Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Валеры Буйвал: “Я веру ў салідарнасьць людзей і пакаленьняў” Валеры Буйвал — удзельнік праграмы “Ў што я веру” на радыё Свабода Як вядома, вернік не патрабуе рацыянальных доказаў для падмацаваньня сваёй Веры. Сапраўдная Вера – гэта стан душы і сэнс існаваньня, здольнасьць ахвяраваць сабой і не чакаць за гэта камфорту і кампэнсацыі. Пакаленьні нашага народу жылі верай у сваё, нацыянальнае, беларускае. Чужынская акупацыя, паняверка і зьдзек, зьнішчэньне і генацыд, панаваньне хама ня здолелі пазбавіць беларусаў твару, сьцерці наша імя, нашу культуру і мову з аналаў эўрапейскай цывілізацыі. Наш народ вечны, бо жыве верай, імкнецца да сьветлага ідэалу. Я веру, што Беларусі належыць вялікая гістарычная місія. На працягу стагоддзяў менавіта наша зямля была ўсходнім берагам культурнай Эўропы. За намі, за нашымі гарадамі з магдэбурскім правам, за нашымі помнікамі готыкі і Рэнэсансу, за “Статутам Вялікага Княства”, за Вітаўтам Вялікім і Скарынам заўсёды распасьціраўся іншы сьвет, бясконца чужы, мала зразумелы. Сьвет, пазначаны на старажытных геаграфічных мапах як Barbaricum. Мы зьяўляемся спадчыньнікамі нацыянальнай культуры, якую нашы продкі стварылі і якую абаранілі ад варвараў у гераічным змаганьні. Нам дастаткова толькі азірнуцца назад, каб адкрыліся такія скарбы, якім пазайздросьціць самы клясычны народ. 200 гадоў маскоўскага іга, здавалася, падарвалі народны дух і пазбавілі моцы мільёны нашых людзей. Верай ў нацыянальнае Адраджэньне жылі нямногія. Але Госпад не пакінуў беларусаў. Ён паказаў цуд, веліч якога роўная біблейскім перамогам гасподнім. Народ вырваўся з Імпэрыі і аднавіў сваю дзяржаўнасьць. Пачалася беларуская Вясна. Я веру, што яе пераможную хаду ня здольныя спыніць апэрэтачная рэстаўрацыя правінцыйна-савецкіх бурбонаў, вяртаньне да піянэрыі-камсамоліі, шалёная русыфікацыя і асыміляцыя беларусаў. Я веру ў Беларускую Салідарнасьць, салідарнасьць людзей і пакаленьняў. Цемра ня мае над намі вечнай улады – аб гэтым сьведчыць нам наш гістарычны досьвед. Равесьнікі незалежнай Беларусі канчаюць школу і абіраюць самастойны жыцьцёвы шлях. Яны ня ведаюць, што такое чужынская імпэрыя. Для іх Беларусь – гэта неабвержная рэчаіснасьць, гістарычная дадзенасьць. Але трэба памятаць згаданы ўрок нашых продкаў – беларускую культуру і цывілізацыю трэба разьвіваць і абараняць. Ня цешыцца падступнай ілюзіяй, што неяк “усё наладзіцца само”, што ўдасца ўладкавацца пры любых умовах. Народы, якія спрабавалі маладушна прыстасавацца да чужых рэжымаў, станавіліся безабароннай ахвярай, размываліся ў нішто чужынскай стыхіяй. Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Хрыста і беларуская мова – галоўныя нашы, агульныя народныя сьвятыні. Іх заўсёды баяліся ворагі Беларусі, іх ненавідзяць нашы крыўдзіцелі. Бо ў гэтых сьвятынях заключана непераможная моц, яны ёсьць крыніцай вольнага і годнага жыцьця. Я веру, што мітусьлівым схалястам і дэмагогам ня ўдасца дэзарыентаваць беларусаў прыдуманымі “моднымі” дэвізамі і разнаколернымі палотнішчамі. Веру, што беларуская моладзь ня пойдзе ў тупік за ілжэпрарокамі, ня стане паслухмяным матэрыялам у антыбеларускіх авантурах. Веру, што хутка настане час, калі наш народ стане сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі. *** 23/7/2007 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |