Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: “Гэты час ужо надыходзіць…”

30.01.2008
Вольга Караткевіч
Госьць “Начной Свабоды” – старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк. Тэкставая вэрсія.

Караткевіч: Першае пытаньне – пра беларуска-расейскія дачыненьні. Сёньня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў сказаў: “Канец 2007-га – пачатак 2008 году стаў часам інтэнсыфікацыі палітычных кантактаў паміж дзьвюма краінамі. Лаўроў таксама дадаў, што расейскае кіраўніцтва задаволенае вынікамі супрацоўніцтва. Раніцай 30 студзеня адбудзецца супольнае пасяджэньне калегіяў міністэрстваў замежных справаў Расеі і Беларусі і на ім мяркуецца прыняць супольную праграму дзеяньняў двух міністэрстваў на наступныя гады. Гэты дакумэнт будзе каардынаваць дзейнасьць дзьвюх краінаў на міжнароднай арэне.

Як вы лічыце – сапраўды гэта яшчэ большая інтэнсыфікацыя дачыненьняў Беларусі і Расеі ці гэта проста дэклярацыя таго, што ўжо і так адбываецца?

Пазьняк: Гэта працяг таго, што існуе ўжо дзьвесьце гадоў. І працяг таго, што існуе з таго часу, калі зьявілася дактрына “інтэграцыі”. Ня думаю, што тут зьявіліся нейкія новыя павевы. Гэта даволі дзяжурны акт, такія спатканьні былі й раней, зь іншымі міністрамі. Задача такіх спатканьняў з боку Расеі – завязаць Беларусь, а дакладней – Лукашэнку, у сфэру сваёй палітыкі.

Бяда нашай палітыкі ў тым, што яна непразрыстая, што яна антынародная і што ўсё можа вырашыць адзін чалавек. Гэта – вялікая небясьпека і ненармальнасьць. І таму мы мала ведаем – што адбывалася на самай справе. Але тэндэнцыя нам добра зразумелая – і перад выбарамі ў Расеі, і перад наступам Расеі на міжнародным узроўні, і мілітарызацыя Расеі – мы бачым, што адраджаецца расейскі мілітарызм, і з пагрозай магчымага дэфолту ў Расеі – усё гэта зьвязана з тым, што Расея стараецца мацней прывязаць Беларусь, каб у выпадку неабходнасьці кампэнсаваць свае ўнутраныя цяжкасьці за кошт Беларусі. Гэта працяг той палітыкі, якая некалі была абвешчаная Пуціным пад кодам “мухі і катлеты”, калі ён сказаў, што Беларусь павінна ўвайсьці шасьцю абласьцямі ў Расею. Фактычная вось гэтая агрэсіўная заява гаворыць як найлепш пра сутнасьць расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Караткевіч: З нагоды нашай сёньняшняй гутаркі мы правялі ў Менску апытаньне пра ролю Расеі ў разьвіцьці сучаснай Беларусі.

Караткевіч: Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя выказваньні?

Пазьняк: Усе гэтыя выказваньні незалежна да ацэнкі Расеі паказваюць, што людзі адчуваюць небясьпеку, адчуваюць, што чужая дзяржава мае вельмі вялікі ўплыў на нашу палітыку, на нашу эканоміку, на нашу незалежнасьць, і гэта людзей трывожыць, хоць і ня ўсе выказалі адкрытую трывогу. Гэта сьведчыць аб тым, што сытуацыя ў параўнаньні з той, якая была дзесяць гадоў таму, зьмянілася ў бок таго, што людзі пачалі больш разумець што і хто нам пагражае, хоць і ня маюць яшчэ адказу на пытаньне аб тым, як з гэтым змагацца, як гэтага ўнікнуць.

Што датычыць ролі Расеі, то тут недакладна сказана – “ролі ў разьвіцьці” – ніякай ролі ў разьвіцьці Беларусі яна не адыгрывае. Наадварот, гэтая роля зусім іншая, яна зьвязаная з падпарадкаваньнем беларускай палітыкі, эканомікі і незалежнасьці інтарэсам Расеі. Якое ж тут можа быць разьвіцьцё?

У 1991 годзе, калі Беларусь здабыла незалежнасьць, у нас былі вельмі добрыя магчымасьці – і эканамічныя, і палітычныя, і ў сэнсе дзяржаватворчасьці. І першымі прааналізавалі нашу сытуацыю рускія палітыкі і рускія эканамісты. Тады ў іх была даволі моцная эканамічная школа, якая гуртавалася вакол Гайдара. І высновы, да якіх прыйшлі расейскія прафэсіяналы, такія:
Людзі пачалі больш разумець што і хто нам пагражае
Беларусь з усіх краінаў Савецкага Саюзу мае найбольш выдатныя магчымасьці ў кароткі тэрмін стаць моцнай эканамічнай незалежнай дзяржавай Эўропы. Зь Беларусі, кажучы палітычнай тэрміналёгіяй, у кароткі час мог бы стацца “ўсходнеэўрапейскі дракон”. І гэта было так. Мы гэта прааналізавалі раней за расейцаў і мы гэта ведалі. Для гэтага была патрэбная толькі беларуская народная ўлада і рэформы ў эканоміцы, палітыцы, культуры – бо культура была вельмі моцна панішчана, а вядома, што культура, маральнасьць – гэта асноўны фактар эканомікі, і я хачу гэта падкрэсьліць.

Дык вось, тады Расея прыняла новую праграму. Яна была ў пэўнай ступені праартыкуляваная ў 90-х гадах Ельцыным у спэцыяльнай праграме, прынятай адносна Беларусі, але ў большасьці яна засталася ў кулюарах і кабінэтах. А сутнасьць яе заключалася ў тым, што Расея не павінна дапусьціць, каб у яе на захадзе ўтварыўся “Беларускі дракон”, моцная беларуская дзяржава. І таму ўсё было накіравана на тое, каб падарваць нашу фінансавую сыстэму, каб падарваць эканоміку, каб захапіць палітычную ўладу, і Расея дзеяла ў гэтым накірунку. Вось гэта інфляцыя, якая была выкліканая ў пачатку 90-х гадоў, калі былі скінутыя гэтыя грошы – гэта ідэя Гайдара, ён гэтым займаўся – гэта была палітыка ў рэчышчы гэтай праграмы.

Яны настолькі моцна павалілі тады нашу эканоміку, але мы выстаялі. І калі б была народная ўлада, нічога Расея не зрабіла б. Але найгоршае, што яны зрабілі – яны прывялі да ўлады сваю крэатуру, прычым правялі дзякуючы падтрымцы сваіх спэцслужбаў, якія засталіся ў Беларусі, і той савецкай сыстэмы, якая засталася ў Беларусі. Фактычна засталася ўся старая савецкая ўлада, завязаная на Маскву. І гэта ім удалося выкарыстаць і захапіць палітычную ўладу ў 1994 годзе. З таго часу мы – ня ўсходнеэўрапейскі дракон, а чорная дзіра, краіна-парыя, якую праклінаюць разумныя людзі Эўропы.

Вось як трагічна пакіраваўся наш лёс, і вінаватай у гэтым была адна краіна, яе палітыка, яе інтэлектуальная, эканамічная і палітычная эліта – Расея. І трэба разумець, што так ёсьць, так было і так будзе, пакуль Расея застаецца імпэрскай структурай, пакуль яна будзе праводзіць імпэрскую палітыку.
Ад 1994 году мы – ня “ўсходнеэўрапейскі дракон”, а чорная дзіра.
А калі казаць на сёньняшні дзень больш канкрэтна – калі ва ўладзе ў Расеі будзе КГБ. Бо ўпершыню ў гісторыі КГБ прыйшло да ўлады ў такой краіне, як Расея. Многія яшчэ гэта не зразумелі – ні на Захадзе, ні ў Беларусі. Але гэта новы і вельмі небясьпечны тып улады – ня толькі для беларусаў, але і для ўсяго сьвету.

Караткевіч: Ідэя пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі пры падтрымцы Расеі – што гэта азначае стратэгічна? Што горш – нафтавая залежнасьць ці ўранавая?

Пазьняк: Скажу коратка. За дванаццаць гадоў прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі гэты рэжым натварыў шмат злачынстваў, ня буду іх пералічваць – і людзі загінулі, і народ пакутуе. Але самае страшнае злачынства, якое можа быць учыненая гэтым рэжымам – гэта пабудова атамнай электрастанцыі рукамі Расеі. Гэта ўжо дакладна будзе канец беларускай нацыі. Чарнобыль нас падарваў настолькі моцна, што невядома як мы з гэтага выйдзем, калі ня зьменім сыстэму ўлады. Дый нават калі зьменім, будзе цяжка. А вось гэта – гэта яма, якую рыхтуюць для беларускага народу.

Растлумачу коратка – што гэта азначае. Па-першае, расейцы засьведчылі – і пры Савецкім Саюзе, і цяпер – яны ня здольныя пабудаваць бясьпечныя атамныя электрастанцыі. На сёньняшні дзень яны займаюцца тэхналягічнымі злачынствамі. Пачасьціліся выпадкі, калі беларускія прадпрыемствы атрымліваюць дэталі, атрымліваюць тэхналягічныя лініі ад расейскіх пастаўшчыкоў, і празь нейкі час яны выходзяць са строю. Таму што расейская эканамічная мафія здабывае гэтыя дэталі, гэтыя лініі на эўрапейскай звалцы, выдае іх за новыя і прадае іх беларусам. А калі пачынаюцца прэтэнзіі, яны кажуць – а куды вы ад нас дзенецеся? Вось вынік прывязанасьці да Расеі. І з будаўніцтвам гэтай электрастанцыі будзе тое самае, што і з чарнобыльскай, і зь іншымі – будзе тэхналягічнае злачынства.

Акрамя таго, усьлед за будаўнікамі паедзе цэлая дывізія абслугоўваючых людзей. Мы ведаем, што гэта за дывізія, як яны сябе паводзяць і на што яны здольныя. І што гэта будзе значыць для Беларусі.

І трэцяе – гэта поўная залежнасьць. Цяпер мы маем штучную залежнасьць ад Расеі – па нафце, па газу. А гэта будзе яшчэ залежнасьць па атамнай энэргіі, таму што безумоўна Расея настойвае, каб радыеактыўнае рэчыва для станцыі было зь яе запасаў – Расея мае 5% сусьветных запасаў урану.
Пабудова АЭС рукамі Расеі - канец беларускай нацыі.
А гэта значыць, што рука на пульце нашага народнага лёсу будзе ня нашая. Гэта значыць, што магчымы любы шантаж з гэтай станцыяй, любыя непрадбачаныя сытуацыі. І таму гэта вельмі небясьпечна – мець перамовы з той краінай, якая заяўляе, што фактычна не прызнае нашу незалежнасьць, якая кажа: “уваходзьце да нас шасьцю абласьцямі”, якая кажа, што стварае агульную дзяржаву, якая прымае адпаведныя нелегальныя пагадненьні, якая фактычна ўсчала вайну супраць нашай незалежнасьці, нашай культуры, нашай краіны, праводзіць русыфікацыю праз свой рэжым. І гэтая краіна будзе будаваць такі стратэгічны аб’ект на тэрыторыі Беларусі, як атамную электрастанцыю. Гэта неверагодна.

Але паўтараю, што калі б такое фантастычнае здарылася – то гэта было б самае страшнае, што здарылася б за ўвесь час, што гэты рэжым існуе на тэрыторыі Беларусі. Гэта вельмі і вельмі небясьпечная зьява. Хаця ў той жа час, безумоўна, для Беларусі патрэбная крыніца энэргіі, і цяпер у сьвеце ёсьць дастаткова бясьпечныя праекты і дастаткова правераныя краіны, якія маглі б забясьпечыць пэўную гарантыю і дзейнасьці электрастанцыі, і нашаму сувэрэнітэту. Але ў гэтай сытуацыі, калі нацыя перацярпела Чарнобыль і калі Чарнобыль выкарыстоўваецца як мэтад вынішчэньня гэтай нацыі – а мы бачым, як рэжым выкарыстоўвае вынікі Чарнобылю – у гэтай сытуацыі мы і псыхалягічна яшчэ не гатовыя да такога рашэньня.

Таму задача беларусаў – усіх, у каго ёсьць клопат і трывога за сваіх дзяцей і за будучыню нашай нацыі, павінны паўстаць супраць гэтага праекту АЭС рукамі Расеі і за кошт яе рэсурсаў. Гэта вельмі небясьпечна для Беларусі, і калі мы хочам жыць, мы павінны з гэтым змагацца.

Караткевіч: Ваш выступ на спадарожнікавым канале “Белсат” атрымаў вялікі розгалас, у тым ліку – і перадусім – тэма вашага магчымага вяртаньня ў Беларусь. Мы маем аўдыёварыянт урыўку гэтай гутаркі з журналістам Паўлам Мажэйкам…

Караткевіч: У шматлікіх сродках масавай інфармацыі гэтую фразу інтэрпрэтавалі як намер вярнуцца ўжо цяпер. Што вы на гэта скажаце?

Пазьняк: Я паглядзеў стандартныя форумы, дзе людзі выказваюцца на гэтую тэму – там раптам зьявілася шмат людзей, якія ніколі і нідзе раней не засьвяціліся на форумах. Я думаю, што гэта танная, прымітыўная правакацыя агентуры. Таму што пусьціць такую “качку” – гэта ў пэўнай ступені прынізіць маю асобу, скампрамэтаваць. Бо размова ішла зусім аб іншым і гэта абсалютна відавочна.

Я – салдат. Я не магу падстаўляць сваё галаву на непатрэбную рызыку. Я паехаў за мяжу ня жыць, а змагацца, і я змагаюся ўвесь час. І таму адзін я ведаю – калі мне будзе трэба і калі я вярнуся. Аб гэтым гаворка на “Белсаце” ня йдзе. Гаворка йдзе аб той сытуацыі, якая ёсьць у Беларусі, і аб тых зьменах. Я кажу, што зьявіліся зьмены – і ў грамадзкім усьведамленьні, і ў цэлым у грамадзтве – якія паказваюць, што пазыцыі рэжыму падаюць, што актыўнасьць людзей узрастае, што людзі пачынаюць асэнсоўваць сваё жыцьцё і гэты рэжым. І гэта ўсё сьведчыць аб тым, што яму засталося ўжо ня так і шмат часу.
Хто пэсыміст – той не змагар.
Адпаведна і намёк, што падыйдзе той час, калі можна будзе вярнуцца і ўключыцца ў рэальную барацьбу, ня страціўшы, як кажуць, сваё жыцьцё “за панюшку табакі”, як многія ў Беларусі гэта зрабілі. І зрабілі нерэальна ацэньваючы сытуацыю. Таму што на вайне трэба і адступіць, а пры адпаведнай сытуацыі наступаць. На вайне можна атрымліваць і паражэньні, але з паражэньняў трэба рабіць высновы і на падставе гэтых высноваў здабыць перамогу. Вось што такое палітычная або ваенная барацьба – яны падобныя. І таму гэта пытаньне глыбокае, і сэнсу цяпер аб гэтым гаварыць няма ніякага. І ў адказе на тое пытаньне, якое мне задаў журналіст, я яму канкрэтна растлумачыў, зыходзячы з канкрэтнай сытуацыі ў Беларусі, з канкрэтнай прывязкай да працэсаў, да падзеяў. Гэта канкрэтны адказ на жыцьцёвыя зьявы, якія ёсьць у Беларусі, а не абстрактныя разважаньні. А тое, што пачалося – паўтараю, я гэта ўспрымаю як вельмі танную правакацыю агентуры – іх поўна ў інтэрнэце, той, хто глядзіць, добра ведае.

Караткевіч: Многія палітыкі ў Беларусі ўсё часьцей прызнаюцца, што яны пэсымісты, а вы неяк гаворыце аптымістычна. На каго ў вас асноўны разьлік?

Пазьняк: Хто пэсыміст – той не змагар. Не змагаецца той, хто ня верыць у перамогі сваёй сілай. І таму будучы пэсымістам ня трэба ісьці ў палітыку, ня трэба змагацца, а то павыбіваюць зубы і будуць хныкаць усё жыцьцё. Перамога будзе, і я думаю, што гэты час ужо надыходзіць, ён ужо бачны, ён прыйдзе абавязкова. І гэтае перакананьне дае нам падставы працаваць і змагацца яшчэ больш і з большай энэргіяй.

Радыё “Свабода”

1/2/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2008
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
2526272829  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024