Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Віншуем Вітаўта Кіпеля зь юбілеем! 30 траўня знанаму беларускаму грамадзкаму дзеячу і навукоўцу з ЗША Вітаўту Кіпелю споўнілася 80 гадоў. Праца і сакрэт Вітаўт Кіпель нарадзіўся ў Менску, але ў 1944-м разам з бацькамі змушаны быў пакінуць Беларусь – спачатку гэта была Заходняя Эўропа, дзе ён вучыўся і атрымаў першую доктарскую ступень, пасьля – ЗША. Доктар геалогіі, вучоны-бібліёграф, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку ад 1982 году, ганаровы сябра беларускага ПЭН-цэнтру. Амаль усё жыцьцё, яшчэ ад часоў гімназіі, і ў вучобе і ў навуковай і грамадзкай працы, – разам са сьветлай памяці Зорай Кіпель. Разам, пасьля некалькіх гадоў працы па першай спэцыяльнасьці, вучыліся – ужо ў Нью-Джэрсі – каб атрымаць другую вышэйшую адукацыю, ужо гуманітарную. Ад шасьцідзесятых гадоў разам пачалі працаваць у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы: Вітаўт загадчыкам навуковага адзьдзела і рэдактарам бюлетэня “Новыя тэхнічныя кнігі”, а Зора – спачатку каталягізатарам літаратуры, а з 1981 па 1991 гг. – намесьнікам загадчыка славянскага аддзела, дзе дзякуючы Кіпелям зьявіўся беларускі аддзел. Разам яны распрацоўвалі беларускую бібліяграфію, даведнікі, хрэстаматыі. Разам склалі бібліяграфічны даведнік “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, хрэстаматыю “Беларуская дзяржаўнасьць” на ангельскай мове. Склалі таксама некалькі бібліяграфіяў па грамадазнаўству, гісторыі літаратуры (Скарынінская бібліяграфія, у якой каля трох тысяч назваў, складзена таксама з дапамогай Кіпеляў). І да таго – кнігавыдавецкая дзейнасьць па зьбіраньні і выданьні літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў, і ангельска-беларускі слоўнік. Вітаўт Кіпель зьяўляецца адным з выдаўцоў часопіса “Запісы БІНІМ”, супрацоўнічае ў газэце “Баларус”, займаецца кнігавыдавецкай дзейнасьцю, якую ажыцьцяўляе Баларускі інстытут навукі і мастацтва па зьбіранні і выданьні літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў. А таксама Вітаўт Кіпель больш за 30 гадоў выступаў на хвалях радыё Свабода як Вітаўт Зубкоўскі ў сваіх перадачах, якія ён рыхтаваў у бюро Радыё Свабодa ў Нью-Ёрку. Ён, фактычна, і распачаў тэму беларускага замежжа на Радыё Свабода. У чым сакрэт такой працавітасьці? Кіпель: “Я ня ведаю, ці ёсьць які сакрэт, я – нармальны чалавек. Калі і ёсьць сакрэт, то ў тым, што нарадзіўся я ў Менску і Менск, відаць, мае нешта такое, што застаецца на ўсё жыцьцё. Гэтая мая беларускасьць, безумоўна, прыйшла з Менску… Але, калі б я мог абіраць, то абраў бы Вільню”. Дзеці “У мяне заўсёды перад вачыма прыклад сына і дачкі спадара Вітаўта, – гаворыць Мікалай Цімашэнка з Амэрыкі, – разам са спадарыняй Зорай яны выхавалі іх беларусамі. Гэта сапраўдны подзьвіг – так выхаваць дзяцей тут, у Амэрыцы. І вось іх бачыш тут, маладых, якія шмат чаго дасягнулі жыцьці… Вось спадар Кіпель не прыгожымі словамі павучае, а мы бачым гэты прыклад: яго сын, яго дачка, якія захавалі сваю беларускасьць, дасягнулі найлепшага, і ён сам, што толькі можна было дзеля Беларусі зрабіць, зрабіў і робіць, аддае сваю душу, і тое, як ён выхаваў дзяцей, гэта для моладзі самы найлепшы прыклад”. Сам Вітаўт Кіпель кажа, што гэта не яго найперш заслуга: Кіпель: “Гэта заслуга маці, у першую чаргу – маці. Калі маці сочыць за выхаваньнем дзіцяці і дае яму гэтыя асновы беларускасьці – першыя словы, калыханку, – гэта застаецца на ўсё жыцьцё. У маім выпадку я памятаю такое. Недзе ў Нагінску, далёка-далёка, у тайзе, я прыйшоў дахаты з вуліцы і пачаў маме расказваць, што там здарылася. Гэта былі 1934-35 гады. Мама пасадзіла мяне і кажа: “У цябе ёсьць мама?” – “Ёсьць”. – “Май на ўвазе, да мамы ты будзеш гаварыць толькі так, як да цябе гаворыць мама”. Я тады й ня цяміў усяго гэтага. Але я зразумеў, што я да яе заўсёды павінен казаць па-беларуску, – яна да мяне заўсёды гаварыла па-беларуску. І тое самае на эміграцыі – бабкі і маці, яны выхоўваюць. Я цяпер бачу, я з унукамі сам, мне ня так лёгка ўдаецца навучыць іх чытаць, як гэта ўдавалася Зоры ці бабкам. Так што мая пашана беларускім маткам, якія змогуць падрыхтаваць пакаленьне да дзейнасьці ў галіне беларускасьці”. Вітаўт Кіпель мае трох унукаў – гэта ўжо другое пакаленьне народжаных у Амэрыцы. Кіпель: “О, я стараюся іх навучыць алфавіту, і чытаць па-беларуску, але гэта даецца мне цяжка. Але неяк даем рады – сын дапамагае. Можа, два мужчыны зробяць тое, што адна жанчына рабіла”. “Гляджу аптымістычна на беларускую справу” Вітаўт Кіпель, натуральна, уважліва сочыць за ўсім, што адбываецца на Бацькаўшчыне. Ён параўновае часы, калі яго сям’я вярнулася ў Менск з ссылкі ў часе Другой усясьветнай вайны, і сучасную Беларусь. Кіпель: “Я вельмі аптымістычна настроены, і нават гляджу на ўсю беларускую справу аптымістычна. Ведаеце, чаму? Я гадаваўся па-за Беларусьсю (бо сям’я была ў ссылцы), і калі я вярнуўся ў Беларусь у часе вайны – у нацыянальным руху былі адзінкі, сьцяг быў невядомы, гімн – невядомы. А цяпер беларусаў – мільёны. І сьцяг ведамы, і гімн ведамы, і наагул, беларуская справа ведамая. І ва ўсім сьвеце ведамая. Трэба глядзець рэальна: беларуская справа набірае сілу”. А тым часам усё больш маладых беларусаў зьяжджае за мяжу. У гэтай зьяве, вядома, ня ўсё адназначна. З аднаго боку – звычайныя сучасныя глябальныя працэсы, права чалавека абіраць сабе месца для жыцьця, працы і вучобы. Зь іншага – актыўная і адукаваная моладзь Беларусь пакідае вымушана, з-за рэпрэсіяў і перасьледу рэжыму. Вітаўт Кіпель, які дасьледваў тэму беларускай эміграцыі ў ЗША, кажа: Кіпель: “Тое, што зьяжджае сьведамы элемэнт, і такі дынамічны, – гэта нядобра. Сьведамы элемэнт зьяжджаў і раней, пасьля вайны шмат зьехала. Але, тыя хто зьяжджаюць, калі будуць трымацца беларускай ідэі і тут, то яны паспрыяюць беларускаму – калі не адраджэньню, то вынасу беларускай справы на сусьветны шырэйшы форум. Трагічна я на гэта не гляджу. Бясспрэчна, лепей, каб яны жылі і вучыліся на Бацькаўшчыне, але калі на Бацькаўшчыне ўмовы такія, што яны не атрымаюць асьветы, то лепей хай вучацца на Захадзе”. Паводле радыё Свабода 3/6/2007 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |