Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Ніхто на фальшывыя выбары!

(Выступ на ліпеньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Мы пастаянна кажам, што грамадзтва не павінна ўдзельнічаць у цёмных гульнях і антызаконных дзеяньнях дыктатуры. Бо тады яно робіцца саўдзельнікам злачыннай палітыкі супраць самога сябе, бо тады яно супраць волі апраўдвае маніпулятараў і захопнікаў народнай улады. Асабліва гэта датычылася антызаконнага рэфэрэндуму аб так званым “трэцім тэрміне” Лукашэнкі, рэфэрэндуму, якога не павінна было быць. І што б там ні сталася (ведаем, што напалохалі і ашукалі грамадзтва), але галоўнае для маніпулятараў быў вынік, і афёра была рэальна ажыцьцёўлена. І ўскосна (удзелам у ёй) нашыя грамадзкія эліты (найперш) распісаліся ў сваёй нясьпеласьці.

Дэградацыя палітычных элітаў, як вынік дзеяньня цёмнай антыбеларускай улады – вось што найбольш бянтэжыць і непакоіць. Неадэкватнасьць пазыцыяў і сьветапогляду мае сьведамасны характар, бо ня робіцца аніякіх высноваў з безадказных дзеяньняў і катастрафічных для народа падзей. Памятаем сумнаславутае “Скажам “не” Лукашэнку” ў час апошняга незаконнага рэфэрэндуму. Цяпер прыдумалі новы паранойны лёзунг заганяньня суайчыньнікаў на выбары. Кажуць: “выбары ня выйграем, але йдзем на выбары, каб кантраляваць уладу”.

З жалем мушу канстатаваць, што “разумнікі”, якія прыдумалі такое, няйнакш лічаць іншых людзей адсталымі й неразумнымі. Зрэшты, мы памятаем іх паіменна, калі яны абзывалі звычайных людзей і “быдлам” і “рабамі”, якія маўляў “не дарасьлі” да іхняга, аплочанага чужымі, палёту палітычнае “думкі”.

Цяпер яны заклікаюць “кантраляваць” дыктатуру, цудоўна ведаючы, што сутнасьць дыктатуры – гэта кантроль над грамадзтвам і што дыктатура ў Беларусі жорстка і цалкам кантралюе выбары, галасаваньне і ўвесь псэўдавыбарчы працэс. Хіба ж можна “кантраляваць” дыктатуру!? На тое яна і дыктатура, што яе не у стане ніхто кантраляваць. З дыктатурай змагаюцца. І ў рэшце – ліквідуюць. Яны заклікаюць мыш у мышалоўку кантраляваць прывязку бясплатнага сыру. І пры гэтым хочуць стварыць уражаньне, што рэальна змагаюцца за дэмакратыю. Аднак, на справе “рэальна” гэтыя асобы паспрыялі і “трэцяму тэрміну” і “элегантнай перамозе”, і “убедітельной победе” для прамаскоўскага рэжыму на Беларусі.

І, зразумела, яны ня спыняцца. Ня спыняцца нават цяпер, калі дыктатура, якую яны нібыта будуць “кантраляваць”, ужо таўчэ ўсіх падрад носам аб асфальт, раскручваючы сваю подлую правакацыю з выбухам у натоўпе людзей 4-га ліпеня ў Менску. Зьява набывае паталягічныя рысы. Успамінаецца савецкая “бээсэсэраўская” і цяперашняя намэнклятура і яе сэрвільныя паводзіны перад Масквой. Тое ж самае тут. Адсутнасьць аб’яднаўчых народных ідэй, індывідуалізм і чужыя грошы ў гэтым асяроддзі і тут стварылі псэўдаапазыцыйную намэнклятуру з усімі яе комплексамі “служыць да канца”.

Уплыў гэтых людзей, дзякуй Богу, мінімальны, але вельмі шкодны, бо перадавое грамадзтва шукае альтэрнатывы.

Кожныя псэўдавыбары і “рэфэрэндумы”, якія арганізоўваў прамаскоўскі рэжым, утрымлівалі ў сабе небясьпеку для нацыі, дзяржавы і дэмакратыі. Цяперашнія выбары на Беларусі рэжым і Масква пачалі рыхтаваць з пачатку гэтага года ў абстаноўцы сьціслай сакрэтнасьці (зараз сакрэтнасьць – характэрная асаблівасьць палітыкі пуцінска-лукашысцкага гэбізму). Нашыя адраджэнскія аналітыкі і некаторыя маскоўскія “інфарматары” лічаць, што рыхтуецца зноў чарговы рэфэрэндум аб “інтэграцыі”, рускім рублі ды так званым “канстытуцыйным акце”. У краіне, дзе законы не выконваюцца самой уладай, магчыма ўсё. І адкідваць такі варыянт нельга.

Аднак, мы бачым па паводзінах і выказваньнях дзейных асобаў гэтай палітыкі, што галоўнай мэтай выбараў становіцца задача зрабіць цалкам “сваім” гэты рэжымны “парлямант” і павярнуць так, каб дамагчыся міжнароднагна прызнаньня яго легітымнасьці. У ход пушчана “дэмакратычная” дэмагогія і няўклюдныя абяцаньні.

Сур’ёзную працу на Захадзе правяла руская дыпляматыя і агентура. Вынік мы бачым. Захад чакае любой зачэпкі, любой фармальна-дэмакратычнай праявы, каб прызнаць выбары ў Беларусі. Зноў падняліся там замшэлыя палітычныя ідыёты са сваім лёзунгам аб “дэмакратычнай місіі Расеі ў Беларусі”. Мясцовая агентурка, аглядальнікі-пазытывісты пішуць пра матывы і міжнародныя выгады легітымізацыі кішэннага парляманту для Лукашэнкі.

Магчыма так думае і сам узурпатар. Нам жа трэба задумацца, чаму гэтаму сталі актыўна спрыяць Крэмль з Лубянкай, якія ніколі не тапталі, не таравалі Беларусі дарогі на Захад. Пры бліжэйшым разглядзе відаць, што плянаваная дарожка акажацца фікцыяй. У легітымізацыі лукашэнкаўскіх “палатак” цяпер зацікаўленая найперш Расея. Гэта зьвязана з новай стратэгіяй “інтэграцыі” (чытай — анэксіі), якую пачала пуцінская ўлада з канца 2005 года. Нагадаю. Сутнасьць гэтай палітыкі, артыкуляванай расейцамі, у пранікненьні рускага капіталу на Беларусь і ў захопе (фармальна эканамічнымі мэтадамі) беларускай нацыянальнай маёмасьці. Пасьля гэтага заплянавана паставяць палітычнае пытаньне аб “інтэграцыі” (чытай — заборы) нашай краіны і тэрыторыі пад Расею.

Для пасьпяховага забору беларускай маёмасьці, для апраўданьня і фармальнага пазбаўленьня ад магчымых праблем расейцам якраз патрэбныя фармальна-легітымныя “палаткі”, якія застануцца цалкам у кішэні Лукашэнкі, які ў сваю чаргу застаецца аўтарытарным дыктатарам і якога Крэмль будзе трымаць за горла. Легітымныя “палаткі” патрэбныя Маскве для фармальна-законнага зацьвярджэньня ўсіх маніпуляцыяў расейцаў з захопам беларускай маёмасьці і эканомікі. Мне гэтая планіроўка цалкам нагадвае рускую імпэрскую палітыку ў 18-м стагоддзі перад разборамі Рэчы Паспалітай, пасьля чаго мы на 200 гадоў страцілі незалежнасьць.

У гэтай расейскай раскладцы другой хвалі ўнутранай акупацыі Беларусі (першая была ў 1994 г. – прасоўваньне Лукашэнкі на прэзыдэнта) прысутнічае адзін галоўны (самы галоўны) момант – “палаткі” павінны быць цалкам і безагаворачна прарасейскімі. Такімі, як Лукашэнка, і нават больш. Нават намэнклятура цяперашніх “палатак” поўнасьцю гэтаму не адпавядае, прынамсі па этнічным паходжаньні. Тут трэба добра ведаць расейскую палітыку, каб гэта разумець.

Дзеля ажыцьцяўленьня плану стварэньня кішэнных, легітымных і безагаворачна прарасейскіх “палатак” патрэбны шырокі і сістэмны кантроль над працэсам выбараў у Беларусі. Масква гэты кантроль, дзякуючы Лукашэнку, мае тут даўно, улічваючы глыбокае пранікненьне ў рэжымную ўладу, кантроль над дзеяньнямі Лукашэнкі і ключавымі сфэрамі ўлады, існаваньне сеткі рускай рэзідэнтуры, кантроль над КГБ і г.д.

Аднак зьявіўся трывожны для Масквы сімптом, які здольны пакрэсьліць варварскія планы. Гэты сімптом – нежаданьне амаль паловы выбаршчыкаў Беларусі зноў ісьці на падманныя выбары і канцэпцыя байкоту выбараў, яшчэ з пачатку года агучаная нашай Партыяй (КХП-БНФ). Мы заўважылі, што рэакцыя рэжыму на байкот выбараў мяжуе з панікай. Тыя, хто арганізоўвае падманныя выбары, цудоўна разумеюць, што адзінае, з чым яны могуць ня справіцца і чаго яны ня змогуць да канца пракантраляваць, — гэта байкот галасаваньня. Малая “фрэквэнцыя” выбараў перакрэсьлівае ўсю бравурную хлусьню пра 83 адсоткі і што “народ решил” і т.п. Бальшавікі вырашалі гэтую небясьпечную для іх праблему шляхам масавага тэрору і застрашэньня людзей. Пры саветах, асабліва пры Сталіне, людзі ўсхопліваліся яшчэ цёмна і ўжо ў 6.00 (у гэты час пачыналася галасаваньне) былі на ўчастках. Непрыход на выбары прыроўніваўся да злачынства, якое абавязкава мела карныя вынікі для парушальніка (пры Сталіне маглі саслаць). Але як бы ні стараўся лукашызм насьледваць Сталіну (нават “лінію Сталіна” прыдумалі) – сьвет ужо ня той, які быў 70 гадоў таму. Рэжым ня ў стане зламаць масавую волю людзей (пры ўмове, калі гэтая воля зьявіцца), ня ў стане зламаць нават волю асобных людзей, якія перасталі баяцца.

Меры, якія дастасаваў гэбізм супраць байкоту і за посьпех лубянскае справы, нікога не зьдзівілі, хто ведае іх і іхнія мэтады. Гэта працяг Лёзна, Віцебска, Валгадонска і г.д. – імітацыя тэракту альбо сам тэракт, зьява, можна сказаць, для гэбізму знакавая і тыпалягічная. 4-га ліпеня ўначы ў Менску прагучэў выбух у натоўпе людзей, што глядзелі канцэрт на адкрытым паветры. Паранена больш за 50 асобаў, некаторыя вельмі цяжка. Сама правакацыя тэхнічна была зроблена настолькі груба, што адразу стала зразумела, хто за гэтым стаіць.

Але нягледзячы на гэта, механізм заведзены і крывавая афёра разьвіваецца ў патрэбным рэжыму кірунку. Дзень за днём арыштоўваюць людзей, настроеных супраць рэжыму, робяць ператрусы і допыты, імітуюць “сьледзтва”, шукаюць спраўцаў тэракту ў межах апазыцыйных да рэжыму груп. Расейская ФСБ прапанавала сваю дапамогу ў “сьледзтве”, якая тут жа была прынята. Такім чынам “сьледзтва” вядуць знатакі. Гэтым створана эксклюзыўная схема кантролю расейцаў за выбарамі ў Беларусі і за апазыцыйна настроенымі выбаршчыкамі. У гэтай схеме расейскае ФСБ ужо легальна дзейнічае ў Беларусі, валодае легальнай інфармацыяй, уплывам на ход афёры (“сьледзтва”) і на ход выбараў, на падбор і прасейваньне кандыдытаў згодна зададзенай схемы.

Два з паловай месяцы можа доўжыцца гэтая валынка. У прынцыпе ворганы могуць спыніць любога кандыдата і выбіць яго з выбараў, спаслаўшыся на “сьледзтва” і падозраньні ў тэрарызме. Дастаткова, скажам, знайсьці ў яго пару шрубак (начынка самаробнай бомбы), ці пачку цьвікоў. Можна не сумнявацца, што “палатку” яны скляпаюць як на падбор, вытрымаўшы і “пятую графу”, і ўсе зададзеныя ўмовы. Працэс, як кажуць расейцы, “пайшоў”. Кожны дзень па ўсёй Беларусі па “падазрэньні” арыштоўваюць няўгодных “апазыцыянэраў”, кожны дзень знаходзяць цвікі. Ва ўсім гэтым дурным фарсе рэжым захоўвае сур’ёзны і дзелавы выгляд, Грыміць пагрозамі “закруціць шрубы на галаве “апазыцыі” і г.д. Але, як бачым, і тут ніякія пагрозы ды арышты, ніякія зьнявагі, прыніжэньні і зьдзекі ня спыняць імпэту сэрвільных прагматыкаў пайсьці на выбары і “пракантраляваць” уладу. Нявольніцтва духа – зьява ірацыянальная. Пераконваць такіх бяссэнсоўна.

Наш адказ усяму гэтаму балагану, замешанаму на фальсіфікацыях, правакацыі і крыві, — байкот. Людзі, ня йдзіце ў гэты вертэп, ня йдзіце на іхнія выбары. Пакіньце іх нарэшце самых з сабой, хай глядзяць на сябе ў люстэрка. Іх трэба ізаляваць ад удзелу грамадзтва, і ўсе іхныя гулі павіснуць і адразу ўсім стануць відаць.

Па лёгіцы гэбісцкіх спэктакляў вінавайцу павінны былі б стварыць у канцы – перад галасаваньнем. Кім ён павінен быць – зразумела (інакш навошта было паліць Рэйхстаг). Мэтады адпрацаваныя. Зрэшты, можа ён ужо ад пачатку рэальна “падрыхтаваны” і ў няведаньні чакае толькі свайго часу. Гульня гэтая вартая сьвечак, і спаленьне агента для гэбэ ёсьць ня новая справа. Але гэта ўжо не істотна. Бо, паўтаруся, важнейшым у выбуховай афёры ёсьць не знаходжаньне вінавайцы, а сам працэс яго шуканьня і праз гэта поўны легальны кантроль гэбэ за выбарамі, у якіх Масква мае свой асабісты інтэрас.

Імкненьне легітымізаваць кішэнны “парлямант” можа паспрыяць таму, што ў “палаткі” спэцыяльна прапусьцяць аднаго, пару-тройку кандыдатаў ад падстаўной апазыцыі. Але можна не сумнявацца (тут жорсткі падыход) – на іх месцы будзе апазыцыйная агентура і прарасейска настроеныя “дэмакратычныя” тыпажы. Гэта могуць зрабіць дзеля Захаду, які ўспрыме падстаўку як праяву дэмакратычных выбараў.

Тым часам міліцыя і КГБ ужо ходзяць па дамах па ўсёй краіне і выбарачна (у некаторых месцах татальна) дапытваюць людзей, прымушаюць пісаць тлумачэньні, дзе былі, здымаюць адбіткі пальцаў, як у злачынцаў, перапісваюць дакуманты, нумары тэлефонаў і асабістыя дадзеныя. Так пачынаецца чарговая выбарчая кампанія ў паліцэйскай дзяржаве пры антыбеларускім рэжыме. Мэта такіх дзеяньняў – запалохаць людзей, сарваць байкот і пагнаць усіх на выбары.

Веданьне хваравітай псыхалёгіі і складу думак Лукашэнкі і аналіз ягоных дзеяньняў і выказваньняў да і пасьля выбуху прыводзіць да цікавай высновы: аказваецца, Лукашэнка ведаў пра плян правакацыі і зьяўляецца актыўным гульцом гэтага пляну. Зрэшты, нічога новага пад крывавым сонцам КГБ. Пуцін таксама ведаў пра забойчую апэрацыю ў Беслане, мардаваньне людзей у “тэатры на Дуброўцы” і нават сам даваў распараджэньні.

Уся афёра сшыта белымі ніткамі, сфастрыгавана і ўсё відаць. Нават неспэцыялісту зразумела, што па характару выбуховай лункі там быў не пакет з-пад соку ці малака (які стаяў на віду і якога ніхто не заўважыў), а спэцыяльнае выбуховае прыстасаваньне, вырабленае адмыслоўцамі. Выбуховая энэргія і, адпаведна, шрапнэль былі накіраваны гарызантальна нізам у бок людзей, а грунт выкінула ў адваротны бок, дзе людзей не было. На здымку месца выбуху ўсё добра відаць (як і тое, што месца, дзе мог стаяць злачынца пры закладцы бомбы, было старанна затаптана пасьля выбуху).

Невядома ці ўзялі неабходныя пробы з гэтага месца на аналіз, на прасейваньне паверхні, але фактам ёсьць тое, што ў гэты ж дзень месца выбуху было ліквідаванае, закладзенае дзярэнцам, загладжанае травічкай. Неверагодна, але так. Важная ўліка не праіснавала, засталася толькі на фота. На фоне гэтакіх дзеяньняў узьнікае падазрэньне пра замятаньне непажаданых сьлядоў і пра тое, што знойдзены (калі знойдзены) іншы неўзарваны пакет ёсьць звычайная “лялька”, бутафорыя, якую злачынцы пакідаюць, каб накіраваць сьледзтва ў фальшывым накірунку. Так яно і дзеецца, бо сутнасьць гэтых блытаных маніпуляцыяў з пакетамі (адзін зь якіх нібыта знайшлі за дзьве з паловай гадзіны да выбуху) у тым, каб схаваць дасканалы прафэсіяналізм накіраванага выбуху, род і форму выбуховага прыстасаваньня. Таму што гэта паказвала б на іншую дарогу сьледзтва, дзе гэбістам, магчыма, прышлося б арыштоўваць самых жа сябе.

Усім сумленным беларусам трэба цяпер пра гэта казаць і пісаць, выкрываць крывавую паранойю. Трэба рэальна бачыць тое, што ёсьць на самай справе. Гэтай катэгорыі новых уладароў глыбока начхаць на жыцьці людзей, на чужую маладосьць і здароўе. Дзеля дасягненьня палітычных мэтаў і захаваньня ўлады яны гатовыя “закручваць шрубы на галовах апазыцыі”. Мы гэта ўбачылі даўно, яшчэ 12-га красавіка 1995 года, калі ноччу ў парляманце на нас, 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ, кінулі батальён спэцназу. І вось жа даходзіць чарга і да тых, што тады падлыжна апраўдвалі тое злачынства. Нават камуністу Калякіну перапала.

Але самая вялікая небясьпека хаваецца ў палітычнай мэце, якая стаіць за гэтай правакацыяй і рэпрэсіямі супраць людзей. Па вялікаму кошту – гэта небясьпека страты незалежнасьці Беларусі і канчатковага вынішчэньня нас як культурнай нацыі.

Першы крок, які трэба зрабіць дзеля абароны сябе ў гэтай сітуацыі, — гэта ня ўдзельнічаць у іхнай антыбеларускай палітыцы, спыніць хаджэньне на іхныя фальшывыя выбары і рэфэрэндумы. Байкот антыбеларускім выбарам! Байкот антыбеларускай палітыцы! Беларусам, незалежна ад палітычных прыхільнасьцяў, трэба перастаць душыць самых сябе, трэба перастаць быць прыладай у руках чужой палітыкі. Ніхто на фальшывыя выбары! Усе за Беларусь!

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларскага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

13 ліпеня 2008 г.

15/7/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2008
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024