Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: “Гэта шлях беларускі”

(Выступ на чэрвеньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Я спынюся на трох тэмах істотных для нашага асэнсаваньня. Гэта наступныя тэзісы:

1. Становішча паказвае на правільнасьць нашай нацыянальна-асьветніцкай пазыцыі і дзейнасьці. Правільны яе прыярытэт у гэтых абставінах. Мы бачым канкрэтныя вынікі і разумеем, што гэта вынікі таксама нашай сьціплай працы. Існуе накірунак у працэсах, ацэнкі і тэрміналёгія Адраджэньня. Існуе компас, ёсьць тыя, што не асьлеплі, тыя, што йдуць. Па зразумелых прычынах вялікая справа не вырастае яшчэ ў масавую зьяву, але пазначае тэндэнцыю, нацыянальны вольны рух. І гэта адзінае, што ёсьць, — жывое. І на гэтае адзінае жывое кінуты зараз усе рэпрэсіўныя сілы антыбеларускага рэжыму.

У нацыянальна-дэмакратычным змаганьні за волю і дзяржаўную будучыню Беларусі цяжкасьці і праблемы ўзьнікаюць не ад таго, што чалавек не разумее, а ад таго, што ён сябе не ўсьведамляе часткай агульнага цела нацыі. Разуменьне практычна нічога не дае, калі няма сьведамасьці. Нацыянальна сьведамы чалавек разумее і арыентуецца сам.

2. Палітыка і пазыцыя антыбеларускага рэжыму не зьмянілася ні ў чым у прынцыпе, але набывае што раз больш агрэсіўны антыбеларускі накірунак. Дзеяньні па вынішчэньні ўсяго беларускага цяпер рэпрэсіўна ўзмацняюцца. Асаблівы накірунак вынішчэньня – дзеяньні супраць беларускіх нацыянальна-культурных інстытутаў і арганізацыяў і рэпрэсіі супраць нацыянальна актыўнай беларускай моладзі.

Насіленьне дзеяньняў па вынішчэньні беларускага ў Беларусі сьведчыць пра тое, што Масква-Лубянка адчайна хоча пераламаць сітуацыю ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі.

У тактычным выяўленьні рэжым Лукашэнкі заняў вычакальную пазыцыю напярэдадні расейскіх выбараў, закінуўшы там якар на выпадак малаверагодных пераменаў.

Трэба ўлічваць, што дэмакратычныя сілы ў Расеі практычна адсутнічаюць. Тое слабое дэмакратычнае “квазі”, якое існуе, стаіць там выключна на імпэрскіх пазыцыях. Любыя перамены (ці неперамены) у цяперашняй Расеі ня пойдуць на карысьць Беларусі. Гэта істотна разумець у нашым змаганьні з акупацыйнай палітыкай.

3. У апошні тыдзень траўня была праведзена карэктыроўка псэўдаапазыцыі на кангрэсе гэтай спэцыфічнай зьявы. Кангрэс падсумаваў праект “Выбары-2006”. (Назва ўмоўная, але гэта той лубянска-крамлёўскі праект групы Паўлоўскага). Фармальна канстатавана, шо Мілінкевіч, як і Казулін цалкам выканалі сваю ролю ў гэтым праекце і павінны адыйсьці. Гульня ў “лідары” цяпер Маскве ўжо не патрэбна. Яна не зьбіраецца таксама ўмацоўваць гэтую “апазыцыю” і ператвараць яе ў нейкую фармальную сілу ў міжчасьсі, гэта значыць тады, калі Маскве няма ў ёй патрэбы.

Кангрэс засьведчыў умацаваньне і перавагу адкрыта прамаскоўскіх і пралевых удзельнікаў, якіх выбралі ў калектыўныя кіраўнікі псэўдаапазыцыі (С. Калякін, А. Лябедзька, В. Вячорка і прадстаўнік А. Казуліна).

У гэтай апазыцыі асабліва нікчэмным выглядае прысутнасьць прадстаўніка “прагматычнага БНФ” побач з камуністамі, якія супраць беларускай мовы, за СССР і “зьяднаньне” з Расеяй. Не кажам ужо пра іхнюю “гісторыю” і ролю ў беларускай гісторыі.

Псэўдаапазыцыя адмовілася ад “лідара”, якога год-два таму ёй стварылі зь нічога. Але насьцярожвае той факт, што адпрацаваны лідар пачаў выяўляць недвухсэнсоўную схільнасьць узначаліць Беларускі нацыянальны маладзёвы рух (заявіў нават, што ўступае ў Малады Фронт). Можна сказаць дакладна, што Мілінкевіч атрымае магчымасьць уплываць і накіроўваць Малады Фронт, справа не абмяжуецца “моб-шмобамі”. Праз нейкі час рух загоняць у сьляпы завулак і ён рассыпецца на дробныя часткі. Увогуле, мы недаацэньваем гэтага функцыянера, ашукаўшыся яго ціхім голасам і мяккацелай усьмешачкай. У 90-х гадах, калі яго накіравалі з высокай намэнклятурнай пасады “у дэмакратыю” ачольваць “рэсурсны цэнтр” і арганізацыю “Ратуша”, менавіта ягоная “рэсурсная” дзейнасьць найбольш паспрыяла вытоптваньню самай моцнай гарадзенскай арганізацыі БНФ і падрыхтавала там раскол Фронта. У 2001 г. ён узначаліў каманду Домаша, якога “адпаведныя сілы” (будзем так казаць) выставілі адмыслова супраць старшыні БНФ. Праект крамлёўскай групы Паўлоўскага ў 2006 годзе ён выканаў вельмі добра і па “планцы” і па выгасаньні пратэстных настрояў (тое ж самае і ў гэтым годзе – 25 сакавіка, прапановы супрацоўніцтва з Лукашэнкам, падтрымка расейскай палітыкі ў Беларусі і г.д.). Мілінкевіч аказаўся значна больш плывучым, чым Казулін, які, трапіўшы з ходу ў маскоўскую палітыку, відаць, па прасталінейнасьці сваёй, ня ведаў, што пасьля выкананьня працы, лубянцы ніколі не ўзнагароджваюць “працоўных энтузіястаў”, а выкідваюць іх прэч, пакідаюць на волю лёсу альбо зьнішчаюць (гледзячы, што хто рабіў).

Сумнае ў гэтых гісторыях яшчэ й тое, што, трапіўшы ў турму, такія беларусы ніколі не разумелі, чаму яны туды патрапілі, а, выйшаўшы з турмы, ня здольныя былі зрабіць рэальных высноваў. Бо, паўтараю, разуменьне рэчаіснасьці і ўлучэньне ў нацыянальную палітыку прыходзіць не ад розуму і не ад інфармацыі, а ад нацыянальнай сьведамасьці.

Коратка пра ідэалёгію падстаўной апазыцыі. Яе ідэалёгія ёсьць “непрадрашэнства” (мабілізацыя розных пратэстных сілаў толькі на бліжняй мэце). Непрадрашэнства як тактычная імпэрская ідэалёгія была распрацавана дэмакратамі-шавіністамі яшчэ ў пэрыяд паміж 1-й і 2-й Сусьветнымі войнамі. Рускія эмігранты імкнуліся аб’яднаць усіх уцекачоў з СССР на барацьбу з бальшавізмам, не вызначаючы (не предрешая), што будзе пасьля перамогі. У той жа час погляды антыбальшавіцкоў-расейцаў і антыбальшавікоў украінцаў, беларусаў, грузінаў, армянаў, эстонцаў і г.д. на тое, што будзе з пасьлябальшавіцкім СССР, істотна розьніліся. “Не предрешая”, рускія “дэмакраты-эмігранты” хацелі загрэбсьці жар чужымі рукамі. Разам расправіцца з бальшавізмам, а потым ужо ў сваёй “единой и неделимой” разьбірацца з народамі.

Сутнасьць беларускай драмы добра вядомая – гэта імкненьне імпэрскай Расеі падпарадкаваць і захапіць Беларусь, выкарыстоўваючы антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (які Масква ж і стварыла). І што цікава, Масква гаворыць пра свае намеры адкрыта, камуфліруючы толькі для выгляду сваю агрэсіўную пазыцыю разважаньнямі пра “інтэграцыю”, “увядзеньнем расейскага рубля” на Беларусі, стварэньнем “союзного государства” і таму падобнай эўфэмістычнай лухтой. Але псэўдаапазыцыя зусім не “змагаецца” з палітычнай агрэсіяй Расеі, з пагрозай незалежнасьці Беларусі, вынішчэньнем беларускай культуры і беларускага нацыянальнага жыцьця. Яны выступаюць толькі супраць дыктатуры Лукашэнкі. Яны змагаюцца за правы чалавека пад акупацыяй (а не супраць акупацыі). І нават езьдзяць пры гэтым у Маскву па “дапамогу”. Маўляў, давайце звалім Лукашэнку, а што будзе потым – потым і разьбярэмся. Што “потым”, ніхто зь іх і ня думае, бо Масква яшчэ ня вырашыла. Нават само “непрадрашэнства” тут фальшывае і несамастойнае, пазыцыя поўная абсурду і імітацыі.

Усё нібыта будуецца на антылукашызме, на бліжэйшай задачы, на змаганьні не з ворагам, а з інструмэнтам ворага (бо лукашысцкі рэжым ёсьць інструмэнтам антыбеларускай палітыкі).

Захад, як і ў ХХ стагоддзі, заўсёды падтрымліваў непрадрашэнства расейскага імпэрыялізму, этнацыду беларусаў, палітычнай агрэсіі Расеі — сутнасць канфлікту ён ва ўпор ня бачыў і не хацеў бачыць, бо гэта не адпавядала ягоным інтарэсам. Непрадрашэнская квазіапазыцыя выгадная і Захаду, і Маскве.

Гэтакую расейска-лубянскую тактыку добра разумелі на Беларусі нацыянальныя палітыкі і ў прыватнасьці Беларускі Народны Фронт. За часы змаганьня з камунізмам расейска-лубянская агентура таксама лезла ў Фронт і імкнулася пасадзіць усіх на непрадрашэнская каня. Маўляў, трэба зваліць КПСС, а потым будзем гаварыць пра суверэнітэт, бо трэба, маўляў, усім аб’яднацца супраць таталітарызму і ня трэба “выпячивать сейчас белорусский язык”, “ради единства всех сил” і г.д.

Але тады ў іх гэты дохлы нумар не прайшоў, мы павытурвалі ўсіх тых Якавенак, Акулавых, Жураўлёвых і іншых разам зь іхным “единством сил”, бо разумелі, што абазначае для беларусаў уся гэтая прымітыўная дэмагогія. У выніку мы спынілі дзейнасьць КПСС і здабылі незалежнасьць нягледзячы на тое, што ў тых нашых умовах гэта межавала з цудам.

Беларусам трэба добра разумець, што ў кантэксьце нацыянальнага змаганьня і Адраджэньня Беларусі раскол Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, спакуса на грошы ды на гранты часткі фронтаўскіх людзей, прыняцьця імі дэмагагічнага лёзунга “адзінства ўсіх сілаў” на пазыцыях “непрадрашэнства” – усё гэта было якраз той здрадай, якая вызначыла на сёньняшні дзень нікчэмны нацыянальны лёс Беларусі, стан балючасьці пэрманэнтнага сораму за тое, што адбываецца.

Тым, хто аналізуе падзеі, варта памятаць аксіёмы і тэарэмы, даказаныя вопытам. Людзі, якія прыходзяць у нацыянальную палітыку, у агульную нацыянальную справу, могуць толькі аддаваць, ахвяравацца сваім часам, сваёй сілай і інтэлектам, сваімі сродкамі, сваёй працай. Іншага тут ня можа быць. Нацыянальная дзяржава, нацыянальная свабода ствараліся толькі такімі людзьмі і толькі такім спосабам. Выключэньняў няма. Каб атрымаць ураджай, трэба аддаваць і ведаць будучыню. Затое, калі прыходзіць ураджай (вольная нацыянальная дзяржава), кожны атрымлівае гарантыі і магчымасьці (у тым ліку і тыя, што не давалі).
Людзі, што хочуць зарабіць, мець выгаду на нацыянальнай палітыцы, на змаганьні за волю ды на адраджэньні – паразіты, патэнцыяльныя карупцыянэры. Гісторыя посткамунізму і посткаляніялізму гэта яскрава ілюструе (я не кажу ўжо пра Афрыку).

Ёсьць шлях да волі і незалежнасьці, Гэты шлях ляжыць адначасна праз галаву і сэрца. Беларусы яго альбо пройдуць – альбо ня пройдуць. Будуць – альбо ня будуць. Я думаю – будуць, бо йдзем. Засталося толькі прайсьці.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
10 чэрвеня 2007 г.

10/6/2007 › Навіны, Аналітыка


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2007
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024