Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Прэс-рэліз (кастрычнік 2008 г.) Пакуль Пуцін з Медведевым удаюць з сябе спартоўцаў і трэнэраў, пазіруюць з школьнікамі і г.д., расейская правінцыя (а гэта – усё, акрамя Масквы і Піцера) дагнівае і валіцца. Чарговая трагедыя адбылася 1 кастрычніка ў сяле Беляеўка Арэнбургскай вобласьці. Дзеці вучыліся ў будынку, які доўга ўжо знаходзіўся ў аварыйным стане. Пасярод вучэбнага дня сьцены захісталіся і далі вялікія шчыліны. Замест таго, каб ратаваць дзяцей, адміністрацыя пачала тэлефанаваць гарадзкому, потым абласному начальству і пытацца, што трэба рабіць. Дзяцей пачалі выводзіць з будынка, калі ляснула галоўная сьцяна і абрынуліся сходы. Загінулі пяць 16-гадовых школьніц, некалькі цяжка паранены. Такі вось “гарант міра і стабільнасьці”. На прыканцы верасьня — пачатку кастрычніка па расейскіх тэлеканалах паказалі сюжэты пра лакальную пугачоўшчыну. Арэнай “аптымістычнай трагедыі” гэтым разам стаўся рэгіён Валдай (Ноўгарадзкая вобласьць). Насельніцтва там ня можа прысьці ў сябе пасьля зьнішчэньняў, наладжаных яшчэ апрычнінай Івана Жахлівага. Людзі выміраюць, сьпіваюцца, жывуць у страшнай галечы. Раней яны яшчэ неяк трымаліся дзякуючы недалёкай Эстоніі, езьдзілі туды па якасныя і танныя тавары, прадавалі свае вырабы. Цяпер мяжа з суседам зачынена і яны засталіся адрэзанымі ад сьвету. Аднак, Валдай прыгажосьцю прыроды, чысьцінёй паветра (мала людзей, няма фабрык) прывабіў багацеяў рознага кшталту з Масквы і Піцера. Яны пачалі будаваць тут свае дачы-маёнткі. Валдайцы некаторы час з-пад ілба глядзелі на “терем-теремкі” за высокім плотам і слухалі бесклапотны сьмех сталічных гаспадароў. А потым мясцовы люд пачаў актыўна паліць гэтыя маёнткі. Валдайскае неба штоноч залівала полымя. Загінулі нават аб’екты, што належалі некалькім вядомым кінаакцёрам. Расейскага Кот Д’Азур не атрымалася. Хто ацалеў ад народнага чырвонага пеўня, пачаў хуценька прадаваць маёнткі за медны грош і ўцякаць назад у сталіцы. 2 кастрычніка Расея падпісала з Эўразьвязам пагадненьне аб вывадзе расейскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Грузіі. А ўжо 3 кастрычніка ў Цхінвалі адбыўся магутны выбух. Выбухнуў аўтамабіль перад будынкам галоўнага штаба “расейскіх міратворчых сілаў”, загінулі 9 чалавек, шмат было паранена. Сярод загінуўшых апынуўся і камандуючы гэтым штабам генэрал Іван Петрык (чарговы беларус, які рабіў кар’еру ў расейскім войску ды так і не дарабіў). Зразумела, што Масква адразу ж абвінаваціла Тбілісі ў тэрарызме. Але грузінскія прадстаўнікі лагічна спыталіся: “А навошта гэта нам?” Сапраўды, навошта? Можа для таго, каб “міротворцы” ніколі не сыходзілі з Грузіі? Уражвае сам сюжэт з выбухам (як у жанры іранічнага дэтэктыва, папулярнага апошнім часам). “Міротворцы” знайшлі на цхінвальскай вуліцы пакінуты аўтамабіль. Каб праверыць яго, яны прывалаклі аўтамабіль да свайго штаба і пачалі раскручваць на часткі. Прычым, рабілі гэта непасрэдна пад вокнамі свайго вышэйшага начальніка Петрыка. Машына выбухнула. Расейскае камандваньне так і не паведаміла, хто аддаў такі дзіўны загад. Хаця нічога дзіўнага. У той жа дзень у Крамлі адбывалася чарговая раздача крыжыкаў і ордэнаў. Некаторыя зь іх уручаліся пасьмяротна. Напрыклад, прызначаныя некалькім афіцэрам спэцчастак ФСБ, якія “отлічілісь в Беслане”. Тэлевядучы не забыўся сказаць, што дзесяткі “отлічівшіхся” загінулі праз некалькі дзён пасьля трагедыі ў Беслане. Яны адляталі з Каўказа на двух верталётах, якія ўпалі і разьбіліся ў гарах. Расейскім генэралам і афіцэрам трэба было б даўно здагадацца, што самых “отлічівшіхся” зь іх абавязкава ліквідуюць. У Грозным 5 кастрычніка зноў іграў аркестар і разразалі чырвоную стужачку. Гэтым разам чарговай вуліцы надавалі новае імя: ул. В.В. Путіна. Шкада, што не было самога намінанта. Яму трэба было б задумацца над тэндэнцыяй. У г. Грозным за апошнія гады шэраг вуліц назвалі імёнамі барацьбітоў супраць чачэнскага народу, якія наляцелі на бомбу, міну або кулю. Добра, што не прыехаў сам намінант. Раптам бы аркестар зайграў фрагмэнт з оперы “Барыс Гадуноў”. Той, дзе тэнар-юродзівы сьпявае: “Государь! Не являются ль тебе в ночи кровавые младенцы?!..” 9 кастрычніка ўсіх “огорошіла” маскоўская “оппозіція”. Лепшыя сябрукі мясцовых вінцучкоў-мілінкевічаў-лебедько, такія ж правальшчыкі, як і менскія псэўдаапазыцыянэры, заявілі пра новы хаўрус. Н. Белых, Б. Нямцоў, І. Яшын, М. Рэзнік, Г. Каспараў, Л. Панамароў гукнулі ў Маскве пра стварэньне “новай апазыцыйнай арганізацыі пад назовам “Солідарность” Бо маўляў іхнае змаганьне падобнае на тое, што рабілі палякі ў 1979-м – 1980-х гадах. Таварышы творчы засвоілі досьвед менскіх калегаў, якія яшчэ ў 1997 г. стварылі былі сваю кантору пад клясічным назовам “Хартыя”. Мяркуем, што чарговы акт маскоўскай “демократіческой” клаўнады знойдзе водгук на Захадзе. Там заўсёды вітаюць жулікаў і прайдзісьветаў з Усходу. Гранцікі прышлюць… З усяе краіны пасьля выбарчага фарсу паступаюць зьвесткі пра маштабную акцыю беларускага студэнцтва пад крыптонімам “Дуля ў кішэні”. Як вядома, заганялам на выбары найбольш масава ўдалося загнаць на выбарчыя ўчасткі менавіта студэнтаў, што жывуць і інтэрнатах і зьяўляюцца вельмі паднявольнай часткай нашага грамадзтва. Студэнты бюлетэні ўзялі і пайшлі ў кабінкі для галасаваньня. Большасьць зь іх у знак пратэсту ўкінулі ў урны пустыя бюлетэні. А многія напісалі на бюлетэнях “ласковые слова” ў адрас дыктатуры і яе начальніка. Аб гэтым паведамляюць самы студэнты, а таксама сябры выбарчых камісій, якія высыпалі з урнаў стосы праклёнаў і кпінаў ад беларускай моладзі. Янка Базыль 14/10/2008 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |