Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЬВЯТАЯ ВОРША

Наш народ ніколі не забудзе сваю славу, пакуль маладыя будуць вяртацца на Крапіўнае поле і сьпяваць аб перамозе над маскоўскім агрэсарам.

Зьнішчэньне гістарычнай памяці беларускай нацыі – адна з прыярытэтных задачаў расейскага імпэрыялізму, які выкарыстоўвае ў сваёй антыбеларускай вайне перш за ўсё мясцовы шклоўска-прамаскоўскі рэжым марыянэтак. Аднак, трэба прызнаць, што фальшывая карціна нашай гісторыі створана вельмі даўно, яшчэ за цароў. Палатно, намаляванае тусклымі фарбамі, даўно зашмальцавалася і парэпалася. Але крамлёўскія рэстаўратары-фальсіфікатары з упартасьцю працягваюць яго паднаўляць. Савецкая школа рэстаўрацыі падмазала некаторыя месцы чырвоным, цяперашнія спэцы ад “дэмакратычнага Крамля” увіхаюцца каля свайго артэфакта з палітрай у тры колеры. На палатне ёсьць розныя сюжэты пра “вечную дружбу братніх народаў”, пра цароў і генсекаў-вызваліцеляў. Ёсьць нават “В.І. Ленін на менскім вакзале” (гэта – адзін з нямногіх праўдзівых эпізодаў; едучы ў эміграцыю ў 1905 г., Уладзімір Ільліч купляў на нашым вакзале піражкі). Ёсьць усё, акрамя гістарычнай праўды. Карціна вечна вісіць перад вачыма ў беларускіх дзяцей, беларускай моладзі. Цэлыя пакаленьні нашых людзей выгадаваны на фальшывым акупанцкім “шэдэўры”, які ёсьць адным з важнейшых наглядных сродкаў зьнішчальнай русіфікацыі беларускага народу.
Вайсковую славу нашых продкаў акупанцкія рэжымы яшчэ з 1918 года нахабна падмянілі прыдуманай Сталіным агульнарэспубліканскай пьянкай на “день советской арміі”. Вядома, што нават кітайцы ўжо паціху пачалі разьвітвацца з Мао. Але цяперашнія крамлёўцы-лубянцы штогод працягваюць арганізаванае “ваенна-патрыятычнае” пакланеньне Бахусу 23 лютага. Што ж адбылося ў той дзень у 1918 годзе? Пагартаем мэмуары нямецкага генэрала Каўфмана, камандуючага Усходнім фронтам: “Такой вайны мы яшчэ ня бачылі. Мы ставілі на чыгуначную плятформу гармату, прычаплялі да яе яшчэ два-тры вагоны з пехацінцамі і ехалі ўперад. На чарговай станцыі нашы жаўнеры арыштоўвалі ўсіх бальшавікоў і ехалі далей…” На Беларусі 23 лютага 1918 г. кайзэраўскія немцы занялі Менск, зь якога ўжо паўцякалі ўсі бальшавікі. Але сталінская фальшыўка працягвае ачмураць пьяным чадам мільёны людзей на працягу скора як дзевяноста гадоў. Такое й Мао ня сьнілася.
Чаму ўсё так, нягледзячы на распад бальшавіцкай імпэрыі, на даўняе “асуджэньне культу асобы” і новыя рэдакцыі падручнікаў? Чаму мясцовыя марыянэткі і іхнія крамлёўскія гаспадары так учэпіста, так сутаргава трымаюцца за хлусьню? Чаму яны так баяцца гістарычнай праўды, велічнай і гераічнай Гісторыі беларускага народу?
Іхны страх панічны і люты. Яны ведаюць, што калі народ вылечваецца ад амнэзіі і вяртае сабе сваю праўдзівую мінуўшчыну, то ён ніколі і ні ў чым не дазволіць падманваць сябе. Пад яркім сонцам праўды растварыцца, зьнікне марыянэткавая цвіль, што апанавала Беларусь і не дае нармальна жыць і разьвівацца нашаму народу.
8 верасьня, як заўсёды, менскі афіцыёз маўчыць пра Дзень Беларускай Вайсковай Славы. На Крапіўным поле пад Крыжом у памяць беларускіх герояў-пераможцаў зьбіраецца наша модазь. Лунаюць нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, гучаць даўнія і цяперашнія песьні аб нашай Гісторыі. Авангард грамадзтва сьвяткуе чарговую гадавіну велічнай перамогі 1514 года. Наш народ ніколі не забудзе сваю славу, пакуль маладыя будуць вяртацца на Крапіўнае поле і сьпяваць аб перамозе над маскоўскім агрэсарам.
Кожны народ, кожная краіна захоўваюць як сьвятыню памяць аб слаўных бітвах, у якіх вырашыўся іхны лёс, вызначыўся шлях іхнага існаваньня. На прыкладзе самаахвярнасьці, баявога майстэрства і мужнасьці продкаў угрунтоўваецца духоўны стан цяперашняга нацыянальнага грамадзтва. Імя перамогі набывае з гадамі магічны сэнс, надае сілу і ўпэўненасьць, гуртуе людзей у нацыю.
Узброенае сутыкненьне, імя якога залатымі літарамі сьвеціцца з далечыні стагоддзяў, не заўсёды вызначаецца вялікімі маштабамі, лічбамі ўдзельнікаў і стратаў. У 480 г. да н.э. у Фэмапільскай цясьніне на шляху мільённага пэрсідскага войска сталі трыста спартанцаў з царом Леанідам, каб не пусьціць ворагаў у Эладу. На працягу некалькіх дзён купка ваяроў адбівала атакі чужынскай цемры. Усе героі загінулі, але іхны подзьвіг абудзіў грэкаў, натхніў іх на змаганьне і перамогу. Прамінулі тысячагоддзі, але сёньняшнія грэкі і людзі з усяго сьвету ўспамінаюць пра даўніх ваяроў, чытаючы эпітафію на фэрмапільскім помніку: “Падарожнік, перадай у Спарту – верныя нашым законам, мы тут палеглі ўсе”.
У параўнаньні з Марэнга, Аўстэрліцам, Ваграмам, Лейпцыгам і іншымі вялікімі бітвамі напалеёнаўскіх войнаў бітва пры Вальмі (1792 г.) ня ўражвае шырынёй батальнай панарамы. З абодвух бакоў у той дзень загінула каля 500 вайскоўцаў (пры Ватэрлоо былі дзесяткі тысячаў стратаў). Але Вальмі была першай перамогай французкай рэвалюцыйнай арміі. Пасьля шэрагу месяцаў паразаў, адступленьня, здрады, панікі і ўцёкаў пад ударамі прафэсійнай прускай арміі французкія палкі дабраахвотнікаў урэшце разграмілі фэадальную рэакцыю. Упершыню арыстакраты і халопы ў белых мундзірах пабеглі ад паспалітага рушэньня, ад тысячаў людзей, згуртаваных пад сьцягам Свабоды. Перамога пад бэльгійская вёсачкай Вальмі сталася ключом да антыфэадальнай рэвалюцыі па ўсёй Эўропе.
Часьцей за ўсё сучасьнікі падзеяў ня бачылі і не разумелі ключавога значэньня лакальнай перамогі. Толькі далейшае разьвіцьцё падзеяў вызначала новую гістарычную тэндэнцыю. На працягу Стогадовай вайны Францыя цярпела адну за адной паразы ад ангельскіх агрэсараў. Парыж быў у руках захопнікаў, нацыя назаўсёды павінна была стацца прыгонным ангельскіх гаспадароў. Але побач са слабым і нерашучым каралём зьявілася Жана Д’Арк, сялянская дзяўчына, натхнёная Верай. Яна здолела пераканаць эліту і народ у неабходнасьці барацьбы. Разгром акупантаў і вызваленьне ад аблогі горада Арлеана ў 1429 г. былі першым трыюмфам французкага войска за доўгія дзесяцігоддзі канфлікту. На працягу лічаных месяцаў у некалькіх вырашальных бітвах французы пад кіраўніцтвам Жаны здолелі пераламіць ход вайны і распачалі канчатковае вызваленьне сваёй краіны.
Перамога надзвычай важная, калі народу і кіраўніцтву ўжо здаецца, што вайна прайграна, калі вораг брутальна стукаецца ў браму сталіцы. На самым пачатку Першай сусьветнай вайны немцы магутным ударам прарвалі бэльгійскую і французкую абарону і ішлі маршам на Парыж. На некаторых участках у верасьні 1914 г. французы ўжо ня мелі чым закрываць пустату на абарончай лініі па рацэ Марне. У Берліне рыхтаваліся да сьвяткаваньня сваёй перамогі. Але Парыж выратавалі гарадзкія таксісты. На сваіх машынах яны тэрмінова даставілі на Марну шэсьць тысячаў жаўнераў і афіцэраў, якія сарвалі плян кайзэраўскага бліц-крыгу. А Рым, як памятаем, аднойчы выратавалі гусі. Птушкі сваім крыкам абудзілі ахову на мурах Капітолія, і тая адбіла начны штурм галаў.
У гісторыі Эўропы ёсьць бітвы, якія сталі лёсавызначальнымі для ўсяго нашага кантынэнта, для Хрысьціянства, эўрапейскай культуры і тоеснасьці. Перамога хаўруснага флёту Каталіцкай Лігі над асманамі 5 кастрычніка 1571 г. пры Лепанта паклала крэс турэцкай экспансіі на моры. Вось як апісвае той дзень італьянскі гісторык Джані Грандзота ў сваёй кнізе “Бітва пры Лепанта”: “Узьняліся баявыя сьцягі. Над каралеўскім фрэгатам лунаў вялікі сьцяг Лігі з містычнай выявай Збаўцы нашага на крыжы. Палотнішча з крэмізінавага шоўку. Як толькі ён стаў бачны на самай высокай мачце, усе ваяры флёту ад галоўнакамандуючага да апошняга жаўнера зьнялі з галоваў свае шлемы і каскі ды ўкленчылі на палубах. Княскія і нацыянальныя сьцягі былі спушчаны. Застаўся толькі сымвал Збаўцы ды блакітныя, зялёныя і жоўтыя вымпелы на насах галераў дзеля адрозьніваньня эскадраў.” Перамога Крыжа над усходнімі захопнікамі пры Лепанта дагэтуль служыць прыкладам эўрапейскай салідарнасьці ў абароне хрысьціянскай цывілізацыі. Які выразны кантраст з цяпершчынай, калі безбожнікі-сацыялісты без бітваў і аблогаў дапусьцілі ў Эўропу мільёны агрэсіўных чужынцаў.
Дзіўнай прыхамацьцю лёсу ў некаторых народаў і імпэрыяў у якасьці гістарычнага ідэалу служаць сакрушальныя паразы. Напрыклад, разгром сэрбскага войска туркамі на Косавым полі ў 1386 г. На апяваньні гэтай трагедыі грунтуецца белградская імпэрская філясофія нават на пачатку 21-га стагоддзя. На ўсход ад Беларусі “полем русской славы” называецца ўчастак непадалёк ад Масквы. У 1812 г. каля вёсак Барадзіно і Шэвардзіно шматнацыянальная армія Напалеёна (там былі і беларускія палкі) разграміла расейскую армію і на наступны дзень заняла варожую сталіцу. “Творчае пераўтварэньне” паразы ў перамогу пачалося адразу ж пасьля бітвы. Напярэдадні прыбыцьця ў Таруцінскі лягер французкага пасланца Лярыстона Кутузаў аддаў войскам адмысловы загад: “водки не жалеть, петь и веселиться…” Напалеёнаўскую дэлегацыю ўразілі тысячы пашкуматаных жаўнераў, якія пад гармонікі апантана танцавалі і сьпявалі каля вогнішчаў. Французы пачалі актыўна прасіць міру.(А вось партайгэносэ Гэбельс усё б зразумеў і высока ацаніў бы ініцыятыву крамлёўскіх таварышаў).
Ёсьць яшчэ адзін вельмі важны аспэкт тэмы: выкарыстаньне даўніх бітваў у практычных і ідэялягічных мэтах. Што да практыкі, то тут вызначыліся генэралы Гітлера. Справа ў тым, што немцы вельмі ганарыліся сваім грунвальдскім рэваншам. У жніўні 1914 г. ім удалося разграміць расейскую армію генэрала Самсонава на тых самых палях, дзе ў 1410 г. войска Кароны і ВКЛ разьбіла немцаў пры Грунвальдзе і Танэнбэргу. Канцэнтруючы вялікія масы войскаў перад нападам на Польшчу на прыканцы жніўня 1939 г., гітлераўцы тлумачыліся сьвяточнымі мерапрыемствамі і парадам з нагоды 25-й гадавіны перамогі пад Танэнбэргам (які знаходзіўся тады ў нямецкай Усходняй Прусіі непадалёк ад польскай мяжы). І палякі паверылі ім! Ідэалягічнае выкарыстаньне славутых імёнаў перамогі антынароднымі рэжымамі, якія самы сабой уяўляюць пэрманэнтную нацыянальную паразу, працягваецца дагэтуль. Успомнім у гэтай сувязі вэнэсуэльскага дэмагога Уга Чавэса. Мітусьлівы і крыклівы левак-мільянэр сваімі паводзінамі больш нагадвае піянэра з барабанам. Але сярод іншых ягоных хэпэнінгаў адным з галоўных зьяўляецца раздача направа і налева нацыянальнага ордэна Карабоба. Імя найвялікшай перамогі Лацінаамэрыканскай рэвалюцыі пачатку 19-га стагоддзя пад кіраўніцтвам Сымона Балівара над гішпанскімі каляніялістамі зрабілася разьменнай манэтай у нячыстых руках прыгнятальнікаў народу.
У адрозьненьні ад вэнэсуэльскіх калегаў шклоўскі рэжым, як вядома, інакш рэагуе на беларускую гісторыю. З Масквы даўно паступіў нэакаляніялісцкі загад – “не пушчать!..” І марыянэткі кінулі цемру “спэцоў” на абалваньваньне нашага народу “історіей Белоруссіі с 1917 года”. Спалены і скалечаны вычварэнскай “рэдакцыяй” падручнікі, на паліцы кнігарняў выкінуты горы фальсіфікатарскіх манаграфіяў пра “Белоруссію, которой не было до советской власті” і пра “фармаваньне беларускай нацыі з 1795 г.” (гэта значыць: як толькі захапілі маскоўцы, то і фармаваньне пачалося). Рэжым разбурае помнікі нашай мінуўшчыны і ставіць манумэнты зьнішчальнікам і акупантам Беларусі. Пераможны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Грунвальду і Воршы забаронены і абвешчаны рэжымам “фашыстоўскім”. У сучаснай гісторыі цяжка (бадай нават немагчыма) знайсьці ў цэлым сьвеце падобны прыклад страху дыктатуры перад гісторыяй ўласнай дзяржавы. У гэтым панічным страху раскрываецца сутнасьць акупанцкага прамаскоўскага рэжыму, што дагнівае на нашай зямлі.
Ворагі Беларусі баяцца сьвятых ценяў пераможцаў Воршы. Праз пяць стагоддзяў пасьля маскоўскай паразы на Крапіўным полі Крэмль зноў спрабуе паняволіць наш народ. Гэтым разам плян імпэрыі падступны і “мірны”. Нам хочуць падсунуць “фількіну грамату” пад псэўдавыбары-рэфэрэндум з цяперашнім назовам – “канстытуцыйны акт аб інтэграцыі з Расеяй”. І тым самым легалізаваць акупацыю, хватка падмануўшы беларусаў, як у 1652 г. падманулі “Пераяслаўскай радай” украінцаў.
Але ня выйдзе. Траянскім канём, якога коцяць па Беларусі крамлёўцы-лубянцы з дапамогай прамаскоўскай псэўдаапазыцыі (усіх гэтых мілінкевічаў-калякіных з вінцучкамі-лебедько), ня ўдасца надурыць авангард нашага грамадзтва – беларускую моладзь. Маладыя выразна заявілі сёлета ў сакавіку на плошчы Кастуся Каліноўскага: “Прэч з расейскай акупацыяй! Ня хочам русіфікацыі і сібірскага рабства! Жыве незалежная Беларусь!” Барацьба за Айчыну працягваецца. Настае рашучы этап змаганьня. Няхай жа Сьвятая Ворша будзе пуцяводнай зоркай беларускіх патрыётаў.

Валеры Буйвал

21/9/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2006
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024