Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
5 лютага сёлета ў Вярхоўным судзе Беларусі была разгледжана грамадзянская справа па позьве Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Партыя патрабавала адмяніць пісьмовае папярэджаньне, вынесенае Партыі міністэрствам юстыцыі Беларусі ў сьнежні 2007 г. Мінстэрства юстыцыі абвінаваціла Партыю ў “паклёпе на палітыку Расеі, на расейскую гісторыю” і ў “зьнявазе грамадзянаў расейскай нацыянальнасьці”. Працэс распачаўся з грубых працэсуальных парушэньняў. Суддзя В. Самалюк неабгрунтавана адмовіў прадстаўнікам Партыі ў магчымасьці запрасіць на працэс адваката. У той жа час на працягу ўсяго працэсу ў зале суда знаходзілася прадстаўніца Генэральнай пракуратуры саветнік юстыцыі Мазоўка. Яна ўмешвалася ў спрэчкі і відавочна выступала на баку прадстаўніка міністэрства юстыцыі. Прадстаўніку міністэрства юстыцыі сп. Печкурову сапраўды ўвесь час была патрэбна актыўная і незаконная падтрымка з боку пракуратуры. Ён прадэманстраваў на працэсе сваю поўную прафэсійную некампэтэнтнасьць, паўтараючы на запыты прадстаўнікоў Партыі, што ён “на гэта не ўпаўнаважаны”, а “гэтага ня ведае”. Прадстаўнік Партыі сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі, задаваў пытаньні па сутнасьці справы: чаму міністэрства юстыцыі Беларусі бароніць палітыку і гісторыю чужой краіны – Расеі, у чым заключаецца “паклёп” і “зьнявага”? На гэтыя пытаньні сп. Печкуроў адмовіўся адказваць і заявіў, што гэта “не яго кампэтэнцыя”. Тады сп. Папкоў запатрабаваў утварыць камісію экспэртаў, якая б правяла экспэртызу дакуманта Партыі пад назовам “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва”. Аднак, пасьля чарговага ўмяшальніцтва прадстаўніка пракуратуры суддзя заявіў, што ў такой камісіі “няма патрэбы”. Урэшце сп. Папкоў зьвярнуў увагу суда на шэраг цытатаў з дакуманта “Асіміляцыя…”, прыведзеных у лісьце міністэрства юстыцыі, якое міністэрства накіравала Партыі. Ніводная з прыведзеных цытатаў (як і ў цэлым тэкст дакуманта “Асіміляцыя…”) ня ўтрымлівае паклёпу на гісторыю Расеі і ў ім нават не згадваліся “расейскія грамадзяне” і “грамадзяне небеларускай нацыянальнасьці” (у зьнявазе якіх абвінавачваецца Партыя). Было заяўлена, што адна з “цытатаў” была груба сфальсіфікавана міністэрствам юстыцыі і ўяўляе сабой падлог. Суд не зьвярнуў увагі на гэты факт. Сп. Печкуроў зачытаў суду заранёў падрыхтаваны выступ, у якім гаварылася пра “павагу і роўныя правы ўсіх нацыянальнасьцяў у Беларусі”, пра “свабоду выбару мовы ў Беларусі”. Ён зрабіў выснову, што гэтаму “прагрэсу” замінае і пярэчыць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Падчас працэсу станавілася зразумелым, што наладжанае ў зале Вярхоўнага суда ёсьць заранёў падрыхтаваным палітыканскім шоў, якое ня мае нічога агульнага з законам і правам. Заранёў таксама было падрыхтавана і судовае рашэньне. 6 лютага Вярхоўны суд адмовіўся задаволіць позву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ на абскарджаньне незаконнага папярэджаньня з боку міністэрства юстыцыі Беларусі. Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 11/2/2008 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |