Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Факты і падзеі (4-6 сьнежня 2006 г.) Заліваюцца радасным балматаньнем расейскія СМІ: урэшце блізьняты з РФ атрымалі першае месца на песенным конкурсе дзіцячага Эўрабачаньня. 4 сьнежня ў вёсцы Пярвухіна Цьверскай вобласьці згарэў дом разам з жыхарамі. Банальны выпадак у жудаснай Расеі. Але гэтым разам падзею камэнтавалі ўсе расейскія СМІ. Дом падпалілі ўначы мясцовыя жыхары, а ахвярамі сталі сьвятар РПЦ айцец Андрэй і ягоныя тры малагадовыя дачкі. Матушку шукаюць дагэтуль. Сьвятар ужо паведамляў свайму начальству ў Маскве пра пагрозы свайму жыцьцю і сямьі, пра ранейшыя падпалы дома. Справа ў тым, што сьвятар пачаў аднаўленьне мясцовай царквы, даўно зачыненай бальшавікамі. А разам з тым ён павёў грунтоўную барацьбу супраць пьянства ў сваёй парафіі. Тэлежурналісты паказалі некаторых з мясцовых “вернікаў”. Страшнага выгляду мужчыны і жанчыны нявызначанага ўзросту (ці-то 36, ці то 66, не разбярэш) нязьвязна вялі свае маналёгі на нейкім першабытным дыялекце “велікого і могучего”. Ды й усё жыцьцё даўно спынілася і нават пакацілася назад у гэтай няшчаснай правінцыі расейскай імпэрыі. На працягу 700 гадоў маскоўскай акупацыі квітнеючае, магутнае Цьверскае княства (добры сусед і хаўрусьнік ВКЛ) ператворана маскоўскімі манголамі ў дзікі і няшчасны край. Журналісты казалі нешта “о проблемах глубінкі”. Але ж гэта не Сібір і не “крайній Север”. Цьверская вобласьць па суседству з Масквой на вялікім гасьцінцы на Пецярбург. Больш пераканаўча прагучаў маналёг аднаго з маскоўскіх начальнікаў айца Андрэя, які сказаў у тэлекамэру: “Мы ведаем, там людзі нават гатовыя вынесьці найсьвяцейшае з храма, каб купіць яшчэ пляшку самагону…” Філарэты бываюць розныя… Патрыярх Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт (ня блытаць з менскім прамаскоўскім Філарэтам) заявіў 4 сьнежня на тэму аб’яднаньня праваслаўных цэркваў ва Украіне: “Мы гатовыя да аб’яднаньня з Украінскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага патрыярхату толькі на ўмовах уваходжаньня гэтай Царквы ў наш Патрыярхат”. Украінскі Кіеўскі Патрыярхат быў адноўлены ў 1992 годзе пасьля аднаўленьня незалежнай Украінскай дзяржавы. На памесным Украінскім Саборы Філарэт быў абраны патрыярхам. Зразумела, што Масква не пагадзілася з фактычнай аўтакефаліяй украінскіх праваслаўных. У 1997 г. маскоўская РПЦ абвесьціла на Філарэта анафэму. Аднак, украінцы ня сталі зважаць на лямант лубянскіх інквізітараў. Філарэт казаў у сваім выступе пра ціск Масквы. Пра тое, што антыўкраінскія сілы пагаджаюцца нават на ўступленьне Украіны ў НАТО, але на сьмерць ня хочуць узьяднаньня праваслаўных украінцаў у нацыянальнай Праваслаўнай Царкве. Баіцца Крэмль-Лубянка выпусьціць са сваіх кіпцюроў душу народа. Толькі правальная справа лубянскіх бацюшак. Няма будучыні ў гэтых парослых мохам хлусьні “акі-пакі іжэ херувімаў”. 5 сьнежня прамаскоўскі прэм’ер Украіны Януковіч прыбыў у ЗША з візытам. Украінская дыяспара заклікала амэрыканскіх украінцаў не прымаць яго, не сустракацца з гэтым “узурпатарам улады, які пачаў расправу над патрыятычнымі міністрамі” (маецца на ўвазе спроба януковіцкай “партыі рэгіёнаў” адправіць у адстаўку міністра замежных справаў Тарасюка, якога падтрымаў прэзыдэнт Юшчанка). Дыяспара заявіла наконт Януковіча: “Украінскі народ не заслужыў, каб на міжнародным узроўні незалежную Украіну прадстаўляў чыноўнік, які выступае за наданьне расейшчыне статуса дзяржаўнай мовы, для якога незразумелыя ідэі нацыяналізму, патрыятызму і гонару”. 6 сьнежня ў Таліне выступіў з публічнай заявай генэрал Антс Лаанэотс, камандуючы сіламі абароны Эстоніі. Ён заявіў: “Мягка кажучы, у нас па суседству знаходзіцца непрыязная дзяржава. І адносіны з Расеяй зьяўляюцца найбольшай праблемай бясьпекі Эстоніі”. Камандуючы выказаў меркаваньне, што неабходна й надалей умацоўваць агульную абарону НАТО. Што ж, вельмі адэкватныя заявы прафэсійнага вайскоўца і патрыёта. Не параўнаць з балматаньнем некаторых афіцэраў Беларускай Арміі: “Как это от России защищаться? Этого не может быть, они наши лучшие-лучшие. Вся угроза от НАТО…” І вось жа, постсавецкія людзі і там і тут, а думкі розныя. 59-гадовы эстонскі генэрал даслужыўся ў савецкай арміі да нач. штаба танкавай дывізіі, быў кансультантам у Эфіёпіі. Такое ўжо бывала ў новай гісторыі, калі Расея на сваю галаву вывучыла ваенспэцоў. Знакаміты фінскі генэрал Манэргэйм скончыў пецярбургскую акадэмію, удзельнічаў у руска-японскай і І Сусьветнай войнах. А калі пачалася вайна за незалежнасьць Фінляндыі ў 1918 г., менавіта ён узначаліў маладую фінскую армію, якая разграміла фінскіх камуністаў і маскоўскіх агрэсараў. Падчас Зімовай вайны 1939-40 гг. саветы на працягу больш чым двух месяцаў штурмавалі фінскія ўмацаваньні на Карэльскім перашэйку, якія ўдзячны народ назваў Лініяй Манэргэйма. Пад камандваньнем таленавітага генэрала фінскі народ здолеў разграміць агрэсара і абараніць сваю незалежную дзяржаву. Беларускія камандзёры слуцкіх палкоў былі таксама выхаванцамі расейскай вайсковай школы, прайшлі І Сусьветную вайну. Яны добра ведалі характар і прыёмы расейскага ворага, добра выкарыстоўвалі свае веды, абараняючы Бацькаўшчыну. І цяпер у Эстоніі, Грузіі, Беларусі ды іншых краінах ёсьць сотні тысячаў мужчынаў, што прайшлі праз дрэсуру маскоўска-савецкага войска. Няхай не забываюцца пра гэта фюрэры і гаўляйтэры расейскага фашызму. Ёлкі-палкі… З Англіі паступаюць шызафрэнічныя паведамленьні ў брусэльскім стылі. Да дзьвюх трэціх ангельскіх фірмаў адмаўляюцца ад сьвяточнай каляднай дэкарацыі сваіх офісаў. Кіраўніцтва апасаецца, што на яго могуць падаць у суд кліенты і супрацоўнікі, якія належаць да мусульманскай традыцыі. Маўляў, за “абразу іхных рэлігійных пачуцьцяў”. Пакуль няма зьвестак з Англіі, ці забаронены ялінкі, анёлкі і агеньчыкі на вуліцах, плошчах і ў дамах мясцовых хрысьціянаў. А можа ўжо забаронены калядныя багаслужбы ў касьцёлах – каб усім было добра? А можа англічанам узяць ды перасяліцца куды-небудзь на пустынныя выспы, каб больш не “блюзьнерыць” пад носам у мільёнаў чужынцаў, якія атабарыліся на ангельскай зямлі і якіх абараняе такое дзіўнае заканадаўства? А можа ўзяць усім ды адмовіцца ад Хрыста, ад эўрапейскай культуры, прыбраць сваех жанчын у чадор і бурку? Колькі яшчэ абсурдаў падорыць нам брусэльскі пэрыяд разьвіцьця (або рэгрэсу) эўрапейскіх грамадзтваў? Янка Базыль 8/12/2006 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |