Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ПРА СУД І АТАМНУЮ НЕБЯСЬПЕКУ Выступ на лютаўскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Паважаныя фронтаўцы, сябры Сойму БНФ! Вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу моцы і салідарнасьці ў змаганьні за будучыню і адраджэньне нашай дарагой Айчыны Беларусі! Толькі што, пару дзён таму, скончыўся так званы “суд” паводле нашага іску да Мін’юста аб адмене неабгрунтаванага папярэджаньня ў законнай дзейнасьці Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Па аналягічнай схеме адбылося і з намі. Мін’юст прыдумаў (неіснуючыя ў рэальнасьці) цытаты нібыта зь ліста нашай Партыі, а суд прыняў рашэньне, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што такіх цытатаў і такога напісаньня ў лісьце няма. Падкрэсьлю яшчэ раз, што гэта тыповая зьява, характэрная для рэжымных судоў цяперашняга часу. Дэградацыя судовай сістэмы, здаецца, ужо дасягае дна. Памятаю, аднак, 1995 год, калі антыбеларускі рэжым яшчэ толькі пачынаўся, і судовая сістэма існавала больш-менш у рэчышчы законаў. У тым жа Вярхоўным судзе мне прыходзілася судзіцца з А. Лукашэнкам у справе абароны гонару і годнасьці (тады безадказнае ляпаньне языком яму не заўсёды зыходзіла з рук). Вярхоўны суд (паседжаньне, дарэчы, вялося па-беларуску) прызнаў А. Лукашэнку вінаватым і прысудзіў яму прынесьці мне публічныя прабачэньні ў СМІ (радыё, тэлебачаньне). А. Лукашэнка пасьля гэтага спрабаваў на тэлебачаньні нешта карава з сябе выціснуць (кшталту “я конечно извиняюсь, но я …” і г.д.). Але сутнасьць ня ў гэтым. Суддзю, які вёў працэс, сумленнаму і пэрспэктыўнаму юрысту-беларусу, пазьней усё прыпомнілі і ніякага павышэньня па службе ён ужо ня меў. Хаця менавіта такія людзі і такія ўчынкі рабілі і маглі б рабіць гонар беларускай судовай справе. Другі характэрны факт. У гэтым жа 1995 годзе па волі А. Лукашэнкі і палкоўніка Замяталіна (які тады кантраляваў ідэалёгію і інфармацыю) быў заказаны паклёпніцкі кінафільм супраць Народнага Фронту і асабіста супраць мяне. Неўзабаве гэты фільм быў змайстраваны і пад назваю “Дзеці хлусьні” (“Дети лжи”) паказаны па тэлебачаньні. Фальшыўка была настолькі прымітыўнай, подлай і нахабнай, што раённы суд Першамайскага раёна Менска (куды я падаў іск за паклёп) прысудзіў рэжысёру-рамесьніку, што сфільмаваў опус, зрабіць публічнае абвяржэньне ў СМІ (на тэлебачаньні) сваіх інсінуацыяў. Ізноў жа, ня ведаю і нічога не магу сказаць пра лёс суддзі, пасьля таго, як антыбеларускі рэжым сеў на галаву ўсёй нацыі. Але і тады, у 95-м, ужо быў гэты рэжым, і тады зьбівалі людзей, і ўводзілі войска ў парлямант. Аднак, тады суддзі (шмат хто) стараліся яшчэ трымацца закону і не сьпяшаліся кідаць свой прафэсійны гонар пад ногі чужых. Тое, што адбываецца з судовымі асобамі цяпер, пакідае сумнае відовішча. Але, нават улічваючы ўсе зьмякчаючыя абставіны, дараваньня ім за несправядлівыя і незаконныя прысуды быць ня можа. Наўрад ці такія несправядлівыя суддзі і адступнікі будуць мець прафэсійную пэрспэктыву ў вольнай Беларусі. Наступная тэма, пра якую я хачу сказаць у гэтым лісьце, — тэма атамнай пагрозы з усходу. Ужо вядома, што рэжым (не без дапамогі Масквы) дадумаўся да будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Беларусі. Гэтае пытаньне ёсьць кардынальна важным (а ў цяперашнім часе – вызначальным) для далейшага існаваньня Беларускай нацыі і дзяржавы. Само па сабе беларускае грамадзтва не падрыхтаванае да ўспрыняцьця такога кроку пасьля Чарнобыля (тым больш, што думкай грамадзтва рэжым не цікавіцца). Будаўніцтва АЭС ня ёсьць адназначнай задачай для Беларусі, бо сваімі магчымасьцямі наша краіна сама пабудаваць АЭС пакуль што ня зможа. Няма ў нас і ўранавай руды. Варыянт, калі за пабудову і абслугу беларускай АЭС возьмецца гэбоўская Расея, ёсьць самы небясьпечны для беларусаў. Я казаў ужо раней (алегарычна), што гэта “сьмерць Беларускай нацыі”, капаньне сьмяртэльнай ямы пад цэлы народ і стварэньне энэргетычнага нявольніцтва для ўсёй краіны. Краіна, кіруючая эліта якой адкрыта імкнецца да анэксіі Беларусі, гаворыць пра “адзіны расейскі рубель”, пра “інтэграцыю”, пра паглынаньне нашай краіны ў “саюзнай дзяржаве” і т.п., гэтая краіна будзе трымаць руку на пульце нашай атамнай энэргетыкі і ядзернай бясьпекі, кіраваць чарговай “атамнай бомбай”, якую яны ж і падкладуць пад нашае народнае існаваньне. Гэта ня нафта і газ. Нешта падобнае расейцы плянавалі для нас у 80-х гадах мінулага стагоддзя. Напачатку АЭС хацелі будаваць каля Рудзенска пад Менскам. Потым, пасьля пратэстаў, перанесьлі пляны ў Віцебскую вобласьць. Але там паўстаў шырокі беларускі рух супраць будаўніцтва АЭС, сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў, падпісваліся цэлымі заводамі. Узначальваў тады гэты рух Сяргей Навумчык. Пасьля ўтварэньня Аргкамітэту БНФ Віцебская арганізацыйная група супраць АЭС цалкам улілася ў Народны Фронт. Неўзабаве пляны будаўніцтва АЭС пад Віцебскам удалося спыніць і пахаваць, а Сяргея Навумчыка, Лявона Баршчэўскага і іншых фронтаўцаў людзі выбралі дэпутатамі ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, які (дзякуючы дэпутатам ад БНФ) адыграў гістарычную ролю ў вяртаньні і ўсталяваньні незалежнасьці Беларусі. Зянон ПАЗЬНЯК 11/2/2008 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |