Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ДЗЯДЫ, ДЗЯДЫ, БУДЗЬЦЕ З НАМІ!

Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы. Сёньня Сьвятыя Дзяды, і мы, як заўсёды, як вось ужо 20 гадоў, зноў тут, у Курапатах, разам з Дзядамі. Мы зноў, як і кожны год, прынесьлі сюды на плячах крыжы на безыменныя, брацкія магілы народа. Гэтак стварыўся і ствараецца далей Народны Мэмарыял Курапаты.
Курапаты абверглі камуністычную хлусьню, быццам бы сталінскі тэрор і рэпрэсіі датычыліся ў асноўным толькі кампартыі і яе кіраўнікоў. Адкрыцьцём Курапатаў засьведчана, што быў плянавы генацыд Беларускага народа. Тут адкрытая ўлікі масавага забойства – прастрэленыя рэшткі людзей. Нас вынішчалі мэтадычна і па графіку. На Беларусі была створана цэлая сістэма масавых расстрэлаў, якая працавала, як машына. За часы савецкай акупацыі (улічваючы 20-я гады) камуністы забілі ў нас больш двух мільёнаў беларусаў. Прытым за пэрыяд нямецкай акупацыі каля паўмільёна беларусаў забілі так званыя “савецкія партызаны”, кіруемыя з Масквы і маскоўскім НКВД.
Толькі ў Курапатах было расстраляна каля чвэрці мільёна людзей. У Беларусі такія вялікія і малыя Курапаты былі вакол кожнага горада. Адбывалася шырокамаштабнае вынішчэньне беларускай нацыі. У першую чаргу татальна забівалі ўсіх нашчадкаў беларускай шляхты і людзей шляхецкага паходжаньня. Потым зьнішчана была беларуская адміністрацыя (у тым ліку і камуністычная), выбівалі людзей творчых і інтэлiгентных, масава вынішчалі сялянства. Сяляне працавітыя, гаспадарныя, заможныя былі расстраляныя, рэшта ператворана ў калгасных рабоў.
Дасьледваньне Курапатаў выявіла, што вынішчэньне беларусаў было плянавым. На кожную вобласьць, раён і сельсавет з Масквы спускалася разнарадка на пастаўку ў турмы і на расстрэл пэўнай колькасьці людзей у месяц. (Маскоўцы называлі іх гнюсьненькім тэрмінам – “врагі народа”.) Невыкананьне пляну і зрыў разнарадкі пагражала расстрэлам тым, хто быў адказны за выкананьне пляну. Кожны дзень па тэлефоне ў Маскву зь Менскага НКВД перадавалі зьвесткі пра колькасьць асуджаных і расстраляных. А ў Маскве вёўся рэестравы ўлік забітых, асуджаных і вывезеных беларусаў.
Так працавала гэтая маскоўская машына забіваньня людзей. І нават вайна не спыніла расейска-бальшавіцкага генацыду. Вынайшлі новыя формы вынішчэньня вайной.
Расейска-бальшавіцкія злачынствы супраць чалавецтва не былі юрыдычна асуджаныя міжнароднай супольнасьцю. Прычына гэтага ў тым, што не была дабітая і зьнішчаная ў сваім логаве маскоўская імпэрская гідра, якая спарадзіла бальшавіцкі генацыд. Наадварот, Заходняя Эўропа, Тоні Блэр, Жак Шырак, прэзыдэнт Клінтан (пасьля паўраспаду савецкай імпэрыі ў 1991 годзе) зрабілі шмат, каб Маскоўшчына засталася на паверхні, каб яна не патапілася і без варункаў плыла далей. У выніку ў Расеі цяпер пануе гэбізм – абсалютная карпратыўная ўлада КГБ, энкавэдзісцкі рэжым прафашысцкага кшталту, які ўжо агрэсіўна шчэрыцца на вольны сьвет і бразгае зброяй. Нашчадкі тых, што забівалі ў Курапатах, уладараць цяпер у Расеі. З жалем прыходзіцца адзначаць, што палітычны Захад, спарадзіўшы камунізм і фашызм, так нічаму і не навучыўся за ўсю крывавую гісторыю ХХ-га стагоддзя.
Народ, які падвергся генацыду і вынішчэньню, валодае асаблівым правам ў сьвеце. Гэта ёсьць зборнае права нявіннай крыві. Ніякае пытаньне, якое датычыць існаваньня нацыі і яе жыцьцёвых інтарэсаў, ворагі чалавецтва ня могуць зманіпуляваць без уліку імі забітых мірных людзей з мэтаю вынішчэньня. Гэта павінна быць уведзена ў наш будучы вольны беларускі і міжнародны закон. Гэты закон павінен абмежаваць забойцаў народа ў бясчынствах над трунамі. І калі якія-небудзь варвары пачнуць пытацца, пагражаючы, ці трэба беларусам іхняя культура, свабода ці мова, то трэба найперш спытацца пра гэта ў тых, каго яны забілі толькі за тое, што былі беларусамі. Хай падымуць з магіл і спытаюць..
Два мільёны галасоў гучаць, сьведчаць з таго сьвету за жыцьцё Беларусі, за нашчадкаў, за вечны народ. Гэта галасы расстраляных нашых дзядоў. Гэта нашы саюзьнікі. Мы, і ўсе людзі, павінны іх чуць. Яны маюць права, каб іх пачулі, бо здабылі яго пакутлівай сьмерцю. На гэтым праве будзе вяршыцца і апошні Боскі прысуд. Сьмерць часткі народа праз генацыд – гэта вялікая наша страта. Але гэта ёсьць і вялікая наша сіла. Сіла трагедыі, перамога ідэй, якая павінна стацца законам.
Успомнім жа нашых дарагіх і вялікіх дзядоў, каб ніхто не застаўся забыты. Тут і вялікія нашы пісьменьнікі, і паэты, і вялікія змагары за шчасьце Беларусі. Але я хацеў бы ўспомніць найперш майго сябру, сьціплага найвыдатнейшага чалавека і шчырага беларуса, зь якім мы некалі разам хадзілі па Курапатах, марылі пра справядлівасьць і сьветлы дзень. Гэта імя Яўгена Ігнатавіча Шмыгалёва, падпісанта артыкула “Курапаты – Дарога сьмерці”. Гэта быў чалавек рэдкаснай прыстойнасьці і сьветлай веры. Апошні раз я бачыўся зь Яўгенам Ігнатавічам у восень 1995 года. Ён быў, як заўсёды, спакойны, але вельмі сумны.
– Што з табой, Ігнатавіч? Што за бяда?
– Бяда, — паўтарыў Шмыгалёў. Пасьля доўгага маўчаньня ён сказаў мне, што хворы невылечнай хваробай і што яму адмерана яшчэ паўтары-два гады.
Цяжкае гэта было прызнаньне. Яўген Ігнатавіч памёр 1-га верасьня 2000 года. Меў 72 гады. Вечная памяць. Пухам зямля.
Успомнім жа добрымі словамі нашых дзядоў і зразумейма, што ўсе мы разам: і тыя, што там, і тыя, што тут. І метафізіка і рэчаіснасьць існуе ў адным. І ў гэтым — духоўная вечнасьць чалавецтва і духоўная сіла народа.
Хвала дзядам! Слава Беларусі! Дзяды, дзяды, будзьце з намі!

2 лістапада 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК

2/11/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2008
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024