Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пад расейскім трыкалёрам і арлом

На пачатку 1990-х мы, тагачасныя актывісты БНФ, казалі, што дзяржаўныя сымбалі і мова – гэтак жа важныя, як і эканоміка.

Мы памыляліся.

У параўнаньні са Сьцягам, з Гербам, з мовай, эканоміка (якая ў жыцьці грамадзтва, канечне, важная) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная – яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы. Бо ад апошніх залежыць і лёс народу.

Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі эканоміка адраджалася за некалькі гадоў у краінах, дзе прамысловасьць і інфраструктура былі разбураныя ўшчэнт (Нямеччына на мяжы 1940–1950-ых). Але няма ніводнага прыкладу, калі б насельніцтва, якое згубіла нацыянальныя арыенціры, дасягнула б дабрабыту (некаторыя афрыканскія краіны, дзе разбураная грамадзянская супольнасьць, ня могуць ўзьняцца нават пры мільярдных датацыях Захаду).

Некалькі гадоў таму ў ЗША рэстаўравалі стары зорна-паласаты сьцяг незвычайнага вялікага памеру, зь якім зьвязаны славуты эпізод амэрыканскай гісторыі. Рэстаўрацыя рабілася ў лябараторыі некалькі год з выкарыстаньнем самых каштоўных мэтадаў кансэрвацыі і каштавала некалькі мільёнаў (!) даляраў. Амэрыка – самая багатая краіна, але і тут хапае сацыяльных праблем. Напрыклад, больш як 40 мільёнаў грамадзянаў ЗША ня маюць мэдычнай страхоўкі. Заўважу, што гэта ня самыя бедныя – самыя бедныя акурат маюць сацыяльную страхоўку. Гэта – сярэдні стан грамадзтва з даходам ад 50 да 75 тысяч даляраў на год, каму на працы страхоўку не даюць, а самому набыць задорага – бо трэба выплочваць крэдыт за жыльлё, вучобу дзяцей і г.д. Такая публіка пераважна адукаваная, яна чытае газэты і, натуральна, можа ў газэты напісаць. Аднак а ні ў воднай амэрыканскай газэце не было дыскусіі – а ці трэба выдаткоўваць вялізныя грошы на кавалак матэрыі, ці ня лепш спачатку «падлячыць народ» (у варыянце менскіх лібэралаў было б – «накарміць»)? Ніхто не заклікаў да «прагматызму» менавіта таму, што амэрыканцы – надзвычай прагматычныя людзі і прыярытэты што ў асабістым, што ў дзяржаўным жыцьці вылічваюць матэматычна дакладна.

Апошнім часам усё часьцей даводзіцца чуць пра «непрагматызм» галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі парлямэнту ў 1995 г. Мне ж падаецца, што пасьля аднаўленьня Незалежнасьці – гэта самае важнае, што мы зрабілі ў тым Вярхоўным Савеце, бо выступілі за Сьцяг, Герб і мову.

Мяне ўжо цяжка нечым зьдзівіць у беларускай палітыцы, але тое, што ўбачыў на сайце палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, скажу безь перабольшваньня – шакавала. Тут зьмешчаны фатаздымак пасяджэньня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Зьлева – чырвона-зялёны сьцяг, а справа – сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. А на сьценцы, разам з «лукашэнкаўскім» гербам, прымацаваны расейскі дзьвюхгаловы арол. (Глядзець здымак)

Зазірнуў у архіў сайту – ранейшыя пасяджэньні ў гэтай камісіі таксама праходзілі пад расейскімі дзяржаўнымі сымбалямі.

На міждзяржаўных, міжпарлямэнцкіх сустрэчах прынята выстаўляць на стол сьцяжкі краінаў-удзельніц. На сустрэчах прэзыдэнтаў таксама ёсьць дзяржаўныя сьцягі. Але тут, у памяшканьні Дому ўраду, расейскі сьцяг выстаўлены стала, стацыянарна ды яшчэ прымацаваны на сьцяне расейскі герб. «Палата» – не грамадзкая арганізацыя і не прыватная кантора, і міжнародная камісія – адна з ключавых камісіяў у парлямэнце кожнай краіны. Як зазначана на тым жа сайце, да кампэтэнцыі «палатачнай» камісіі належаць «пытаньні геапалітыкі, распрацоўка і ўдасканальваньне законаў аб зацьвярджэньні асноўных напрамкаў замежнай палітыкі», «палітычныя аспэкты праблемаў раззбраеньня і бясьпекі».

Наіўна думаць, што цяперашні «парлямэнт» распрацоўвае нешта самастойна ад лукашэнкаўскай адміністрацыі, яго функцыя – хаця б сымбалічная легітымізацыя прынятых прэзыдэнтам рашэньняў. Але тым большае значэньне набывае сымбаль, пад якім гэта адбываецца.

З усяго, што я ведаю пра так званую беларуска-расейскую інтэграцыю, гэтыя здымкі – найбольш яскравае сьведчаньне таго, як далёка зайшоў працэс, які я ўсё ж вызначыў бы як анэксія. У сучасным сьвеце ня трэба (дакладней – не заўсёды трэба) уводзіць дывізіі, каб узяць пад кантроль чужую тэрыторыю. Ёсьць мэханізмы палітычнага, эканамічнага, заканадаўчага паглынаньня (дарэчы, апошнім цяпер і занятая «палата», пасьлядоўна праводзячы «ўніфікацыю» беларускага заканадаўства пад расейскае).

У 1995 г. у газэце «Свабода» я надрукаваў артыкул, у якім даводзіў, што галоўнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Публікацыя выклікала зьедлівыя камэнтары палітолягаў. Празь некалькі гадоў тыя ж самыя палітолягі былі вымушаныя прызнаць слушнасьць аргумэнтаў, некаторыя на разьвіцьці гэтай тэмы зрабілі сабе кар’еру. Яшчэ празь некалькі гадоў А.Фядута апублікаваў свае ўспаміны, дзе пацьвердзіў і даволі падрабязна апісаў гэтую ідэю-фікс Лукашэнкі.

Мэмуары цяперашняга атачэньня пра сёньняшнія размовы ў прэзыдэнцкіх апартамэнтах – наперадзе. Але перакананы: як і раней, стратэгічнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Каньюнктура пакуль не на яго карысьць. Але сытуацыя можа зьмяніцца. Ва ўсялякім разе, ён робіць усё, каб быць напагатове, каб дасягнуць сваёй мэты – і ня робіць нічога, што б яго ад гэтай мэты аддаляла.

Ізноў жа, уявім, гіпатэтычна, што прэзыдэнту Летувы Адамкусу прапаноўваюць: аб’ядноўвай Летуву з Расеяй – і робісься гаспадаром Крамля. Мяркую, у адказ прагучэла б колькі спэцыфічных расейскіх словаў, за дзесяцігодзьдзі жыцьця ў ЗША не забытых былым змагаром з «энкавэдэ». Колькі б праіснавала Незалежнасьць Беларусі пры аналягічнай прапанове Лукашэнку? Пытаньне рытарычнае.

І нядаўняя дыскусія ў “НН” – «Калі Лукашэнка выступіць за беларускую дзяржаўнасьць, ці павінна апазыцыя яго падтрымаць?» – на фоне гэтага уяўляецца бессэнсоўнай. За беларускую дзяржаўнасьць ён ніколі ня выступіць. Мэта Лукашэнкі – зачысьціць тэрыторыю, якую потым можна выгадна прадаць. Мэта Крамля – узяць гэтую тэрыторыю (хто паспрабуе даказаць адваротнае, хай спачатку прыгадае, калі хоць аднойчы лідэры Расеі заявілі, што прызнаюць Незалежнасьць Беларусі).

Днямі Лукашэнка зрабіў прызначэньні ў сыстэме аб’яднанага штабу «арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы» – так патрапіла, што там існуе ўпраўленьне каардынацыі плянаваньня, стасаваньня і падрыхтоўкі. Адбылося гэта на фоне ягонай заявы, што «нашае зацікаўленьне тут і наш удзел – гэта групоўка беларуска-расейскіх войскаў на заходнім напрамку». Стратэгію і тактыку гэтай «групоўкі» распрацоўвае расейскі Генштаб. Ён жа і «каардынуе». Прыхільнікам тэорыі, што пры Лукашэнку краіна ўпершыню здабыла ды ўмацавала дзяржаўныя інстытуцыі, магу нагадаць, што ў 1993 годзе маскоўскі Генштаб толькі марыў пра ўплыў на стратэгічнае і апэратыўнае плянаваньне ў беларускім войску – вайсковую дактрыну ў той час вызначаў Вярхоўны Савет.

Сёньня «палата», калі б і пажадала гэта рабіць, выпрацоўвала б дыктрыну пад расейскім сьцягам.

У лёсе любой дзяржавы ваенны аспэкт, пытаньні абароны займаюць найважнейшае месца. Але і генэрал, і салдат, і кожны, хто хаця б дзень праслужыў у войску, ведаюць: калі дывізія губляе сьцяг, камандзір ідзе пад трыбунал, а сама дывізія расфармоўваецца. Гэты закон няўхільна выконваецца і на вайне, бо «воля да перамогі» ва ўмовах баявых дзеяньняў – не абстрактнае паняцьце.

Сёньня ажыцьцяўляецца больш глябальная стратэгія, чым проста вайсковая, – стратэгія стварэньня «небеларускай Белоруссіі». Канчатковая мэта – зьнішчыць у беларусаў нацыянальную самасьвядомасьць, каб на рэфэрэндуме яны самі прагаласавалі за аб’яднаньне, і нават пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў «дэмакратычна» паказалі патрэбны вынік. І нацыянальныя сілы ня маюць ні палітычнага, ні эканамічнага, ні – давайце назавем рэчы сваімі імёнамі – вайсковага патэнцыялу, каб спыніць такі сцэнар, калі Масква і Лукашэнка пажадаюць яго давесьці да канца.

Вам падаецца такі вынік плебісцыту нерэальным? Паверце, што ў пачатку 1995 году бальшыня палітолягаў лічылі, што і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і «Пагоня» – назаўжды.

Але пачалі якраз са Сьцяга, з Гербу, з мовы – і вось цяпер ў Доме ўраду на гаспадарскім месцы стаіць расейскі трыкалёр і вісіць двухгаловы арол.

Некалькі гадоў я спрачаюся з палітолягамі, якія лічаць, што «Незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае». Аргумэнтам яны ня вераць.

Магчыма, цяпер яны павераць уласным вачам?

Сяргей Навумчык
(Наша Ніва №28, 4–10 жніўня)

10/8/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2006
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024