Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: НЕКАЛЬКІ ТЭЗІСАЎ ПРА АГУЛЬНЫЯ СПРАВЫ (ліст да фронтаўцаў і беларускіх адраджэнцаў) 1) Ва ўсіх праблемах змаганьня, нацыянальнага разьвіцьця і трагедыі Беларусі галоўным пытаньнем і галоўнай каштоўнасьцю ёсьць МОВА. Пакуль будзе гучэць беларуская мова, датуль будзе барацьба за нацыянальнае існаваньне і будзе беларуская палітыка. Калі ж мова перастане гучэць, зьнікне найперш беларуская дзяржава (яна страціць незалежнасьць); пасьля неўзабаве (і вельмі хутка) занепадзе беларуская культура і нацыя. І гэта ня змрочныя развагі, а сьведчаньне пра сур’ёзную небясьпеку. Ёсьць унутраныя імкненьні і дэтэрмінаваныя працэсы развіцьця і ёсьць зьнешнія, часам вельмі нязначныя прыкметы, якія сьведчаць пра зьмест і тэндэнцыю накірунку. Сёлетні “Чарнобыльскі шлях”, напрыклад (ініцыяваны рознымі грамадзкімі групамі разам з псэўдаапазыцыяй), упершыню зьнешне характарызаваўся амаль выключна рускімі лёзунгамі, морам стракатых маргінальных сьцягоў і затрачанасьцю беларускай нацыянальнай сымволікі (той, што перасьледуецца рэжымам, якая яднае, павінна быць і злучаць усіх). Не было нават чорных стужак на сьцягах. Гэта рысы, што сьведчаць пра зьмест. А зьмест уяўляе сумбурнае галасьлівае шэсьце неарганізаваных людзей шмат дзе зь вясёлымі тварамі, усьмешкамі, гаварэньнем, часта з неадэкватнымі тэматыцы выкрыкамі і паводзінамі. Зьмест і атмасфэра (тое, што было зьнешне відавочным) вынікалі з сутнасьці – духоўнага перараджэньня зьявы, якая, відаць, перайшла ўжо парогавую мяжу. Неадэкватнасьць і дэзарганізацыя сабраных людзей тлумачыцца, магчыма, перавагай у шэсьці маладзёвага асяроддзя, якое ў масе (у вялікай колькасьці) дрэнна кіруемае. Але русіфікацыя “Чарнобыльскага шляху” (сакральнай падзеі, дарэчы) – нядобры сімптом. 2) У пытаньнях значэньня мовы, памяці, сымвалаў, асобаў, энэргетычнага разьвіцьця, знакавай камунікацыі і г.д. – усяго комплексу нацыянальнага існаваньня і нацыянальнага змаганьня — непрыяцелі (вялікадзяржаўна настроеныя расейцы, альбо па-просту “лубянка”) разьбіраюцца і разумеюць больш, чым беларусы. У гэтым найперш ёсьць няроўнасьць сілаў (не ва ўладзе, не ў рэсурсах, войску, колькасьці насельніцтва і г.д.) – а ў няроўнасьці ўзроўняў разуменьня спосабу і сэнсу нацыянальнага існаваньня. Для масы беларускіх сацыяльных вярхоў гэтакі сэнс увогуле адсутнічае. Яны, як дзеці, ня ў стане зразумець элемэнтарных рэчаў у расейска-беларускім канфлікце і наіўна думаюць, як той беларускі маладзён (з дакладнасьцю наадварот), які на пытаньне пра пабудову АЭС у Беларусі адказвае ў стылі Лукашэнкі, што гэта “стратэгічны прыярытэт Беларусі” (хоць гэта якраз ёсьць стратэгічны прыярытэт Расеі і расейцы адкрыта пра гэта кажуць). 3) Барацьба зь вялікадзяржаўнай Расеяй на сёньняшні дзень выглядае вельмі няроўнай, бо нагадвае бокс відушчага са сьляпым. Маханьне рукамі сьляпога сьведчыць толькі пра тое, што ён нібыта змагаецца, але вынік ягонага змаганьня – нуль. Нуль, пакуль ня ўбачыць ворага. 4) Барацьба зь вялікадзяржаўнай Расеяй – гэта ёсьць нацыянальная барацьба, якая вымагае геапалітычнага, стратэгічнага і галоўнае – нацыянальнага думаньня. Расея ёсьць актыўны бок вось ужо 200 гадоў. Яна вядзе ініцыятыўную барацьбу і падрыхтаваная да яе да тонкасьцяў – ад эканомікі да культуры, ад штодзённага быту да рэлігіі і філязофіі. Асьляпленьне праціўніка – гэта яе галоўная тактыка на рынгу. 5) Прадуманае вынішчэньне ўсяго беларускага і найперш элітарнага (мовы, асобаў, культуры, кляйнотаў, памяці, беларускіх арганізацыяў і г.д.) прывяло да таго, што на сёньняшні дзень палітыкай сталі займацца людзі, ня ўлучаныя ў беларускую нацыянальную палітыку (тут я кажу ня толькі пра псэўдаапазыцыю). Адсюль неадэкватныя ацэнкі, нулявы вынік і бездапаможнасьць нават у думках і меркаваньнях. 6) Палітычнае дзеяньне павінна пачынацца ад навядзеньня парадку ў галаве і салідарнасьці агульнай пазыцыі. На гэтым якраз палягае наш фронтаўскі тэзіс абавязковага нацыянальнага асьветніцтва. На сёньняшні дзень рэальная беларуская нацыянальная палітыка выглядае вытаптаным полем, якое яшчэ дзе-нідзе імкнуцца бараніць дзеці (моладзь), але, натуральна, ня маюць дзеля гэтага ні сілы, ні вопыту, ні ўменьня. 7) Патрабаваньне да беларускага палітыка, як і да ўсялякага палітыка, павінна, найперш, зыходзіць з агульнапрынятага палажэньня: здольнасьці кіраваць дзяржавай і ажыцьцяўляць уладу ў дзяржаве. Такіх людзей у нас шмат і адначасна такіх людзей у нас мізэрна мала. Бо ажыцьцяўляць уладу трэба будзе не ў рэліктавай прасавецкай прамаскоўскай сатрапіі, а ў нацыянальнай дэмакратычнай беларускай дзяржаве. Адсюль (вяртаемся да пачатковага тэзісу) неабходнасьць усьведамленьня і ўлучэньня ў нацыянальную палітыку – абавязковасьць разуменьня сутнасьці беларуска-расейскага канфлікту і вынікаючых адсюль паводзінаў, стратэгіі, тактыкі, геапалітыкі. 8) Галоўным накірункам вялікадзяржаўнай расейскай акупацыі, зброяй і мэтадам вынішчэньня заўсёды была русіфікацыя. Галоўным патрабаваньнем у палітыцы русіфікацыі было вынішчэньне беларускай мовы. І калі цяпер які-небудзь дзеяч, што кажа за незалежнасьць, дэмакратыю, правы чалавека і г.д., не валодае мовай, не гаворыць па-беларуску, а то па прыкладу розных канторшчыкаў (тыпу Бухвостава) йшчэ і выступае супраць беларускай мовы, — такія людзі, што б яны ні казалі, нічога, акрамя псаваньня і шкоды Беларусі, не прынясуць. Мова стымулюе сьведамасьць і зьберагае культуру. Сьведамасьць нараджае абарону мовы і захоўвае культуратворны працэс. 9) У палітычным працэсе і ў палітычным змаганьні ўдзельнічаюць, вядома ж, ня толькі палітыкі, а вялікія групы людзей, якія спрыяюць перамозе агульных інтарэсаў. Гэта змагары, барацьбіты, часта ахвярныя людзі, якія здольныя на пратэстныя дзеяньні, учынкі і цярпеньні за ідэалы, за супольную справу. Гэта салдаты, жаўнеры палітычнае барацьбы. Яны, у бальшыні сваёй, ня ўмеюць ажыцьцяўляць уладу і ня думаюць, не імкнуцца да яе. Рэальна ажыцьцявіць свае супольныя інтарэсы і ідэалы яны могуць толькі праз рэальных сваіх нацыянальных палітыкаў, якім на справе расчышчаюць і мосьцяць шлях да ўлады. 10) Нават аднаго погляду на цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі дастаткова, каб убачыць дысбаланс у палітычным змаганьні. Жаўнеры нацыі змагаюцца без нацыянальных генэралаў. Гэта вельмі дрэнная сытуацыя. У выпадку жаўнерскай перамогі (а гэта таксама ня выключана) да ўлады звычайна прыходзяць зусім іншыя людзі, часта (і як правіла) з інтарэсамі, супроцьлеглымі тым, за якія ўсе змагаліся. 11) Тэарытычна зразумела: неабходна, каб у цяперашнюю беларускую палітыку ўлучаліся новыя групы людзей, якія выявяць у сябе нацыянальных палітыкаў. Нацыянальна-дэмакратычны рух абавязаны падтрымліваць такія групы, якія змагаюцца за агульныя інтарэсы (напрыклад, супраціў будаўніцтву АЭС і расейскага хімзаводу пестэцыдаў пад Менскам, дамаганьні прадпрымальнікаў і г.д.). 12) Змагары Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху і асобы зь беларускімі нацыянальна-дэмакратычнымі перакананьнямі павінны спыніць сваё маўчаньне і нерэагаваньне адносна выхадак і заяваў супраць мовы ды незалежнасьці, ды за Расею розных Бухвоставых, Сініцыных, Калякіных і іншых асобаў з прамаскоўскай антыбеларускай накіраванасьцю.Трэба разбурыць гэтае балота з падстаўнымі генэраламі ад канторы, Масквы ды Ганса Віка, інакш іх і падобных да іх пасадзяць беларусам на галаву і будуць прымаць у Стразбургах ды Брусэлях за вялікіх дэмакратаў (як ўжо ня раз было) і надалей стануць імітаваць “дэмакратычнае” змаганьне ды гробіць Беларусь. 13) У дачыненьні да неабходнасьці нацыянальнай асьветы трэба скарыстаць таксама тактыку ланцуговага накапленьня беларускай сілы (якой беларускія адраджэнцы, карысталіся ў 1960-х). Ва ўмовах, што склаліся цяпер на Беларусі, яе трэба ўжываць вельмі інтэнсіўна (яна палягае на індывідуальных кантактах і, практычна, не паддаецца кантролю з боку гэбэ). 14) Перад пагрозай чарговага вынішчэньня беларускай эліты (жадобінскі сьпіс) беларусы мусяць пачаць актыўныя захады да самаабароны. (“Жадобінскі сьпіс”, дарэчы, ужо прыняты рэжымам да распрацоўкі. Нядаўні так званы працэс 14-ці гэтаму пацьвярджэньне). Беларуская тактыка павінна быць наступальнай. Неабходна супольна прыступіць да складаньня “антыжадобінскага сьпісу”. (А то Лубянка ўжо занадта далёка заехала.) 15) У бліжэйшы час беларусамі за мяжой будзе створаная Інтэрнэт-старонка (ўмоўна назавём яе “ікс”). Беларусы з Бацькаўшчыны атрымаюць магчымасьць прыслаць на старонку прозьвішчы кандыдатаў у антыжадобінскі сьпіс. Першым у сьпісе будзе стаяць генэрал Жадобін. Месца яму гарантаванае. Што датычыць усіх астатніх, то ўнясеньне ў спіс будзе вымагаць ад карэспандэнтаў дасланьня асноўных дадзеных пра асобу (год нараджэньня, званьне, пасада, грамадзянства і нацыянальнасьць) і абавязкова прывядзеньне фактаў, выказваньняў, цытатаў, сьведчаньняў, якія пацьвярджаюць ягоныя антызаконныя, антыпраўныя і антыбеларускія дзеяньні і пазыцыю. Сьведчаньні павінны быць задакумэнтаваныя ці пацьверджаныя некалькімі сьведкамі. Пажадана прысылаць фатаграфіі парушальнікаў. 16) Першае патрабаваньне ад рэдкалегіі Інтэрнэт-старонкі (і ўвогуле ад усяго беларускага грамадзтва) да канторы генэрала Жадобіна (КГБ) павінна быць такое: 17) Па тых падзеях, што зараз адбываюцца (асабліва ў судах), мы бачым, што вяртаюцца мэтады расейскіх энкавэдзістаў. Але ня цешце сябе надзеяй, спадары жадобіны-навумавы, 1937 год у нас ужо не паўторыцца. А калі паўторыцца, то толькі для вас і ў выглядзе фарсу з адсідкай у тых жа камэрах, куды вы заганяеце сёньня нявінных беларусаў. Ня ўдасца ўсё зваліць на Лукашэнку, ня ўдасца адкруціцца. Мы ведаем, хто кіруе, хто камандуе і хто выконвае; хто па-халуйску стараецца і хто вылузваецца са скуры, каб дагадзіць Лубянцы і нашкодзіць беларусам. 18) Усялякаму рэжыму, што абапіраецца на сілу й хлусьню, здаецца, што ён моцны і нават ледзь што ня вечны. Але бывае, што калі перакрочаная мяжа, то ягоная сіла яго ж і пачынае разбураць. (Просьба не разумець гэта літаральна.) Размова пра тое, што ствараецца сытуацыя, калі сіла, баронячы рэжым, яго ж і падрывае. Чым большая сіла – тым большы тупік (і тым большае, праўда, цярпеньне людзей, якое, аднак, таксама ня вечнае). 28.04.2008 Зянон ПАЗЬНЯК 12/5/2008 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |