздым нацыянальнага беларускага адраджэньня пачаўся ў 1905 годзе, сто гадоў таму. Перад гэтым былі паўстаньні, падрыхтоўчы пэрыяд і брацьба, змаганьне за вяртаньне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Але менавіта ў канцы ХІХ – пачатку ХХ-га стагоддзяў змаганьне нацыянальна ідэнтыфікавала сябе як беларускае. Вялікае Княства вярталася ў сваіх нацыянальна-этнічных межах і ў новым вобразе – Беларусі. Ідэалёгіяй гэтага вяртаньня было “адраджэньне”, гэта значыць адраджэньне беларускай культуры і дзяржавы ў этнічных межах і на грунце ВКЛ.
Структура беларускага грамадзтва тады выглядала так: бальшыня насельніцтва (каля 90%) у выніку адпаведнай акупацыйнай палітыкі жыло ў вёсках і мястэчках і займалася сельскай гаспадаркай. Гарады былі зрусіфікаваныя ў афіцыйнай частцы (улада, бюракратыя) і неаднародныя ў частцы сацыяльнай – у сярэднім больш траціны насельніцтва беларускіх гарадоў тады складалі габрэі, якія паддаліся русіфікацыйнай палітыцы.
Таму заканамерны быў моцны ўплыў народніцтва на беларускае адраджэньне. Адраджэнцы лягічна аддавалі прыярытэт вёсцы, плянуючы будучыню народа і беларускай дзяржавы. Яны спадзяваліся на нацыянальную адукацыю і асьвету менавіта беларускай вёскі, адкуль павінны былі б натуральна вырасьці новыя інтэлектуальныя дзейныя і творчыя сілы беларускай нацыі, якія ўзялі б у свае рукі яе будучыню і дзяржаўнасьць. Гэтыя сілы пераўтварылі б горад і адрадзілі б натуральныя сацыяльна-культурныя дачыненьні ў дзяржаве.
Тут было правільнае і адэкватнае бачаньне пэрспэктывы адраджэньня. Гэтакім шляхам прайшлі потым Чэхія, Славакія, Латвія, Эстонія, Летува (Жамойць) і іншыя краіны. Сялянства было тады магутным этнічным грунтам нацыянальнага разьвіцьця.
Захапіўшы Беларусь, расейскя бальшавікі галоўны удар накіравалі на нацыянальную эліту (інтэлігенцыю), якую ў бальшыні фізічна ліквідавалі, і на беларускае сялянства. За 70 гадоў яго сацыяльна вынішчылі пад корань, лепшых вывезьлі ў Сібір, згнаілі ў Гулагу, расстралялі ў Курапатах, затапталі і зглумілі сялянскую культуру, груба саветызавалі сялянскую сьвядомасьць, вырабілі тып прыгоннага сялянскага нявольніка, без зямлі, без уласнасьці, які каб выжыць альбо уцякае ў сьвет (пасьля таго як сталі дазваляць сялянам перамяшчэньне ў канцы 50-х), альбо працуе за мізэрную зарплату наёмнікам ў калгасе.
У 60-х – 70-х гг. ратуючыся ад безвыходнасьці масы сялянаў уцякалі ў гарады. Горад стаў беларускім па насельніцтву, але ня стаў беларускім па культуры. Сялянства ў гарадох было зрусіфікаванае, традыцыйная гарадзкая культура разбураная, а новая не стварылася. Па мэнтальнасьці беларускія гарады ператварыліся ў вялікія вёскі, дзе людзі ня ведалі адзін аднаго.
Разбурэньне сялянства, потым масавыя уцёкі яго ў савецкія гарады на наёмную працу і мэнтальнае рзбурэньне гарадзкой культуры, — усё гэта адлюстроўвала нацыянальна-культурную катастрофу грамадзтва.
Новае адраджэньне пачалося ў 80-х. Нешматлікі нацыянальны авангард, які вылучыўся ў гэты час, сьмелым змаганьнем, скарыстаўшы абставіны агульнага распаду СССР, і прысутнасьць актыўнай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, дамогся ў 1991 годзе незалежнасьці Беларусі. Але масы зрусіфікаванага саветызаванага народа і заняпалай вёскі засталіся на ранейшым узроўні нацыянальнага разбурэньня і глуму, які пакінуў пасьля сябе расейскі камунізм. Авангард застаўся без падтрымкі народа і непрыяцель зноў завалодаў народнай крэпасьцю.
Такім чынам другое беларускае адраджэньне 80-х – 90-х гадоў і цяперашняе імкненьне збавіцца ад прамаскоўскаа рэжыму і акупацыйнай палітыкі адбываюцца ўжо пры іншай сацыяльнай структуры грамадзтва, чым некалі. У адраджэнцаў пачатку ХХ стагоддзя, якія таксама ўяўлялі нацыянальны авангард, было заплечча, сялянскі запас, магутны этнічна-народны патэнцыял, зь якога павінна была адрадзіцца нацыя і дзяржаўная будучыня Беларусі.
Гэтая добрая ідэя, аднак, на пачатку была наскрозь народніцкай, бо не відаць было выразнага разуменьня ў адраджэнцаў, што толькі стварэньне беларускага горада, дасьць нармальны грунт для адраджэньня нацыі і нацыянальнай дзяржавы. Горад ёсьць вышэйшай і арганізуючай формай грамадзкай сацыяльнай культуры, які стварае эфэктыўны мэханізм культурнага ўзаемаабмену ў грамадзтве і цывілізаванага яго разьвіцьця. Тым часам у адраджэнцаў пачтку ХХ ст. (асабліва ў літаратуры) блукалі ідэі аб сапсутасьці, чужасьці горада і супрацьстаўленьня вясковай культуры насуперак гарадзкой. Гэтае аднабокае народніцтва пачало пераадольвацца ў створанай бальшавікамі БССР. Але было ўжо позна. Будаваць Беларусь акупанты беларусам не дазволілі. Пачаліся масавыя рэпрэсіі і генацыд насельніцтва.
Структурныя і мэнтальныя перамены ў беларускім грамадзтве, якія адбыліся цягам ХХ стагоддзя ў выніку камуна-расейскага генацыду і русіфікацыйнай палітыкі, мелі жахлівыя вынікі. Аднак народ выжыў, жыве беларуская нацыя і беларуская ідэя. Структурныя перамены ў грамадзтве не зьяўляюцца таксама повадам для пэсімізму, бо нягледзячы на страты, нацыя цывілізацыйна ўдасканалілася і насуперак маскоўскай палітыцы разьвілася тэхналягічна значна лепш, чым усе іншыя краіны былога СССР. Гэта не парадокс, а заканамернасьць, якая вынікае з цывілізацыйнага ўзроўню і добрых якасьцяў беларускага інтэлекту і народнай мэнтальнасьці, пра якія мы часам забываемся і не ўспамінаем, сканцэнтраваўшыся на ідэалягічных пытаньнях.
Па структуры Беларусь ёсьць тыповая краіна індустрыяльнага грамадзтва, дзе бальшыня насельніцтва (амаль 75 адсоткаў) жыве ў гарадах, дзе разьвітая прамысловасьць, высокая навукаёмкасьць вытворчасьці, адукацыя і кваліфікацыя занятых у ёй людзей. Нагадаю, што грамадзтвы трэцяга сьвету характарызуюцца з дакладнасьцю наадварот і вызначальнымі зьяўляюцца якраз суадносіны паміж гарадзкім і сельскім насельніцтвам. Беларусь па структуры ёсьць стопрацэнтовая эўрапейская краіна. На пачатку 90 гг. у Беларусі быў самы высокі ва усходняй Эўропе цывілізацыйна-эканамічны патэнцыял. Калі б беларускія адраджэнцы дасягнулі тады улады, Беларусь стала б дзівам, самым магутным эканамічным “драконам” у гэтай частцы Эўропы.
Дарэчы, гэтыя фэнамэнальныя магчымасьці Беларусі яшчэ на пачатку 90-х гадоў былі з трывогай прааналізаваныя расейскімі дасьледчыкамі. Моцная эканамічна разьвітая Беларусь, якой яе бачыў Беларускі Народны Фронт, і, якой яна магла б стаць, уяўлялася крамлёўцам пагрозай імпэрскаму існаваньню Расеі. Потым Масква рабіла ўсё магчымае, каб не даць нацыянальна і эканамічна разьвівацца Беларускай дзяржаве. Крэмль прыняў дактрыну, накіраваную на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці і на інкарпарацыю Беларусі ў Расею. У гэтай сітуацыі асэнсаваньне расейскіх паводзінаў бальшынёй беларускай палітычнай эліты ўяўляе сабой меркаваньне цалкавіта сьляпых, пазбаўленых уяўленьня што такое сьвятло. Гэтакае “бліндзіраванае” ўспрыняцьце найбольш спрыяе пасьпяховасьці антыбеларускай палітыкі.
Якія аб’ектыўныя высновы вынікаюць з аналізу структурнай сітуацыі грамадзтва? Першая і галоўная. Генэральнай палітычнай задачай усяго беларускага Адраджэньня і кожнай адраджэнскай арганізацыі (партыі, клюбу, фонду і г.д.) павінна стаць нацыянальна-культурная асьвета і адукацыя насельніцтва. Пераскочыць праз гэты неабходны этап немагчыма. Калі яго ігнараваць, тады беларусы-адраджэнцы ніколі не дасягнуць улады ў сваёй краіне, а значыць і не адбудуюць нацыянальную дэмакратычную дзяржаву высокага духоўнага жыцьця, культуры і матэрыяльнай дастаткавасьці.
Змагньне толькі нацыянальным авангардам супраць агрэсіі эўраазіяцкай Расейскай Імпэрыі і заходняга калябарацыянізму можа прынесьці толькі кароткачасовую перамогу, а страта пазыцыяў суправаджаецца вынішчальным разбурэньнем культуры. Пра гэта сьведчыць уся наша гісторыя пад расейскай акупацыяй.
Другая відавочная выснова: прыярытэтам у застасаваньні адраджэнскай палітычнай ініцыятывы павінны стаць горад (гарадзкое насельніцтва) і моладзь – тут ёсьць цяпер вырашальныя сілы нацыі.
Заўважце, што гэбізм і Лукашэнка, ствараючы грамадзкую падпору сваёй уладзе, паставілі на сацыяльна беспэрспэктыўныя сілы (калгасьнікі, пэнсіянеры, бюракратыя), якіх яны ўзялі фактычна ў закладнікі.
Высновы з аналізу гэтага – відавочныя. Калгаснае сялянства вынішчюць, вёска дэградуе – гэта факт: прарасейскі рэжым дабівае беларускае сялянства, якое бесперапынна затоптвалі амаль сто гадоў, але гэтым яны ня зьнішчылі і ня зьнішчаць Беларусі, толькі наблізяць свой канец. Мы яшчэ адродзім і нашу вёску і нашае сялянства.
На разуменьні цяперашняга мэнтальнага і структурнага стану грамадзтва грунтуецца наша адраджэнская фронтаўская палітыка.
ІІ. ІДЭАЛЫ І ЎНУТРАНАЯ ПАЛІТЫКА
Наша ўнутранная палітыка згодна нашай праграмы падзяляецца на першачарговую (праграма-мінімум) і агульную. Каб ажыцявіць агульныя праграмныя пераўтварэньні неабходна ліквідаваць прамаскоўскі акупацыйны рэжым. Сіла, якая можа ўзьняць і салідарызаваць народ на перамогу – гэта ёсьць Беларуская нацыянальная ідэя. Гэтая ідэя мусіць жыць у галовах і сэрцах беларусаў. Шлях да яе ляжыць праз асьвету, адукацыю, інфармацыю, прыватную ўласнасьць і ўсьведамленьне агульнасьці нацыянальных інтарэсаў.
Мы абавязныя спрыяць гэтаму шляху і церабіць яму дарогу. Абапіраючыся на нацыянальныя інтарэсы і дэмакратычныя прынцыпы ўлады мы павінны арыентавацца на ўвесь беларускі народ, на каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць усіх перад пагрозай расейскай агрэсіі і страты незалежнасьці.
Прынцыпы салідарнага змаганьня з чужародным рэжымам выкладзеныя намі ў народнай плятформе “Беларуская Салідарнасьць” Нагадаю некаторыя палажэньні:
- Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Дык узаемна.
- Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымваламі Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
- Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: “Не правы чалавека – галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй”. Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць “правоў” у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам “права” быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
- Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей – Беларускі Народ.
Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах – Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Гэта агульныя прынцыпы. На практыцы будзе ўзьнікаць шмат канкрэтных пытаньняў, адказы на якія распрацаваныя намі ў канкрэтных праграмах. Нагадаю некаторыя з гэтых пытаньняў, якія найчасьцей перакручваюць у антыбеларускай прапагандзе.
Адносіны да Расеі:
1) Мяжа.
Гэтыя адносіны будуць пабудаваныя па міжнародных правілах. Нармальная мяжа і мытня (нармалізацыя мытнага заканадаўства), упарадкуе гандаль і міграцыю. Спыняцца гандлёвыя сраты, якія нясе беларускі бок, спыніцца некантралюемы прыток крымінальнага элемэнту ў Беларусь. Будзе ўведзены візавы рэжым зь мінімальнай візавай аплатай, з льготамі для пэўных катэгорыяў людзей, напрыклад пэнсіянераў, сваякоў (бязвізавы праезд) і інш.
Упарадкаваньне мяжы на ўсходзе створыць умовы для аблягчэньня памежнага рэжыму на захадзе і поўначы з Польшчай, Латвіяй і Летувой. Для беларускага насельніцтва будуць адмененыя ўсе індывідуальныя абмежаваньні на ўвоз прадуктаў і тавараў з-за мяжы, будзе ўпарадкаваны памежны гандаль на карысьць беларускіх прадпрымальнікаў.
2) Нафта і газ.
Скончацца палітычныя спэкуляцыі прарасейскіх прапагандыстаў і палоханьне неінфармаваных людзей, што Масква, маўляў, адключыць газ, ня дасьць нафты, увядзе сусьветныя цэны і Беларусь загіне. Можна толькі зьдзіўляцца, што такая прапагандысцкая лухта датрывала да ХХІ стагоддзя ў эпоху ўсеагульнай пісьменнасьці.
Цяпер выклікаюць штучныя сваркі і сітуацыя падаецца ненармальнай, бо рэжым на Беларусі ненармальны, прамаскоўскі і ад Масквы залежны. Як толькі гэты рэжым скончыцца і на Беларусі ўсталюецца беларуская ўлада, праблемы з газам і канфлікты скончацца. Нам зручна будзе ўвесьці сусьветныя цэны на газ з Расеі (прытым яны вартыя не 160 даляраў, як на другім канцы газапровада дзесьці далёка ў Францыі, а на палову менш). Беларусь першая краіна, куды трапляе расейскі газ, цана яго тут іншая. Беларусь будзе пабіраць нармальную плату за газавы транзіт, за зямлю, за эксплуатацыю ваеннай базы (якую урад Кебіча незаконна аддаў расейцам), за вялікую шкоду экалёгіі, якую гэтая база наносіць, за выкарыстаньне велізарных аб’ёмаў вады і г.д.
І тады акажацца, што Маскве зручней прадаваць нам газ гэтак, як прадаецца цяпер і пакінуць усё як было. Лукшэнка як крэатура Масквы і савецкага КГБ ня можа вырашыць гэтае пытаньне калі б і хацеў, бо Масква жадае тут мець усё задарма ды яшчэ і газ па сусьветнай цане прадаваць і таму цісьне свайго сатрапа. Тут грызьня ў лягеры хаўрусьнікаў, а не нацыянальныя інтарэсы. Такая ёсьць праўда. І ня трэба слухаць усіх гэтых гэбоўскіх “эканамістаў”, квазіэкспэртаў і “спэцоў”. Ведаем мы цану іхняе “экспэртызы”.
Адключыць газ у мірны час немагчыма, інакш Расея панясе велізарныя матэрыяльныя страты. Расеі гэта ня выгадна. Усё рэгулюецца міжнароднымі законамі і пагадненьнямі. Адзін раз Пуцін скочыў у авантуру, нібыта канфліктуючы з Лукашэнкам (гэта быў спэктакль) рашыў папалохаць Эўропу, адключыў газ на некалькі гадзінаў (нібыта для Беларусі). Больш ён такога рабіць ня будзе. Вядома чым гэта для Расеі тады скончылася.
Праблема расейскага газу – гэта перш за ўсё праблема Расеі, потым ужо Беларусі. Для Беларусі тут галоўнае стварыць альтэрнатыўныя крыніцы дастаўкі нафты і газу, каб ня быць прывязанай толькі да аднаго пастаўшчыка. Гэта адразу будзе зроблена пры нармальнай беларускай уладзе. Праектныя схемы ў нас гатовыя з 1993 года. І называюцца гэтыя схемы “Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар”. Ёсьць распрацоўкі і па газу. Яны ўсім вядомыя.
3) Маёмасьць.
Мы папярэджвалі ня раз, што ўсялякія незаконныя маёмасныя зьдзелкі з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі па прыўлашчваньні беларускай маёмасьці ня будуць прызнаныя нармальнай беларускай уладай. Маёмасьць будзе вернутая дзяржаве і народу. Як гэта будзе рабіцца? Экспрапрыяцыі не плянуецца. Ёсьць некалькі шляхоў нацыяналізацыі і рэпрыватызацыі маёмасьці. У любым выпадку рэпрыватызацыі незаконна набытай уласнасьці, перакупшчыку будуць вернутыя сродкі рэальна заплочаныя ім за маёмасьць пры купляньні. Гэта можа быць у выглядзе акцыяў ці па іншых схемах, адпаведна з прынятымі нормамі. Аднак уласнасьць і права на уласнаьць будзе вернута Беларусі.
4) СНД і Калектыўная бясьпека.
На сёньняшні дзень СНД практычна ўжо амаль што не існуе. Удзел Беларусі ў гэтым штучным утварэньні пазбаўлены ўсялякага сэнсу. Беларусь выходзіць таксама з “Калектыўнай бясьпекі”, ўдзельнічае ў праграме супрацоўніцтва з НАТО, маючы на ўвазе пэрспэктыву ўступленьня ў гэты блёк.
5) Расейцы.
Расейская гэбоўская агентура ўвесь час імкнецца мабілізаваць беларукіх расейцаў супраць беларусаў, палохаючы іх дэпартацыяй. Маўляў, калі беларусы будуць мець уладу ў сваёй краіне, дык расейцам канец, усіх высяляць у Расею. (Здавалася б чаго палохацца вяртаньня на бацькаўшчыну.) Але мы ніколі не зьбіраліся і ня зьбіраемся высяляць расейцаў за тое, што яны расейцы. За саветамі і цяпер пры прарасейскім рэжыме, прыбылыя расейцы (а іх 10 адсоткаў) карыстаюцца значна большымі правамі, чым беларусы, і ў магчымасьці атрымліваць дзяржаўныя і кіроўныя пасады, і ў праве карыстацца сваёй мовай, школай і адукацыяй (за беларускі кошт). У гэтым сэнсе беларусы па параўнаньні з расейцамі ня маюць практычна ніякіх правоў, а за родную мову рэжым іх ня толькі дыскрымінуе, але і перасьледуе. Беларусы пастаўлены ў стан акупаванага насельніцтва.
Пры беларускай уладзе з дыскрымінацыяй беларусаў па моўнай прыкмеце будзе скончана. Будзе прыняты закон аб забароне дыскрымінацыі, а расейцам, пакінуўшы ім усе іх нацыянальна-культурныя правы, дзяржава надасьць яшчэ адно права: быць лаяльнымі да беларускай дзяржавы, магчымасьць вывучаць (выбар дабраахвотны) беларускую мову і інтэгравацца ў беларускае грамадзтва.
6) Талеранцыя, мова.
Гэбоўскія прапагандысты паўсюдна выстаўляюць беларускую нацыянальную дэмакратыю, як “нацыяналістаў”, “экстрэмістаў” і нават “фашыстаў”. Словы гэтыя, прыдуманыя яшчэ за камунізмам, цяпер ўжо не выклікаюць ніякай рэакцыі і паўтараюцца выключна зь нянавісьці і ад бясьсільля.
Найбольшую нянавісьць у нішчыцеляў выклікае беларуская мова. Сьведама ці падсьведама яны разумеюць, што калі на языку ў беларусаў будзе мова, то русіфікацыі канец і настане крах усёй антыбеларускай прамаскоўскай палітыкі. Таму асаднікі, гэбэ, агентура і іншыя нішчыцелі культуры і мовы Беларусі не стамляюцца лямантаваць, што беларусы будуць іх прымушаць гаварыць па-беларуску. Трэба ведаць расейцаў, каб зразумець адкуль зьявілася такая фармулёўка.
Вядома ж, ніхто нікога ні ў чым ня будзе прымушаць. У гэтым няма патрэбы. Вяртаецца Канстытуцыя 1994 года і вяртаецца дзяржаўнасьць беларускай мовы, беларуская школа, беларускі ўнівэрсітэт, беларускае тэлебачаньне, радыё, выдавецтвы, установы культуры і г.д. – усё, што было. Усе дзяржаўныя ўстановы працуюць па-беларуску. З вопыту мы ведаем, што калі трэба, то дзяржаўны чыноўнік вывучвае ці ўспамінае беларускую мову за адну ноч. Але дзяржаўным служачым для ўспамінаньня будзе, вядома, дадзена шмат болей часу і за дзяржаўны кошт. Дзяржаўная мова для дзяржаўнага служачага стане ягоным прафесійным абавязкам, інакш ён ня будзе дзяржаўным служачым. Іншым грамадзянам дзяржава дапаможа авалодаць дзяржаўнай мовай, пойдзе насустрач іхным інтарэсам (перакладчыкі, курсы і г.д.); лаяльнасьць да беларускай дзяржавы і мовы будзе ўхваляцца правам. Беларуская дзяржава стане існаваць па беларускіх дэмакратычных законах і нікому больш не дазволіць каго-небудзь дыскрымінаваць ці зьневажаць па моўнай прыкмеце. Будзе вернута свабода веравызнаньня і роўнасьць цэркваў перад законам. Спыніцца перасьлед пратэстантаў, каталікоў, вуніятаў, лютэранаў і іншых, вернутыя будуць памяшканьні, кампэнсаваныя бязглуздыя штрафы.
Мы, беларусы, поліканфэсійны хрысьціянскі народ і наша дэмакратычная, незалежная будучыня павінна быць талеранцыйнай. Гэта значыць што мы шануем нашага чалавека і ягонае сумленьне веры, ягоны выбар і ягоную існасьць, бо ўсе мы адзін народ, дзеці адной культуры, адной гісторыі, адной дзяржавы, адной мовы. Так было некалі. Талерантнасьць – гэта характэрнасьць беларускай цывілізацыі. Талерантнасьць па-беларуску – гэта годнасьць і ўзаемапавага, прызнаньне права на індывідуальнае сумленьне веры. Аснова нашай беларускай дэмакратыі сягае яшчэ ў ХVІ стагоддзе, некаторыя яе прынцыпы адлюстраваныя ў трох рэдакцыях Літоўскіх статутаў. Там, тады за часы ВКЛ, было юрыдычна замацавана тое, да чаго іншыя эўрапейцы, (ацалеўшыя пасьля Варфаламееўскіх начэй), дыбалі яшчэ 400 гадоў (ды й цяпер прыйшлі толькі ў маральны тупік). Нашае разуменьне талеранцыі – гэта не нявольніцтва, не ўлегласьць перад злом, не прызнаньне свабоды паскудству, як у тых, што апынуліся ў дэмакратыі праз сусьветныя войны і рэлігійную рэзь. Нам ёсьць чаму павучыцца ў сябе самых, у нашых мудрых вялікіх продкаў, і далёка ня ўсё трэба пераймаць у чужых.
ІІІ. ЗЬНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА І ГЕАПАЛІТЫКА.
Старажытная Беларусь ці Вялікае Княства Літоўскае было геапалітычным цэнтрам у Эўропе, які стрымліваў агрэсіўныя тэндэнцыі Усходу і Захаду. У ХVІІІ ст. гэтыя два накірункі агрэсіі, аб’яднаўшыся, зьнішчылі Вялікае Княства і, сутыкнуўшыся лоб у лоб, разьвязалі дзьве крывавыя сусьветныя вайны. Новая сітуацыя і палітычныя катаклізмы, якія перажыла Эўропа, ня зьнішчылі ні гэтыя адлеглыя сілы, ні гэтыя імкненьні падпарадкаваць тое, што існуе і жыве паміж Нямеччынай і Расеяй. На канец ХХ і ў ХХІ стагоддзі востра стаіць перш за ўсё праблема разьмеркаваньня энэргарэсурсаў і пэрспэктывы эканамічнай дамінацыі ў Эўропе. Беларусь, як і раней, знайшлася ў зоне сутыкненьня геапалітычных інтарэсаў Усходу і Захаду. Хочам мы гэтага ці не, але ў нашых зьнешіх дачыненьнях геапалітыка павінна займець важнае месца. Ігнаруючы геапалітычныя інтарэсы, мы рызыкуем самым сваім існаваньнем.
Пераходзячы на канкрэтныя азначэньні трэба ўбачыць, што ні Расея, ні Нямеччына, якая імкнецца дамінаваць у Эўразьвязе і росьціць пляны ўплыву на Польшчу і былыя пднямецкія землі, не зацікаўленыя ў існаваньні незалежнай Беларусі
У рахубу ўваходзяць і транзыт энэргарэсурсаў, і двухбаковы ўплыў на Польшчу, і вяртаньне межаў СССР, і інш. Агульныя інтарэсы (як і раней) прывялі іх да супрацоўніцтва. Ганс Вік і КГБ, злучыўшы намаганьні, паспрыялі рзвалу БНФ і стварэньню ненацыянальнай неадраджэнскай, кантралюемай з усходу і захаду, квазіапазыцыі супраць Лукашэнкі. Падзеі гэтыя адбываліся ў нас на вачах, яны ўжо апісаныя і мы добра ведаем іх сутнасьць і іхны ход. Тут толькі зраблю некалькі дапаўненьняў. Яшчэ ў 1990 годзе ў публічнай дыскусіі пра дэмакратыю з адным амэрыканскім аналітыкам, прафэсарам Калюмбійскага ўнівэрсітэту (займаўся вывучэньнем СССР) я пачуў такія аргумэнты: “дэмакратыя ня ёсьць самамэтай у палітыцы Амэрыкі, а толькі сродкам для забесьпячэньня амэрыканскіх інтарэсаў”.
І далей ішла размова пра Лацінскую Амэрыку, дзе дыктатарскія рэжымы і стаўленьнікі абыходзіліся Амэрыцы занадта дорага. Экспарт дэмакратыі ўпрасьціў задачу ўплыву: і таней, і Амэрыка сама ўвайшла ў гэтыя краіны праз адчыненыя дзьверы. Палітыка эўрапейскага лібэральнага Захаду грунтуецца таксама на такіх падставах, толькі ў адрозьненьне ад амэрыканскай, характарызуецца грубым прагматызмам і бязпрынцыпнасьцю ці падвойным стандартам.
Пранікненьне ў краіну, якой зьбіраюцца дапамагаць устанаўліваць дэмакратыю адбываецца на салідарных пачатках. Яно ўзаемавыгаднае. Захад сапраўды зацікаўлены ў дэмакратыі вакол сябе, у адкрытых грамадзтвах і ў магчымасьці эканамічна заходзіць ў гэтыя краіны праз шырока адчыненыя дзьверы, згодна міжнароднага заканадаўства, нічога не парушаючы. Аднак тут якраз хаваецца небясьпека для маладых дэмакратыяў, трапіць у эканамічную залежнасьць і ў падпарадкаваньне тых разбуральных працэсаў з Захаду (асабліва ў вобласьці культуры), якімі нацыя, павязаная чужымі правіламі, не ў стане будзе кіраваць.
Дапамагаючы дэмакратыі, Захад зацікаўлены стварыць сярод мясцовх дэмакратаў сваё лобі і сваё апірышча, якое будзе лёгка і беспраблемна выконваць заходнія рэкамендацыі. Для нацыянальна салідарызаваных грамадзтваў гэта вялікай небяспекі не ўяўляе, бо кожная партыя ці група стаіць на нацыянальных кштоўнасьцях і нацыянальных інтарэсах. Тым часам на Беларусі, дзе грамадзтва знаходзіцца пад прэсам чужой антыбеларускай палітыкі і штучна расколата нават у дачыненьні да асноўных каштоўнасьцяў нацыі, зацікаўленае ўмяшаньне звонку можа прывесьці да антынацыяналных вынікаў. Так яно і атрымалася. Кансалідацыя беларусаў супраць прамаскоўскага рэжыму на плятформе Беларускага Народнага Фронту, якая пачалася ў 1996 годзе, была разбурана сумеснымі намаганьнямі Захаду і Масквы, нямецкай разьведкі і КГБ. Ганс Вік, непасрэдны арганізатар гэтага злачынства пад дахам АБСЭ (і пад патранатам канцлера Шродэра), ініцыятар антыбеларускай антыдзяржаўнай дзейнасьці на Захадзе, цяпер пасьля ганебнага правалу Шродэра пачаў лавіраваць, рабіць нетыповыя заявы. Але як толькі ўсталюецца беларуская дэмакратычная ўлада ў Беларусі, пытаньне аб прыцягненьні да судовай адказнасьці гэтага дзеяча-разьведчыка будзе пастаўлена арганізацыямі вольнай Беларусі.
Схема разбурэньня беларускага супраціўленьня рэжыму была простая. Пад кіраўніцтвам Віка і пад прыкрыцьцём АБСЭ была арганізаваная новая, кантралюемая Захадам і Масквой апазыцыя, у якую сабралі былых супольнікаў Лукашэнкі, агентуру КГБ, наіўных інтэлігентаў-дэмакратаў, розных рускамоўных дысідэнтаў і прамаскоўскія партыі ад камуністаў да Гайдукевіча. На гэтую справу, па прызнаньні Віка, Захад патраціў каля паўтара мільёна даляраў. Ў гэты ж час быў расколаты Беларускі Народны Фронт. Раскольнікаў-прагматыкаў далучылі да вікаўскай апазыцыі, якую Захад стаў матэрыяльна падтрымліваць і прапагандаваць, цягнуць у заходнюю палітыку. Тым часам Беларускі Народны Фронт як партыю нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пастараліся ізаляваць ад заходняй палітыкі (БНФ перашкаджаў стасункам з гэбоўскай Масквой).
Палітычна прадажнае балота, якое стварылі заходнія гансвікі на Беларусі ўмацавала рэжым Лукашэнкі і акупацыйную палітыку Масквы, але як і трэба было чакаць, не дало ніякіх самастойных вынікаў. Гэты паразітны нарост рэжым (адначасна штурхаючы яго нагамі) выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах. Найбольш адмоўную ролю выканала “вікаўская апазыцыя” восеньню 2004 года, калі дапамагла рэжыму загнаць народ на антызаконны рэфэрэндум пра “вечны тэрмін” Лукашэнкі. Цяпер гэтай вікаўскай групай кіруюць калякіны-лябедзькі (камуністы і былыя лукашысты), ствараюць выбарчы антураж, але сапраўдная іхная згодніцкая і шкодная роля найбольш выразна выяўляецца ў часы выбараў і рэфэрэндумаў, калі вырашаецца лёс рэжыму, маскоўскіх інтарэсаў і прамаскоўскай палітыкі. Гэта выразна адкрылася на цяперашніх незаконных сакавіцкіх выбарах Лукашэнкі, калі новыя стаўленьнікі адвялі беларусаў ад Народнага Галасаваньня (адзінага рэальнага шансу перамагчы рэжым) і цалкам падтрымалі фальшывую выбарчую кампанію, у якой удзельнічалі па сцэнару ўлады (і атрымалі свае заплянаваныя тры працэнты, а потым зьнівеліравалі грамадзкія пратэсты).
IV. ДАРОБАК АДРАДЖЭНЬНЯ.
За мінулыя два гады нашая фронтаўская партыя дзейнічала ў рэчышчы пастаўленых задачаў і запачаткаваных ініцыятываў. Вельмі важнай ініцыятывай зьяўляецца зварот у суд грамадзянаў Беларусі аб парушэньні іхных правоў у сувязі з антыканстытуцыйнымі дзеяньнямі кіраўніцтва краіны па заключэньні дамовы аб стварэньні так званай “саюзнай дзяржавы” з Расеяй. Гэтая справа працягваецца. На Беларусі магчымасьці яе ўжо практычна вычарпаныя, іск неабходна распачаць на міжнародным узроўні.
Палітычна насычаны і адказны для Фронту быў 2004 год. Практычна цэлы год. Партыя працавала над недапушчэньнем удзелу людзей ў незаконным рэфэрэндуме. Быў напісаны і распаўсюджаны шэраг матэрыялаў, абгрунтавана неабходнасьць байкоту выбараў і рэфэрэндуму і даведзена да актыўнай грамадзкасьці. Пазыцыя Партыі была правільнай, дзеяньні пасьлядоўныя, аргуманты юрыдычна і палітычна абгрунтаванымі. Якраз наша пазыцыя і аргумэнтацыя выразна адцяніла злачынства рэжыму і вікаўскай апазыцыі, якія насуперак Канстытуцыі і праву заклікалі людзей на галасаваньне і самы прынялі ўдзел у рэфэрэндуме.
2005 год у нас быў амаль цалкам прысьвечаны галоўнай задачы – падрыхтоўцы да акцыі “выбары прэзыдэнта” ў 2006 годзе. Партыяй прароблена істотная праца, асабліва па арганізацыйных момантах і па абгрунтаваньню Народнага Галасаваньня. Практычна супраць нас быў ужыты грубы антызаконны сілавы палітпрыём (ультыматум) пасьля таго як рэжым зразумеў небясьпеку для сябе Народнага Галасаваньня. Немагчымасьць майго легальнага прыезду на Беларусь і ўдзелу ў падзеях стала адной з прычынаў звужэньня абсягу Народнага Галасаваньня. Хаця тыя шансы, якія засталіся, мы, нажаль, не скарысталі напоўніцу. Не скарысталі найперш магчымасьці лакальнай перамогі ў Менску. За два гады пасьля 6-га Зьезду Партыя правяла дзьве навукова-тэарэтычныя канфэрэнцыі “Ідэалы БНР і беларускае адраджэньне” і ўсе традыцыйныя імпрэзы зьвязаныя зь вялікімі датамі і нацыянальнымі сьвятамі.
Вялікую і пастаянную працу Партыя вядзе па стварэньні і дагляду Народнага Мэмарыялу ў Курапатах. Тут хачу выказаць вялікую падзяку ўсім ахвярным працаўнікам на гэтай ніве. Робіцца моцная і важная для Беларусі і яе народу справа.
З свайго боку я працягваў фронтаўскую дзейнасьць за мяжой. За гэты час праведзены шэраг палітычных спатканьняў і выступаў у Польшчы, Летуве і ЗША, напісана дзясяткі артыкулаў аб беларускай палітыцы, выдадзена некалькі брашураў (у тым ліку “Беларуска Расейская вайна” і “Прамаскоўскі рэжым”) і кніга палітычнага зьместу пра Антона Шукелойця, выдаваўся часопіс “Беларускія Ведамасьці”. (Тут я не залічваю творчую працу, паэму “Вялікае Княства” і іншае). Таксама ў 2005 годзе выдадзена ў ЗША некалькі нумароў газэты “Беларуская Салідарнасьць за мяжой”, арганізавана аднаўленьне выданьня газэты “Беларускі Час” у Нью Ёрку і выдадзены першы нумар. Рэгулярна з пазыцыі Фронту прымаў удзел у сходах эмігранцкіх арганізацыяў (БАЗА, Прэзыдыюм Рады БНР, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве і інш.), дзе выступаў з дакладамі аб палітыцы Фронту і сітуацыі ў Беларусі. Адначасна разам з групай беларускай моладзі ў Нью Ёрку займаўся арганізацыяй беларускага адраджэнскага Інтэрнэту. Створна і дзейнічае афіцыйная старонка партыі БНФ і некалькі аматарскіх старонак, створана індывідуальная афіцыйная старонка і іншыя. Лічу, што Фронт павінен надаваць вялікую ўвагу гэтай справе і дзейнасьці ў электроннай інфармацыі.
V. ПАЗЫЦЫЯ І ПЭРСПЭКТЫВЫ.
Гаворачы пра нашую пазыцыю нагадаю, што Беларускі Народны Фронт – гэта вынік палітычнай дзейнасьці беларускага народа. Фронт ствараўся самастойна, абапіраўся на беларускіх людзей і на свае структуры і дасягнуў мэты, ліквідаваў КПСС у Беларусі і вярнуў незалежнасьць краіны. Існаваньне Захаду і заходняй палітыкі тады нас моцна не турбавала (хоць мы заўсёды аналізавалі яго пазыцыю), бо ніводная асоба адтуль, дзякуй Богу, не прыяжджала да нас са сваімі прапановамі. Захад тады спадзяваўся яшчэ на Савецкі Саюз і падтрымліваў Гарбачова.
Гэта я ўспамінаю невыпадкова, каб нагадаць, што наш нацыянальны лёс ёсьць у нашых руках і ўладкаваць нашую беларускую будучыню можам толькі мы, беларусы,
і ніхто іншы. Сіла ў нас самых і сіла наша. Але мы не павінны выключаць кантактаў
і салідарнасьці з нашымі суседзямі і з нашымі прыхільнікамі на Захадзе. Усё мусіць быць адэкватным і ў межах салідарнай палітыкі.
Рэальнасьць і сітуацыя паказвае, што найбліжэйшымі прыхільнікамі незалежнай нацыянальнай дэмкратычнай Беларусі зьяўляюцца Польшча і Украіна, а таксама балтыйскія краіны. Праўда, польскія палітыкі, якія цяпер ва ўладзе, маючы акрамя ўсяго, дакладную інфармацыю, крыху памыліліся і заблыталі сябе дэклярацыяй супрацоўніцтва з групоўкамі “вікаўскай апазыцыі”. Таму спадзяемся ад іх неўзабаве адэкватнай пераацэнкі сваёй пазыцыі. Тое, што краіны былой Рэчы Паспалітай і акрэсьленай намі БЧС выказваюць салідарнасьць з нацыянальна-дэмакратычнай Беларусяй – гэта абумоўлена аб’ектыўнымі палітычнымі прычынамі і адначасова ёсьць добры знак, які паказвае, што як толькі Беларусь вызваліцца ад прамаскоўскага акупацыйнага рэжыму, цэнтральна-усходняя Эўропа салідарызуецца разам, пачнецца фармаваньне ўсходняй садружнасьці. Наша ідэя БЧС ужо завалодала разумамі ўсходнеэўрапейскіх лідэраў. Астатняе – пытаньне часу.
Тым ня менш, як эўрапейская краіна, мы павінны выяўляць прыхільную пазыцыю да Эўразьвязу і стаяць тварам да Эўропы. Вольная дэмакратычная Беларусь павінна будзе супрацоўнічаць з Эўразьвязам не сьпяшаючыся туды ўступаць, і тварыць салідарнасьць Усходняй Эўропы.
Ва ўнутранай палітыцы, як я ўжо адзначыў, наша апора павінна быць на плятформу “Беларуская Салідарнасьць” і на кансалідацыю людзей вакол беларускай нацыянальнай ідэі. Рэжым лягчэй перамагчы абапіраюцыся на салідарную нацыю. Але перш за ўсё павінна быць арганізаваная авангардная салідарная сіла, што трымае сьцяг народнага адзінства. Раней такой сілай быў Беларускі Народны Фронт. Пасьля расколу БНФ ні адна з частак ужо аб’ектыўна (фармальна) ня будзе прынята народам за аснову адзінства (бо адзінства раскалолася). Для паправы становішча намі створана “плятформа народнага яднаньня – Беларуская Салідарнасьць”. Але павінна быць дзейнасьць. Беларусы цяпер, як і тыбетцы, робяцца сусьветнай нацыяй. Змаганьне за Беларусь перанесена таксама і ў эміграцыю і адбываецца на трох кантынентах.
Паўстае задача аб’яднаньня ўсіх беларускіх адраджэнцкіх сілаў на Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце, каардынацыя і злучэньне працы дзеля незалежнасьці і волі Беларусі. Фактычна ў беларускім сьвеце існуе рэальная і актыўная пазыцыя, якую можна акрэсьліць як “Беларускае народнае адраджэньне”. Трэба зрабіць толькі крок, каб ператварыць яе ў мэтанакіраваны, сусьветны беларускі рух. Каардынатарам гэтага руху магла б стаць Кансэрватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ зь яе палітычнымі і тэхнічнымі (інтэрнэтнымі) рэсурсамі.
Гэтую ідэю я прапанаваў бы сябрам Фронту абмеркаваць пасьля Зьезду ў спакойных абставінах, у тым ліку і ў беларускім інтэрнэце. У бягучым годзе ў выніку станоўчага падыходу і належных ацэнак магчымасьцяў, мы маглі б сабраць Фронтаўскую партыйную канфэрэнцыю пасьвечаную гэтай праблме – беларускага народнага яднаньня перад абліччам пагрозы існаваньню дзяржавы і нацыі. Трэба ўлічыць што пасьля рэалізацыі трэцяга тэрміну Лукашэнкі гэтая пагроза і агрэсіўнасьць Масквы рэзка павялічыліся. Відавочнымі сталі імкненьні рэжыму поўнасьцю ліквідаваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі (згодна з ужо аб’яўленымі распрацоўкамі Масквы) і зачыніць нашу партыю, шляхам стварэньня фармальных прычынаў. Мы павінны ўлічваць пагаршэньне рэжыму і падрыхтоўку чарговай палітычнай агрэсіі з Расеі.
У любых абставінах, аднак, мы павінны памятаць цяпер пра нацыянальна-асьветніцкія задачы нашай дзейнасьці. Без нацыянальнай асьветы грамадзтва перамога над акупацыйным рэжымам і антыбеларускай уладай недасягальная.
Паважаныя фронтаўцы, наперадзе яшчэ цяжкае змаганьне, але і сьветлая перамога. Беларусь была, ёсьць і будзе жыць! Наша праца яшчэ дасьць вялікі плён. Не апускайма рук, майма сьмеласьць і цярпеньне. Заўтра у вольнай Беларусі!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
27 траўня 2006 г.
28/5/2006 › Навіны
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|