Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Шлях да сябе

Выступ на кастрычніцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Сёньняшні Сойм адбываецца напярэдадні “Дзядоў” – важнай падзеі і даты беларускага жыцьця і духоўнага існаваньня. Незабывайма, што ад Дзядоў і з Курапатаў пачалося новае Беларускае Адраджэньне. Нацыя паўстала, уваскрэсла з магілаў, дзе ўжо пахаваў быў яе рускі імпэрыялізм.
Адначасна гэтае месца зьяўляецца ўлікай і сьведчаньнем расейскага злачынства супраць чалавецтва, якое яны і цяперашнія іхнія “дасьледнікі” і “грамадзкія энтузіясты” імкнуцца сьпіхнуць то на Сталіна, то на “сталінізм”, то на “37-мы год”. Але мы ведаем, і гісторыя даказала гэта, што бальшавізм, камунізм, сталінізм – былі толькі формай рускага імпэрыялізму. Маскве не ўдасца схаваць свае злачынствы супраць чалавецтва ні за “камунізмам”, ні за Сталінам, ні за шырмай НКВД, колькі б там не хлусілі, колькі б не паганілі сваё злачыннае, а наша сьвятое месца Курапаты, колькі б не ламалі крыжоў. Сымвалы, якія яднаюць кроў мільёнаў нявінна забітых, і якія ўвайшлі ў памяць і сэрца народа – зьнішчыць немагчыма. Форма іх будзе аднаўляцца і множыцца датуль, дакуль жывуць людзі.

Зараз зламаны тыдзень таму Беларускі Крыж Пакуты ў Курапатах на рэстаўрацыі. На Дзяды ён будзе адноўлены. Грамадзкі Камітэт па аднаўленьні Крыжа, сябры нашай Партыі БНФ і беларускія майстры гэта зробяць.

Другая тэма бягучага моманту, якую я хацеў бы закрануць у выступе – гэта чарговае чатырохгадзіннае гаварэньне А. Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі 12 кастрычніка. Тыпаж і культуру Лукашэнкі ўжо ўсе добра ведаюць. Таму я не стану тут казаць ні пра яго пэрманэнтнае русацяпства, беларусафобства і псіхічную неадэкватнасьць. Усё гэта не навіна ў палітыцы і не перашкаджае яму трымаць уладу. (Псіхічная неадэкватнасьць і самадурства – гэта ўвогуле традыцыя рускай палітыкі. У Беларусі за ўсю гісторыю ВКЛ, БНР і нават БССР такога кшталту кіраўнікоў не існавала).

Тэматыка і доўгае гаварэньне Лукашэнкі – гэта адлюстраваньне ягонага змаганьня з Пуціным у барацьбе за ўладу, дзе актыўным і стратэгічным бокам выступае якраз Пуцін, які ня ськідвае з дарогі шансы застацца прэзыдэнтам Расеі праз захоп Беларусі (рэфэрэндум, прыняцьце Канстытуцыйнага Акту, ці застрашваньне, зламаньне суперніка і прымус да капітуляцыі). Псіхалёгія гэбізму абмежаваная і прымітыўная, але падступнасьць і непераборлівасьць у сродках неабмежавальныя.

Гаварэньне 12-га кастрычніка было падрыхтавана “загадкавымі” візытамі да Лукашэнкі Селязьнёва, Абрамовіча і іншых экзатычных расейскіх асобаў. Складваецца ўражаньне, што Лукашэнку разыгрываюць, каб уцягнуць у нейкае дзеяньне (скажам, напрыклад, рэфэрэндум аб Канстытуцыйным Акце Расеі і Беларусі разам з выбарамі ў Думу і т.п.). На карысьць гэтага меркаваньня гаворыць крытыка ім асобы і дзеяньняў Пуціна і ілюзія, што ў Расеі ёсьць нейкія моцныя антыпуцінскія сілы, якія вынесуць яго (Лукашэнку) на вяршыню хвалі. У рэальнасьці гэта ня так. Ілюзія антыпуцінскай сілы ў Расеі і наскок на крамлёўскага суперніка маглі быць справакаваны самым супернікам, каб уцягнуць “аб’ект” у патрэбную крамлёўскую справу, дзе параза “аб’екта” будзе дружна забясьпечана.

Складваецца ўражаньне, што ідзе гэбоўская войначка – хто каго абдурыць. Ваююць за ўладу, але ахвярай намецілі Беларусь. Хутчэй за ўсё, што “войначка” кончыцца нічым. Але сутнасьць яе мы павінны ведаць. Бо пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, імпэрская Расея і расейскі гэбізм, лёс Беларусі і беларускай культуры заўсёды ў небясьпецы.

11-га кастрычніка адбылася падзея, якая прайшла ў рэжымнай Беларусі незаўважанай, але патрабуе тым больш беларускай ацэнкі. Мае назіраньні за дзейнасьцю Нобэлеўскага камітэту па літаратуры цалкам супадаюць з думкамі самых рэзкіх крытыкаў гэтае цяперашняе арганізацыі. І справа нават не ў палітыканстве, кан’юнктуры і густаўшчыне. Там даўно страчаныя высокія крытэрыі добрага, сьветлага, чыстага і прыўкраснага. Збочаныя ўяўленьні пра асобу і творчасьць дамінуюць у тым звужаным левым асяроддзі дасьведчаных знаўцаў. Пісьменьнікам хрысьціянскага накірунку, чыя творчасьць увабрала б у сябе драму нацыянальнага існаваньня і лёсы народу, хараство формы, слова і вобразу над вечнасьцю быцьця, асэнсаваньне якога блізкае кожнаму культурнаму чалавеку Зямлі, — такім пісьменьнікам дарога зачыненая. Геніі такога кшталту ня маюць шансаў стаць лаўрэатамі прэміі Нобэля. Вялікі наш нацыянальны паэт Рыгор Барадулін магчыма пра гэта й няведаў. Ягоныя “КСТЫ”, ягоная паэзія апошняга часу занадта глыбокая і высокая для ўяўленьняў лібэральных спэцоў. Ня кожны беларус, нават той, што лямантуе за “эўрапейскія каштоўнасьці”, ведае, што такое Захад і гэтая цяперашняя “Эўропа”. Сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту, у Бога верыць ды піша пра Ісуса Хрыста – які Нобэль? Гэта даўно не адпавядае цяперашнім бязбожным “эўрапейскім каштоўнасьцям” і лібэральнай эрхац-эстэтыцы.

Памятаю, што Васіль Быкаў (а ён быў мудрым чалавекам) даволі абыякава і цалкам без энтузіязму ставіўся да магчымасьці выставіць ягоную кандыдатуру на прэмію Нобэля. Мне нават здавалася, што ён гэтага не хацеў.

Некалі я задумваўся, чаму Папа Рымскі Ян Павал ІІ не адмовіўся, калі яго выставілі на прэмію Нобэля. Найвялікшы чалавек ХХ стагоддзя – яму не патрэбная ніякая прэмія. Тым ня менш Папа дзіўна змаўчаў, каб нобэлеўскія “спэцы” яго “пракінулі” на карысьць нейкай невядомай асобы (не памятаю ўжо і якой). Пазьней я зразумеў, што гэтым самым Папа прадбачліва засьведчыў узровень і якасьць Нобэлеўскага камітэту, каб людзі ня мелі ілюзіяў і не жылі мінулым прэстыжам арганізацыі, якая рэгрэсіруе разам з бязбожжам і ўсімі абставінамі, што стварыліся ў Заходняй Эўропе.

Сёньня, 14 кастрычніка, падстаўная апазыцыя якраз робіць так званы “эўрапейскі марш” пад чужымі сінімі сьцягамі. Дманстрацыю па падказцы Брусэля наладзілі за “исполнение 12 предложений ЕС”, “за европейские ценности” і “за диалог власти и оппозиции”. (Успомнім, як так з званага “дыялогу ўлады і апазыцыі” Ганс Вік разам з КГБ пачалі ў 1998 годзе развальваць Беларускі Народны Фронт і ствараць неадраджэнскую прамаскоўска-брусэльскую апазыцыю). Ён жа (Вік) і навучыў іх ссаць (“Прадажнае цялятка дзьве каровы сьсе”).

Сімптаматычна, што напярэдадні “эўрамаршу” другі “брусэлец”, Мілінкевіч, аб’явіў пра стварэньне “Савета Эўрапейскай інтэграцыі”, куды па ягоных словах увайшлі “лучшие умы республики” і “совет мудрецов” – гэта Тацьцяна Процька, Людзьміа Гразнова, Алесь Міхалевіч, Пётра Марцаў, Вячаслаў Хадасоўскі і г.д. (ня ведаю, ці ёсьць там спадары Скрабец з Фраловым. Але думаю, што ёсьць). “Савет мудрацоў” тым часам заявіў, што “идея европейской интеграции выбрана не в качестве цели, но как ценность, на основе которой можно объединить людей”. Удумайцеся толькі ў гэтую мудрую білеберду – аб’яднаць людзей на каштоўнасьці, якая ня ёсьць мэтай і, значыць, недасягаецца. Што было б, каб у 80-х нехта сказаў: “аб’ядноўваемся на незалежнасьці, але гэта ня мэта і за яе не змагаемся”.

Былі, праўда, і тады такія разумнікі “за Беларусь бяз Беларусі”, але тады мы зь імі не цырымоніліся – выставілі каленам пад зад і канец. Цяпер у міязмах рэжыму яны аджылі зноў. Выкарыстоўваць любую дэмагогію, любое глупства, толькі б далей ад нацыянальна-вызвольнай барацьбы, ад беларускага адраджэньня, ад барацьбы за сапраўдную незалежнасьць і нацыянальныя каштоўнасьці, якія рэжым топча і абплёўвае кожны дзень. “Аб’ядноўваемся, маўляў, з рускай “дэмакратыяй”, лучымся на “эўрапейскіх каштоўнасьцях”, яднаемся на “эўрапейскай інтэграцыі”, “на правах чалавека” і г.д. пастаянна крычаць гэтыя праплочаныя клікуны, блытаючы некаторых беларусаў і заводзячы іх у сьляпы заувлак.

Для гэтых заблытаных людзей я б сказаў наступнае:
Яднацца беларусам трэба на сваім. На чужым не яднаюцца. Нам ня трэба ісьці ў Эўропу, бо Эўропа ёсць мы. Мы самы Эўропа, і дэмакратыю, адлюстраваную ў праве (Статут ВКЛ) мелі ўжо ў 16 стагоддзі. Цяпер жа “шлях у Эўропу” – гэта павінен быць для нас – шлях да сябе самых, гэта ёсьць шлях да Беларусі (а не да Хаўеры Саляны). Гэта ёсьць Беларускі шлях да нашых вытокаў і да нашай народнай годнасьці. Толькі прайшоўшы гэты шлях пад нацыянальным беларускім сьцягам (пад сваім, а не чужым), мы асягнем будучыню і збудуем нашу дэмакратыю, якая будзе эўрапейскай беларускай, але не брусэльскай ці амстэрдамскай. Нам ёсьць чаму вучыцца ў самых сябе.

Толькі на падставе павагі да сваёй нацыянальнай годнасьці, да сваіх людзей і да прынцыпаў дэмакратыі, успрынятых гэтымі людзьмі (!) мы павінны наладжваць дачыненьні з Заходняй Эўропай і з усім сьветам.

Беларускія нацыянальныя палітыкі мусяць, аднак, думаць далёка наперад. Заходне-эўрапейская цывілізацыя на парозе глыбокага сістэмнага і ідэйна-сацыяльнага крызісу, які вядзе да распаду, і выхаду зь якога на сёньняшні дзень ніхто ня бачыць. Не ўлічваць гэтую цывілізацыйную дынаміку і перамены – нельга. Ідэя лучнасьці Цэнтральнай і Усходняй Эўропы вакол Беларусі, Украіны і Польшчы будзе рабіцца што раз больш актуальнай як спосаб пазьбегнуць эўрапейскага крызісу і катастрофы. Але засьцерагаючыся з Захаду, мы мусім цяпер уратаваць Беларусь з Усходу. І ніхто, акрамя нас, беларусаў, ня здольны гэта зрабіць.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
14 кастрычніка 2007 г.

14/10/2007 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2007
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024