Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Юры Цехановіч: “Агрогородки” — чарговае вынішчэнье беларускага сялянства

Сярод прыгнятальнікаў беларускага сялянства асабліва вызначыліся расейскія камуністы; з часоў іх панаваньня на Беларусі і па сёняшні дзёнь, сялянства зьяўляецца аб’ектам вычварэнскіх экспэрыментаў прарасейскай улады – улады беларусафобаў.
“Продразверстка”, “коллективизация”, “освоение целинных и залежных земель”, меліярацыя, “укрупнение деревень” – усё гэта суправаджалася гвалтам, вельмі часта крывёю, забойствам і заўсёды - зьнішчэньнем беларускага сялянства, як часткі беларускага грамадства. Мільёны беларускіх сялян прымусам заганялі ў калгасы, перасялялі ў іншыя месцы, высылалі ў Сібір… Сотні і сотні тысячаў беларускіх сялянаў вымушаны былі ратавацца ад “заботы советской власти” пакідаючы сваю зямлю, маёмасьць, звыклы лад жыцьця. Людзі беглі на заводы і фабрыкі, на новабудоўлі, на вугальныя капальні.

Калі ўзяць, як прыклад - “освоение целинных и залежных земель”, даведацца як яно адгукнулася на існаваньні беларускай вёскі, дык дастаткова паглядзець на колькасную зьмену нацыянальнага складу насельніцтва шэрагу некаторых абласьцёў былога СССР; пра гэта красамоўна сьведчаць лічбы перапісаў насельніцтва пэўных рэгіёнаў Казахстана, Сібіры, Паволжа, Уралу, Алтая, Далёкага Ўсхода – тых раёнаў былога СССР якія былі вызначаны для “подъема” сельскай гаспадаркі - “эпахальным” лютаўска-сакавіцкім пленумам ЦК КПСС 1954 года, калі была прынятая пастанова “О дальнейшем увеличении производства зерна в стране и об освоении целинных и залежных земель”. Так, калі ў 1926 г. у Казахстане было 25 000 беларусаў (якія патрапілі туды ў асноўным дзякуючы Сталыпінскай кампаніі, дык у 1970 г. беларусаў тамака было ўжо 200 000 чалавек (па іншых дадзеных каля 250 000). Зьвяртаючы ўвагу на адпаведныя дадзеныя перапісаў насельніцтва і іншыя статыстычныя зьвесткі, па памянёных рэгіёнах і зьяўленьне там сотняў тысячаў беларусаў (гэта толькі па Казахстану), варта памятаць, што па сьведчаньнях савецкіх кіраўнікоў, ад 30 да 35% цаліньнікаў не замацоўвалася на месцах, а па-простаму кажучы зьбягалі. Так што рэальныя лічбы колькасьці беларусаў, вывезеных на цаліну, значна большыя. (Доўжылася гэта камапанія афіцыйна з 1954 па 1958 гг. (а фактычна да 1960 г.). Скончыўся “подъем” сельскай гаспадаркі тым, што пачынаючы з 1963 г. СССР стаў купляць зерне за мяжой (а зараз гэта працягвае Расея).

Пра ўсё гэта ўспамінаецца, калі знаёмішся з чарговым крокам па “подъему” сельскай гаспадаркі Беларусі - “Государственной программой возрождения и развития села на 2005-2010 гг”. Аказваецца тое, што рабілася раней было ня правільна, бо трэба зараз “возрождать и развивать”.

У той прымітыўнай мешаніне, эклектычных поглядаў апалягетаў саўкова-калгаснай сістэмы, на якой грунтуецца гэтая праграма, зьвяртае на сябе найперш увагу абвяшчэньне таго, што – “… должно быть преобразовано в агрогородки 1481 сельский населенный пункт”. Заўважым, што ў краіне 23 973 сельскіх населеных пунты. А як жа астатнія сельскія населяныя пункты? Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі шчыра выдае – “На территории республики исторически сложилась достаточно развитая сеть городских и сельских поселений … на 01.01.2005 г.” Сапраўды, менавіта так, гэта на Беларусі склалася гістарычна, але міністр нічога не казаў пра ўзбуйненьне вёсак, калі людзей гвалтоўна перасялялі. Нічога міністр не казаў і пра зьніклыя сельскія паселішчы, а больш дакладна пра колькасьць паселішчаў, якія былі адмыслова зьнішчаны расейскай уладай у 20 ст. Нічога міністр не казаў і пра тое колькі паселішчаў было ліквідавана ў выніку татальнай меліярацыі. Так што лічба сельскіх паселішчаў была значна большай.

Але чаму так гістарычна склалася на Беларусі сетка гарадскіх і сельскіх паселішчаў? Прычына была адна – так было зручна людзям, адміністратыўны падзел і адпаведна адлегласьць мясцовых цэнтраў, дазваляла жыхарам наведаць патрэбныя установы – дзяржаўныя, гандлёвыя, медычныя, царкву (касьцёл), адукацыйныя, культурныя. Адносна, найбольш прыймальны, адміністрацыйны падзел на Беларусі існаваў у 1944-1949 гг., але прарасейскай уладзе заўсёды муляла - нешта “узбуйняць і цэнтралізаваць”. Вось і ўзбуйнялі – калгасы, вёскі, раёны, вобласьці, школы, лякарні, выдавецтвы, бібліятэкі, кацельныя, водазабесьпячэньне… Даведзена ўсё гэта да абсурду. Селяніну бывае напрыклад, трэба атрымаць нейкую даведку ці выпісаць рацэпт, ці нешта яшчэ вырашыць дык неабходна праехаць 40-60 км (гэта толькі ў адзін бок, а як функцыянуе транспарт вядома).

Міністр архітэктуры і будаўніцтва далей кажа – “К настоящему времени 71% сельских поселений имеет численность населения менее 100 человек, а средний размер сельского населенного пункта снизился до 115 человек. Вследствие этого сокращается сеть учреждений обслуживания, снижается качество и доступность услуг. …” А міністр сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі дадае – “Цель программы возрождения и развития села — нивелировать условия жизни в деревне и городе…. Селу необходимы дома культуры, библиотеки, магазины, стадионы, катки… Однако по-прежнему каждый второй агрогородок не газифицирован, каждый третий не имеет горячей воды, каждый четвертый не обеспечен централизованным водоснабжением, в каждом пятом нет централизованной бани. …”

Слухаеш гэтых “адмыслоўцаў”-міністраў і не разумееш - дзе яны вучыліся, што яны ведаюць, што яны бачылі? Няведаць тое, што каб забясьпечыць нават хутар - гарачай вадой, ацяпленьнем, каналізацыяй, сьвятлом не ёсьць сёньня праблема. Сёньня гэта тэхнічна проста рашаецца і значна таньней чым зносіць гэты хутар і зрываць людзей з месца. Значна таньней вырашаць праблемы з дарогамі, з грамадзкім транспартам, чым перасяляць (узбуйняць) вёску. Гэтыя праблемы вырашаюцца (ці вырашаны) у Эстоніі, Летуве, Польшчы, Нямеччыне… толькі “антыбеларускае” кіраўніцтва ідзе сваім звыклым, толькі яму патрэбным шляхам.

Пры камуністычным рэжыме былі заснаваныя ў кожнай вобласьці, раёне “колхозы-маяки”. Сэнс іх існаваньня быў адзін – стварыць уражаньне, што гэтага ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасьці можа дасягнуць кожны калгас. Праўда, пры гэтым пазьбягалі казаць тое, што значную долю адпаведнага фінансаваньня, мінеральных угнаеньняў, сродкаў хімічнай абароны расьлінаў, тэхнікі і г.д. ішло гэтым “маякам”.

Вядома, той вёскі, якая была на пачатку 20 ст. (ці нават у 60-70-х гадах мінулага ст.) на Беларусі, ужо не будзе.. Нават у тых таталітарных умовах, у якіх яна знаходзілася на працягу дзясяцігоддзяў, зьявіліся (хай і са спазьненьнем, адносна заходніх краінаў) новыя тэхналёгіі вырошчваньня жывёлы, птушкі, расьліннай прадукцыі, новыя магчымасьці перапрацоўкі і г.д. Не будзе той колькасьці танных працоўных рук, якія дазвалялі шмат у якіх галінах сельскай гаспадаркі карыстацца экстэнсіўнымі метадамі. У разьвітых эўрапейскіх краінах, у сельскай гаспадарцы занята 2,5-5% працаздольнага насельніцтва. На Беларусі сельскага насельніцтва 28%, гэта ў значнай ступені пажылыя і састарэлыя людзі. У разьвітых краінах, частка сельскага насельніцтва, не патрэбная ў сельскагаспадарчай вытворчасьці, занятая ў іншых сфэрах, дзякуючы нармальна функцыянуючаму транспарту, езьдзіць на працу, на вучобу і г.д. (так бы мовіць, не пакідаючы “родны кут”). Тамака нікому не прыходзіць у галаву абвяшчаць нейкую вёску “неперспективной”, хай нават зь пяці ці трох хат (у якіх дарэчы ёсьць усе выгоды) і да якіх падведзены нармальныя дарогі.

Калі казаць пра сродкі, іх проста кажучы, выкідаюць у прорву пад назвай - “колхозы” дык, напрыклад, у 2006 г. сельская гаспадарка Беларусі дасягнула крэдытарскай запазычанасьці ў аб’ёме 7,9 трлн.беларускіх рублёў. А запазычанасьць аграрна-прамысловага комплексу стала ў 1,4 разы больш чым гадавая выручка. Але тым ня меньш спадзяюцца на “агрогородки”, што зь іх дапамогай уздымуць сельскую гаспадарку. Быццам бы не разумеюць сутнасьці таго, што адбываецца. Адна вядомая асоба лямантуе - “Не разрушайте уклад села, деревни, которые создавались веками”. “Было сказано русским языком: стройте, достраивайте, уплотняйте, где есть места. Но не создавайте на голом месте “потемкинские” деревни”, … “Сконцентрируйте средства и стройте как положено”. Але ўсе зацікаўленыя асобы добра разумеюць што рабіць, бо такія вялізарныя грошы выдзеляныя, што можна адшчыкнуць праз розны фірмы, арганізацыі…

Згаданай праграмай прадугледжвалася будаўніцтва індывідуальных дамоў. Першапачатковы кошт будаўніцтва аднаго дома меркавалася складзе 18-19 тыс. даляраў, але ўжо пайшла размова пра 30-31 тыс. даляраў.
Так званымі “агрогородками” улады імкнуцца штучна падмяніць тое, што было апрабавана самым беларускім ладам жыцьця - мястэчкі (з іхняй значнасьцю для насельніцтва і самастойнасьці сялян). Беларусь традыцыйна была моцная сваёй правінцыяй, але палітыка прарасейскай улады, асабліва ў апошнія гады, ськіраваная на сьцягваньне людзей у буйныя гарады, бо адсутнічае праграма для натуральнага разьвіцьця вёсак, малых і сярэдніх гарадоў. А існаваньне такой праграмы ( і яе выкананьне) магчыма толькі тады, калі па ўсёй краіне будуць дзейнічаць рынкавыя ўмовы, будзе прадпрыймальніцтва, будуць дэмакратычныя адносіны ў грамадстве і дзяржаве. Але робіць гэтая ўлада усё ў адпаведнасьці са сваім савецка-калгасным уяўленьнем (разумеючы пры тым, што нешта не тое, у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле краіны, у арганізацыі сельскагаспадарчай галіны, таму звалілі ўсё ў кучу – гаротны стан калгаснай сістэмы, надоі, прывагі, ураджай, тэхналёгіі, умовы жыцьця сялян і г.д.). Уладзе здаецца, што быццам бы “агрогородки” выратуюць калгасную сістэму. І вось, ужо прэмьер-міністр у лютым бягучага года, падымае ў бездапаможнасьці рукі - “Мы провалились фактически по всем областям.” А як жа не праваліцца, калі зямельная рэформа не праводзіцца, рынка няма, сельская гаспадарка, як прорва - па зьнішчэньню рэсурсаў.

Беларуская вёска ня будзе такой, як была, не толькі таму, што адбылася індустрыалізацыя сельскай гаспадаркі ( хоць і не на належным узроўні ), але найперш зь ёю адбылося самае страшнае, што толькі можна ўявіць – адбылося прышчапленьне частцы беларускага сялянства такіх чужых яму адмоўных зьяў, як - п’янства, непавага да чужой уласнасьці, абыякавасьць да ўласнага лёсу.

Адзян вядомы беларусафоб сказаў – “Белорусские крестьяне должны жить свободно, пользоваться благами цивилизации. Они кормят весь народ, в том числе и нас, горожан. Обеспечивают продовольственную безопасность страны. …” І ня ведаеш, чаго ў гэтых словах больш - невуцтва ці цынізма. Калгаснік ня можа быць вольным чалавекам, калгасная сістэма абрынецца, калі будзе наадварот. Дасьведчаны чалавек ведае, што сельская гаспадарка краіны забясьпечвае свой удзел, у выхадзе сваёй прадукцыі, толькі на 26-27%, астатняе дае пераважна прамысловасьць і навука - праз мінеральныя ўгнаеньні, тэхніку, тэхналёгіі, гатункі, пароды і г.д. І яшчэ, варта запомніць, што кормяць быдла, а народ корміць сябе сам. У тым ліку і дзяржаву, у выглядзе чынавенства.

З-за свайго нізкапрафэсійнага ўзроўню і дэнацыялізаванага стану, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі прывяло дзяржаву да таго, што жыцьцëвы асяродак вёскі і сельская гаспадарка краіны знаходзяцца ў крытычным становішчы. Калгасы (як асноўная вытворчая адзінка сельскай гаспадаркі) па сутнасьці ніколі не былі калектыўнай гаспадаркай. Гэта сістэма паняволяньня селян - сістэма прыгону, у нечым больш пачварная чым турэмнае зьняволяньне. Гэты сталінскі досьвед быў замацаваны да нашых дзëн і пазьней даведзены да трагічнага гратэску лукашызмам - дзіцëм КГБ-ФСБ.

Сёньня неабходна арганізацыйна перабудаваць адносіны беларускага селяніна да зямлі, зрабіць яго ўласьнікам сваëй працы, уласьнікам зямлі. Такое магчыма толькі тады, калі селянін будзе разьняволяны, а калгасы, кааператывы і іньшыя формы гаспадараньня на зямлі магчымыя пры цывілізаваных, эўрапейскіх адносінах да іх з боку дзяржавы.

На Беларусі маецца 9305,9 тыс. га сельскагаспадарчых зямель, у тым ліку ральля займае – 6174,9 тыс.га ( лічбы нязначна адрозьніваюцца па гадах). Плошча сельскагаспадарчых угодьдзяў і ральлі ў разьліку на аднаго жыхара нашай краіны ў апошнія гады практычна не зьмянілася і склала, адпаведна, 0,91 і 0,60 га (напрыклад, плошча ральлі на аднаго жыхара складае ў Польшчы - 0,37 га, у Нямеччыне -0,14 га).

Вынікам кіраваньня камуністычным кіраўніцтвам краінай, сталі дзікунскія адносіны да Богам дадзенай, нам беларусам зямлі, разворваліся яе новыя плошчы, часта навукова неабгрунтавана, за кошт зьвядзеньня лясоў, меліяратыўнага асушэньня ўнікальных тарфяна-балотных комплексаў і рэчышчаў малых і сярэдніх рэк. Хутка будаваліся ня толькі гарадзкія агламэрацыі, але і агравытворчыя комплексы, асабліва жывëлагадоўчыя, якія аказвалі ўсе больш нэгатыўнае ўзьдзеяньне на навакольнае асяроддзе. Так напрыклад, адмоўнае ўзьдзяньне біялагічна ачышчаных сьцёкавых водаў сьвінагадоўчых комплексаў на вадаëмы назіраецца на адлегласьці да 30 км. Істотнае забруджваньне падземных водаў жывëлагадоўчымі сьцëкамі пастаянна фіксавалася пры правядзеньні адпаведных назіраньняў. Адмоўныя наступствы гэтага забруджваньня вельмі ўстойлівыя па часе. У паветра за 1 гадзіну сьвінакомплекс на 108 тыс. галоў выкідае 58 кг аміяку, 88 кг пылу, міліярды мікробаў. Беларусь дзякуючы “советскому руководству” станавілася “всесоюзным” сьвінарнікам. Згодна аналізу Сусьветнага Банку, колькасьць сельскагаспадарчай жывёлы ў Беларусі (у савецкі час) “зьявілася вынікам штучна разьдзьмутага сэктару жывёлагадоўлі… калі недахоп зерня ў Беларусі кампэнсаваўся за кошт практычна неабмежаванага імпарту фуражнага зерня па цэнтралізаваным рапараджэньням Масквы”.

Вельмі вялікую шкоду прыродзе краіны нанесла меліярацыя. Забалочанасьць тэрыторыі як правіла спалучалася з малой контурнасьцю (памер поля і яго адмысловая форма, зьвязаныя з прыродным асяродкам) ральлі і іньшых сельскагаспадарчых угоддзяў. Гэта стала пачварным абгрунтаваньнем таго, што немагчыма выкарыстоўваць высокаэфектыўную сучасную тэхніку і тэхналëгіі. Напрыклад, ва умовах Віцебскай вобласьці, пры правядзеньні меліярацыі павялічвалі контурнасьць палеў да 300 (!) га і больш, зьнішчалі гумусны гарызонт, які стварала прырода тысячагодьдзі, імкнуліся выкарыстоўваць магутную цалінную тэхніку, якая не прыстасаваная да ўмоваў Беларусі. Агульная плошча асушаных земляў у 1998 годзе склала 3414,3 тыс га, у тым ліку 2927,9 тыс га сельскагаспадарчых зямель. Вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю нанесла асушэньне зямель, пераважна яно праводзілася без ўліку экалягічных умоў і патрабаваньняў аховы прыродных комплексаў. Доўгі час ўвадзіліся ў дзеяньне неякасна пабудаваныя меліяратыўныя сістэмы без двухбаковага рэгуляваньня воднага рэжыму глебы. Гэта прывяло да таго што ў многіх выпадках глеба пераасушвалася альбо недастаткова асушвалася, а з цягам часу на дрэнна пабудаваных меліяратыўных сістэмах пачалі праяўляцца другасныя балотаўтваральныя працэсы. Часта мелі месца асушэньне і ўвод у эксплуатацыю патэнцыяльна нізкаўрадлівых зямель, якія ўвогуле нельга было меліяраваць. У многіх выпадках асушалася пясчаная і супясчаная глеба, якая падсцілалася пяскамі з неўстойлівым водным рэжымам і непрыдатнымі аграхімічнымі ўласьцівасьцямі. Меліаруемыя землі не забяспечваліся дастатковай колькасьцю мінеральных і арганічных угнаеньняў, не вытрымліваліся суадносіны паміж элемэнтамі жыўленьня расьлін, а на лугі ўносілі прыкладна ў 2-3 разы ўгнаеньняў меней чым на 1 га ральлі (па рэшткаваму прынцыпу). У сувязі з недахопам спажыўных рэчываў для расьлін ва многіх выпадках арашэньне лугоў не давала станоўчых вынікаў.

Татальная меліярацыя выклікала заўважнае зьмяненьне клімата на Палесьсі, больш адчувальнымі сталі засухі, з-за таго што істотна зьнізіўся ўзровень грунтовых водаў, а вясеньнія замарозкі, узмоцненыя тым што зьніклі балоты (вада якіх акумулявало цяпло), вымушаюць перасяваць дзесяткі тысяч гектараў зьнішчаных пасеваў.

Многія гады меліярацыя зямель ацэньвалася толькі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі і не ўлічваліся яе экалягічныя наступствы. Гэта прывяло да выпрамленьня, а фактычна да зьнішчэньня соцень малых рэк краіны.
Невадазваротныя меліяратыўныя сістэмы абумовілі забруджваньне водаў вадапрыëмнікаў. Неабгрунтаванае павялічэньне контураў палёў прывяло да зьнішчэньня шмат якіх лясных масіваў і кустарнікаў, памяньшэньню колькасьці карыснай флоры і фаўны, аднастайнасьці краявідаў. Бязглуздае выкарыстаньне тарфовай глебы на вялікіх плошчах, шматкроць прыводзіла да ўзьнікненьня пылавых бур на тарфяніках і абумовіла паскораную мінералізацыю (распад) торфу (адзін з адмоўных вынікаў гэтага – забруджваньне нітратамі навакольнага асяродьдзя). Напрыклад, у Любанскім раёне у выніку мінералізацыі торфа выйшлі на паверхню падсцілаючыя былыя тарфянікі пяскі, што паставіла новыя для нашай краіны пытаньні ў вядзеньні сельскай гаспадаркі ў падобных сітуацыях.

Навуковае забясьпячэньне такіх справаў - як татальная меліярацыя, будаўніцтва шматлікіх жывëлагадоўчых комплексаў (без уліку глебавых і іньш.. умоў) і падобн. у краіне ажыцяўляла “советская научная элита” - асобы, якія ў моц сваіх пэўных, найперш ненавуковых, не самых лепшых чалавечых якасьцяў па лëкайску, выгадвалі - што задаволіць у дадзены момант патрэбы кіруючай КПБ-КПСС, а пазней яе пераемнікаў. Гэтак званыя - “выдающиеся организаторы науки” (за нязначным выключэньнем) паразітуючы на масе таленавітых, сумленных навукоўцаў рабілі сваю кар’еру і ўладкоўвалі свой дабрабыт, ведаючы што прынцыповасьць, адстойваньне навуковых ісьцінаў і фактаў прынясе пры пануючай сістэме толькі асабістыя непрыемнасьці і зьнявагу. (У дэмакратычнай дзяржаве, навука - як любы творчы працэс, разьвіваецца дзякуючы здольнасьцям самой асобы і патрэбам грамадзтва, а не тых хто імкнецца “организовать” навуку.

На Беларусі маецца значная колькасьць сельскагаспадарчых зямель з нізкімі аграхімічнымі паказчыкамі. У абароце знаходзіцца пэўная колькасьць сельскагаспадарчых угодьдзяў з непрыдатнымі, ці малапрыдатнымі ўласьцівасьцямі для вытворчасьці расьліннай прадукцыі, на якія таксама марнуюцца сродкі, падыходы да праблемаў зямляробства ў дадзеным выпадку вырашаюцца экстэнсіўным чынам - шляхам павялічэньня (утрыманьня) плошчы сельскагаспадарчых угодьдзяў. Варта адзначыць, што ў заходніх краінах даўно выведзены з абароту неўрадлівыя і нізкаўрадлівыя глебы, якія былі перададзеныя пад залясеньне. Нізкаўрадлівыя землі выводзяцца з сельскагаспадарчага ўжытку ў тым ліку ў Летуве, Польшчы, іншых краінах. Гэта часам стварае ўражаньне, у недасьведчаных людзей, занядбанасьці сельскай гаспадаркі ў згаданых дзяржавах.

Калі прыняць, што на пачатку 90-х меліся практычна блізкія ўмовы для гаспадараньня на зямлі для Беларусі, Польшчы, Летувы і Латвіі (калі браць глебава-кліматычныя ўмовы і тэхнічнае забясьпячэньне), то сёньня ўсё больш відавочны разрыў у эфэктыўнасьці працы. Найперш, гэта тлумачыцца выключна нізкай тэхналягічнай і выканаўчай дысцыплінай - вынікам абыякавых адносінаў селяніна да сваëй працы, яго незацікаўленасьцю. Як сьведчыць найперш досьвед краінаў, якія падымаюць сваю сельскую гаспадарку пасьля вызваленьня ад расейскай акупацыі (уплыву), першай і галоўнай умовай посьпехаў ва ўздыме сельскай гаспадаркі - зьяўляецца ўвядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю. Мы павінны рухацца наперад у гэтай справе ўлічваючы і свае асаблівасьці, і досьвед іншых краін, найперш - Летувы, Латвіі, Польшчы, такіх перадавых краінаў як Бэльгія, Галяндыя, Нямеччына. Эфектыўны уздым сельскай гаспадаркі Беларусі магчымы на працягу двух-трох гадоў - пры ўзважаных і рашучых структурных пераўтварэньнях. Набходна ўлічваць і адмоўны досьвед Расеі ў справе ўтварэньня рынку зямлі, калі зямля патрапляла да тых хто гэтую зямлю проста скупаў з мэтаю спэкуляцыі.

На наш погляд неабходна:
-увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю праз пэўны тэрмін яе арэнды канкрэтнай асобай, гэта значыць, толькі пасля 5 гадоў пасьпяховай арэнды тым, хто мае жаданьне набыць зямлю ва ўласнасьць для сельскагаспадарчай вытворчасьці;
-устанавіць, што мінімальны надзел для арэнды (прыватызацыі) павінен мець эканамічна абгрунтаваны памер, што дазволіць пазьбегнуць драбленьня сельскагаспадарчых угоддзяў;
-устанавіць, што аграхімічны стан сельскагаспадарчых угодздзяў (усіх формаў уласнасьці) і іх кантроль падтрымліваецца пераважна за кошт дзяржавы;
-калгасы, каапэратывы, прыватныя асобы і інш. павінны мець права самы вызначаць якім чынам весьці гаспадарку;
-адносіны ў калектыўных гаспадарках, каапэратывах, таварыствах па выкарыстаньню сельскагаспадарчай тэхнікі і іньш. вызначаюцца на падставе Закону і ўласнага статуту;
-будзе замацавана, што кіруючыя (адміністрацыйныя) асобы калектыўных гаспадарак і інш. зьяўляюцца толькі найманымі працаўнікамі ў гэтых арганізацыях, бяз права голасу (калі не валодаюць паем, альбо надзелам зямлі ў пэўнай гаспадарцы);
-сялянскай (фермерскай) гаспадаркай можа валодаць асоба (мець ў арэндзе) якая ў стане пацьвердзіць свае прафэсіныя якасьці адпаведным чынам (дакумент аб прафэсійнай падрыхтоўцы, альбо практычны прафэсійны стаж няменьш за 3 гады);
-спрыяць стварэньню прыватных ( каапэратыýных) прадпрыемстваў - па апрацоўцы глебы, аграхімічнаму абслугоўваньню, рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, пунктаў пракату сельскагаспадарчых машын і абсталяваньня, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і г. д.;
-любы найманы працаўнік ў сфэры сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, гандлі і г. д. будзе абаронены Законам, наëм працаўніка без гарантаваных Законам правоў будзе забаронены і пераследавацца;
-для абароны сваіх правоў працуючыя ў прыватных асобаў будуць мець магчымасьць ствараць прафэсійныя зьвязы;
- увесьці адпаведны Закон аб вяртаньні зямлі і іньшых угоддзяў, нерухомасьці асобам якія могуць гэта адпаведна пацьвердзіць;
-вывесьці з сельскагаспадарчага ўжытку малаўрадлівыя і непрыдатныя землі, увесьці мараторый (да 10 гадоў) на будаўніцтва новых паселішчаў за межамі населенных пунктаў;
-правесьці эканамічна абгрунтаванае пераадмыславаньне сельскагаспадарчай вытворчасьці, у адпаведнасьці з глебава-кліматычнымі асаблівасьцямі краіны ;
-зрабіць эколага-эканамічнае абгрунтаваньне па падтрымцы ў меліяратыўным стане меліяраваных зямель, з тым каб выключыць з іх сьпісу малаўрадлівыя і непрыдатныя для сельскагаспадарчай вытворчасьці. Увесьці мараторый на працяг меліярацыі на новых землях (да 15 гадоў);
-забараніць выкарыстаньне авіацыі ў сельскай гаспадарцы для ўнясеньня хімічных рэчываў на сельскагаспадарчыя і лясныя угоддзі, за выключэньнем асобных выпадкаў;
-устанавіць, што кантроль (экалягічны, аграхімічны і інш.) за станам сельскагаспадарчых угоддзяў (усіх формаў уласнасьці), ажыцьцяўляецца дзяржавай;
-утрымліваць (не перавышаць) адпаведную колькасьць сельскагаспадарчых жывел (птушкі) на землях кожнай гаспадаркі (для ўсіх формаў ўласнасьці), дзеля прадухіленьня забруджваньня навакольнага асяроддзя жывелагадоўчымі сьцёкамі і інш., узяўшы за прыклад (па дадзенаму пытаньню), Вялікую Брытанію і Нямеччыну;
-увесьці дзейсны кантроль за ўтылызацыяй адыходаў, у тым ліку і жывелагадоўчых;
-забараніць зліў у ваду вадкіх адыходаў сельскагаспадарчай вытворчасьці і выкарыстаньне сьцёкавых водаў для паліву без апрацоўкі;
-увесьці крымінальную адказнасьць за рэалізацыю сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з утрыманьнем шкодных і радыёактыўных рэчываў.
-наблізіць адпаведныя стандарты, у сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галінах, да стандартаў развітых эўрапейскіх краінаў і ЗША.

Юры Цехановіч

24/4/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2008
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024