Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: Сьветлая, вольная Беларусь хай стане нашым сьцягам!

Споўнілася 20 гадоў Народнаму Фронту – арганізацыі, дакладней, руху, які адчыніў новую старонку ў гісторыі Беларусі. Самае галоўнае: была дасягнута рэальная незалежнасьць Беларусі, закладзены структурныя і праўныя асновы незалежнай беларускай дзяржавы, падрыхтаваны палітычны і ідэалягічны крах каляніяльнай камуністычнай сістэмы і сьветапогляду. Была адчыненая магчымасьць (да 1994 г.) культурна-нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця Беларускага народа.

Межавыя слупы дзейнасьці Фронту – гэта 1988 (адкрыцьцё Курапатаў і стварэньне БНФ), 1989 (праўда пра Чарнобыль; Устаноўчы зьезд), 1990 (выбары ў Вярхоўны Савет і стварэньне дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня; распрацоўка і прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі; канцэпцыя Балта-Чарнаморскай Садружнасьці), 1991 (здабыцьцё Незалежнасьці; прыняцьце дзяржаўных сымвалаў Рэспублікі Беларусь – Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрбу Пагоня), 1992 (параза, антызаконная забарона рэфэрэндуму аб выбарах і перамене ўлады), 1993 (пастаноўка пытаньня, прапаганда і змаганьне за адстаўку Урада Кебіча), 1994 (вылучэньне на прэзыдэнцкіх выбарах нацыянальнага кандыдата ад БНФ з дэталёвай праграмай дзяржаўнага і эканамічнага будаўніцтва вольнай, дэмакратычнай Беларусі), 1995 (вайсковы напад на дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і зьбіцьцё галадуючых дэпутатаў; пачатак дыктатуры), 1996 (24 сакавіка – масавы мітынг у Менску супраць саюзнай дамовы з Расеяй – магутны ўдар па дыктатуры, які меў міжнародныя вынікі; эміграцыя і дзейнасьць лідэраў БНФ за мяжой, якая прымусіла Захад прызнаць наяўнасьць дыктатуры ў Беларусі і зьмяніць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску), 1997 (вылучэньне і прыняцьце ідэі Вызвольнага руху), 1999 (раскол Народнага Фронту на дзьве арганізацыі).

Мінула 9 гадоў пасьля расколу. Час не малы. Мы добра памятаем, як было, якія былі заявы, ляманты, пляны, хто што рабіў і чаму. Пара падвесьці вынікі і назваць “герояў”, якія менавалі сябе “маладымі прагматыкамі”, “новай хваляй” у БНФ.

Ініцыятарамі “новай хвалі” “маладых прагматыкаў” былі Ю. Хадыка, А. Бяляцкі, В. Вячорка і В. Івашкевіч. Зьмест “хвалі” заключаўся ў “абнаўленьні” Фронта, пераўтварэньні яго ў шырокі дэмакратычны рух, адкрыты для дэмакратыі і ініцыятывы яго ўдзельнікаў. Ідэалёгію “хвалі” ў голас ня вызначылі, але было заяўлена і надрукавана Ю. Хадыкам, што Беларуская Нацыянальная ідэя сябе вычарпала і што добра было б аб’яднаць БНФ з прамаскоўскай АГП (Лябедзькі). Дакладна гэта гучыць так: “Нацыянальна-вызвольная ідэя, якая была стрыжнем у дзейнасьці БНФ з канца 80-х гг., у значнай ступені вычарпала сябе”… Аптымальна было б не падзяліць Фронт, а аб’яднаць яго з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і іншымі партыямі гэтага накірунку.” (Ю.Хадыка. Бюлетэнь “Избиратель”, №9, чэрвень, 1999 г.). Сымптаматычна, што такое было напісана тады, калі “ініцыятары” рыхтавалі пераварот у БНФ. З гэтым усе прагматыкі моўчкі і пагадзіліся. Шараговым фронтаўцам прапаноўвалі “сучасны ўзровень” дачыненьняў у палітыцы, выхад на новыя далягляды, на цеснае супрацоўніцтва з эўрапейскай дэмакратыяй, на міжнародную салідарнасьць у барацьбе з дыктатурай, на “эўрапейскі стандарт” у палітыцы”. Адпаведна “эўрапейскі стандарт” (калі яго прыняць) мусіў бы ў корані эўрапеізаваць жыцьцё і змаганьне змагароў Фронта. Фронтаўцам абяцалі офісы і кампутары, друкаркі і тэлефоны, усю так неабходную для такой новай “палітыкі” аргтэхніку, канфэрэнцыі за мяжой, трыбуны, тэлеэфір і т.п. Шмат каму гэта, відаць, спадабалася, напоўніла сэрца радасным трымценьнем сапраўднай (як яны, відаць, думалі ) барацьбы. “Пазьняк не дасьць зарабляць “бабкі”, — сказаў крылатую фразу адзін змагар (якога потым нават самы прагматыкі літаральна вынесуць з свайго асяроддзя за няўемны імпэт).

З боку так званай “Эўропы” “салідарнасьць” насіла таксама чыста прагматычны характар. Ім сказалі (канкрэтна А. Бяляцкаму): калі пасьля зьезду кіраваць Фронтам застанецца Пазьняк, ніякіх інвэстыцыяў вы не атрымаеце.

А гэта сур’ёзна. Лявона Баршчэўскага, які ніяк ня мог вызначыцца з “новай хваляй”, нарэшце, дадушылі, і ён (папярэдне пажаліўшыся на мяккасьць свайго характару і ўзяўшы на сябе віну за непарадак у Фронце) прафэсійна правёў зьезд у інтарэсах прагматыкаў – заблытаў некарысны для “рэвалюцыянераў” вынік галасаваньня і падвесіў пытаньне, не давёўшы зьезд да заканчэньня.

Наступным заканчэньнем гэтага зьезду (які сабраўся праз два месяцы) стаўся раскол. Прагматыкі па закліку Ю. Хадыкі пакінулі залю і вечарам правялі асобны зьезд. Пасьля гэтага Л. Баршчэўскі адышоў ад палітыкі і ад кіраўніцтва, а прагматыкі засталіся са сваёй рэштай, ілюзіямі і спадзяваньнямі.

І я, і мае сябры-фронтаўцы, што прайшлі праз парляманцкую барацьбу, ня раз пісалі і казалі “прагматыкам” спыніцца, ня блытаць палітыку з бізнэсам, не спакушацца на чужыя грошы, бо за чужымі грашыма ідуць чужыя інтарэсы і маральнае разбурэньне ўдзельнікаў руху. Казалі пра моц ідэёвасьці і салідарнасьці, пра абавязковае набыцьцё павагі ў людзей (як было ў пачатку), папярэджвалі пра фальшывасьць шляху, які прывядзе да ганьбы і здрады.

Але ўсе нашыя словы прапалі марна, бо тут адбыўся ня столькі палітычны, кoлькі маральны выбар. Бальшыня прагматыкаў добра ўсьведамляла, што рабіла і на што пагаджалася.

Прагматызм у палітыцы ёсьць адмоўная характарыстыка і адмоўная зьява. Гэтым ніхто не хваліцца, бо прагматыка прыводзіць да бяспрынцыпнасьці і карупцыі, да гніеньня сістэмы. У Беларусі, аднак, знайшлі людзей, якія думалі зрабіць з прагматызму правілы паводзінаў у апазыцыйным змаганьні. Але гэта немагчыма, бо апазыцыя да палітычнага рэжыму ня ёсьць прагматычным дзеяньнем. Калі ў апазыцыі пачынаюць гаварыць пра прагматыку – гэта значыць, што мосьціцца шлях да калябаранцтва, шкурніцтва, двайнога стандарту, да шуканьня выгады ад апазыцыйнай справы. (Пра прагматызм гавораць ва ўладзе.) Аднак для прагматыкаў гэта ўсё тэорыя, якая ня мае значэньня для людзей, калі яна пярэчыць іхным жаданьням.

Ну і дзе цяпер “новая хваля”? Якія посьпехі прагматычнай палітыкі? Ніякія. Якія дасягненьні? Ніякіх. Затое пройдзены ўвесь шлях дэградацыі і маразму, пра якія мы, адраджэнцы, казалі ім ў 1999-м.

Самае неверагоднае, што адбылося з прагматыкамі БНФ, — гэта супрацоўніцтва з камуністамі, са старой капээсэсаўскай намэнклятурай тыпу члена бюро ЦК КПБ, нашага злоснага і праваленага тады фронтаўскага суперніка на выбарах 1990 года – Уладзімера Ганчарыка. Яны агітавалі за яго на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. Цяпер дакладна вядома: так патрабавалі ад іх заходнія спонсары, і прагматыкі прагматычна пайшлі за камуністам, за нашым ворагам і апанэнтам. У 1991-м такое не магло б прысьніцца і ў страшным сьне. Потым яны падтрымлівалі капээсэсьнікаў М. Марыніча, С. Калякіна, А. Мілінкевіча, А. Казуліна і ўсю антыфронтаўскую камарыльлю, аб’ядналіся зь імі ў адну палітычную групу. Ізноў жа, аб’ядналіся таму, што таго аб’яднаньня патрабавалі заходнія спонсары і абяцалі рэсурсы. Гэта ўжо нават не палітыка, а фірма, “гээмбэха” — таварыства з абмежаванай адказнасьцю, якое жыве з інвэстыцыяў. На чалавечай мове гэта называецца здрада, нізкая і нікчэмная, адыход ад ідэалаў беларускага змаганьня, поўнае выпадзеньне зь беларускай нацыянальнай палітыкі, пераход у глыбокі маргіналізм (якой зьяўляецца так званая “вікаўская апазыцыя”) у поўную палітычную беспэрспэктыўнасьць. Існаваньне гэтай фірмы пад назвай “дэмакратычная апазыцыя”, куды ўвайшлі прагматыкі з БНФ, абумоўлена існаваньнем рэжыму Лукашэнкі. Найбольш цынічныя зь іх кажуць у голас, што Лукашэнка, фактычна, дае ім “працу”, магчымасьць існаваць, “зарабляць бабкі”.

Рэальнасьць паказала, што прагматычная стратэгія і тактыка ўсіх выбараў і рэфэрэндумаў, у якіх удзельнічала падстаўная “апазыцыя”, — усё гэта было фактычным спрыяньнем рэжыму. Асабліва ўразілі (выклікалі проста шок) палітычна амаральныя паводзіны гэтай “дэмапазыцыі” на выбарах і антызаконным рэфэрэндуме ў 2004 годзе пра трэці тэрмін Лукашэнкі.

Памятаеце іхны агітацыйны цынізм: “Ідзі і скажы сваё “НЕ” Лукашэнку!” Гэта казалі тады, калі катэгарычна нельга было ісьці галасаваць на антызаконны рэфэрэндум. Народ не павінен удзельнічаць у крымінальных дзеяньнях рэжыму і браць на сябе адказнасьць за злачынствы ўлады. Прагматыкі гэта ведалі, але агітавалі. Чаму?! Бо так хацелі заходнія спонсары, якія не разумеюць зьместу таго, што адбываецца ў Беларусі (і не імкнуцца зразумець), але маюць свае інтарэсы ў нашаў краіне, свой погляд на месца яе ў іхняй палітыцы. Гэтаму спрыялі і пэўныя, зьвязаныя з замежнымі спонсарамі, “сацыялягічна-назіральныя” структуры ў Беларусі, якія атрымлівалі заходнія гранты за “сацыялёгію” і “назіраньне”. І “прагматыкі” пайшлі казаць сваё “не”.

Супрацоўніцтва з капээсэсаўскай намэнклятурай і ворагамі Народнага Фронту ў Беларусі адносіцца да разраду злачынстваў у палітыцы. Сутнасьць асаблівай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі і якой не было больш нідзе у СССР (нават на Ўкраіне), заключалася ў тым, што камуністычная кіроўная намэнклятура ў Беларусі была катэгарычна і арганічна антыбеларуская, антынацыянальная і антыэтнічная. Яна арыентавалася на Маскву, думала катэгорыямі СССР і па рэакцыйнасьці пераўзыходзіла расейскую. Як гэта ні парадаксальна, але ў 70-80-х гадах управу на антыбеларускі маразм гэтай намэнклятуры беларусы часам вымушаныя былі шукаць (і знаходзілі) у Маскве (яскравы прыклад – разбурэньне вуліцы Няміга ў Менску ў 60-70 гадах).

Акрамя двох-трох асобаў (далёка не на першых ролях) у беларускай намэнклятуры не было нацыянал-камуністаў. І паняцьця такога не існавала (і цяпер ня існуе). Капээсэсаўская намэнклятура ў Беларусі была галоўным праціўнікм беларускага Адраджэньня, беларускага нацыянальнага руху і беларускай незалежнасьці. Гэта быў галоўны вораг Народнага Фронту, супраць якога змагаўся Народны Фронт за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. Гэта была тая цёмная сіла, якую 24-25 жніўня 1991 года дэпутатам–фронтаўцам ўдалося аглушыць сваім напорам і вырваць незалежнасьць Бацькаўшчыны зь яе аслабленых лап.

А тым часам яшчэ 20-га жніўня, у пачатку путча, яны (напрыклад, дэпутат Міхаіл Жэбрак, першы сакратар Ваўкавыскага гаркаму КПБ-КПСС) у вочы казалі дэпутатам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, што мы ўсе будзем расстраляныя. І раптам праз тры дні такая перамена. Было ад чаго ім перапалохацца і разгубіцца. І вось тут спатрэбіўся наш кулак.

Пасьля 25 жніўня намэнклятура ўсімі сіламі супраціўлялася незалежнасьці Беларусі, сабатавала будаўніцтва інстытутаў незалежнай дзяржавы, сабатавала стварэньне незалежнага дзяржаўнага заканадаўства. Дэпутатам ад БНФ і ўсяму Фронту велізарнымі намаганьнямі прыходзілася ўсё выдзіраць для вольнай Беларусі з гэтага варожага балота капээсэсаўскай савецкай намэнклятуры, у якой была ўлада. Усё, што адваявана ў іх для Беларусі, было зроблена Фронтам: і гэрб Пагоня, і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і беларускае войска, і беларускае грамадзянства, і беларускія амбасады, і льготы чарнобыльцам, і аздараўленьне дзяцей, і беларускія грошы, і нэўтралітэт, і ваенная дактрына, і нават новая форма адзеньня беларускай міліцыі і войска, — усё праходзіла праз дэпутатаў БНФ у барацьбе і змаганьні за беларускую дзяржаву супраць савецкай намэнклятуры.

Незалежнасьць Беларусі не зрабіла намэнклятурных камуністаў дзяржаўнікамі. У 1992 годзе яны з новым імпэтам павярнулі ў Маскву і такімі прамаскоўскімі засталіся і цяпер, незалежна ад таго, ці яны служаць рэжыму, ці бавяцца ў апазыцыйныя фразы. Гэта відавочны факт, які ня трэба нават ілюстраваць. Паглядзіце толькі на гэтых Марынічаў, пачытайце мэмуары гэтых Кебічаў!

Здрада прагматыкаў, супрацоўніцтва з камуністамі, з прамаскоўскай намэнклятурай – гэта для нас (тых, што змагаліся за незалежнасьць) ня проста здрада. Гэта нешта горшае — гэта як паклёп на ідэю, за якую пакаленьні беларусаў ішлі на сьмерць.

Сёлетнія выбары ў “палату” і чарговы правальны спэктакль падстаўной “дэмапазыцыі” перапаўняе ўжо чашу цярпеньня. Дзякуй Богу, у агульным адбылося так, як хацелі мы, фронтаўцы КХП-БНФ, а ня купленая публіка. Народ не пайшоў галасаваць. Мы ведалі настрой людзей, бо гадамі спрыялі яму. У другой палове верасьня сытуацыя для рэжыму была крытычнай. Стала зразумела, што людзі галасаваць ня пойдуць, а рэжым тым часам ня даў ні найменшых шансаў для падстаўной апазыцыі, якая ў яго “палаце” яму непатрэбная (іхняя функцыя заганяльшчыкаў, а не “парле-трыбюн”). Тым часам мэдыйная і палітычная ўвага сфакусавалася на гэтай сытуацыі. Самы час быў за 3-4 дні да галасаваньня зьняць сваіх кандыдатаў у знак пратэсту і заклікаць да байкоту галасаваньня. Гарантаваны посьпех (людзі ж усяроўна ня йшлі галасаваць). Усе тое бачылі і разумелі. Дэмарш стаў бы моцным ударам па рэжыму. Ён здрыгануўся б. Пасьля гэтага ягоная заява пра 75 адсоткаў прагаласаваных сталася б яму, як цьвік у труну. Тут трэба было рашаць хутка, мабільна, узгоднена і адразу. Адчынілася слабое месца, рэжым падставіўся.

І што зрабілі гэтыя палітычныя марыянеткі? Нічога. Пайшлі “выбірацца”. Тут ужо размова не пра бяздарнасьць. Гэта паталёгія палітычнай нікчэмнасьці. Галоўнае для іх – выканаць заказ спонсара. А спонсар (у сваіх інтарэсах) узяў і павярнуўся тварам да Лукашэнкі. “Нас кінулі!” – плаксьліва залямантавалі прагматыкі. Нейкі фарс з удзелам шыльдбюргераў.

Гэтай квазі-апазыцыі сапраўды пара зьнікнуць (трымаецца толькі на спонсарах). Яна ўжо цалкам зганьбілася перад людзьмі, вычарпала свае маргінальныя, падстаўныя магчымасьці і, аказваецца, не задавальняе ўжо і рэжым. Такі бясслаўны канец гэтай бясслаўнай прагматычнай і разбуральнай ерасі.
* * *
Але вернемся яшчэ на дзевяць гадоў у тыл. Глянем больш дэталёва. Раскол рыхтавалі людзі, якія не былі ў парляманце, ня мелі парляманцкага вопыту, не ўваходзілі ў дэпутацкую Апазыцыю БНФ. Адзіны дэпутат, які меў дачыненьне да расколу, — гэта Лявон Баршчэўскі. Гісторыя даволі сумная. Апынуўшыся за мяжой, я рэкамендаваў Л. Баршчэўскага на выконваючага абавязкі Старшыні Беларускага Народнага Фронта на Беларусі. (Баршчэўскі вельмі добра засьведчыў сябе ў Вярхоўным Савеце.) Неўзабаве (асабліва пасьля ўзмацненьня рэжымнай рэакцыі) Л. Баршчэўскі адчуў на сабе ціск групы расколу і патрапіў нібы паміж двух агнёў: паміж групай і Фронтам. Дзеяньні яго робяцца што раз больш непасьлядоўнымі і супярэчлівымі. На V зьезьдзе Фронта, аднак (1997 г.), група расколу правалілася цалкам (Ю. Хадыка пасьля свайго выступу ледзь прайшоў у Сойм з перавагай у адзін голас).

У 1999-м, пасьля тактычнай і фінансавай “прапрацоўкі” Ганса Віка і правалу афёры В. Ганчара з так званымі “альтэрнатыўнымі” выбарамі прэзыдэнта, сытуацыя зьмянілася да горшага. Маскоўска-ганчараўская авантура (у якой Ганчар быў проста шулерскім выканаўцам) разбэсьціла многіх людзей грашыма. Паспытаўшы лёгкіх даляраў, некаторыя адчулі млоснае кружэньне галавы. Пачаліся адкрытыя атакі, у якіх павялічылася колькасьць прыхільнікаў прыемнай (як ім, відаць, здавалася) прагматычнай палітыкі (і, вядома ж, “абнаўленьня” Фронту). У гэтай сытуацыі, пакідаўшыся ў розныя бакі, Л. Баршчэўскі здаўся і стаў на бок прагматыкаў.

Гэты крок быў вельмі адмоўна ўспрыняты ў Фронце. Бо Л. Баршчэўскі, у адрозьненьне ад прагматыкаў-раскольнікаў, меў прафэсійны палітычны вопыт працы ў парляманце і здольнасьць сістэмнага палітычнага думаньня, разумеў сэнс нацыянальнай палітыкі. Непраяўленьне волі сыграла тут дрэнную ролю. Была зроблена відавочная (прытым непапраўная) стратэгічная хіба. Усе мае спробы, прапановы і варыянты захаваньня адзінага Фронту (нават як кааліцыі фронтаўскіх партыяў) былі марнымі. Воля замежнага спонсара для прагматыкаў аказалася непахісным аргумантам у выбары паводзінаў.

У чэрвені 2006 года я паспрабаваў сабраць у Вільні на нараду дэпутатаў Апазыцыі БНФ Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня. Пагадзіліся ўсе, але змагла прыехаць толькі палова. На той нарадзе, у працэсе абмену думак і размоваў, у мяне склалася ўражаньне, што ў глыбіні душы Л. Баршчэўскі зразумеў неабдуманасьць сваіх паводзінаў у 1999 годзе (хоць пра раскол БНФ мы прынцыпова не гаварылі). Тым больш, што вынікі “прагматычнага” развалу і тупіка былі відавочныя.

Да цяперашняга часу ў атмасфэры “новай хвалі” вырасла за дзевяць гадоў на прагматычных прынцыпах (і закасьнела) цэлае пакаленьне новых прагматыкаў, якія ўжо нічога, акрамя грантавага апазыцыйнага маразму, ня бачылі і лічылі яго нормай адносінаў.

Канфлікт паміж старымі і новымі (“прагмацейшымі”) прагматыкамі заканамерна зьявіўся і заканамерна ўзьнік па той жа схеме, што і ў 90-х, з той хіба розьніцай, што выглядаў нікчэмным фарсам. І тут, ратуючы старых ініцыятараў, у кіраўніцтва прагматычнай Партыі БНФ зноў вяртаецца Л. Баршчэўскі.
Можна зразумець станоўчыя матывы гэтага зруху (магчыма, нават, імкненьне апраўдацца за абвал 1999-га, паправіць становішча). Але, як казалі старажытныя грэкі: “за што боролись, на то и напоролись”. Ні выправіць прагматычны выбар 1999 года, ні сцьвердзіць яго жыцьцяздольнасьць ужо ня ўдасца. Прынамсі тым, хто гэта рабіў. Марныя спадзяваньні.

Адзіны рух Народнага Фронту ўжо даўно не адзіны, ён расколаты, пазыцыі яго разышліся ў розныя бакі. Прагматызм часткі былога БНФ і ўся вульгарная канцэпцыя паразітаваньня на чужых рэсурсах і чужых інтарэсах, непераборлівасць у саюзах і аб’яднаньнях, ператварэньне на гэтай аснове ў «шырокі дэмакратычны рух» — усё гэта абанкруцілася. Прагматызм павінен быць адкінуты з дарогі нацыянальнага змаганьня.

* * *
Стратэгічная палітыка дасягненьня незалежнасьці і будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы зыходзіла, найперш, з фронтаўскага авангарду – дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

У 1990 годзе ў Вярхоўны Савет прайшлі старшыня БНФ З. Пазьняк, сябры Сойму БНФ А. Трусаў, С. Антончык, П. Садоўскі і некалькі вядомых фронтаўцаў: В. Голубеў, І. Гермянчук, Ю. Беленькі, С. Навумчык, Л. Баршчэўскі. Былі таксама шараговыя сябры Фронту, якія на той час яшчэ шырока не засьведчылі сябе ў палітыцы. Але жорсткая школа парляманту і новага ўзроўню палітычнае барацьбы хутка зрабіла сваю справу. Праз кароткі час у Вярхоўным Савеце сфармавалася палітычная эліта Фронту. Кожны сябра дэпутацкай Апазыцыі БНФ зрабіў вялікі крок наперад у сваім палітычным разьвіцьці. Рэчаіснасьць вучыла нас, а мы вучыліся адзін у аднаго дружна, сьмела ісьці да адзінае мэты. Ужо ў Вярхоўным Савеце да Апазыцыі БНФ далучыліся некаторыя незалежныя дэпутаты, імёны якіх неўзабаве сталі вядомымі на ўсю Беларусь: гэта палкоўнік міліцыі Ігар Пырх, лагойскі лекар Аляксандар Шут, Галіна Сямдзянава, Аляксандар Сасноў і іншыя.

Узьнікненьне палітычнай перадавіцы Фронту і хуткае дасягненьне галоўнай мэты – незалежнасьці Беларусі – станоўча паўплывала на рост папулярнасьці і на магчымасьці Народнага Фронту. Гэта разумелі ў Фронце ўсе. Праўда некаторых (напрыклад, майго намесьніка Ю. Хадыку) яно тады неяк дзіўна бянтэжыла, выклікала нават невытлумачальныя пасажы, прычыну якіх я схільны быў бачыць толькі ў эгацэнтрызме асобы, калі б не адна акалічнасьць, якая цалкам стала відочнай і зразумелай пазьней. Падважвалася неабходнасьць палітычнай дамінацыі Фронту (і гэта тады, калі яна была) як нацыянальна-адраджэнскай і вызвольнай сілы. Пастаянна ўзьнікалі прапановы ўпіхнуць Фронт у стандартную пастку, расстаўленую агентурай – гэта значыць аб’яднацца з “малымі партыямі” і ператварыцца ў так званы “агульнадэмакратычны рух”.

І другое, што найбольш ваявілася потым, пасьля расколу, — гэта фактычная падтрымка камуна-гэбоўскай канцэпцыі “скрыўленага вобразу”, распрацаванай і выпрабаванай у прапагандзе супраць мяне яшчэ за часы КПСС. Вынікі “прапаганды” зьявіліся. Для 15-20 адсоткаў беларусаў (як паказвае, праўда, тэндэнцыйная “сацыялогія”) маё аблічча скрывілі так, што распазнаньню не падлягае.
Пасьля майго ад’езду зь Беларусі аналягічнай справай (як ня дзіўна) заняўся Ю. Хадыка, абзываючы мяне то “манахам аскетам”, то “нарцысам”, то фанатыкам. Дарэчы, ніхто з фронтаўцаў “прагматычнай хвалі” (апрача Хадыкі) не ахайвае майго імя (лічаць за лепшае проста замаўчаць).

У цэлым, ніхто ў Фронце (ізноў жа, акрамя Хадыкі) не выступаў і супраць канцэпцыі Вызвольнага Руху.

Абвяшчэньне Фронтам Вызвольнага руху ў 1997 г. (5-ы Зьезд) абазначала ідэю аб’яднаньня беларускіх сілаў і стварэньне нацыянальнай адраджэнцкай альтэрнатывы прамаскоўскаму рэжыму. Гэта была альтэрнатыва сфармаваная па сутнаснай прыродзе палітычнага канфлікту, які існуе ў Беларусі. Яна стваралася пад сьцягам нацыянальна-дэмакратычных ідэй, замацоўвала дамінацыю Нацыянальнай ідэі і вядучую ролю Народнага Фронту.

Канфлікт паміж рэжымам і грамадзтвам мае ў Беларусі нацыянальны характар. Гэта антыбеларускі рэжым, і таму ён ня можа быць дэмакратычным.
Гэтак жа, як каляніяльная імпэрыя ня можа быць дэмакратычнай (бо, каб існаваць, яна вымушана душыць іншыя народы і свабоду), гэтак ня можа быць дэмакратычным рэжым антынацыянальны.

Альтэрнатыва антынацыянальнаму рэжыму мусіць быць толькі нацыянальная. Усё астатняе – маргіналізм. Усялякае іншае змаганьне ня будзе мець пэрспэктывы, апынецца ў тупіку.

Ні адна імпэрыя, і ў ХІХ, і ў ХХ стагоддзях, не развалілася ад удараў дэмакратыі і ад дэмакратычных ідэй, а толькі ад нацыянальна-вызвольных рухаў. Савецкі Саюз даканала не перабудова, а Народныя Франты, якія былі нацыянальна-вызвольнымі рухамі. Нацыяналізм – сьмерць усялякай каляніяльнай імпэрыі. Нацыянальная альтэрнатыва – адэкватная зброя супраць антынацыянальнага рэжыму.

Вось у чым была сутнасьць абвяшчэньня Вызвольнага руху. Натуральна, гэта занепакоіла Маскву і яе палітычных хаўрусьнікаў на Захадзе (яны ведалі і пра БЧС, і пра магчымасьці Беларусі пад кіраўніцтвам БНФ). У Менск прысылаюць Ганса Віка, абяцаюць сродкі, офісы і даляры і пачынаюць ствараць агульнадэмакратычную апазыцыю ў Беларусі ды развальваць БНФ.

Астатняе вядома: гэта “шырокая дэмакратычная апазыцыя” (з камуністамі ў кучы), вынішчэньне ўсяго беларускага (пры поўнай маўклівасьці Захаду) і дзевяць гадоў шырокага “апазыцыйнага” маразму.

Цяпер, седзячы на руінах прагматычнай сьвісьцёлкі, многія з прагматыкаў убачылі рэальнасьць і пачуваюцца ніякавата. Але толькі ня Ю. Хадыка. Рэальнасьць краху прагматычных надзей і маргінальнага тупіка яго не бянтэжыць. Ён і цяпер паўтарае сваё “стрыжана”. “А я і тады, і зараз лічу гэтую ідэю памылковай”, — піша ён пра Вызвольны рух. (Народная Воля, 2008, 6 лістапада.)

Сумняваюся, што аўтар тут не ўсьведамляў, што пісаў, але тым ня менш ён бярэцца пісаць і пра такія рэчы, пра якія мае зусім цьмянае ўяўленьне. Ю. Хадыка ня быў дэпутатам і ня ведаў, (ды-й не разумеў) шмат чаго, што адбывалася ў Вярхоўным Савеце. Аднойчы, у 1992 г., ён стаў сьведкам эмацыйнай рэакцыі фронтаўскіх дэпутатаў на антызаконнае рашэньне камуністычнага Вярхоўнага Савета аб забароне правядзеньня рэфэрэндума пра новыя выбары. Апазыцыя БНФ тады перажыла моцны і несправядлівы ўдар. Некаторыя гатовыя былі ў роспачы пакласьці дэпутацкія мандаты. Аднак мінуў першы шок, і дэпутаты пагадзіліся і зразумелі, што трэба працягваць барацьбу, карыстаючыся з істотных магчымасьцяў Вярхоўнага Савета. Выхад з парляманту на хвалі эмацыйнай рэакцыі (гэтага камуністы толькі і чакалі) абазначаў бы ў тых умовах поўны крах і ўлюлюканьне ўсьлед (не кажу ўжо пра тэлебачаньне і друк, якія мы не кантралявалі). Рэакцыя грамадзтва на забарону рэфэрэндума была пасіўная. Выхад фронтаўцаў у тых абставінах зь Вярхоўнага Савета імгненна прысьпешыў бы прамаскоўскую дыктатуру разам з ўвядзеньнем расейскага рубля (усе гэтыя працэсы ў кебічаўскім рэжыме стаялі на парадку дня). Кебіч ня меў крамлёўскіх амбіцыяў, і “інтэграцыя” разьвівалася б зусім па іншым сцэнары. Мы страцілі б незалежнасьць (і Лукашэнка не спатрэбіўся б).

Ю. Хадыка зноў паўтарае: “памылка”, “памылка”. Маўляў, трэба было кідаць Вярхоўны Савет. І так бясконца. (Яшчэ й піша пра гэта з важным выглядам.) (Народная Воля, 2008, 6 лістапада.)

Памятаю пасьля абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі летам 1994 г. на паседжаньні Сойму спадар Хадыка ўвогуле “паверг” шмат каго ў глыбокі шок, прапанаваўшы, каб Фронт стаў супрацоўнічаць з Лукашэнкам і дапамагаць яму правільна выбіраць дзяржаўную палітыку. Я спыніў тады ўсялякае абмеркаваньне гэтай прапановы, сказаўшы, што ўсё стане відаць праз 100 прэзыдэнцкіх дзён. Тады будзе і рашэньне.

Пастаяннае імкненьне да калябаранцтва не вынікае, аднак, толькі з асабовасьці. Па сутнасьці (асабліва пасьля расколу Фронта), спадар Хадыка зрабіўся рэтрансьлятарам (гучнамоўцам) усёй гэтай брусэльска-маскоўскай небеларускай “апазыцыйнай” лухты, езьдзіў разам з прамаскоўскай публікай у Маскву, у СВОП, “Прэзыдэнт-гатэль”, слухаў там нямцовых, хакамадаў і ўсю гэтую варожую Беларусі падстаўную маскоўскую квазі-дэмакратыю, якой цяпер (15-га лістапада) Лубянка дала ў Маскве адмашку – самараспусьціцца і пад назвай “Правое дело” працаваць пад кіраўніцтвам Крамля, што гэтыя расейскія “дэмакраты” дружненька і зрабілі. (І каго тут яшчэ нашы схаласты хацелі заблытаць? Што яны там яшчэ пішуць?)

* * *
Які ж цяпер наш беларускі адраджэнцкі стан? Ёсьць дзьве істотныя рэальнасьці. Пасьля расколу Фронт аўтаматычна зьнізіў узровень і маштаб як аб’яднаўчы масавы нацыянальны рух. Тут чыстая тэхналёгія. Агульным і адзіным можа быць толькі цэлае (але не часткі, якія разышліся). Патрэбныя ўмовы і час для крышталізацыі новай якасьці.
Са зьніжэньнем аб’яднаўчай магчымасьці фармальна змалела роля частак Фронту як палітычнай нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму, ідэі якой жывуць у Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Другая рэальнасьць у тым, што месца нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму заняла маргінальная так званая “дэмакратычная апазыцыя”, створаная на падставе інтарэсаў Захаду і Масквы.

Маргінальная апазыцыя не пагрунтаваная на Нацыянальнай ідэі. Існаваньне яе ў якасьці палітычнай альтэрнатывы абазначае, што пры любых пераменах улады Беларусь будзе пазбаўленая нацыянальнай пэрспэктывы нармальнага народнага і культурнага разьвіцьця.

Цяперашняя маргінальная (ці падстаўная, як яе называюць) апазыцыя разам з камуністамі на чале, прамаскоўскімі агэпоўцамі, агентурай і прагматыкамі, у выпадку перайманьня ўлады (хоць у рэальнасьці гэта мала верагодна) магла б стаць ня менш небясьпечнай для незалежнай Беларусі, чым рэжым Лукашэнкі. Усьлед за гэтай публікай ідзе прадажнасьць, карупцыя, лібэралізм і распуста, слабая ўлада, расейская мова і пасаваньне перад Масквой, новы перадзел уласнасьці і новае расьцягваньне нацыянальнай маёмасьці.

Каб пазьбегнуць горшага, мы, беларусы, павінны адрадзіць наш Беларускі Народны Рух дзеля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму і адраджэньня Беларусі, дзеля ўсталяваньня добрага жыцьця для беларускага народа на сваёй зямлі і ў сваёй дзяржаве.

Людзі краіны з высокай цывілізацыйнай культурай у мінуласьці, ня могуць жыць толькі фізічнымі інтарэсамі. Гэты стан уладнага цемрашальства, нізкасьці, хамства, зьдзеку і хлусьні ў стане спыніць і скончыць толькі салідарнасьць вышэйшых людзей. Памятаем, што рэжым прышоў да ўлады і трымаецца на цемры, расейскай саветчыне і КГБ. У гэтай сытуацыі беларускае культурна-нацыянальнае асьветніцтва ёсьць перадумова пасьпяховага змаганьня за свабоду, а нацыянальныя ідэалы – першасная зброя барацьбы. І ня трэба слухаць дэмагогіі пра “новую сучаснасьць”, глабалізацыю і т.п. Мы добра ведаем, што нацыянальная культура ў сучасным сьвеце ёсьць найвялікшы чыньнік суверэнітэту, а нацыянальная адукацыя і інтэлект найважнейшы рэсурс і сродак вытворчасьці.

Тое нацыянальнае самавызначэньне, што засталося няскончаным у сьведамасьці грамадзтва сто гадоў таму і потым зглумленым з-за неспрыяльных абставінаў, мусіць быць хутка пройдзена цяпер (нават ва ўмовах антынацыянальнай улады, як кансалідацыя супраць гэтай улады). Змагацца супраць антынацыянальнага рэжыму трэба на нацыянальнай аснове. Ніякая дэмакратыя немагчымая ў нацыянальна незавершаным грамадзтве – будуць адны лукашэнкі. Сьветлая, вольная Беларусь хай стане нашым сьцягам. Тут, праз Беларусь, праходзіць для нас галоўны мерыдыян нашага часу. І нават ня часу, а сэнсу. Сэнсу ўсяго беларускага існаваньня.

Лістапад 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК

2/12/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2008
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024