Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Асьвета і сіла

(Выступ на лістападаўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

У кастрычніку адбываліся некаторыя падзеі, якія дазваляюць выказаць пэўныя меркаваньні.

У псэўдаапазыцыі “крызіс жанру” набыў гратэскавыя формы. Маразм і пустата гэтых асобаў выразна выявіліся ў небеларускім “маршы” 14-га кастрычніка.

Адсутнасьць беларускай палітычнай арганізацыі, якая б займалася сацыяльна-палітычнымі праблемамі і справамі народа, прыводзіць да выхаду на паверхню камуністаў (“сацыяльны марш”). Аднак, мне тут бачыцца тэндэнцыя (цалкам, дарэчы, авантурная) перакшталтаваньня псэўдаапазыцыі з “агульнадэмакратычнай” на лева-прамаскоўскую з апорай на камуністаў.

Тое, што за гэтай тэндэнцыяй стаіць агентура і фантазёры з КГБ-Лубянкі, у мяне не выклікае сумненьня. (Мы ўжо наглядзеліся на іхныя экспэрымэнцікі). Сімптаматычна таксама, што газэта “Наша Ніва” у гэтай сітуацыі прадэкляравала падтрымку камуністам (першым ненавісьнікам беларушчыны цяпер і ва ўсёй нашай гісторыі).

У ідэалягічным пэрспэктыўным пляне камунізацыя псэўдаапазыцыі –, як кажуць, дохлая справа. Але звышзадача таго, што цяпер робіцца – іншая. Давесьці ўсё да абсурду і да маразму. Актыўнае дзеяньне гэтай левай псэўдаапазыцыі – сабраць антыбеларускія сілы, ськіраваныя на падтрымку Масквы. Зьнешні выгляд і працэс “сацыяльнага маршу” быў вобразам гэтага чаканага абcурду. (Чаго вартае было зьмяшаньне сымвалаў і дыскрэдытацыя Беларускага Нацыянальнага Сьцяга). Традыцыйна і прыстойна адбыліся крыжовае шэсьце і мітынг на Дзяды ў Курапатах і ў Лошыцы. Вялікая падзяка належыцца сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і прыхільнікам Адраджэньня за хуткае, добрае і апэратыўнае аднаўленьне Курапацкага Крыжа Пакуты і мэмарыяльнай лавы прэзыдэнта У. Клінтана (рэстаўраваў А. Шатэрнік). Сёлетняя сітуацыя на Беларусі, якая склалася ў кастрычніку, добра паказала, наколькі правільным і неабходным для Беларускага Адраджэньня было вызначэньне Курапатаў і стварэньне там Народнага Мэмарыялу адным з галоўных прыярытэтаў у нашых грамадзкіх дзеяньнях.
Нагадаю ў каторы раз, што сытуацыя палітычнага развалу псэўдаапазыцыі і імітацыі, якую стварылі на Беларусі непрыяцелі беларушчыны, у прынцыпе ня можа прывесьці да якіх-небудзь пераменаў у жыцьці і палітыцы. Палітычнае балота – мэтад гарантаванага існаваньня дыктатуры. Для пераменаў і перамогі неабходна стварэньне беларускай нацыянальнай сілы. Для кансалідацыі беларускай сілы неабходна нацыянальнае асьветніцтва грамадзтва, якое фармуе нацыянальную сьведамасьць. Гэта ёсьць азбука, ня вывучыўшы якой ніхто ня стане чытаць. Ніхто не ўратуе, не збудуе і не ўзьвялічыць Беларусь, акрамя самых беларусаў, якія, шануючы сябе, з гонарам будуць любіць сваю беларускую мову, Бацькаўшчыну і свабоду. Трагедыя і драма Беларусі ў тым, што такіх беларусаў мала. Унутраная акупацыя, рэжым, русіфікацыя, нішчэньне памяці і культуры ёсьць вытворныя чыньнікі гэтага замкнёнага кола драмы, якое ўдалося ненадоўга прарваць у 1991-м як толькі вырасьлі першыя парасткі народнай сілы (Беларускі Народны Фронт).
Раней я пісаў пра асноўныя складнікі асьветніцтва і нацыянальнага адраджэньня. Гэты – мова, гісторыя, дзяржава. Галоўнай у гэтай трыядзе ёсьць мова. Бо толькі пакуль існуе беларуская мова, будзе жыць Беларускі народ.
Цяпер антыбеларускі рэжым яшчэ больш узмацняе русіфікацыю і нішчэньне беларускай мовы. У асьветніцкай палітыцы Фронту і нашай народнай партыі абарона і сьцьвярджэньне беларускай мовы павінна стаць у гэтым моманце прыярытэтным дзеяньнем. Неабходна прапанаваць мадэль жыцьцёвых паводзінаў ва ўмовах унутранай акупацыі і перасьледу ўсяго беларускага. Да слова сказаць, напрыклад, у эміграцыі ўсе народы (акрамя, відаць, беларусаў) прынялі вельмі простую і эфэктыўную мадэль: як толькі пераступіў парог і ўвайшоў у свой дом, — гаворым выключна на сваёй мове. Гэтак жа і са сваімі, дзе б ні былі. У выніку мексіканцы, карэйцы і г.д., нават курды пакаленьнямі за мяжой гавораць і ведаюць сваю мову. Беларусы ўжо ў першым пакаленьні робяцца нямымі. Бывае, што дзеці нават інтэлігентных і сьведамых беларусаў (у вольным сьвеце) нават не разумеюць па-беларуску.
Пра прычыны і фэнамэн гэтай нікчэмнай зьявы я ня буду разважаць у гэтым лісьце, але ведаючы прычыны, мяркую, што сусьветны прынцып выжываньня народаў за мяжой трэба ўвесьці за правіла на Беларусі пры антыбеларускай уладзе. У доме – гаворым толькі па-беларуску. Для тых, хто зразумее, што Беларусь ёсьць наш агульны дом – прынцып такі ж: у Беларусі гаворым па-беларуску. (Менавіта так паводзілі сябе прыбалтыйскія народы за савецкай акупацыяй. І выжылі, і здабылі свабоду).
Цяпер ёсьць шмат маладых беларусаў, якія прыхільныя да сваёй мовы, гісторыі і культуры, але з прычыны акупацыйнага школьнага выхаваньня не гавораць па-беларуску. І тут ёсьць дакладныя рэкамэндацыі, каб іхныя дзеці з самага маленькага ўзросту бездакорна загаварылі на беларускай мове. Ёсьць магчымасьць перакуліць піраміду русіфікацыі наадварот: бацькі — па-руску, дзеці – па-беларуску. Спосаб паводзінаў і дэрусіфікацыі ва ўмовах асіміляцыйнай палітыкі нам трэба абазначыць у бліжэйшы час. Асноўныя прынцыпы. Якія, не сумняваюся, будуць дапрацаваныя шляхам грамадзкага абмеркаваньня.
Адначасна трэба неадкладна аднавіць нашу праграму і мэтавае распаўсюджваньне трактату і матэрыялаў па асіміляцыйнай палітыцы (станоўча ацэненых у беларускім сьвеце). Прапаную гэта запісаць у пратаколе Сойму з абазначэньнем канкрэтнага заданьня.
У 2008 годзе Беларускае Адраджэньне павінна мабілізавацца як актыўная сіла. Рэсурсы адновяцца па меры дэградацыі “падстаўной апазыцыі” і па меры яе камунізацыі (ад чаго Масква, відаць, не адступіцца). Аднак, тут ёсьць небясьпечны для Адраджэньня аспэкт. Сацыяльную сфэру нельга даваць на адкуп камуністам. Гэта праблема, якая павінна быць станоўча і па-беларуску вырашана. Мы павінны будзем зьвярнуцца да вопыту БНФ канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. Але пакідаць гэтае пытаньне па-за ўвагай нельга. Урэшце і тут ёсьць рэсурсы і па-за межамі Партыі, якія можна ўключыць у агульную справу адраджэньня Беларусі.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

11 лістапада 2007 г.

12/11/2007 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2007
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024