Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Падзеі ў Летуве. Студзень 1991 г.

(Урывак з кнігі “Сем гадоў Адраджэньня. Фрагмэнты найноўшай гісторыі Беларусі (1988-1995)”, якая неўзабаве выйдзе ў Варшаве)

13 студзеня 1991 года па загаду Крамля савецкія ўзброеныя сілы і падразьдзяленьне КГБ штурмавалі тэлевізійны цэнтар у Вільні і тэлевежу. Былі забітыя чатырнаццаць чалавек; сярод мірных жыхароў, якія выйшлі абараняць Незалежнасьць Летувы, былі і дзясяткі параненых.

У той жа дзень раніцай дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі Заяву з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў Масквы. Пайшлі ў Авальную залю. У большасьці камуністычных дэпутатаў панаваў нейкі ўзрушаны настрой; некаторыя жартавалі. Я лавіў пераможныя погляды, у якіх чыталася: “Сёньня пакаралі іх – заўтра тое ж самае будзе і з вамі”. Па нашым патрабаваньні дэпутатам усё ж давялося зьвярнуца да тэмы падзеяў у Вільні. Мы прапанавалі Вярхоўнаму Савету выступіць з адмысловай заявай, аналягічнай нашай, але большасьць дэпутатаў адмовіліся. Выказваліся прапановы, перш чым пра нешта заяўляць, “вывучыць” сытуацыю ў Летуве (хаця сытуацыя была зразумелая – імпэрыя пачала развальвацца, і Масква імкнулася ўтрымаць рэспублікі сілай, не спыняючыся перад кравапраліцьцем).

Пачалі абмяркоўваць склад дэлегацыі; прагалаасавалі за прадстаўнікоў розных палітычных плыняў – у тым ліку Валянціна Голубева, Генадзя Карпенку, Сяргея Шабашова (дэпутат ад ветэранаў, былы першы сакратар Віцебскага абкаму), Аляксандра Лукашэнку, а ўзначаліў дэлегацыю Ніл Гілевіч.

Тым часам, у перапынку Пазьняк сабраў паседжаньне апазыцыі, і вырашылі накіраваць ўласную дэлегацыю ў складзе Барыса Гюнтара, Ігара Пырха і мяне. Я прапанаваў далучыцца да нас супрацоўніку “ЛіМа” Андрэю Ганчарову. З гаражу ВС нам далі “Волгу”, і мы паехалі ў Вільню.

Потым выявілася, што мы нашмат апярэдзілі афіцыйную дэлегацыю – у момант, калі мы набліжаліся да беларуска-летувіскае мяжы, ў Менску яшчэ вырашалі пытаньне з суправаджэньнем іх аўтамабіляў “мігалкамі” спецыяльнага міліцэйскага суправаджэньня. Верагодна, нехта хацеў, каб усё было “паводле пратаколу”, у тым ліку і эскорт.

На мяжы нас спаткала дэпутатка Вярхоўнага Савета Летувы, і запыталася, куды паедзем – уладкоўваца ў гатэль ці да парляманту? Але сытуацыя небясьпечная: парлямант у любы момант можа быць аб’ектам штурму савецкімі войскамі. Мы адказалі, што, канешне, едзем у парлямант.

Аўтамабілі спыніліся за квартал ад будынку – далей праехаць было немагчыма, бо на плошчу выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Яны спадзяваліся, што сваімі целамі абароняць дэпутатаў, якія выступілі за незалежнасьць ад Масквы, што танкі па людзях не паедуць (але ўжо праехаліся каля тэлецэнтру). Па перымэтру завяршаўся мантаж бэтонных плітаў. На вуліцы былі вынесеныя дынамікі, ішла трансьляцыя пасяджэньня Вярхоўнага Савета Літвы.

Праз фае і калідоры нас прывялі ў залку паседжаньняў Вярхоўнага Савета. Здаецца, у гэты момант Ландзбэргіс зачытваў праект рашэньня аб утварэньні вышэйшай ўзнагароды Летувы і ўганараваньні ёй забітых савецкімі войскамі. Былі ў залі Мікалай Дземянцей (накірваны туды Гарбачовым, хутка ён пакінуў залю) і старшыня ВС Армені Тэр-Петрасян. Нехта з летувіскіх дэпутатаў запытаўся, ці хацелі б мы выступіць. У мяне быў тэкст заявы Апазыцыі БНФ, да якой далучыліся і дзясяткі дэпутатаў “дэмклюбу”.

З трыбуны летувіскага парлямэнту я зачытаў гэты тэкст і сказаў, што мне сорамна, што ня маю магчымасьці прачытаць афіцыйную заяву ВС Беларусі, паколькі большасьць у нашым Вярхоўным Савеце складаюць камуністы, прыхільнікі савецкай імпэрыі. Але беларускі народ – салідарны зь летувісамі.

Перадаў тэкст нашай заявы Ландзбэргісу, а потым сказаў, што мы, дэпутаты БНФ, у гэтую крытычную ноч, калі над парлямантам пагроза штурму, застаемся начаваць тут, у гэтых сьценах, і заклікаў далучыцца да нас дэпутатаў парлямэнтаў іншы краінаў. Гэтыя словы ўсе дэпутаты летувіскага парляманту сустрэлі стоячы аплядысмэнтамі.

У тую ноч у гутарках з абаронцамі парляманту я пераканаўся, што Маскве ня ўдасца насадзіць сваю ўладу летувіскаму народу, — людзі выказвалі рашучасьць памерці. І верагоднасьць іх гібелі была рэальнай.

Міністар аховы краю Аўдрус Буткявічус (фактычна, ён сумяшчаў функцыі і міністра абароны, і кіраўніка спэцслужбаў) вадзіў мяне па “баявых пазцыях” у будынку.

— Колькі вы здолееце пратрымацца? – запытаўся я міністра.

У адказ ён прамаўчаў.

Канешне, ні шматтысячны натоўп вакол будынку парляманту, ні бэтонная агароджа не маглі б быць перашкодай для дэсанту – пазьней савецкія генэралы пахваляліся, што пры жаданьні, маглі б захапіць ўсіх дэпутатаў летувіскага парлямэнту за 15 хвілінаў. Сапраўды, з тэхнічнага гледзішча, такая апэрацыя не ўяўляла асаблівых цяжкасьцяў. Аднак вынікам такога штурму былі б шматлікія ахвяры сярод абаронцаў.

Было зразумела, што стрэльбы (як мне падалося, пачатку 20-га стагодзьдзя) – нішто супраць “калашнікавых”, але іх уладальнікі ізноў казалі пра сваю гатовасьць памерці, але не здавацца. Аўтаматы я заўважыў толькі ў ахоўнікаў Ландзбэргіса. Дарэчы, пасьля пасяджэньня сэсіі і прэсавай канфэрэнцыі, пакуль я размаўляў з абаронцамі парляманту, Барыс Гюнтар і Ігар Пырх сустрэліся з Ландзбэргісам у ягоным кабінеце. Ён папрасіў дапамагчы Летуве зброяй. На тэрыторыі Беларусі зброі хапала – але дэпутаты Апазыцыі дапамагчы нічым не маглі, ды і кіраўніцтва БССР, калі б нават пажадала (што абсалютна было выключана) не магло гэтай зброяй распарадзіцца. Войскі падпарадкоўваліся Маскве (праз год Саўмін ужо незалежнай Беларусі адмовіць Летуве прадаць частку зброі з былых савецкіх сховішчаў, але падпіша кантракт з чэскай пасярдніцкай фірмай на продаж зброі на 350 мільёнаў даляраў; хто быў канчатковым пакупніком той зброі – да гэтага часу невядома).

Афіцыйная дэлегацыя нашага Вярхоўнага Савету сустрэлася зь некаторымі кіраўнікамі неканстытуцыйнага, утворанага Масквой ”камітэту” нацыянальнага выратваньня. Мы наведалі палац, дзе адбывалася разьвітаньне з ахвярамі савецкай агрэсіі, прайшлі каля трунаў. Потым адбывалася пахаваньне. Члены афіцыйнай дэлегацыі былі запрошаныя ў касьцёл, мы ж з Гюнтарам і Пырхам засталіся на вуліцах, куды выйшла, здавалася, уся Летува.

Пад час сустрэчы з нашымі калегамі з афіцыйнай дэлегацыі я адчуў нейкае насьцярожанае да сябе стаўленьне з боку Ніла Гілевіча, ды, бадай, і іншых дэпутатаў– за выключэньнем Валянціна Голубева. Праўда, з Лукашэнкам у мяне ніколі не было прыязных адносінаў, зь некаторымі іншымі мы часам дэбатавалі на сэсіях, і я не надаў гэтаму асаблівай увагі. Зрэшты, тое, што мы ўсе пабачылі ў Вільні, зусім не спрыяла добраму настрою, і спахмурнеласьць калег мне здалася цалкам псыхалягічна матываванай.

Але па вяртаньні ў Менск, пад час абмеркаваньня падзеяў у Летуве на сэсіі, прычына непрыязні раскрылася. Ніл Гілевіч у сваім выступе (ён рабіў асноўную справаздачу) сказаў, што калі члены афіцыйнай дэлегацыі прыехалі ў Вільню і пачалі ўладкоўвацца ў гатэль, дык першае, што пачулі ў фае — трансьляцыю пасяджэньня ліетувіскага парляманту. Трансляцыю сапраўды слухала ўся Летува. І якраз выступаў дэпутат Навумчык, і тое, што ён казаў, на жаль, ня лепшым чынам характарызавала Вярхоўны Савет Беларусі. Маўляў, нельга выносіць сьмецьце з хаты. Выглядае, што пачуў Гілевіч якраз той фрагмэнт майго выступу, дзе я казаў пра камуністычную, прамаскоўскую большасьць дэпутатаў. Але я ж быў назваў рэчы сваімі імёнамі.

Гэтая рэмарка Гілевіча (а сэсыя перадавалася ў непасрэднай радыётрансьляцыі на ўсю Беларусь) зьявілася ўдарам у сьпіну. Гілевіч быў вядомым паэтам, ён успрымаўся ў грамадзтве як прыхільнік адраджэньня нацыянальнай культуры, і такі дэмарш супраць дэпутата апазыцыі БНФ быў імгненна скарыстаны нашымі апанэнтамі – камуніст і зацяты прыхільнік захаваньня СССР дэпутат Самошчаў звявіў, што «депутат Гилевич очень здорово выступил».

Мяркую, тут варта спыніцца на ацэнцы асобы Ніла Гілевіча ў палітычным кантэксце. Інакш можа быць незразумела, як апынуўся ён ў сьпісе тых, чыёй адстаўкі мы патрабавалі ў жніўні 1991 года; а замоўчваць факт таго прынцыповага патрабаваньня нельга.

Ніколі ў мяне не выклікалі сумневу адданасьць Ніла Сымонавіча нацыянальнай ідэі, ягоная шчырасьць у адстойваньні правоў беларускай мовы. З аднаго боку, на пасадзе старшыні Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньню гістарычнай спадчыны. Але нехта трапна вызначыў палітычнае рэнамэ Гілевіча як “сувэрэн-камуніста”. І гэтыя сымпатыі камуністычнай ідэалёгіі, а таксама звычка аглядацца на начальства, часам ставілі яго ў сумнеўныя сытуацыі – на працягу ўсёй ягонай палітычнай кар’еры.

Вось урывак з інтэрвью першага сакратара Саюза пісьменьнікаў БССР Ніла Гілевіча карэспандэнту БЕЛТА:

“Частка моладзі учапілася за гэтак званую “нацыянальную сымволіку”. Але задамося пытаньнем: што дасьць перабудове “Пагоня”?.. Наўрад ці хто будзе пярэчыць супраць выкарыстаньня гэрба Вялікага Княства Літоўскага ў мастацкіх творах на тэмы гісторыі. Але ж найактыўнейшае разьвіцьцё беларускай эканомікі, навукі, сапраўдны росквіт культуры, якія прыйшліся на дваццатыя гады, калі яшчэ не адчуваліся дэфармацыі сацыялістычнага курсу, – ішлі пад гэрбам БССР, пад сьцягам БССР! Так што ж пярэчыць ажыцьцяўляць ідэі перабудовы пад гэтым гэрбам, пад гэтым сьцягам? Нічога. Іншы падыход – альбо наіўнасьць, альбо нешта яшчэ горшае, што адкрыта шкодзіць справе перабудовы” (газэта “Советская Белоруссия”, 4 лістапада 1988 год).

Тады ж, у канцы 80-ых, зьяўляліся ягоныя вершы, у якіх чыталіся зьедлівыя закіды ў бок лідэраў новаўтворанага Народнага Фронту.

Да прыкладу: “Пышна фразы кудзеляцца. Пылу-дыму – слупы. Штосьці хітрае дзеецца… Ды народ не сьляпы. Хто вы — левыя-бравыя? Што гуртуе вас? Боль? Хто вы – гнеўныя правыя? Дзе ваш чэсны мазоль? Разьятрэўшы ў амбіцыях, Вы за што змагары? Крык аб розных пазыцыях – Гэта ўсё да пары. Люта будучы прагнымі Да жыцьцёвых украс, Вы аднолькава з правымі Асядлаеце нас. Слоў адкінеце магію – Для чаго яна там, Дзе зьяднаюцца ў мафію Злодзей, цынік і хам?” (“Звязда”, 16 лістапада 1989 г.). ”

“Правымі” тады называлі прыхільнікаў камуністычнай сістэмы, намэнклятуру, “левымі” – дэмакратаў, якія ў Беларусі ўвасабляў найперш БНФ. Намёк на адсутнасьць працоўнага “мазаля” ў намэнклятуры быў зразумелы – тады шмат казалі пра прывілеі чынавенства. А вось сумненьне ў тым, што “левых” турбуе боль народа, цалкам клаліся ў рэчышча афіцыйнай камуністычнай прапаганды, якая сьцьвярджала, што лідары БНФ нібыта імкнуцца скарыстаць і Курапаты, і Чарнобыль ва ўласных інтарэсах, каб “дарвацца да ўлады” (паводле камуністычнай тэорыі і практыкі, уладу толькі і можна было выкарыстоўваць ва ўласных мэркантыльных інтарэсах). Такім чынам, аўтар ставіў знак роўнасьці паміж камуністамі і Народным Фронтам.

Парадаксальным чынам, праз некалькі гадоў гэтыя тэзы – пра мафію, што нібыта аб’ядноўвае левых і правых, і што і левым, і правым у аднолькавай ступені нельга давяраць, — скарыстае Лукашэнка. У сваім “антыкарупцыйным” дакладзе ён па-хамску заявіць, што “возле кормушки правые и левые хрюкают одинаково”, а дэструктыўны, разбуральны для ідэі грамадзянскай супольнасьці лёзунг “Я не с левыми, я не с правыми, я – с народом!» (гэта клясычны папулізм) будзе галоўным слоганам ягонай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Ва усялякім разе нічога падобнага не магчыма было ўявіць з-пад пяра Рыгора Барадуліна альбо Генадзя Бураўкіна (які нават быў членам ЦК КПБ).

Ды што казаць: Барадулін, як і Быкаў, адразу і катэгарычна падтрымалі Народны Фронт. Гілевіч – не. Пасьля ўтварэньня Аргкамітэту БНФ (куды яго прапаноўвалі ўключыць) ён імкнуўся “раіцца” ў ЦК КПБ. Пазьней, на сесіях Гілевіч вельмі рэдка калі публічна падтрымліваў БНФ, затое часта рабіў рэвэрансы ў бок пракамуністычнай большасьці. Нарэшце, у жніўні 1991 года апазыцыя БНФ была вымушаная патрабаваць адстаўкі Гілевіча з пасады старшыні камісіі і члена Прэзыдыюму ВС за “бязьдзейнасьць і безадказнасьць ў справе абароны Канстытуцыі і суверэнітэту” у час маскоўскага пракамуністычнага путчу.

Была, як падаецца, яшчэ адна прычына такіх паводзінаў — амбіцыйнасьць. Гэтая якасьць, абсалютна натуральная (і магчыма, неабходная) для творцы, у палітыцы часам перашкаджае. У Вярхоўным Савеце Ніл Сымонавіч паводзіў сабе як патрыцый. Было цікава назіраць, як ён павольна устае, як павольна і годна ідзе да мікрафону, як павольна прамаўляе… Мне ён здаваўся забранзавелым (вызначэньне, якое ніяк не магу прыкласьці да Быкава). Такая саноўная манера паводзінаў, напэўна, натуральная дзе-небудзь ў сэнаце – верхняй палаце парляманту, дзе толькі зацьвярджаюць раней прынятыя ніжняй палатай рашэньні і рэдка калі дэбатуюць. Ды і тое – у краіне, дзе дэмакратыя даўно ўсталявалася. А ў нашых умовах трэба было “пабегаць” – прычым часам ў літаральным сэнсе пабегаць па залі: з адным нешта ўдакладніць, другога аб нечым папрасіць, у трэцяга – перахапіць ініцыятыву, сюды, туды, а яшчэ сабраць подпісы пад чарговай заявай, а яшчэ зьбегаць да ксэраксу – рэглямант патрабаваў памножыць праекты для кожнага дэпутата (апарату памочнікаў у Апазыцыі БНФ не было) – і ўсё гэта хутка, бо сьпікер Шушкевіч любіў “лавіць” дэпутатаў Апазыцыі на парушэньні працэдуры; не пасьпееш – і сэсія ідзе далей… Словам, даводзілася паводзіць сябе “несалідна”. Калісьці я пачуў ад Гілевіча вызначэньне нас, дэпутатаў БНФ, як “хлопчыкаў” – без сімпатыяў. А гэтыя “хлопчыкі” зьдзяйсьнялі тое, пра што Гілевіч пісаў у сваіх артыкулах ды вершах яшчэ ў 1960-ыя гады, нічога дзеля напісанага ня робячы ў палітыцы.

У 1993 годзе вялікай папулярнасьцю сярод дэпутатаў-камуністаў карысталася надрукаваная ў “Звяздзе” вялізная паэма Ніла Гілевіча, у якой карыкатурна і вельмі зьедліва былі выведзныя дэпутаты Апазыцыі БНФ і некаторыя прагрэсіўныя журналісты. Камуністы раздруквалі паэму на ксэраксе, насілі па Авальнай залі, радаваліся як Гілевіч “выдал бэнээфовцам по первое число”.

Нарэшце, Гілевіч заўсёды іграў “сола” і ніколі не выступаў у “камандзе”, а ў палітыцы, тым больш у парляманце гэта вельмі істотна. Няўзгоднены выступ можа перакрэсьліць усю працу і “праваліць” галасаваньне. Зянон Пазьняк перакананы, што непрадуманы і нечаканы выступ Гілевіча ў верасьні 1991 года пры прыняцьці “Пагоні” і Бел-чырвона-белага сьцяга як дзяржаўных сымвалаў, хаця і быў ў сваёй сутнасьці на карысьць нацыянальнай сымволікі, але тактычна быў абсалютна залішнім, шкодным у пасажах і ледзь не сарваў станоўчы вынік галасаваньня. Сам Пазьняк, убачыўшы адмоўную рэакцыю рэтраградаў, якую выклікаў “сольны” выступ Гілевіча, тут жа свой выступ зьняў (ужо каб не дражніць гусей сваёй асобай) і па ўзгадненьні з Шушкевічам пабег тэлефанаваць прэзыдэнту Акадэміі Навук Ул. Платонаву, каб ён імгненна прыехаў і выступіў (трэба было супакоіць раззлаваных камуністаў). Зь вялікімі цяжкасьцямі і затратамі энергіі удалося паправіць становішча.

Падаецца, што і тая “літоўская” рэпліка Гілевіча ў мой бок мела не палітычную, а асабістую прычыну – нейкі “хлопчык” (мне сапраўды тады толькі-толькі споўнілася 29 гадоў) апярэдзіў кіраўніка афіцыйнай дэлегацыі, выступіў і выклікаў авацыі. Што ж – ня трэба было чакаць аўтамабіляў —”мігалак”, а па прыездзе ў Вільню варта было накіроўвацца не ў гатэль, а ў парлямант; як гаворыцца, ня час для цырымоніяў. Дарэчы, на наступны дзень Ніл Сымонавіч таксама выступіў у Сэйме Летувы, і вельмі пранікнёна, праўда, без авацыі. Але ці той гэта быў момант, калі варта было зводзіць рахункі амбіцыяў? Выглядае, пазьней Гілевіч гэта зразумеў, і выкрасьліў словы пра мяне са зборніка публіцыстыкі, куды ўключыў свой выступ на сэсіі.

Крыўда на мяне аказалася нагэтулькі моцнай, што праз чатыры гады, на раніцы пасьля зьбіцьця дэпутатаў БНФ у Авальнай залі, я быў адзіным з галадоўшчыкаў, якому Ніл Сымонавіч не падаў руку.

Ня гледзячы на ўсё гэта, лічу Ніла Гілевіча выдатным паэтам, нязломным прыхільнікам беларушчыны. Паўтараю, што шмат карыснага ён зрабіў на пасадзе старшыні Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньню гістарычнай спадчыны. Але з другога боку – палітычна ён хутчэй перашкаджаў Апазцыі БНФ, чым спрыяў. Ва ўсялякім разе, асабіста для мяне ён застаецца прыкладам, як заігрываньне з камуністамі і асабістыя амбіцыі могуць прывесьці да сумнеўных крокаў. І гэтымі крокамі (несьвядома ці наўмысна) Гілевіч паспрыяў аслабленьню палітычнага авангарду беларускага Адраджэньня (вызначэньне Васіля Быкава) — Беларускага Народнага Фронту.

… Пасьля абмеркаваньня падзеяў ў Летуве на сэсіі ВС афіцыйная дэлегацыя падрыхтавала праект пастановы. Апазыцыя БНФ, як ўжо казалася вышэй, прыняла заяву яшчэ ў дзень трагедыі. Дэпутаты-камуністы прапанавалі свой варыянт, на што Пазьняк заўважыў: “тая група камуністаў, якая прадставіла праект заявы, няхай яна ад групы камуністаў гэтую заяву і прыме. Так як прыняла Апазыцыя ў той дзень, калі група камуністаў сьмяялася”.

Аднак Шушкевіч, які вёў паседжаньне, даў магчымасьць зачытаць праект заявы, падрыхтаваны камуністамі. Зачытваў яго дэпутат Самошчаў.

У прапанаваным камуністамі варыянце патрабавалася аднавіць на ўсёй тэрыторыі Летувы «дзеяньне Канстытуцыі СССР і Канстытуцыі Літоўскай ССР» — такім чынам, фактычна скасоўвалася б абвешчаная раней незалежнасьць Летувіскай Рэспублікі. Таксама казалася пра «палітычны экстрэмізм і безадказнасьць» якія абярнуліся «эскалацыяй гвалту», «раскол народа сее страх і злобу, разьвязвае рукі палітычным авантурыстам» — пад носьбітамі экстрэмізму, бясспрэчна, меліся на ўвазе прыхільнікі незалежнасьці Летувы.

Самошчаў У.В. «… Мы обращаемся к Президенту страны для принятия всех необходимых мер, чтобы прекратить дальнейший рост насилия и возможного кровопролития не только в Прибалтике, но и в других регионах страны. Наш путь – демократия, реальный суверенитет всех народов страны в составе обновлённого Союза СССР»

Ніл Гілевіч выказаўся за кампрамісны варыянт фармулёвак– «Я думаю, што гэта ня той дакумант, дзе павінны быць выпады нейкага экстрэмальнага парадку», «і з аднаго боку, і з другога». Пад “адным бокам” Гілевіч меў на ўвазе камуністаў і прыхільнікаў імпэрыі. Але пад “другім” – нас, дэпутатаў БНФ, прыхільнікаў Незалежнасьці. Ніл Сымонавіч ужыў вызначэньне «выпады» у тым ліку і да нас.

Чуць такое нам было ня ўпершыню, але прапанаваная Гілевічам “кампраміснасьць”, на нашую думку, была непрымальнай у сытуацыі, дзе трэба было ясна і недвусэнсоўна выказацца ў абарону народа, які хацелі вярнуць у ярмо імпэрыі.

Пазьняк З.С.: Паважаныя дэпутаты, … тут гаворыцца пра трагедыю: “по случаю трагедии, приведшей к человеческим жертвам» , пра «погибших»…Трагедыя можа быць, калі цягнік з рэек зышоў. Таксама будуць чалавечыя ахвяры. Таму я настойваю усё ж такі запісаць: семьям не «погибших», а «семьям убитых».

Прапанова Пазьняка не прымаецца.

Мы запатрабавалі ўключыць патрабаваньне недапушчальнасьці ўвядзеньня ў Летуве прэзыдэнцкага кіраваньня (мелася на ўвазе – кіраваньня Прэзыдэнтам СССР, якое аўтаматычна б скасоўвала незалежнасьць Летувы). Акрамя таго, лічылі неабходным паставіць патрабаваньне аб адстаўцы прэзыдэнта СССР Гарбачова і Міністра абароны маршала Язава, якія несьлі асабістую адказнасьць за кроў у Летуве.

Пазьняк З.С.: Паважаныя дэпутаты, пасьля тбіліскіх падзеяў Зьезд народных дэпутатаў СССР прыняў рашэньне аб недапушчальнасьці выкарыстаньня войскаў супраць мірнага насельніцтва. Такім чынам, прэзыдэнт СССР парушыў гэтае рашэньне З’езда….

Навумчык С.І.: І ўсё ж я пацьвярджаю сваю прапанову пра недапушчальнасьць увядзеньня ў Летуве прэзыдэнцкай улады. Таму што гэта непазьбежна – вы пераканаецеся – прывядзе да новай крыві. І потым, пастаўце на галасаваньне прапанову аб адстаўцы прэзыдэнта Гарбачова і міністра Язава.

Старшынствуючы (С. Шушкевіч ): Я хачу адразу ўдакладніць наступнае. Я не магу гэту прапанову паставіць на галасаваньне, таму што мы зьвяртаемся да прэзыдэнта з гэтай самай заявай і ў ёй будзем патрабаваць яго адстаўкі. Калі ласка, першы мікрафон.

Пазьняк З.С.: Гэтага трэба было і чакаць, калі мы пакінулі слова “Прэзыдэнт” у тэксьце. Цяпер яно выключаецца, і няма магчымасьці выразіць вотум недаверу гэтаму чалавеку. Я настойваю тады на другіх прапановах, якія былі выказаныя. А менавіта: патрабаваць ад Вярхоўнага Савета і Прэзыдэнта ў дадзеным выпадку спыненьня агрэсіі супраць прыбалтыйскіх рэспублік і вываду дэсантных войскаў з Летувы, Латвіі і Эстоніі.

За гэтую прапанову Пазьняка выказаліся толькі 68 дэпутатаў.

І ўсё ж, Вярхоўны Савет хаця і ў вельмі мяккіх фармулёўках, але асудзіў дзеяньні Масквы ў былой савецкай рэспубліцы, якая абвясьціла сябе незалежнай.

Праз некалькі дзён, 20 студзеня, кроў пралілася ўжо ў Рызе. Дэпутаты ад Апазыцыі БНФ і «дэмклюбу» прынялі заяву, у якой зьвярнуліся ў Раду Бясьпекі ААН з просьбай разглядзець пытаньне аб пагрозе сувэрэнітэту і парушэньні права нацыяў на самавызначэньне ў Летуве і Латвіі, а таксама накіраваць у гэтыя краіны афіцыйных назіральнікаў ААН. Першым пад Зваротам стаіць імя Пазьняка, але, акрамя дэпутатаў Апазыцыі БНФ, яго падпісалі некалькі дзясяткаў чалавек – усяго 84 дэпутаты.

Некаторыя з гэтых дэпутатаў потым адмовяцца ад сваёй пазыцыі і падтрымаюць на прэзыдэнцкіх выбарах Лукашэнку, які выступіць, фактычна, за скасаваньне беларускай Незалежнасьці. Сам Лукашэнка, які ў студзені 1991 года крытыкаваў праімпэрскі зварот дэпутатаў-камуністаў (аднак заўважу, што на карысьць Незалежнасьці Беларусі ў Вярхоўным Савеце Лукашэнка не выступаў ніколі) – праз некалькі гадоў заявіць пра аднаўленьне імпэрыі, верне камуністычныя сымвалы і накіруе бронетранспарцёры і ўзброеных вайскоўцаў на беларускіх патрыётаў.

Падзеі ў Летуве абярнуліся драмай для некаторых парлямэнтарыяў, якія мелі ўстойлівы пракамуністычны імідж. Пасьля расповяду членаў дэлегацыяў камуністы ўжо не сьмяяліся. Дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі Мілаванаў, нечакана асудзіў дзеяньні савецкіх войскаў у Летуве. Але за гэта ён быў падвергнуты цкаваньню калег-вэтэранаў і ў хуткім часе памёр (уся Апазыцыя БНФ у поўным складзе прыйшла на яго пахаваньне). Былы першы сакратар Віцебскага абкама партыі Сяргей Шабашоў, пасьля наведваньня Вільні сказаў з трыбуны Вярхоўнага Савету, што ня варта прымушаць летувісаў заставацца ў Саюзе ССР, калі яны гэтага ня хочуць, і склаў дэпутацкія паўнамоцтвы.

Тыя студзеньскія дні 91-ага, на маю думку, былі істотнымі ў справе ўсьведамленьня шмат якімі дэпутатамі той простай ісьціны, што Масква заўсёды абараняе інтарэсы імпэрыі, не спыняючыся перад праліцьцём крыві. І ня толькі ў далёкіх ад Беларусі месцах, у Аўганістане ці ў Тбілісі, але і тут, у Эўропе, у некалькіх дзясятках кілёмэтраў ад Менску. А значыць – пры патрэбе, пралье кроў і ў самой Беларусі.

1997 – 2006 гг., г. Прага, Сяргей Навумчык

8/6/2006 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2006
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024