Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: НАПЕРАДЗЕ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ

(Даклад на VІІІ Зьезьдзе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Х-м Зьезьдзе Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне”)

Паважаныя спадарыні і спадары, шаноўныя дэлегаты Зьезду! Вітаю Вас у Бацькаўшчыне, у найлепшай краіне, якая ёсьць на сьвеце!

Калі я думаю пра гэта – уся наша гісторыя паўстае прад вачыма. Пакаленьнямі йдзе змаганьне, каб адрадзіць яе веліч і вольную моц. Крок за крокам, стагоддзямі гінулі лепшыя людзі, крок за крокам набліжаемся мы да мэты.
Думаньне пакаленьнямі мусіць быць ня толькі ў ацэнцы гісторыі, але і ў разуменьні будучыні народа. У сьведамасьці грамадзяніна нацыі мінулае, цяпершчына і будучыня народа суіснуюць адначасна. Гэтакай асобай вызначаецца нацыянальны ўзровень грамадзтва. Ва ўсе часы і пры любых умовах трэба спрыяць, каб была, узьнікала і разьвівалася такая асоба. З гэтага гледзішча ідэалёгія і дзейнасьць Народнага Фронту цалкам адпавядае натуральнай патрэбе існаваньня і разьвіцьця нашай краіны.
Сёлета надышло некалькі круглых угодкаў нацыянальных падзеяў. Вясной мы адзначалі 90-годдзе аб’яўленьня незалежнасьці БНР, летам – 20 гадоў адкрыцьця Курапатаў, восеньню – 20-годдзе першага масавага грамадзкага адзначэньня “Дзядоў” у Менску і першага сілавога сутыкненьня з капээсэсаўскім рэжымам на Беларусі. Нарэшце, 19 кастрычнака гэтага года споўнілася 20 гадоў Беларускаму Народнаму Фронту “Адраджэньне”.

Беларускія асяродкі ў Беларусі ў меру магчымасьці, улічваючы антыбеларускія абставіны рэжыму, адзначылі гэтыя даты і ацанілі іх агульнанацыянальнае значэньне. На гэтыя тэмы зьявілася каля дзясятка публікацыяў у друку і Сеціве. Практычна, усе яны падрыхтаваныя сябрамі нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Фронту. Рэжымная навука (як, зрэшты, і індывідуальныя дасьледчыкі) пазьбеглі пісаць пра гэтыя ўгодкі. Але яно можа й добра – менш глупстваў, некампэтэнцыі, безадказнасьці, фальшу і няпраўды трапіла на старонкі друку.

Мушу сказаць, што абарона і выяўленьне гістарычнай праўды ў антыбеларускіх абставінах – гэта таксама чын вялікага значэньня, асабліва ўлічваючы этнацыд і антыкультурную палітыку рэжыму.

З цягам часу значэньне гістарычнай працы ўсё больш узрастае. Мы, адраджэнцы, павінны своечасова гэта ўсьведамляць. Бо нават з упадкам рэжыму на Беларусі заўсёды знойдуцца аматары напляваць у народную мінуласьць, утахціць у гразь дзеяньні і людзей, што змагаліся за Беларусь, за волю супраць Масквы, расейскай агрэсіі і рускага імпэрыялізму.

Наша Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ ажыцьцяўляе працяг справы
Народнага Фронту, той справы, якая прывяла нашу краіну да незалежнасьці і суверэннай беларускай дзяржавы. Гэта значыць, што мы робім і плянуем такую палітыку, якая зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў, адпавядае патрэбам людзей, спрыяе умацаваньню і разьвіцьцю беларускай дзяржавы, беларускай мовы і беларускай культуры.

Уплыў дзейнасьці, палітыкі і ідэалёгіі Фронту быў найбольшы ў першай палове 90-х гадоў. Дамогшыся незалежнасьці, але ня маючы ўлады, Фронт, тым ня менш (дзякуючы найперш свайму дзейснаму дэпутацкаму авангарду ў Вярхоўным Савеце), найбольш паспрыяў сістэмнаму і структурнаму стварэньню незалежнай беларускай дзяржавы. Дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ставіла ў першую чаргу задачы арганізацыі сістэмы і чыньнікаў улады, якія забясьпечваюць, выяўляюць і гарантуюць дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Гэта найперш — нацыянальныя сымвалы, нацыянальнае войска, нацыянальнае грамадзянства, нацыянальныя грошы (банкаўскія і фінансавыя сістэмы), нацыянальнае прадстаўніцтва за мяжой (амбасады). Усё гэта было дасягнута пры падтрымцы грамадзтва ў вельмі жорсткай барацьбе з савецка-камуністычнай прамаскоўскай намэнклятурай, якая (яшчэ раз нагадаю) трымала ў сваіх руках усю выканаўчую ўладу і мела пераважную (“падаўляючую”) бальшыню ў Вярхоўным Савеце. Аднак заканатворчая перамога і тут сталася на баку дэпутацкай Апазыцыі БНФ. (Ізноў жа, нагадаю, гэта ня быў цуд, ня містыка, а вельмі дакладна распрацаваная палітыка і тактыка дэпутатаў-фронтаўцаў, іхняя арганізаванасьць, умелае выкарыстаньне часовай няўпэўненасьці і ваганьняў намэнклятуры.

З канца 1992 года (пасьля кансалідацыі савецкай рэакцыі з Масквой і ўключэньнем КГБ у намэнклятурную палітыку на Беларусі) барацьба ўскладнілася і перакінулася на ўсю краіну. Пэрыяд кебічаўскай рэакцыі (1993-1994) быў вельмі цяжкім, але спыніць незалежнасьць і нацыянальнае разьвіцьцё Беларусі непрыяцелям беларушчыны не ўдалося. Ідэі Фронту тады ўжо глыбока паўплывалі на перадавую частку грамадзтва. Разьвівалася беларуская школа і беларуская навука, тэатр і мастацтва, хутка ўзьнялася беларуская гістарычная навука, пазбаўляючыся ад рэпрэсіяў і фальсіфікацыяў, друкаваліся беларускія кніжкі. У вуснах людзей, нават незаўважна для іх, зьяўляліся нармальныя фронтаўскія азначэньні рэчаіснасьці, нармальныя беларускія думкі ў галаве (замест каляніяльна-савецкага бязладдзя паняцьцяў).

Унутраная акупацыя, прывядзеньне да ўлады Лукашэнкі і кантроль маскоўцаў над ключавымі пазыцыямі ўлады ў Беларусі зьмянілі сацыяльны парадак у беларускім грамадзтве. На паверхню ўлады і ўвогуле кіроўных ды прадстаўнічых сфэраў дзяржавы ўсплылі прымітыўныя, малакультурныя людзі з мэнтальнымі дэфэктамі, нізкім узроўнем думаньня і паводзінаў. Пашыраецца хамства, бескультур’е, бяздушнасьць, беларусафобства. Усё гэта выявілася ў вярхах рэжыму і, адпаведна, глыбока пранікла і справакавала ўсё грамадзтва.

Абніжэньне культурнага ўзроўню грамадзтва — бадай што найбольш разбуральны вынік антыбеларускай улады і аўтарытарнага рэжыму на Беларусі. Я кажу “бадай што найбольш”, бо такое адразу і хутка не выпраўляецца. Спатрэбіцца доўгі час, і толькі пры ўмове мэтанакіраванай культурнай палітыкі (пачынаючы са школы і выхаваньня) можна будзе ў прынцыпе паправіць стан культуры грамадзтва да лепшага.

Прамаскоўскі рэжым заблякаваў ня тое што ідэі БНФ, а ўвогуле выключыў усё жывое, беларускае з рэжымнай палітыкі і афіцыйнага ўжытку, ізаляваў школу і адукацыю, уводзячы ўзамен русіфікацыю і пакланеньне перад Масквой. У гэтым становішчы адраджэнская палітычная сіла павінна была ўзяць на сябе адначасна і функцыі нацыянальна-асьветніцкай арганізацыі. Фактычна, з такой “сінкрэтычнай” дзейнасьці і пачынаўся Народны Фронт за саветамі. Былі тыя ж праблемы, хіба што толькі па форме татальная русіфікацыя тады не праводзілася так па-хамску, адкрыта і груба, а заўсёды ілжыва пад прыкрыцьцём “будаўніцтва камунізму”, стварэньня “новой общности “советский народ” і г.д.

У Народным Фронце ад пачатку ўсе разумелі, што перш чым весьці зь людзьмі палітычны дыялёг, трэба, каб існаваў дыялёг культурнай тоеснасьці. Тоеснасьць была парушана і папсавана саветамі, і тады Фронт узяў на сябе (адначасна з палітычнай) функцыю асьветніка і “будзіцеля”. Цяпер, ва ўмовах унутранай акупацыі і новай русіфікацыі грамадзтва, нацыянальна-культурнае і палітычнае асьветніцтва стала абавязковым зьместам нашай адраджэнскай дзейнасьці.
Мы зноў абнавілі яе больш-менш сістэмна ў гэтых цяжкіх умовах, пачынаючы з 2000 года. Уплыў нашай працы на тыя сфэры, куды яна накіраваная, ёсьць ідэёва заўважальны. Асабліва хачу адзначыць паправу разуменьня ў грамадзтве палітыкі Расеі ў дачыненьні да Беларусі і ў цэлым у сьвеце. Нашай палітычнай тэрміналёгіяй (дзесяцігадовай даўнасьці) цяпер пачалі паўсюдна карыстацца ня толькі крытычна думаючыя вольныя людзі і нядаўнія непрыймальнікі элемэнтарных фактаў, але нават асобы, якія раней над палітыкай не задумваліся.

Культурна-асьветніцкая і палітычная праца ў сфэры ідэй, накіраваная на грамадзтва, не дае імгненнага выніку. Патрэбны час (асабліва ўлічваючы афіцыйную контрпрапаганду і апартуністычную дзейнасьць падстаўной апазыцыі). Гэта добра відаць на прыкладзе разьвіцьця ідэі байкоту фальшывага галасаваньня.
Ідэя байкоту рэжымных выбараў узьнікла ў Фронце пасьля фальсіфікацыйнага і незаконнага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 года. Стала выразна бачна, што ва ўладзе замацавалася прарасейская хунта і ад грамадзтва адабралі магчымасьць кантролю за галасаваньнем. У 1996 годзе, калі рэжым рыхтаваў антыканстытуцыйны пераварот і чарговы незаконны рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, пытаньне байкоту было пастаўлена зноў, але не даведзена да канца. Сытуацыя тады яшчэ не сасьпела ў грамадзтве ды і ў самым Фронце. Былі людзі, што не разумелі сутнасьці падзеяў, якія плянаваліся рэжымам і адбываліся ў іх на вачах (пазьней гэтыя асобы вылучыліся ў “прагматыкаў”).

З 2000 года пытаньне палітычна абвастрылася, бо ў канцы 1999 года рэжым Лукашэнкі і Масква стварылі небясьпечны антызаконны фантом – аб’явілі антыканстытуцыйную так званую “саюзную дзяржаву” нібыта Беларусі і Расеі, і Расея пачала ствараць пад яе прыдуманыя структуры.
Наступным этапам змоўшчыкі заплянавалі ўвядзеньне расейскіх грошай на Беларусі. Усе гэтыя пляны па ліквідацыі беларускай незалежнасьці меркавалі замацаваць у так званым “канстытуцыйным акце” фантомнай “саюзнай дзяржавы”, які плянавалі прыняць на рэфэрэндуме.

Антынародны плян затармазіўся па адной прычыне: змоўшчыкі ня могуць дамовіцца аб уладзе, аб тым, хто будзе кіраваць фантомам СД (а фактычна, — Крамлём і Расеяй). Беларусы апынуліся ў закладніках гэтых гэбоўскіх авантурыстаў, а правядзеньне любых выбараў пры наяўнасьці машыны фальсіфікацыі стала цяпер небясьпечнай справай, бо змоўшчыкі могуць у кожны час далучыць да іх (на законнасьць тут ужо ніхто не зважае) рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце” СД.
Запабегчы рэалізацыі гэтай авантуры пры бессэнсоўнасьці галасаваньня можа толькі байкот галасаваньня. З гэтага часу мы пасьлядоўна разьвіваем канцэпцыю байкоту выбараў у Беларусі, якія з-за фальсіфікацыяў і адлучанасьці людзей ад кантролю над галасаваньнем сталі небясьпечнамі для грамадзтва і на якіх Расея магла б рэалізаваць свае анэксійныя пляны (асобна мы разглядаем прэзыдэнцкія выбары, але і тут магчымы байкот).

Нагадаю, што ў 2000 годзе, нягледзячы на процідзеяньне Нямеччыны і Эўразьвязу, нам удалося правесьці байкот у Менску. Першы тур выбараў у “палатку” праваліўся. Людзі не пайшлі галасаваць. Другі тур рэжым, ратуючыся, панічна і груба сфальсіфікаваў. Але ўдар быў нанесены. Шмат у каго расплюшчыліся вочы.
Пасьля 2000 года супроцьдзеяньне байкоту стала выразна акцэнтаваным з боку рэжыму, з боку падстаўной “апазыцыі” і з боку Заходняй Эўропы. У Эўразьвязе дамінавалі немцы, і нямецкая дыпляматыя праводзіла палітыку, узгодненую з Расеяй і накіраваную на ліквідацыю беларускай незалежнай дзяржавы. Усё гэта рабілася пад выглядам барацьбы з “дэфіцытам дэмакратыі” у Беларусі, якую павінна была дапамагчы дэмакратызаваць нібыта “дэмакратычная” ўжо Расея, і з гэтага гледзішча “аб’яднаньне” Беларусі з Расеяй немцы лічылі станоўчым намерам. Пэўныя нямецкія колы, па ўсім відаць, уважалі, што ліквідацыя беларускай незалежнасьці была б геапалітычна і эканамічна выгаднай для Нямеччыны.

У час сэрбскага крызісу ў верасьні 2000 года на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку Ганс Вік прагаварыўся, што яго дзейнасьць у Менску на пасадзе старшыні Місіі АБСЭ была накіравана на падрыхтоўку ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі. Зразумела, што пасьля байкоту 2000-га года “эўрадэмакратызатары” паказалі менскай падстаўной апазыцыі кулак (некаторыя зь іх удзельнічалі тады ў байкоце) і ў чарговы раз пастрашылі спыненьнем фінансаваньня. Пасьля гэтага падстаўныя па сёньняшні дзень і слухаць ня хочуць пра байкот — так стала ім страшна.
Тым часам наша пасьлядоўная пазыцыя, асьветніцтва і тлумачэньні не засталіся страчанымі. Само жыцьцё паказвала людзям слушнасьць нашых ацэнак. Пералом настаў у гэтым годзе. Паўсюдна на Беларусі людзі не пайшлі галасаваць, нягледзячы на прымус рэжыму і лямант заганяльшчыкаў ад падстаўной апазыцыі. Рэжым груба праваліўся і груба сфальсіфікаваў вынікі, бо заявілі пра 75 адсоткаў прагаласаваных, і гэта ў той час, як усе бачылі пустыя выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня.
Выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю за дэмакратычныя, улічваючы ўвесь комплекс парушэньняў. Факт байкоту быў, аднак, прыглушаны, змікшыраваны ў існуючай прапагандзе рэжыму і ў Эўропе. Там і тут стараюцца пра байкот не ўспамінаць. Але нас гэта мала абходзіць, бо мы бачым, што адбываюцца істотныя зьмены ў настроях грамадзтва: людзі пазбаўляюцца страху і перастаюць баяцца. Пасыўны байкот восеньскіх выбараў у рэжымную “палату” ёсьць гэтаму пацьвярджэньне. Наша праца над палітычнай асьветай і адносінамі людзей да фальшывых выбараў будзе прадоўжана.

У апошнія два справаздачныя гады наша Партыя працавала па сваіх асноўных палітычных накірунках: нацыянальна-асьветніцкім, абароны дзяржаўнасьці і суверэнітэту, запабяганьня і недапушчэньня рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” СД, крытыка і выкрыцьцё антыбеларускай палітыкі рэжыму, дзеяньні і акцыі супраць русіфікацыі, выкрыцьцё этнацыду, падтрымка і будаўніцтва Народнага мэмарыялу Курапаты, падтрымка і ўшанаваньне нацыянальных сьвятаў, падзеяў, юбілеяў, сакральных асяродкаў і традыцыяў.

Аглядаючы гэтыя накірункі дзейнасьці, можна вылучыць некалькі акцыяў і працаў, якія мелі істотнае значэньне ў змаганьні з рэжымам. Тут адзначу найперш акцыю “Аб адказнасьці за фальсіфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года”. Сойм КХП-БНФ 10 сьнежня 2006 г. прыняў пастанову “Аб пытаньні ўзбуджэньня крымінальнай справы па факту фальсіфікацыі выбараў”. Пастанова была прынятая на падставе відэазапісу публічнага прызнаньня Лукашэнкі аб фальсіфікацыі выбараў 2006 года. Іскавая ініцыятыва і дачыненьні з Вярхоўным Судом і Пракуратурай Рэспублікі Беларусь доўжыліся некалькі месяцаў, ускрылі ахоўніцкі зьмест юрыдычнай сістэмы рэжыму. Справа стала дакумэнтальнай ілюстрацыяй несвабоднай сутнасьці гэтай сістэмы.
Вялікай справай нашай Партыі ёсьць стварэньне Народнага Мэмарыялу Курапаты, догляд за ім і далейшае разьвіцьцё. Вясной мінулага года пасьлядоўнікі ворагаў чалавецтва зрабілі нечуванае злачынства – зламалі Курапацкі сакральны Крыж Пакуты. Належыцца вялікая падзяка сябрам нашай Партыі, Курапацкай Камісіі і Управе за хуткую рэстаўрацыю і аднаўленьне Сьвятога Кража (якая вымагала ўменьня, арганізацыі і тэхнічных затрат). У гэтым годзе, улічваючы ўзмацненьне арганізаванага вандалізму, сябры нашай Партыі наладзілі ахову Курапатаў. У выніку былі, нарэшце злоўленыя вандалы, распачатая крымінальная справа. З цягам часу мы выкаранім ня толькі вандалізм на сьвятым месцы, але і выявім яго канкрэтных арганізатараў і натхняльнікаў.

Вельмі станоўча трэба адзначыць акцыю “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва”, якая доўжылася на працягу ўсёй другой паловы 2007 года. Было апавешчана больш тысячы дзяржаўных чыноўнікаў і кіраўнікоў. Партыя зрабіла патрэбную і карысную справу. Акцыя часова перапыненая, аднак, яшчэ не закончылася. Прынцып такіх дзеяньняў з адрасным пасылам інфармацыі трэба будзе аднавіць у наступным годзе. Тэматыка шырокая.

Цяпер, ва ўмовах сусьветнага эканамічна-фінансавага крызісу, выяўляюцца новыя тэндэнцыі ў палітыцы. Найбольш небясьпечныя зрухі назіраюцца ў Расеі. Зьніжэньне цаны за нафту паралізавала асноўныя даходы гэбоўскай карпарацыі ўлады. Спыняецца вытворчасьць, растуць цэны і беспрацоўе, паралізуецца гандаль і фінансавая сістэма. Гэбоўская і іншая маёмная алігархія вывозіць свае капіталы на Захад. Складваецца ўражаньне, што ніхто там не імкнецца эканамічна ратаваць Расею — ратуюць све грошы і ўладу.

Аналіз і вопыт паказваюць, што гэбоўская карпарацыя, якая захапіла ўладу ў Расеі, будзе чапляцца за яе з усіх сілаў і пойдзе на любыя ахвяры, каб затрымацца ля кіраўніцы. У становішчы крызісу і пры пагрозе для ўлады у Расеі, расейская ўлада (каб захавацца) заўсёды выкарыстоўвае некалькі стандартных прыёмаў. Тыповыя захады Масквы ў гэтым выпадку: рэпрэсіі, тэрор альбо вайна (пажадана маленькая” і пераможная), знаходжаньне зьнешняга ворага, каб пераключыць імпэрскую мэнтальнасьць насельніцтва на змаганьне з “ворагамі Расеі” і гэтым (вайной) растлумачыць і апраўдаць жыцьцёвыя цяжкасьці людзей.

Ёсьць прыкметы, якія паказваюць на разьвіцьцё падзеяў якраз у ваенным накірунку. Гэта падрыхтоўка да нечарговых выбараў прэзыдэнта ў 2009 годзе (вяртаньне на пасад Пуціна), абвастрэньне вайсковай сытуацыі на Каўказе і прадажа (праз рэжым Лукашэнкі) сучасных ракетаў С-300 Ірану, што ў корані зьмяняе абставіны ў гэтым месцы і падводзіць Ізраіль і ЗША да мяжы вайны (узрастае неабходнасьць прэвентыўнага ўдару па ядзерных аб’ектах Ірану).

Разьвіцьцё такіх падзеяў можа вельмі некарысным чынам адбіцца на палітыцы ў дачыненьні да Беларусі (жыцьцёвыя інтарэсы Беларусі могуць стацца аб’ектам міжнародных маніпуляцыяў). Мы мусім мець гэта на ўвазе ў сваіх аналізах і плянаваньні партыйнай палітыкі, фактычна, — палітыкі Адраджэньня.
Агрэсія Расеі супраць Грузіі, сусьветны фінансавы крызіс спрычыніліся да карэкцыі палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. І тут адкрыта выявілася тое, што было вядома ад пачатку – службовая (несамастойная) функцыя падстаўной “апазыцыі”. Палітычны правал на выбарах (народ не пайшоў галасаваць за псэўдаапазыцыю) і адносіны Эўразьвязу, які павярнуўся тварам да Лукашэнкі, паказалі на сапраўднае месца гэтай публікі: альбо на сьметніку, альбо ў прыхожай рэжыму. Некаторыя (як так званая “Аб’яднаныя дэмсілы”) ужо засьведчылі, што хочуць у прыхожую, нават праграму і петыцыю напісалі ды адаслалі Лукашэнку.
Тым часам у Расеі, рыхтуючыся да абароны ўлады ў часе крызісу, Лубянка распусьціла ўсе свае агентурная партыі “апазыцыі”, якія панастварала (так званы “Саюз правых сілаў”), і сфармавала “Правое дело”, якое супрацоўнічае з Крамлём і атрымлівае ад яго пасады. Тактыка зразумелая. У час магчымага грамадзкага абвастрэньня крамлёўцы ня хочуць мець ніякага нават квазіапазыцыйнага піску супраць Крамля. Ім трэба каб зьява пад назвай “апазыцыя” “пішчэла” за Крэмль і гэтым самым тушыла б спробы антыўладнай кансалідацыі ў Расеі.

Выглядае, што па такім жа сцэнары хочуць пераліцаваць падстаўную апазыцыю і ў Беларусі (адна кантора – адны манеры). Акрамя гучаньня “прасіцеляў” рэжымных пасадаў з АДС і АГП пачалі зьяўляцца цяпер публікацыі ў афіцыйным і незалежным друку розных “аналітыкаў” ды параднікаў. Агентура пад псэўданімамі і без псэўданімаў піша ды прапануе гэтай псэўдаапазыцыі Калякіных-Лябедзек зноў падацца на службу да рэжыму, так бы мовячы, стаць “канструктыўнай псэўдаапазыцыяй” і супрацоўнічаць з нішчыцелямі народу. Мяркую што яны, хутчэй заўсё, пераліцуюць сябе, як старое паліто. Але вельмі цікава будуць выглядаць тады нашы прагматыкі з былога БНФ. Відаць трэба ўсё ж час ад часу чытаць клясыкаў беларускай літаратуры, каб не прышлося выбіваць нагой табурэтку пад шыбеніцай Беларусі.

2008 год стаў падсумоўкай і наглядным сьведчаньнем краху так званых “прагматыкаў” ў палітыцы, людзей, што на этапе змаганьня захацелі спалучыць грамадзкія і прыватныя інтарэсы, палітычную барацьбу і асабістую выгаду ад гэтай барацьбы. У выніку – палітычны тупік. Бо барацьба патрабуе ахвярнасьці, а ня выгады.

Тым часам у беларускім грамадзтве ідуць павольныя глыбінныя перамены, якія ў сувязі з крызісам могуць абвастрацца. Галоўная сутнасьць гэтых яшчэ часам схаваных глыбінных пераменаў у сьведамасьці беларусаў – гэта незадаволенасьць рэжымам і яго начальнікам; другое, як я ўжо адзначыў, — гэта пазбаўленьне ад страху і ад неадэкватнай ацэнкі расейскай палітыкі і, нарэшце, самае істотнае: у людзей намячаецца паварот да беларускага, да свайго.

Перамены, урэшце, павінны будуць пераўтварыцца ў рэальныя формы. Наша задача, абапіраючыся на ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць”, паскорыць і канкрэтызаваць глыбінныя працэсы грамадзтва, падрыхтаваць і прапанаваць узбуджанаму народу ідэі і пэрспэктывы, якія выльюцца ў новы Беларускі Народны Рух, у сілу, якая разбурыць дыктатуру і прамаскоўскі рэжым, ліквідуе бяспраўе і зьдзек, этнацыд і беларусафобства, рабаўніцтва людзей і хлусьню, фальш і саветчыну і верне ўсіх у Беларусь, у харошую нашу краіну, у народную нашу дзяржаву.

21 сьнежня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК

22/12/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2008
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024