Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Аднаўленьне незалежнасьці ў жніўні 91-га: хроніка падзеяў (фота) 25 жніўня 1991 года была адноўленая незалежнасьць Беларусі. Гэтаму папярэднічалі драматычныя падзеі, зьвязаныя са спробай перавароту ў Маскве і падтрымкай путчыстаў (“ГКЧП”) большай часткай кіраўніцтва Вярхоўнага Савета Беларусі. Яшчэ раніцай 19 жніўня 1991 году дэпутаты Апазыцыі БНФ і “дэмклюбу” у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня выступілі з асуджэньнем перавароту; у той жа дзень перад Домам ураду быў праведзены мітынг. Сотні людзей зьбіраліся на плошчы таксама 20 і 21 жніўня. Людзі, якія прыходзілі на плошчу, рызыкавалі свабодай : пазьней стала вядома пра адмысловыя закратаваныя вагоны, падагнаныя на чыгуначны вакзал. Шмат якія працоўныя калектывы прымалі рэзалюцыі з асуджэньнем ГКЧП. Дэпутаты (у тым ліку і першы намесьнік Старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч) запатрабавалі ад старшыні ВС Мікалая Дземянцея тэрмінова склікаць сэсію парляманту, аднак ён выступіў на баку путчыстаў. Пасьля паразы ГКЧП Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію. 24 жніўня дэпутаты сабраліся ў Авальнай залі Дома ўраду. Але Прэзыдыюм у парадак дня плянаваў уключыць толькі два пытаньня – “Аб бягучым моманце” і “Аб Саюзным дагаворы” і завяршыць сэсію ў той жа дзень. Аднак старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк прадставіў пакет заканадаўчых прапаноў, у тым ліку – і аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. Парляманцкая большасьць была вымушаная ўключыць іх у павестку дня. Дэпутаты БНФ скарысталіся тым, што ішла прамая тэле- і радыётрансьляцыя, і заклікалі менчукоў далучыцца да актывістаў Народнага Фронту, якія ўжо стаялі на плошчы перад Домам ураду. Неўзабаве там сабраліся некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Першы сакратар ЦК кампартыі Анатоль Малафееў спрабаваў апраўдаць дзеяньні кампартыі, але быў сагнаны з трыбуны дэмакратычнымі дэпутатамі. Дзейнасьць КПБ-КПСС і камсамола на тэрыторыі Беларусі была прыпыненая. Мікалай Дземянцей быў вымушаны падаць у адстаўку (пазьней у сваіх мэмуарах ён напіша, што ніколі не паставіў бы подпіс пад Віскулёўскімі пагадненьнямі аб дэнансацыі СССР). 25 жніўня абмяркоўвалася прапанова Апазыцыі БНФ аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. Шмат хто з дэпутатаў гэтую ідэю ўспрыняў нэгатыўна. Так, дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў супраць, заявіўшы, што Беларусь апынецца ў ізаляцыі ад Расеі, “на задворках формирования новых органов управления Союза” і прапанаваў не “мусировать” пытаньне сувэрэнітэту. Для прыняцьця рашэньня патрэбныя былі дзьве траціны галасоў дэпутатаў, — Станіслаў Шушкевіч, які вёў паседжаньне, выказаў сумнеў, што рашэньне будзе прынята. Пераломную ролю адыграў выступ Зянона Пазьняка, які прааналізаваў сытуацыю ў Расеі і прапанаваў наменклятуры, якая баялася Ельцына, распачаць пабудову незалежнай ад Масквы дзяржавы: “…з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на Усходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас, як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас, як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права. На вялікі жаль, гэта так. I менавіта зыходзячы з гэтых меркаваньняў я неаднойчы выказваўся і пісаў аб тым, што я сумняваюся ў дэмакратычным характары будучай Расіі…. Ельцын паведаміў аб тым, што зьбіраецца павысіць цэны на нафту. Гэта быў у пэўнай ступені шантаж нашай рэспублікі. І ён быў не першы раз. Калі мы не будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, ня зможам свае рэсурсы, свае ўсе сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народа і нашай дзяржавы, мы не зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы… Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна”. Адразу пасьля выступу лідэра БНФ слова ўзялі сакратары абкамаў і райкамаў партыі (цяпер ужо былыя), якія заклікалі прыслухацца да аргумэнтаў Пазьняка. З падтрымкай выступіў і старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч. У Авальнай залі прысутнічала 265 дэпутатаў, для станоўчага рашэньня патрабавалася 232 галасы. За наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце прагаласавалі 252 дэпутаты. У 20 гадзін 08 хвілін Беларусь вярнула незалежнасьць. (Дарэчы, дэпутат Лукашэнка ў галасаваньнях па ключавых пытаньнях ўдзелу ня браў, у стэнаграме насупраць ягонага прозьвішча пазначана - “адсутнічаў”). . Гэтае рашэньне Вярхоўнага Савета віталі тысячы людзей на плошчы перад Домам ўраду, якая пазьней была названая ў гонар незалежнасьці. Фота: 19 жніўня 1991 года. Мітынг на плошчы перад Домам ураду. Фота: Прапановы Апазыцыі БНФ на нечарговую сэсію ВС (завізаваныя для распаўсюду сярод дэпутатаў старшынём Вс М.Дземянцеям). Фота: Першыя гадзіны сэсіі. Фота: Дэпутаты зганяюць першага сакратара ЦК КПБ А. Малафеева з трыбуны. Фота: Вечар 25 жніўня 1991 года: народ вітае незалежнасьць. Сяргей Навумчык, Прага, Радыё Свабода 25/8/2006 › Старонкі гісторыі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |