Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Ідэя Фронту вісела ў паветры

(Напісана па просьбе Сяргея Навумчыка для ягонай кнігі, прысьвечанай падзеям 1988-1995гг., якая неўзабаве выйдзе ў Варшаве)

Пасьля адкрыцьця Курапатаў вясной 1988 г. былі зробленыя мной першыя археалагічныя раскопкі пахаваньняў. Потым, у пачатку чэрвеня, быў надрукаваны артыкул “Курапаты – дарога сьмерці”.Затым, у ліпені, адбыліся больш шырокія археалагічныя дасьледваньні, якія я праводзіў з групай археолагаў ужо ў кантэксьце ўзбуджанай крымінальнай справы па факту пахаваньняў. Пасьля гэтага ў жніўні пачынаецца праца над стварэньнем мэмарыяльнай арганізацыі “Камітэт – 58”. Разам са мной працавала група асобаў. Гэта найперш Міхась Дубянецкі, Мікола Купава, Алесь Лукашук, Алег Белавусаў і інш.

У час працы над стварэньнем Камітэту – 58 нарадзілася ідэя ўтварыць Беларускі Народны Фронт па прыкладу прыбалтыйскіх, якія акурат у гэты час там былі створаныя. Ідэя была сьцісла дыскрэтнай (камуністычны рэжым на Беларусі трываў татальны і антыбеларускі). Размова вялася мной толькі зь Міхасём Дубянецкім. Мы не ўяўлялі яшчэ як у той спэцыфічнай, да дна рэакцыйнай і антынацыянальнай сітуацыі, якая існавала на Беларусі, можна было прыступіць да справы, калі КГБ і парткамы кантралявалі кожны ўздых, а ўзровень грамадзтва быў цалкам дэнацыяналізаваны.

Мы меркавалі, што каб даць штуршок – аб’явіць пра Фронт і пачаць рэалізоўваць ідэю стварэньня – павінна была зьявіцца нейкая аўтарытэтная асоба, якая хоць бы фармальна прылучылася да гэтай справы. Патрэбна было “імя”, настойваў Міхась Дубянецкі. Натуральна, што мы адразу зышліся на асобе Васіля Уладзімеравіча Быкава.

Размова з Быкавым адбылася неўзабаве ў верасьні. Мы спаткаліся непадалёк ад Дому літаратара ля мураванай брамы-уваходу ў Дзіцячы парк (тады парк імя Горкага, хаця пры чым тут Горкі) і хадзілі па скверыку ля пустых лавачак, размаўляючы. Быкаў вельмі прыхільна паставіўся да нашай ідэі, але лагодна адмаўляўся ад адказнай ролі, спасылаючыся на здароўе, свой характар, узрост, казаў што ён не ўпэўнены, што зможа тут нешта зрабіць. Мы казалі, што рабіць будуць іншыя (мы найперш), але каб зьвярнуць увагу на справу павінен быць на чале яе вядомы чалавек. Дубянецкі быў перакананы ў гэтым і я зь ім пагаджаўся, хоць і адчуваў, што зь “вядомымі” ў Беларусі нічога не атрымаецца. Лепш бы зь “невядомымі” ды энэргічнымі і безагляднымі. Цікава, што Быкаў нібы падтрымаў мае думкі. Ён сказаў, што лепш бы маладзейшых, ды актыўных, навошта тая вядомасьць – справа ж новая. Словам, Быкаў адмовіўся і мы з Дубянецкім, седзячы на лавачцы, перабіралі па пальцах магчымыя кандыдатуры. І аказалася, што справа дрэнь: вядомых шмат ды ўсе “савецкія”.

– А што калі Гілевіча? – кажу я, — патрыёт, за мову змагаецца. Дубянецкі замаўчаў і стаў разглядаць кусты кізільніка, якім тады былі засаджаныя ўсе скверыкі Беларусі. Нарэшце пайшлі да Гілевіча.
– Гіблая справа, — кажа Дубянецкі.
– Калі ня згодзіцца? — пытаю.
– Калі згодзіцца,– адказвае Міхась Хведаравіч.
– Галоўнае пачаць, — кажу я, — а там пойдзем шырокім фронтам.

Гэтак размаўляючы, зайшлі ў кабінэт да Ніла Гілевіча. Ніл Сымонавіч зацікавіўся і крыху ўсхваляваўся. Пачаў задаваць пытаньні. А як, а што, а ці ведае ЦК (Ух!), а можа трэба пагаварыць з Краўчанкам* (*cакратар Менскага Гаркама КПБ па ідэалёгіі), бо справа добрая і г.д. Цікавая была размова – мізансцэна. Нарэшце Ніл Сымонавіч цьвёрда адмовіўся і мы пайшлі.

Да самага 19 кастрычніка ніякай гаворкі пра кіраўніка больш не было. Аднак ідэя вісела ў паветры і да мяне прыходзілі шмат хто (і незнаёмыя) асабліва перад устаноўчым сходам “Камітэту – 58” і прапаноўвалі аб’явіць пра стварэньне Фпонту. Я зразумеў, што КГБ цікавіцца намерамі і на ўсе прапановы адказваў адмоўна, прыкідваўся зацыкленым на “камітэце”. У дзень сходу (19 кастрычніка 1988 г.) я склаў сьпіс будучага аргкамітэту Фронту з 23 асобаў і перад самым сходам паведаміў Быкаву і Дубянецкаму, што пры зручным моманце аб’явім пра Аргкамітэт БНФ і паставім на галасаваньне. Сітуацыя правамоцная, дэлегаты з усёй Беларусі, аб’явім, выберам, створым, прагаласуем, а там справа пойдзе, на руках панясем. Весьці сход павінен быў Міхась Дубянецкі.

Пасьля стварэньня “Камітэту – 58”, які па маёй прапанове назвалі “Мартыралог Беларусі” (праўда, з цяжкасьцю, бо шмат хто не разумеў сэнсу слова “мартыралог”), я прапанаваў утварыць Аргкамітэт БНФ “Адраджэньне” і зачытаў сьпіс асобаў, які тут жа на Сходзе дапаўненьнямі зь месцаў павялічылі да 35 чалавек і прагаласавалі за яго.

Так быў створаны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Больш падрабязна пра Устаноўчы Схлд Мартыралогу і пра гэтую падзею я пісаў у артыкуле “Курапаты. 10 гадоў пасьля”. Надрукаваны ў “Беларускіх Ведамасьцях” (скарочаны варыянт у “Нашай Ніве”) за 1998 г.

Потым аказалася, што як я ні стараўся адразу надзейна вызначыць склад Аргкамітэту (прапановы зь месца на Сходзе таксама былі ўзгодненыя), агентура ўсяроўна пралезла і адразу пачала круціцца каля Быкава. Былі моманты, што ўсё вісела на валаску і Аргкамітэт проста трэсла. Цяпер з гумарам для сябе адзначаю, што нас уратавала тады толькі іхняя дурнота. (Подлыя справы, як правіла, робяць дурныя людзі.) Перад Устаноўчым Зьездам БНФ нам (адраджэнцам) удалося некаторых такіх “перабудоўшчыкаў” вытурыць, некаторых заблякаваць і праца пайшла хуткімі тэмпамі (пад гістэрычны лямант камуністаў). Але наш цягнік ужо набіраў хаду і сьмела імчаў наперад да волі і незалежнасьці Беларусі.

Зянон Пазьняк
29 траўня 2006 г.
Варшава

P.S. Адносна таго, што В. Быкаў напісаў ва ўспамінах, што ня ведаў пра стварэньне БНФ. Быкаву і Дубянецкаму я сказаў пра намер аб’явіць аб стварэньні Аргкамітэту БНФ непасрэдна перад пачаткам Устаноўчага Сходу Мартыралогу. Маючы гэта на ўвазе, я пісаў пазьней, што пра ўтварэньне Фронту ведалі дзьве асобы (Быкаў і Дубянецкі). Плянаў маіх яны сапраўды ня ведалі. Я іх паставіў як бы перад фактам у падтрымцы якога зь іхняга боку я не сумняваўся, бо ведаў пазыцыю абодвух. У дадзеным выпадку сцьвярджэньні “ведаў” – “ня ведаў” ёсьць розначытаньнем.
З.П.

2/6/2006 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2006
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024