Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
2 красавіка (“день едіненія Россіі і Белоруссіі”) сваю чарговую акцыю праводзіла халуйская прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Арэнай клаўнады паслужыў вядомы сабачнік на бангалорскім балоце. Тамака сабралася асобаў сорак (улічваючы “ціхуноў” у цывільным) пад камандай непараўнальных майстроў палітычнага цырку расейскага генэрала В. Фралова і экс-палатачніка С. Скрабца. Фралоў і яшчэ парачка адстаўных маразматыкаў савецкай арміі гукалі за “воссоедініе с Россіей, без которой нам нікак не прожіть”. Камуністы-калякінцы (паводле Радыё Свабода і іншых – “апазыцыя Лукашэнку”) вяла махалі чырвонымі сьцягамі, побач зь імі тапталіся “барцы” з АГП пад сваімі сьцягамі з кабылай. У чарговы раз беларуская публіка высьмеяла абрыдлых клоўнаў. Падобна, што яны на самай справе вельмі задаволены адведзенай ім рольлю (і ганарарамі ад рэжысёраў). Паўстае, аднак, адно пытаньне. Чаму над Скрабцом з цібэцкім сьцягам (?), над непараўнальным Фраловым усе сьмяюцца, а мілінкевічы-вінцучкі-лебедько (якія робяць той жа самы цырк) успрымаюцца многімі людзьмі як нешта сур’ёзнае. У тых і ў другіх адна цыркавая арэна – Бангалор, адзін стыль – сумесь камуністычнай чырвані і джынсовай шматы, адна фальш і адзін гаспадар – Лубянка. Яны, безумоўна, хацелі б быць вальяжнымі і шанаванымі асобамі палітычнай гульні. Але (асабліва ў апошнія гады) ім загадана выглядаць сьмешна і паскудна, ісьці на іхных маршах побач з паўаголенымі паненкамі, хадзіць на сабачнік і г.д. Задача лубянскай гэбельсаўшчыны, якая рухае гэтымі марыянэткамі, вельмі зразумелая. Ім трэба, каб у вачах беларускіх людзей само слова “апазыцыя” было зьвязана з цыркавымі выступамі, клаўнадай, ідыёцкімі і пацешнымі эпізодамі… Найбольш важная роля адведзена ў гэтым балагане Вячорку, Баршчэўскаму і іншым з псэўда-БНФ. Чаго вартыя, напрыклад, апошнія публікацыі ў “Нар. Волі”, прысьвечаныя рэкляме “лепшага жаніха Беларусі Франака Вячоркі”, “найбольш пэрспэктыўнага палітыка нашай краіны”? “Жаніх-палітык” распавядае, што ў жаночых прыбіральнях БДУ вісяць ягоныя фотапартрэты, і які ён папулярны ў жаночай палове чалавецтва. У нармальнай сітуацыі сур’ёзныя палітыкі Вячоркі падалі б у суд на газэту за такі непрывабны пасквіль. Але ў нашай краіне сітуацыя ненармальная, а згаданым дзеячам загадана іхнымі гаспадарамі выступаць перад публікай у клоўнскім каўпаку з званочкамі і ў яркім грыме. Вось яны і ламаюць сваю камэдыю. Наперадзе чарговыя мізансцэны з удзелам гэтай публічкі. Клоўн Скрабец ужо заявіў, што высоўваецца на прэзыдэнцкія выбары. На чарзе выбарчае гуканьне астатніх дзеячыкаў. Раім дарослым людзям, беларускім патрыётам трымацца далей ад гэтых блазнаў. Падчас візыту на Харкаўшчыну прэзыдэнт Украіны Юшчанка заявіў: “Мне балюча, што тут ёсьць раёны, дзе няма аніводнага памятнага знаку, прысьвечанага Галадамору”. Харкаўшчына надзвычай моцна пацярпела падчас голаду, арганізаванага расейскімі акупантамі ў 1932-33 гг. Адным з вынікаў генацыду ўкраінцаў стала шалёная русіфікацыя ўсходніх вобласьцяў Украіны спосабам засяленьня там расейскіх асаднікаў, зьнішчэньня ўкраінскай культуры, школьніцтва і мовы пасьля Галадамору. 11 красавіка начальнік генштаба РФ Балуеўскі грымаў у Маскве: “Калі Украіна і Грузія ўступяць у НАТО, Расея прыме ваенныя і іншыя захады…” За генэралам азваліся дзяржыморды ў Дзярждуме. Сумнавядомы чарнасоценец-рэваншыст К. Касачоў казаў, што ўступленьне ў НАТО будзе азначаць для Украіны катастрофу. Маўляў, Украіна згубіць супрацоўніцтва з расейскім ваенна-прамысловым комплексам і г.д. Тупаюць капытамі маскоўскія нячысьцікі, палохаюць народы, гукаюць вайну. А тым часам сталі вядомыя высновы аналітычнай камісіі амэрыканскіх спэцыялістаў. Яны адзначылі глыбокія працэсы раскладу ў расейскай арміі, псіхалагічны крызіс, састарэлую зброю і панаваньне карупцыі на ўсіх узроўнях вайсковага камандваньня. З усяе краіны паступаюць зьвесткі пра маштабную кампанію загону людзей у лукашыстоўскую партыю “Белая Русь”. Зразумела, што дыктатура патрабуе гэтай падстаўной арганізацыі для чарговай маніпуляцыі на чарговым выбарчым фарсе. Людзей прымушаюць запісвацца “в партію” цэлымі працоўнымі калектывамі. Дзе гэта немагчыма, начальства (якое само ўступае “в партію” першым) пагрозамі і абяцанкамі заганяе туды ж інжынэраў, настаўнікаў і іншых адукаваных людзей. Такая вось будзе ў рэжыма “магутная падтрымка авангарда грамадзтва”. Такое, аднак, ужо было ў чалавечай гісторыі. Афрыканскія дыктатары загадвалі прадаваць партквіткі на базарах у базарны дзень. Некаторыя людзі куплялі… Але потым дыктатар паміраў або уцякаў з краіны, ягоная партыя імгненна зьнікала. І немагчыма было дамагчыся прызнаньня ад яе актывістаў пра тое, як яны “палымяна служылі обшчему делу”. Рэжымная пустышка надзьмуваецца, палохае грамадзянаў сваімі памерамі, але лясьне яна з пшыкам і імгненна. Па краіне коціцца яшчэ адна хваля маразма ў савецкім стылі. Начальства прымушае людзей купляць значкі “добровольного обшчества Красный Крест” (менавіта так – на акупанцкай мове – напісана на шыльдзе цэнтральнай сядзібы гэтай структуры ў Менску) і адлічваць частку заробку на “гуманізм”. Людзі адмахваюцца і ня хочуць плаціць ідыёцкі падатак. Беларусы ведаюць, што гэта ёсьць рэжымная структура, за якой цягнецца стракаты шлейф карупцыі. За апошнія 20 гадоў былі пасоджаны ў турму з канфіскацыяй маёмасьці некалькі цэнтральных і безьліч рэгіянальных кіраўнікоў “Красного Креста”. “Гуманісты” не стрымаліся, знаходзячыся каля плыні дармавога тавару і падораных Захадам грошай. Беларусаў, якія зьвяртаюцца “в Крест” на сваёй мове, сустракаюць пытаньнем: “А что, вы всегда разговаріваете по-белорусскі?” Трэба аддаць належнае майстэрству сцэнографаў і дэкаратараў гэтага “Креста”. У іхных сядзібах няма партрэта Лукашэнкі (заходнім візыцёрам гэта можа не спадабацца – грошай не дадуць). Затое вісіць патрэт Васіля Быкава (“мы любім его поэзію”). Мэбля ў офісах старая і парэпаная (“всё лучшее – детям!”). Да кавы няма цукру (“бедность – не порок”). І г.д. Але ў сувязі з ізаляцыяй Беларусі прамаскоўскім рэжымам у “гуманістаў-крыжакоў”, мабыць, узьніклі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Вось і пайшла каманда трэсьці кашалькі грамадзянаў. 17 красавіка партызаны правялі пасьпяховую баявую апэрацыю ў Інгушэціі. Масіраванаму абстрэлу з аўтаматаў, кулямётаў і гранатамётаў была падзьвергнута вялікая база расейскага ОМОН у г. Карабулаку. Загарэліся казармы і ваенная тэхніка. Масква прызнае толькі шэсьць параненых. Але зразумела, што страты акупантаў значна больш цяжкія. А можа сапраўды эсэсаўцы навучыліся так хутка бегаць і хавацца? Як кажа рускі народ: “Быстрее пулі”… 20 красавіка міліцыя спыніла ў Маскве для праверкі дакумэнтаў палкоўніка ПДВ В. Палянскага. Той адмовіўся паказваць дакументы. Яго зацягнулі ў пастарунак і пачалі зьбіваць і катаваць. Ён урэшце выцягнуў з кішэні пасьведчаньне героя Расеі. Міліцыянты на гэта запярэчылі: “Ты яго сам падрабіў” і працягнулі працэс далей. Выпадак тыповы, паліцыя ў Расеі можа забіць-закатаваць любога. Такі палкоўнік ня першы і не апошні. Але аказалася, што гэты палкоўнік зьяўляецца сябрам-актывістам Расейскага народна-дэмакратычнага саюза (старшыня Касьянаў). Таму сэнсацыю пачалі раскручваць журналісты. Актывіст-парашутыст катаваў і забіваў людзей на Каўказе і ў Аўганістане, пазьней выступаў быў перад публікай пра “навядзеньне парадку ў краіне”, “строгія меры” і г.д. Ды вось і сам патрапіў у пастку гэтых “мераў”. Расейскія афіцэры з базы ў Канце 20 красавіка напіліся ў Бішкеку і паехалі дахаты ў машыне без нумароў. Кыргызкая дарожная паліцыя загадала ім спыніцца. Але тыя пачалі ўцякаць, ствараючы небясьпеку на дарозе. Урэшце пьяніц спынілі, яны палезьлі на паліцэйскіх біцца. Кыргызы да трох не лічылі і пачалі страляць па абрыдлых, нахабных асадніках. Аднаго цяжка паранілі, астатнім добра ўсыпалі тумакоў. Расейскія МЗС і СМІ ўшчалі вэрхал: “Как оні посмелі! Русскіх офіцеров кыргызы бьют!” Вось так і “посмелі”. Яны на сваёй зямлі. Україна 22 красавіка падала ў ААН пратэстную заяву супраць антыўкраінскіх выступаў афіцыйных асобаў Расеі, “якія паддаюць сумневу тэрытыряльную цэласнасьць Украіны і непасрэдна ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Украіны”. Гэтым разам украінцы схапілі за язык Пуціна, які казаў Бушу на саміце НАТО ў Бухарэсьце: “Джордж, ты понімаешь, ведь Україна не государство…” (пра гэта напісала нават расейская прэса). Улічылі таксама апошнія правакацыйныя выступы Лаўрова. Заява украінскага кіраўніцтва завяршаецца вельмі выразным пасажам: “Становіцца відавочным, што эўраатлантычны выбар Украіны – адзіны спосаб гарантаваньня бясьпекі дзяржавы”. “Чысты Ленін”. Масавасьці не атрымалася, але гуляньні былі… Па ўсёй Расеі адзначаўся чарговы ленінскі дзень, сёлета 138-я ўгодкі “важдзя”. У Маскве ўсіх бясплатна запускалі паглядзець на ягоную мумію ў маўзалей. Зюганаў сабраў на Чырвонай плошчы некалькі дзесяткаў піянэраў у чырвоных пілотках і пэнсіянэрскую гвардыю. Даволі кур’ёзна ўсё прайшло ў сібірскім Іркуцку. Телеканалы перадалі, што бронзавага Леніна на цэнтральнай плошчы там ня мылі ўжо дзесяць гадоў. Камунякі цярпліва чакалі на падыходах да помніка, абапершыся на кошыкі з кветкамі. А калі брыгада мыйшчыкаў у апошні раз плюхнула на чорную фігуру ў паліце мыльнай вадой, чырвоныя падышлі кланяцца “чыстаму Леніну”. На ўвесь гэты шаманізм не хапала толькі шаманаў з бубнамі. Але былі заўважаны бабулькі з гармонікамі, якія бадзёра сьпявалі: “Володя маленький… он тоже бегал в валенках и саночки возил…” Пасьля “ленінскага дня” новае пакаленьне “товарішчей” выправіла адну “гістарычную несправядлівасьць”. Генсавет партыі “Едіная Россія” (генсекам там беспартыйны Пуцін) заявіў 23 красавіка, што пакідае сваю штаб-кватэру па адрасе: Масква , Банны завулак. Партыя пераязджае і атабарваецца ў будынку ЦК КПСС, што на Старой плошчы ў Маскве. Гэта ёсьць чарговы крок пасьлядоўнай рэстаўрацыі капээсэсаўскага монстра, няхай сабе пад новай назвай. Гэта тое ж самае, як бы ў Берліне, Мюнхене і Нюрнбэргу па старых адрасах аднаўляліся эсэсаўскія і гестапаўскія сядзібы… Але ў Нямеччыне гэтай рэстаўрацыі гітлерскіх партайгеносэ супрацьпаставілася б значная частка грамадзтва і міжнародная супольнасьць. У Маскве гэты працэс праходзіць гладка. Дарэчы, шэраг гадоў таму, у 1994-м, Масква правяла экспэрымэнт, пасяліўшы ў будынку ЦК КПБ у Менску аднаго свайго шклоўскага агента. Ён усеўся ў крэсла ў кабінэце генсека КПБ і ня хоча злазіць зь яго дагэтуль. Вось і падумаў Пуцін: “А я чым горшы?..” 23 красавіка ў Сочы прыехала Ацэначная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту. Камітэтчыкі з розных краінаў знаёміліся з падрыхтоўкай пляцовак пад алімпійскія аб’екты. Іх сустрэла вялікая дэманстрацыя мясцовых жыхароў, якія пратэставалі супраць сваволі маскоўскіх начальнікаў. Людзі паспрабавалі падыйсьці да прадстаўнікоў МАК і перадаць ім пэтыцыю пра зьнішчэньне іхных дамоў і садоў і пра нізкія кампэнсацыі за страту маёмасьці. На людзей напала міліцыя, пачала малаціць іх дубінкамі, парвала плякаты і адсунула на тэрыторыю мясцовых могілак. Дзесяткі чалавек пацярпелі, растаптана некалькі магілаў. Міліцэйскае начальства правяло ў Сочы прэс-канфэрэнцыю, дзе сярод іншага заявіла: “Спецсредства не применялись. С людьми была проведена беседа…” Вось такое “собеседованіе”. МАК павінен быў бы ўвесьці ў сьпіс алімпійскіх відаў сочынскую навацыю: “Біцьцё дубінкамі па галовах людзей”. Залаты мэдаль, безумоўна, дастанецца гаспадарам гэбоўскай алімпіяды-2012. А 24 красавіка ў Сочы запалаў “алімпійскі агонь”. Ды такі, што гасіць яго прыехалі шэсьць пажарных брыгадаў з усяго навакольля. Невядомыя падпалілі агромністы 2-павярховы будынак забаўляльнага комплексу (казіно, дыскатэкі, рэстараны, боўлінгі і г.д.). Ёсьць два варыянты трактоўкі падзеяў. Або манумэнтальную забаўлялку падпалілі мясцовыя садаводы-гароднікі, якіх учора пабіла алімпійская паліцэйшчына. Або агонь расклалі на “састарэлым аб’екце” маскоўскія канкурэнты мясцовых забаўляльнікаў, бо трэба вызваліць месца для абяцанага Пуціным “Лас-Вэгаса”. Як бы там ні было, на ціхім, некалі папулярным курорце стала вельмі шумна і клапатліва. У сувязі з набліжэньнем рэжымнага сьвяткаваньня чарговых угодкаў Чарнобыльскай катастрофы “палатнікі” абмяркоўвалі гэтую тэму. Нечакана ў СМІ прасачыліся факты чарнобыльскай рэчаіснасьці (пра гэта, як правіла, маўчаць БТ і афіцыёзныя газэты). Інфармацыя пайшла пад тытулам “Маладыя спэцыялісты ўцякаюць з чарнобыльскіх раёнаў”. Віцэ-прэм’ер ураду РБ А. Касінец паведаміў у “палатках”, што толькі 27% накіраваных у чарнобыльскія раёны спэцыялістаў затрымліваюцца там на працу. Астатнія апэратыўна бягуць з атручаных раёнаў. У сувязі з гэтым назіраецца вялікі дэфіцыт розных спэцыялістаў у аграгарадках Зоны. Начальнік бачыць прычыну ўцёкаў у тым, што спэцыялістам не прадастаўляецца жытло. Аказваецца, што накіроўваючы маладых людзей у атручаную радыяцыяй зямлю, рэжым нават не дае ім жытла (і плаціць мізэрныя заробкі). За апошні год было пабудавана ўсяго 196 кватэраў там, куды паслалі адных настаўнікаў 1133 асобы. Тав. Касінец ня ўлічвае кемлівасьці маладых людзей, якія проста ня хочуць жыць у чарнобыльскім кашмары і труціцца. Ня ўлічвае гэтага і “палатачніца” (па сумяшчальніцтву “вялікая дэмакратка”) тав. В. Абрамава. Яна запрапанавала затрымаць маладых спэцыялістаў у чарнобыльскіх раёнах, забясьпечыўшы іх “вялікім сацыяльным пакетам”. Прапануем надаць “вялікі пакет” тав. Абрамавай і накіраваць яе разам з сямьёй на плённую працу ў які-небудзь атручаны радыяцыяй раён. Ва Украіне працягваецца барацьба за нацыянальныя сьвятыні супраць агентуры Масквы. 23 красавіка ў сквер у цэнтры Луганска прышлі дзеячы прамаскоўскай “Партыі рэгіёнаў” (генсек Януковіч). Яны сталі каля памятнага знаку ў гонар байцоў Украінскай Паўстанцкай Арміі і пачалі зьдзеквацца з памяці загінуўшых патрыётаў ды блюзьнерыць у стылі “мы не допустім… пісьма трудяшчіхся…” Украінская моладзь доўга ня слухала і закідала януковічцаў яйкамі. Уначы вандалы пашкодзілі памятны знак. Але іхны час мінае і ніколі ня вернецца. 17 красавіка ў Львове была перайменавана яшчэ адна савецкая вуліца: была Тургенева, стала Воінаў УПА. У Тэрнопалі народ зьбірае подпісы пад зваротам з заклікам да прэзыдэнта Юшчанкі надаць Стэпану Бандэры званьне Героя Украіны. 24 красавіка ў Рызе яшчэ адну аплявуху атрымалі мітусьлівыя “русскоязычные” журналісты. Падчас прэс-канфэрэнцыі адзін “русскоязычный” задаў пытаньне міністру замежных справаў Латвіі Марыньшу Рыексьціньшу. Міністар адказаў па-латышску: “Я толькі што расказаў пра ўсё гэта. Па-расейску я ня буду паўтараць. Я не перакладчыцкая машына…” Нядаўна Цэнтр дзяржаўнай мовы Латвіі зьвярнуўся да афіцыйных асобаў з заклікам прамаўляць паўсюль выключна на дзяржаўнай мове. 26 красавіка арганізатары чарговага маршу на бангалорскае балота Мінінкевіч, Вячорка і іншыя з падстаўной прамаскоўскай “апазыцыі” правялі яшчэ адзін блюзьнерскі акт. Яны сабралі больш за тысячу асобаў каля Акадэміі Навук. Там карцінна выступіў Мілінкевіч, пазіруючы перад журналістамі і натоўпам. Потым яны пайшлі на Бангалор. Было заўважана, што абсалютная большасьць прысутных маладых людзей ніколі ня ўдзельнічала ў ранейшых патрыятычных мерапрыемствах. Гэтыя чужакі паводзілі сабе падрэсьлена расперазана і шумна. Размаўлялі і дзіка выкрыквалі нейкія лёзунгі па-расейску, несьлі расейскамоўныя плякаты і чорныя жудасныя сьцягі. Самы яны таксама былі апрануты ў чорнае, многія з чорнымі маскамі на тварах. Пасярод бангалорскай калёны дзіка малацілі ў барабаны нейкія хіпі-барабаншчыкі. Беларускія людзі з трывогай ўзіраліся ў гэты чорны натоўп, думаючы, што гэта нейкія “фашысты-экстрэмісты”, ад якіх трэба трымацца падалей. Трэба яшчэ будзе аналізаваць, адкуль узялася гэтая арда “русскоязычных в чёрном”. Досьвед папярэдніх правакацыяў падказвае, што многія зь іх – пераапранутыя курсанты гэбоўскіх, паліцэйскіх і вайсковых установаў. Псэўдаапазыцыя назвала ўсё гэта “Чарнобыльскім шляхам”. Падстаўныя выканалі чарговае заданьне па прафанацыі сьвятога на нашай зямлі. Яны абавязкава адкажуць за гэта перад справядлівым судом у нашай краіне, якая вызваліцца ад дыктатуры. Янка Базыль 4/5/2008 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |