Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: “Народ заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам.” (Ліст да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Скончыліся чарговыя фальшывыя выбары ў Беларусі. Галоўны вынік: непрызнаньне выбараў. Народны байкот адбыўся. Бальшыня беларусаў не прышлі галасаваць. Выбары сфальсіфікавалі. 28-га верасьня на Беларусі прагаласавала ня болш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў (а ў Менску яшчэ менш). Беларусы не прызнаюць гэтыя выбары за сапраўдныя. Непрызнаныя яны таксама за дэмакратычныя і справядлівыя назіральнікамі АБСЭ. Такім чынам, дзякуючы працы нашай Партыі Фронту над байкотам галасаваньня, дзякуючы правільнай ацэнцы настрояў людзей (якія не жадалі больш галасаваць) і арыентацыі на гэтыя настроі, а таксама, дзякуючы агульным фіксацыям парушэньняў заканадаўства, якое занатавалі ўсе змагары з вабарчым фарсам, дасягнута галоўная задача нашага змаганьня ў гэтых выбарах: непрызнаньне іх за дэмакратычныя і нелегітымізацыя фальшывай палаты-парляманту. Гэта вельмі важны вынік, які дазваляе беларусам захаваць пазыцыі ў змаганьні з расейскай акупацыйнай палітыкай і эканамічнай агрэсіяй. Масква хацела мець прарасейскі легітымны паплямант ў Беларусі, каб праз яго (абмінаючы і ціснучы на нелегітымнага Лукашэнку) замацоўваць тут, нібыта ў “прававым” полі, вынікі сваёй палітыкі (захоп беларускай маёмасьці, увядзеньне ракетаў, войска і г. д.). Прарасейскі парлямант яны сумесна з рэжымам прызначылі. Але зь “легітымнасьцю” – ня вышла, не ўдалося. Ня будзем удавацца ў пытаньне, чаму рэжым павёў сябе такім чынам і не прыслухаўся да шулерскіх падказак з Эўропы (не уключыў “апазыцыянераў” у парлямант). Прычыны такіх паводзінаў рэжыму — вядомыя і лягічныя. Тут ён спрацаваў на сябе. Нам жа галоўнае — які вынік. А вынік такі, што рэжым застаўся пры сваім, а Масква не атрымала жаданага. Гэты варыянт захаваньня пазыцыяў найменш дрэнны з тых, якія маглі быць. Вядома, вынікі былі б лепшыя, калі б у нас дзейнічалі нармальныя беларускія партыі, а не псэўдаапазыцыя па-за нацыянальнага кшталту. У сытуацыі, якая ўзьнікла, рэжым можна было паслаць у накаўт (калі б у час фальшаваньня “папярэдніх выбараў” псэўдаапазыцыя падтрымала байкот і зьнялася б з выбараў). Аднак, народжаны поўзаць, лятаць ня можа. Вырашылі, што лепш атрымаць мокрай анучай па твары ад Лукашэнкі, чам парушыць крэдытна-падмацаваны і некампетэнтны загад Брусэля ісьці да канца (толькі круглыя брусэльскія “разумнікі”, маглі сур’ёзна паверыць, што Лукашэнка выканае іхнюю прапанову пра 22-х “апазыцыянераў” ў парляманце). Зрэшты, хто, як і для чаго гэтую квазіапазыцыю стварыў, мы добра ведаем. За восем гадоў існаваньня яна нічога не дала Беларусі, акрамя шкоды, паразы, заблытваньня думак у галовах людзей і адводу іх ад нацыянальнага бачаньня рэчаіснасьці. Ніякіх, нават мінімальных, дасягненьняў яна ня мела і ніякіх пэрспэктываў ператварыцца ў нацыянальную беларускую сілу ня мае. З гэтай публікай трэба разьвітвацца без шкадаваньня. Чым хутчэй яна зьнікне і разьбяжыцца, тым лепей для Беларусі. Гэтыя выбары (у якіх псэўдаапазыцыя ўдзельнічала “да канца”) якраз паказалі яе поўную залежнасьць ад чужой палітыкі і ад чужых інтарэсаў, яе незацікаўленасьць лёсам нацыі і, фактычна, нежаданьне яго разумець. Становішча пасьля выбараў можна ацаніць для беларусаў як захаваньне ранейшых пазыцыяў усіх бакоў. Але гэта часова. Сытуацыя будзе мяняцца ў сувязі з насіленьнем агрэсіі расейскага гэбізму, якую мы ўжо даўно назіраем у нашай частцы Эўропы. Новае тут толькі тое, што пасьля расейскага нападу на Грузію гэтая разбойная палітыка, нарэшце, напалохала сонную Эўропу, занятую сваімі лібэральнымі псэўда-праблемкамі. Расейская агрэсія ў Чачэніі, варварскае забіваньне чачэнскіх людзей і вынішчэньне Чачэніі на вачах усяго чалавецтва ім аказалася замала, каб праймацца (відаць, інтэрас быў недастатковы.) Цяпер, пасьля расейска-грузінскай вайны, эўрапалітыка стала рухацца ў геапалітычным кантэксьце. А гэта азначае, што так званыя “каштоўнасьці дэмакратыі”, “правы чалавека” і іншая папулярная лева-дэмагогія адыходзіць на другі плян. На першы плян становіцца інтэрас бясьпекі дзяржаўнага, эканамічнага і культурнага існаваньня, пытаньне тэрыторыяў і разьмеркаваньне сілы. У гэтай сытуацыі псэўдаапазыцыя, створаная Гансам Вікам і КГБ, пад дэмагагічны тэзіс “правоў чалавека”, ёсьць абсалютна не прыдатная да такой “экзыстэнцыяльнай” палітыкі, і нават для выкарыстаньня з прычыны сваёй пазыцыйнай дурноты, адсутнасьці нацыянальнай ідэалёгіі і адсутнасьці разуменьня сэнсу палітычнае барацьбы ў Беларусі. Вікаўская падстаўная апазыцыя – гэта тыповая маргінальная зьява, якую стварылі па-за межамі беларускіх нацыянальных інтарэсаў і выцягнулі на паверхню ў інтарэсах Эўразьвязу, Масквы і нават рэжыму (пра што ня раз сьведчыў Лукашэнка). Цяпер, у абставінах, пра якія мы ўсяму Захаду цярпліва даводзім з 1994-га года, Эўропа расплюшчыла вочы, занепакоілася і, не разважаючы, ідзе на кантакт з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі, дэманструе тым самым поўнае фіяска ўсёй сваёй ранейшай павярхоўнай, прарасейскай і прымітыўнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. (Самае істотнае, што ў гэтай эўрапалітыцы і “дэмакратыі” няма месца для беларускага народа.) У сярэдзіне 90-х гадоў існавала моцная нацыянальная беларуская альтэрнатыва прамаскоўскаму рэжыму. Гэта Беларускі Народны Фронт, які яднаў увесь антырэжымны рух. У той сытуацыі актуальным быў сэнс зьмены ўлады, бо ў гэтым выпадку (у выпадку пераходу ўлады да БНФ) Масква мусіла б згарнуць сваю акупацыйную палітыку на Беларусі. Менавіта праз Ганса Віка і менскую Місію АБСЭ нямецкая Эўропа, штурхаючы свае асобныя пляны, спрычынілася да разбурэньня БНФ – нацыянальнай альтэрнатывы прамаскоўскаму рэжыму і дыктатуры ў Беларусі. На гэта былі адпушчаныя вялікія сродкі. Эўрапалітыкі-разьведчыкі дзеля разбурэньня БНФ не спыніліся нават перад супрацоўніцтвам з КГБ (Ганс Вік) і з рэжымам Лукашэнкі. Урэшце вынік быў дасягнуты, Фронт распалавінілі і побач стварылі ненацыянальную, неадраджэнскую “дэмакратычную апазыцыю” з агентуры, саўковай інтэлігенцыі, з былой намэнклятуры і былых хаўрусьнікаў Лукашэнкі, з падкантрольных малых партыяў, з нацыянальна аморфных, наіўных і проста з нацыянальна нявызначаных і, больш таго, — варожых да беларушчыны людзей, куды ўпіхнулі нават Гайдукевіча і камуністаў ды грантавых шабашнікаў, заўсёды гатовых падзарабіць “на палітыцы” і на чым трапіцца. Восем гадоў пры дапамозе гэтай псэўдаапазыцыі левая Эўропа і Масква нішчылі беларускую нацыянальную палітыку на Беларусі, імітуючы барацьбу з рэжымам за “дэмакратыю” і правы бесталковага чалавека. І вось фініш. Саляна тэлефануе Лукашэнку, Сікорскі спатыкаецца з Мартынавым, п’е зь ім самагонку, закусвае зубрацінай. “Нас кінулі!” – па-крымінальнаму лемантуюць гэтыя няшчасныя “апазыцыянеры” пасьля выбарчай камэдыі, не разумеючы, што адбываецца. Тым часам фарс пашыраецца. Я ўжо пісаў у папярэднім лісьце (“Яшчэ раз аб так званым “геапалітычным” выбары рэжыму” — Аднак трэба разумець, што на этапе геапалітыкі любая апазыцыя рэжыму (акрамя нацыянальнай) патрэбная і Маскве, і Эўразьвязу. Завязка толькі на рэжымную ўладу (а фактычна, на Лукашэнку) пазбавіла б усходніх і заходніх палітыкаў манэўру, уплыву на “прадмет палітыкі” і на разьвіцьцё пэрспэктывы. Таму ні Эўразьвяз, ні Масква падстаўную “апазыцыю” ня “кінуць”. Яна ім патрэбная для маніпуляцыяў, падціскаць узурпатара і нішчыць, прафанаваць беларускае Адраджэньне. Тым часам ва ўмовах, дзе геапалітычны крытэрай ёсьць галоўны, цалкам не зацікаўлены ў існаваньні любой апазыцыі павінен быць А. Лукашэнка. Узурпатару лепш завязаць інтарэсы Захаду і Ўсходу на сябе аднаго і маніпуляваць адносінамі. Таму ягоная нядаўняя заява аб зьнікненьні “апазыцыі” у бліжэйшы час мае асэнсаваны зьмест. Ён бы ліквідаваў яе, аднак зрабіць гэта цалкам яму не дадуць Масква і Захад, якім патрэбны гэты канал. Але ў новых рэпрэсіях і арыштах можна не сумнявацца. І ўсё ж дзеля цывілізаванага вобразу і камуфляжу ўзурпатару патрэбна мець нейкі фантом апазыцыі з нібыта “канструктыўным” абліччам (тады АМАП і спэцназ будуць біць і хапаць на вуліцах не “апазыцыю”, а “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”). Можна не зьдзіўляцца, калі такую “канструктыўную апазыцыю” раптам сфармуюць. Трэба, аднак, разумець, што ўсялякія маніпуляцыі непрыяцеляў беларускага Адраджэньня з падстаўной апазыцыяй ды іншымі фантомамі, нягледзячы на шкоднасьць, ня будуць мець вырашальнага значэньня ў змаганьні на Беларусі. Зыход барацьбы залежыць толькі ад самых беларусаў. І цяпер, калі вымоўна агалілася агрэсіўная імпэрская палітыка расейскага гэбізму, калі шмат хто па-сапраўднаму зразумеў небясьпеку, паўстае пытаньне аб агульным дзеяньні, трэба задумацца пра сутнасьць паводзінаў, пра агульны беларускі шлях. Гэты шлях заўсёды, і асабліва цяпер, ёсьць шлях да беларускай нацыянальнай ідэі. Усе іншыя шляхі, на якія штурхаюць людзей ворагі Бацькаўшчыны, ёсьць шляхі ў небыцьцё. Нацыянальная ідэя пачынаецца з нацыянальнай мовы. Беларуская мова ёсьць нацыянальная каштоўнасьць нумар адзін. Гэта ёсьць душа, сродак перадачы і тэрыторыя нашай культуры. Усялякая нацыянальная ідэя грунтуецца на нацыянальнай сьведамасьці, якая ў сваю чаргу грунтуецца на чалавеку, які усьведамляе сябе нацыяй. Усьведамленьне сябе нацыяй азначае, што кожная асоба нацыі ўспрымае сябе народам – часткай агульнай культурнай лучнасьці, якая стаіць на гісторыі. Усялякая нацыя імкнецца рэалізаваць сваё жыцьцё, гісторыю і будучыню ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве. Такім чынам, мова, сьвядомасьць, гісторыя, культура і незалежная нацыянальная дзяржава – вось галоўныя складнікі нацыянальнай ідэі, якія для кожнага нацыянальна культурнага чалавека зьяўляюцца прынцыпамі грамадзкага існаваньня. Палітыка, эканоміка, сацыяльнае ўладкаваньне і г.д. ёсьць вытворнае ад нацыянальнай ідэі. Ня стаўшы на нацыянальны шлях, грамадзтва не дасягае свабоды, — каштоўнасьці, якую можна рэалізаваць толькі ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве. Беларусам трэба станавіцца салідарнымі на нацыянальных каштоўнасьцях і яднацца ў нацыянальнай ідэі. Найперш гэта павінна зрабіцца агульным станам, зь якога можа вылучыцца салідарны рух за вольную будучыню і разьвіцьцё Беларусі. На нацыянальнай ідэі павінны узьнікаць асяродкі, арганізацыі, суполкі, ініцыятывы, калектывы і рухі – крыніцы і ручаінкі, што імкнуцца да вялікай вады. Інакш ня ўзьнікне рака, ня стане магутная плынь. * * * Расейскія намеры ўвесьці на Беларусь свае ракеты і войска пад выглядам небясьпекі і абароны ад лякатараў амэрыканскага супрацьпаветранага шчыта ў Чэхіі і Польшчы груба супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая забараняе такія дзеяньні. Расея гэтым самым плянуе прыхаваную форму акупацыі Беларусі. Але беларускае грамадзтва не дапусьціць чужога войска і ракетаў на сваю тэрыторыю. Ужо цяпер мы павінны аднавіць дзеяньні (створаных у 2002 г.) “камітэтаў абароны” ў Менску і па Беларусі, даваць інфармацыю людзям пра антыбеларускія пляны расейскіх імпэрыялістаў, каб спыніць замашкі Масквы. Адной з формаў пратэсту можа стаць збор подпісаў у Канстытуцыйны суд аб недапушчэньні злачынных перамоваў на тэму ўвядзеньня ракет. Мы мусім таксама аднавіць дзеяньне акцыі “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва” і пачаць зноў рассылку гэтага дакуманта па вызначаных адрасатах у Беларусі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў. Новым нашым дзеяньнем павінна стаць усеагульная грамадзкая акцыя “Абаронім Менск ад разбурэньня”. Трэба моцна супроцьстаяць намерам маскоўска-лужкоўскай мафіі разбурыць з дазволу Менскага Гарвыканкама цэнтар Менска і пабудаваць там вышынны асяродак для маскоўскага крымінальнага і азартнага бізнэсу з мноствам хмарачосаў. Калі гэты шматмільярдны маскоўскі плян быдзе выкананы, Менск ператварыцца ў чужы крымінальны горад, у якім беларусам-менчукам стане немагчыма жыць. Гэта таксама адна са старонак агульнага расейска-гэбоўскага пляну акупацыі Беларусі, шляхам стварэньня архітэктурна-будаўнічых дэсантаў, перасяленьня і пабудовы крымінальна-бізнэсовых расейскіх паселішчаў на нашай тэрыторыі. Сваю акупацыйную палітыку рускі гэбізм навучыўся прыкрываць нібыта інтарэсамі вольнага бізнэсу. Але ў Расеі цяпер няма вольнага (некантралюемага КГБ) бізнэсу, гэтак жа, як і ў Беларусі, дарэчы, таксама. Формы пратэсту могуць быць розныя: ад збору подпісаў у Менгарвыканкам да стварэньня грамадзкіх ворганаў мясцовага самакіраваньня. У нашай грамадзкай адраджэнскай працы мы павінны памятаць, што любая ініцыятыва набывае сэнс, калі пранікае ў гушчу людзей і пачынае самаразьвівацца. У гэтым уменьні павінна быць цяпер нашая тактычная мэтода і палітычнае пакліканьне. Бо памятайма: народ заўсёды здольны абараніць сябе сам, калі адчуе сябе народам. 4 верасьня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК 14/10/2008 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |