Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Кастрычніцкі юбілейны пашыраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

19 кастрычніка сёлета споўнілася 20 гадоў з дня стварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Да гэтай юбілейнай даты быў адмыслова прымеркаваны ў Менску пашыраны Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Фронтаўцы сабраліся ва ўрачыстай абстаноўцы з кветкамі і ўзьнятым настроем. На сьценах віселі плякаты і заклікі часоў гістарычнага, узнёслага змаганьня. Сойм заслухаў віншавальны выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “20 гадоў Беларускаму Народнаму Фронту “Адраджэньне” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы выказалі словы віншаваньня ў адрас усіх патрыётаў Беларусі, якія на працягу дваццаці гадоў змагаліся за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны ў шэрагах БНФ “Адраджэньне”, падтрымлівалі Фронт, ўздымалі над краінай нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Змагарнае дваццацігоддзе супала сёлета з адметнай падзеяй у жыцьці Беларусі. Шматгадовая праца патрыётаў-фронтаўцаў, якія тлумачылі людзям неабходнасьць адвярнуцца ад рэжыма і ягонай псэўдаапазыцыі, завяршылася на прыканцы верасьня паразай прамаскоўскага рэжыму і прамаскоўскай псэўдаапазыцыі на парляманцкіх выбарах. Народны байкот выбарчага фарсу – гэта перамога беларускага грамадзтва, якое не дало ўцягнуць сабе ў злачынныя дзеяньні рэжыму і яго памагатых. У выніку незаконна ўтвораны псэўдапарлямант дыктатуры зьяўляецца нелегітымным. Нелегітымнымі будуць таксама ўсе рашэньні, якія стане прымаць гэтая незаконная структура.

Стала вядома, што вынікі народнага байкоту напалохалі Маскву і мясцовы прамаскоўскі рэжым. Партнёры па зьнішчэньню Беларусі баяцца цяпер выносіць на рэфэрэндум пытаньне аб незаконнай “саюзнай дамове паміж РФ і РБ”. На рэфэрэндум такія пытаньні, аднак, увогуле не выносяцца, закон забараняе. Але мы іх ведаем – чхаць ім на закон. Тым часам, і яны ўжо ведаюць, што мільёны беларусаў больш ня пойдуць на антызаконнае галасаваньне. Таму змоўшчыкі спрабуюць легітымізаваць сваю “саюзную дзяржаву” спосабам кулуарнага галасаваньня ў расейскай Дзярждуме і нелегітымных “палатах” РБ. Неабходна мабілізаваць усё беларускае грамадзтва на супраціў гэтай антыканстытуцыйнай змове, якая зьяўляецца шляхам расейскай акупацыі Беларусі.

Разбуральны буйнамаштабны эканамічна-фінансавы крызіс ахапіў Расею. Хворая, заснаваная на алігархічных капіталах і інтэнсіўнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў эканоміка Расеі нясе буйныя страты. Сьвет можа стаць сьведкам пачатку чарговага этапу развала расейскай імпэрыі. Штучная, злачынная арыентацыя беларускай эканомікі на Расею пагражае грунтоўным крызісам і нашай краіне. У выніку крызісу ў Расеі і ўцёкаў капіталаў за мяжу рэзка спыняецца будаўнічая дзейнасьць у Маскве і іншых рэгіёнах імпэрыі. Зьнікаюць будаўнічыя фірмы, для якіх працавалі беларускія рабочыя. Рэжым у Менску і ягоная псэўдаапазыцыя (Мілінкевіч і інш.) на працягу гадоў хваліліся, што “у Беларусі няма беспрацоўя”. Яны, як быццам, “не заўважалі” амаль паўтара мільёна беларускіх мужчын, якія, ня маючы працы ў Беларусі, вымушаны былі ехаць на заробкі ў рабства ў Расею. Цяпер гэтыя паўтара мільёны мужчынаў вернуцца ў Беларусь з эканамічных руінаў Расеі. Будзе нарастаць сацыяльны пратэст, паглыбляцца крызіс дыктатарскага рэжыму, антынацыянальная палітыка якога прынесла столькі бедаў нашай Радзіме.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Пасьля правалу выбарчага фарсу структуры міліцыі і КГБ спрабуюць запалохаць і “прыцягнуць да адказнасьці” шэраг сяброў Фронту і Партыі. Але фронтаўцы не паддаюцца на пагрозы і антызаконныя патрабаваньні структураў рэжыму, зьвяртаюцца з заявамі ў пракуратуру. Партыя не дапусьціць, каб у адносінах да нашых сяброў ужываліся незаконныя, брутальныя мэтады ўціску. Сябры Партыі адзначылі, што дзеячы і структуры падстаўной псэўдаапазыцыі падчас выбарчага фарсу паўсюдна прадэманстравалі сваю хлусьлівасьць, прадажнасьць і спрыяньне плянам рэжыму.
Людзі адэкватна ацанілі гэтую публіку і ейныя заклікі ісьці на выбарчыя ўчасткі псэўдавыбараў. Гэтыя дзеячыкі канчаткова страцілі свой твар, людзі адвярнуліся ад іх і іхнай фальшывай палітыкі, аплочанай ворагамі Беларусі. Аднак, беларусы са зьдзіўленьнем назіраюць, як адразу ж пасьля выбарчага фарсу гэтыя дзеячы зноў паехалі ў Брусэль і Берлін, каб зноў “прадстаўляць беларускі народ і апазыцыю”. Яны рыхтуюць нават вялікую канфэрэнцыю “па будучыні Беларусі” ў Берліне, якую мяркуецца правесьці пад кіраўніцтвам разбуральніка нацыянальнай палітыкі Беларусі Ганса Віка і на нямецкія грошы (пры тым, што Вік публічна прызнаваўся, што мэтай ягонай асабістай дзейнасьці на пасадзе кіраўніка Менскай місіі АБСЭ зьяўлялася “уключэньне Беларусі ў больш дэмакратычную Расею”. Неабходна тлумачыць людзям, што дзейнасьць гэтай правальнай публікі мае прыкметы нацыянальнай і дзяржаўнай здрады. Яны мала адрозьніваюцца ад дзеячаў рэжыму.

Сойм абмеркаваў пытаньні падрыхтоўкі і правядзеньня мерапрыемстваў на сёлетнія Дзяды.

Інфармацыйная камісія
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
19 кастрычніка 2008 г.

21/10/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2008
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024