Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: \”Мы ведаем, што нам рабіць\”

Выступ на кастрычніцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Паважаныя фронтаўцы, паважаныя сябры Сойму БНФ, вітаю вас у Бацькаўшчыне! Зычу моцнасьці, рашучасьці і развагі ў зноў цяжкі для Беларусі час.

Галоўная падзея цяперашняга моманту – эскалацыя маскоўскай палітычнай агрэсіі на Беларусі і насіленьне масавых рэпрэсіяў супраць беларускай моладзі.
Выразна відаць, як рэжым сістэмна фашызуецца і вяртаецца да палітыкі Сталіна і рускага НКВД 20-30-х гадоў, гэта значыць да палітыкі масавых рэпрэсіяў супраць беларусаў. Узмацняюцца рэпрэсіі супраць беларускіх элітаў, і найперш – моладзі. Людзей хапаюць без прычыны па ідэёвай прыкмеце і потым, ужо пад арыштам, прыдумваюць прычыну.
Пра такое разьвіцьцё сітуацыі мы гаварылі яшчэ дзесяць гадоў таму. Калі ня весьці рашучай і пасьлядоўнай барацьбы і калі беларускае грамадзтва будзе жыць толькі страхам перад акупантамі і не зразумее, што яго зьнішчаюць (і не зразумее, за што яго зьнішчаюць), — працэс абавязкова (паўтаруся, абавязкова!) скончыцца расстрэламі і калючым дротам у чарнобыльскай зоне.
На фоне антыбеларускіх рэпрэсіяў і нематываваных арыштаў беларускай моладзі апошнія філіпікі Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі супраць сваіх жа расейскіх хаўрусьнікаў (заявы, што ён, маўляў, Беларусь ня здасьць) выглядаюць няшчырымі і адразу выяўляюць фальшывы, прыватны (шкурны) інтэрас заяўніка. Ён думае, што прыватызаваў Беларусь, што можна яе ў саюзе з Масквой вынішчаць і адначасна крычэць: “Чур, ня трожця, маё!”
Так у лапідарнай форме выглядае сітуацыя і лёгіка разбойнікаў.
Скончыцца гэта, як звычайна, кампрамісам разбойнікаў і пагаршэньнем жыцьця беларусаў, якія сталі закладнікамі гэтых разбойнікаў.
Цяпер і разыгрываецца якраз на Беларусі (у каторы раз) тыповая сітуацыя з закладнікамі.
Пытаньне наступнае. Як паводзіць сябе, калі два нашыя ворагі змагаюцца між сабой за права нас душыць?
У пазыцыйным змаганьні тут ёсьць толькі адзін шлях (падкрэсьліваю, толькі адзін!) – адкрыта змагацца супраць абодвух (бо абодва нішчаць нас). Усялякі тактычны выбар паміж бакамі тут памылковы і шкодны, бо абавязкова прывядзе да расколу грамадзтва і самазьнішчэньня. Ворагі, змагаючыся між сабой, будуць нішчыць нас нашымі ж рукамі (што і адбываецца).
Часовую зьмену нашай тактычнай пазыцыі можа выклікаць толькі вайна, калі ўступае ў сілу канстытуцыйны закон аб абавязку абароны Бацькаўшчыны. Калі б, скажам, пуцінская Расея зрабіла б на Беларусь збройны напад (што не выключаецца) і пачала б вайну супраць Беларусі, тады адзінства грамадзтва ў абароне дзяржавы і народа абавязковае, ня гледзячы ні на які рэжым. Бо памятайма: усе праблемы дыктатуры, дэмакратыі, мовы, правоў чалавека, бяспраўя, культуры, злачынства ды пакараньня тут жа зьнікнуць і ня будуць мець ніякага значэньня, калі мы страцім незалежнасьць нашай дзяржавы, бо тады ня тое, што гэтыя “праблемы”, — само нашае існаваньне і мы самы будзем ператвораны ў гістарычную гразь, якую вечны мангол будзе вечна мясіць капытамі.
Калі ж абаронім і захаваем дзяржаву, незалежнасьць і Бацькаўшчыну, тады са сваімі ўнутранымі праблемамі мы рана ці позна справімся. Ніякая дыктатура не існавала і не існуе вечна, але шмат якія народы зьніклі з твару зямлі, калі страцілі сілу.
Мяркуючы па паводзінах пуцінскіх расейцаў на Каўказе і зважаючы на мэтады рускай палітычнай агрэсіі супраць Грузіі, мы павінны ўлічваць магчымасьць разьвіцьця самага змрочнага маскоўскага сцэнару супраць Беларусі.
Мы і ўсё нашае грамадзтва мусім быць спакойна падрыхтаваныя да гэтага, каб агрэсар скруціў бы тут сваю галаву. Палітыка расейскага гэбізму небясьпечная для міру і народаў, але яна беспэрспэктыўная для самой Расеі і наблізіць яе імпэрскі канец. Канец імпэрыі адчыніць новую эру для вольных народаў.
Прапаную Сойму разглядзець і пры згодзе прыняць два праекты дакумантаў: заяву па Грузіі і інфармацыю пра становішча і працэсы ў Беларусі.
Зьвяртаю вашу ўвагу на падрыхтоўку Дзядоў і на важнасьць гэтай даты і ўсяго, што зь ёй зьвязана.
Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
8 кастрычніка 2006 г.

8/10/2006 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2006
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024