Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Падзеі і факты (1-2 сьнежня 2006 г.)

“Стукачи, оденьте ордена!..” Прапануем напісаць і агучыць актуальны ў наш час “Гімн стукача”. Апалёгія стукацтва ня ёсьць набыткам беларускай культуры (у нашага народа гэтая “дзейнасьць” заўсёды лічылася ганебнай).Стукачызм як складовая частка гэбізму ёсьць падарункам усходняй дэспатыі (“обогашченіе велікой русской культурой”). Тое, што адбываецца ў нашым жыцьці ў апошні час, ня мае прэцэдэнту нават у пэрыяд брэжняўскага маразма. Тады стукачоў мабілізавалі і ўзнагароджвалі, але ўсё адбывалася пад покрывам сакрэтнасьці і таямніцы. Дакумэнты, распаўсюджаныя апошнім часам ва ўстановах Беларусі, сьведчаць пра спробу арганізацыі агульнадзяржаўнага трыюмфу чалавечага здрадніцтва. Патрыёты прадставілі нам сярод іншага загады галоўных лекараў некалькіх сталічных шпіталёў. З пячаткай і подпісам начальства па пунктах загадана “ежедневно до 14.00 сообщать администрации больницы о настроениях коллектива, о наличии недовольства ценами, властями и правительством, о наличии протестных настроений, о деятельности, которая подрывает и угрожает государственному строю…” Ну, як вам гэта? А некаторыя думалі, што шклоўскія камплімэнты ў адрас Гітлера і музэйна-прапагандысцкія забавы на “лініі Сталіна” гэта несур’ёзна і іх не закрануць. Цяпер фашыстоўска-бальшавіцкі маразм закране ўсіх. Афіцыйна і публічна аднаўляецца чалавеканенавісьніцкая дэмаралізатарская сістэма ўсеагульнага стукацтва і здрады. Адзін беларус павінен даносіць на другога беларуса, а другі ў сваю чаргу на першага. Прамаскоўскі рэжым арганізоўвае легальнае самазьнішчэньне беларускага народу, аддаючы акупанцкі загад на акупанцкім языке “веліком і могучем”. Людзі старэйшага ўзросту добра ведаюць, што на гэтым этапе акупанты ня спыняцца. Дык вось і трэба распавесьці маладзейшым, што за даносамі акупанты заўсёды арганізоўваюць рэпрэсіі, арышты, забойствы, хапуны і Сібір. Але распавядаць трэба не дзеля таго, каб маладыя напалохаліся. Афіцыёз стукацтва сьведчыць якраз пра панічны страх прамаскоўскага рэжыму, які баіцца грамадзтва, баіцца беларускіх людзей. Замест страху ў душах беларусаў павінна абудзіцца народная Салідарнасьць. Трэба нам супрацьпаставіцца гэтай цемрашальскай навале і ўрэшце ачысьціць нашу зямлю ад чужынскай пошасьці.

1 сьнежня парлямант Эстоніі прыняў закон аб забароне таталітарысцкай, антыэстонскай сімболікі. Цяпер ў Эстоніі забаронена публічна выкарыстоўваць камуністычную і савецкую сымволіку (сярод іншага і сьцягі-гэрбы колішніх саюзных рэспублік). Усе неяк змаўчалі, нават шклоўскія дзеячы ня сталі бараніць “флаг БССР”. Але ўсхадзілася Масква, баяры загарланілі ў Дзярждуме, пачалася падрыхтоўка да палітычных і эканамічных санкцыяў супраць Эстоніі. Журналісты натоўпам кінуліся былі да прэзыдэнта невялічкай паўночнай краіны, пачалі распытваць яго, што ён думае пра пагрозы ўсходняга гіганта. Прэзыдэнт Томас Хэндрык Ільвэс спакойна адказаў ім: “Чаму вы ўсё распытваеце мяне пра Расею? Расейскія праблемы мяне не цікавяць. Я – эўрапеец і турбуюся наконт эўрапейскіх справаў. Эўропа як ідэя для эстонцаў ёсьць сьвятым Граалем з часоў першай расейскай акупацыі Эстоніі ў 1940 г. Мы марылі вярнуцца ў Эўропу, калі былі адрэзаны ад яе савецкай акупацыяй. Журналісты ўсё пытаюцца нас, што мы думаем пра Расею. Але Расеі няма ў сьпісе нашых прыярытэтаў”. Крамлёўская шаўка рвецца з ланцуга, заліваецца брэхам. А працавіты, культурны народ не зважае на яе, за сваім плотам народ спакойна замаецца гаспадаркай, прымае культурных гасьцей.

Чым бліжэй да парляманцкіх выбараў у Расеі, тым часьцей падае голас “Зьмей Гарыныч”, як называе расейская моладзь (што хаваецца ад мабілізацыі ў крывавую мясарэзку расейскай арміі) міністра вайны РФ С. Іванова. 1 сьнежня ён выступіў з чарговай творчай ініцыятывай. Запрапанаваў “падзяліць сфэры ўплыву з НАТО”. Каб, маўляў, НАТО змагалася з тэрарызмам і падтрымлівала парадак ў Заходняй Эўропе, а ў постсавецкіх краінах тое ж самае рабіў арганізаваны Масквой блёк “калектыўнай бясьпекі” (куды ўваходзяць РФ, РБ, а таксама Арменія, Кыргызтан, Таджыкістан і Узбэкістан). Ведаем мы “барбу з тэрарызмам” паводле Іванова-Гарыныча. Яму і ягоным лубянскім сябрукам хацелася б, каб выступы супраць антынародных рэжымаў і маскоўскай акупацыі ў Беларусі душылі кыргызкія і таджыцкія палкі, а ў Ерэване разганяў людзей менскі і магілеўскі ОМОН. На наступны дзень, 2 сьнежня Іваноў разьвіў далей лубянскі праект, заявіўшы: “Период, когда новые суверенные государства старались дистанцироваться друг от друга, подходит к концу. Мы будем создавать единое информационное пространство. Будем строить сотрудничество СНГ и Балтии в двух основных сферах: безопасности и экономики…” Зноў Масква лезе “командовать і руководіть”. Таму такая істэрычная рэакцыя Крамля на эстонскае ачышчэньне ад савецка-расейскай сымволікі. Не дае спакою народам імпэрскі дракон, пыхкае полымям, ашчэрвае клыкі, пагражае “узяць усіх пад кантроль”. Нават не здагадваецца монстр, што ягоныя мэзазойскія суродзічы даўно паздыхалі і зьяўляюцца ўжо экспанатамі музэйных экспазыцыяў.

1 сьнежня дэпутат парляманта Малдовы Анатоль Царану выступіў з прамовай, у якой заклікаў парлямант “даць палітычна-прававую ацэнку Галадамору ў Малдове”. Расейскія акупанты (“освободітелі”) у 1946-47 гг. арганізавалі ў Малдове штучны голад, ад якога загінулі 150 тысячаў людзей (агромністая лічба для невялікай савецкай рэспублікі). Як і пасьля раскрыцьця праўды пра Галадамор ва Украіне, так і пасьля словаў праўды ў Малдове расейскія колы закрычалі: “Это не мы! Причём тут мы? Не надо упоминать национальность!” Гэта значыць, што кажучы пра мільёны забітых маскоўскімі акупантамі ўкраінцаў, малдаванаў, беларусаў, ня трэба згадваць, што гэта былі ўкраінцы і беларусы. А самае галоўнае, трымаць у сакрэце імя ката мільёнаў людзей – крамлёўска-лубянскай імпэрскай Расеі. Каб не замінаць лубянскім товарішчам вярнуцца на землі гэтых народаў і працягнуць тую ж палітыку зьнішчэньня.

Ёсьць на шклоўскім тэлебачаньні (язык не паварочваецца назваць яго беларускім) манумэнтальная праграма пад тытулам “Союз нерушімый”. Перад гледачом разгортваецца шэраг настальгічна-маразматычных сюжэтаў наконт таго, як “было время, когда нас все боялись, все жили дружно, батон был по 15 копеек”. Аднак сярод тэлесюжэтаў 2 сьнежня запомніўся адзін, што выбіваўся сярод імпэрскай мішуры. Хаця і падавалі яго пад фанфаронскім дэвізам “Россия и Беларусь – победили вместе!” Паказалі маладых мужчынаў у вайсковым камуфляжы, якія жывуць у Смаргоні. Яны арганізавалі нефармальны гістарычны клюб і праводзяць раскопкі на месцах баёў Першай сусьветнай вайны. У адрозьненьні ад большасьці насельніцтва яны ведаюць, што пад Смаргонямі фронт стаяў паўтара гады (1915-17), што тут змагаліся і загінулі сотні тысячаў чалавек. Аматары знаходзяць зброю, ваенныя ўмацаваньні. Яны раскапалі некаторыя магілы. Тэлебачаньне паказала макабрычныя кадры — шэраг шкілетаў у ботах, што ляжаць у доўгіх ямах. Аматары штораз паўтаралі : “Вот германские могилы, германские укрепления, а здесь русские могилы…” Аказалася, што ў ролі гісторыкаў-аматараў выступаюць мясцовыя афіцэры-ракетчыкі. Ім ніхто, акрамя мясцовага палітрука, не расказаў пра далёкія падзеі. Мёртвыя ня ўстануць з магілаў, каб назвацца сваім імем, каб распавесьці праўду пра Смагронскую бітву. Іх паклалі ў магілы побач. Чаркеса з кавалерыйскай “Дзікай дывізіі”, якая ляцела ў атаку з крыкам “Аллаху Акбар!”, наганяючы панічны жах на германцаў. Украінца і беларуса, якіх мільёнамі расейскія генэралы кідалі ў лабавыя атакі на кулямёты. Эстонца, што дбаў пра сваю гармату, як пра жывую істоту, з адпаведнай чухонскай акуратнасьцю і адказнасьцю. Для аматараў яны ўсе “русскіе”. Будзем спадзявацца, што імпэтныя “гісторыкі” не нанясуць шмат шкоды гістарычным аб’ектам, якімі яшчэ прыйдзецца адэкватна займацца сапраўднай беларускай гістарычнай навуцы і сапраўднай нашай дзяржаве. З аматараў і не даводзіцца шмат патрабаваць.

Янка Базыль

8/12/2006 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2006
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024