Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
2 сьнежня БТ выдала чарговую праграму “о белорусской історіі”. Тэлегледачы прызвычаяліся да правінцыйна-расейскага ўзроўню гэтых “гісторыкаў”, іхнай акупанцкай мовы і цынізму. Але гэтым разам усяго гэтага было больш чым звычайна. Гаворка вялася пра Пішчалаўскі замак, турму ў цэнтры Менска. Вядома, што пасьля нядаўняга самаразбурэньня адной з вежаў замка рэжым вымушаны быў тэрмінова вывезьці адтуль усіх вязьняў. Патрыёты ўспрынялі абвал адной з галоваў турэмнага цмока як знак канчатковай стадыі гніеньня антыбеларусага рэжыму. Але падобна, што гэта ня надта хвалюе рэжымных ідэолагаў і блазнаў ад навукі. У іх свой праект будучыні гэтай турмы. Спачатку яны ў гульлівай манэры распавялі пра даўнія падзеі ў замку. Як тут сядзелі вязьні ў 19 стагоддзі: “Арестованные участники польского мятежа…” (гэта яны пра беларускіх змагароў нашага нацыянальнага паўстаньня супраць маскаля ў 1830-31 гг.). Потым “гісторыкі” перайшлі да 20 ст.: “Сюда в царское время был помещён Якуб Колос и другие участники съезда радикально настроенных учителей…” (гэта яны так пра беларускіх адраджэнцаў). Потым, праўда, “гісторыкі” прызналіся, што ў замку расстрэльвалі людзей НКВД і немцы, але ўсё гэта падавалася ў мярзотна-пацешнай форме. 3 сьнежня стала вядома, што Нацбанк РБ разаслаў па банках Беларусі інструкцыю пад назовам, які павінен выклікаць настальгію ў яшчэ жывых выкапняў сталішчыны, – “О пресечении панических слухов”. Сутнасьць “інструкцыі” у тым, каб рэагаваць на размовы людзей у банкаўскіх памяшканьнях. Калі нехта пачне выказвацца наконт крызісу, лемантаваць аб згубленых грошах або праклінаць эксплуататараў і дэмагогаў, на яго павінны напускаць міліцыю. “Інструкцыя” пагражае штрафам і нават турмой да двух гадоў. Такое называецца народным словам “прыехалі!” Найбольш сьмешнае ва ўсім гэтым – тэлезаклікі на БТ міністраў, статыстаў і падстаўных “несті деньгі в банкі”. Старшыня Службы Бясьпекі Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў 3 сьнежня ў Кіеве, што СБУ разам з Генпракуратурай Украіны рыхтуюць дакумэнты для судовага працэсу над арганізатармі Галадамору. Старшыня спэцслужбаў адэкватна падкрэсьліў, што такое злачынства не падлягае тэрміну даўніны. Першымі ў сьпісе падсудных стаяць Сталін, гэбіст Ягода, начальнікі НКВД, якія дзейнічалі ва Украіне. Можна сабе ўявіць, які гэта будзе важны для народу Украіны працэс. Масква ўжо закалацілася, разумеючы, што адкрыецца на гэтым працэсе, прысьвечаным маскоўскім злачынствам на ўкраінскай зямлі. У параўнаньні з гэтым працэсам недарэчна і блякла выглядае шоў пра “трыбунал над камунізмам”, якое нядаўна наладзіла ў Менску купка дэзарыентаваных асобаў пад камандай падстаўных дзеячыкаў. У першыя дні сьнежня антыбеларускі рэжым завершыў апэрацыю па ліквідацыі вулічнага дробнага бізнэсу, які належаў беларускім прадпрымальнікам. Апэрацыя працягваецца ў некалькі этапаў ужо гадоў пяць. Спачатку былі ліквідаваны (літаральна сьцерты з твару зямлі) вялікія і меншыя зоны розьнічнага гандлю ў гарадзкіх кварталах. Гараджанам вельмі ёмка было купляць гародніну, садавіну і іншыя тавары на гэтых лакальных рынках, у двух кроках ад свайго дому. Пасьля разгрому людзі вымушаны былі ісьці кілёмэтры на цэнтральныя рынкі і ўсё зьдзіўляліся: “І каму гэта трэба? Было ж так добра ўсім. І нам і дзяржаве, якой рыначнікі плацілі падаткі”. Потым пачаўся зьдзек з драбнейшых прадпрымальнікаў, якія гандлявалі ў людных месцах, у асноўным на прыпынках грамадзкага транспарту (зноў жа гэта было ёмка для ўсіх). Улады прымусілі гэтых гаспадароў купіць вельмі дарагія стандартныя мэталічныя шапікі і гандляваць толькі зь іх. Гаспадары паставілі шапікі. Але адразу ж улады пачалі ліквідаваць гэты беларускі бізнэс. Увосень сёлета дзе-нідзе ў беларускіх гарадах яшчэ трымалі гераічную бізнэс-абарону апошнія самотныя шапікі. Але з 1 сьнежня рэжым растаптаў і гэтыя карысныя для грамадзтва невялічкія цэнтры эканамічнай актыўнасьці. Тысячы людзей згубілі ўпустую свае сродкі, урэшце страцілі працу, апынуліся са сваімі сем’ямі літаральна перад разьбітай ночвай. “Чаму так?” – пытаюцца разгубленыя беларусы. А таму, што цяпер беларусы павінны ісьці атаварвацца ў вялікія крамы кшталту “Рублёвского” і гуртоўні кшталту “Экспабелу” або “Кароны”. Там высокія цэны на ўсе тавары, там закон манаполіі, якая душыць усё жывое і актыўнае. І належаць гэтыя рублёўкі і кароны маскоўскім бандытам або бліжэйшаму атачэньню шклоўскага начальніка, якія брутальнымі мэтадамі зьнішчылі на рынку беларускіх канкурэнтаў. 5 сьнежня міністар абароны Украіны Юры Еханураў падпісаў загад аб пазбаўленьні званьня падпалкоўніка ў адстаўцы дэпутата Вярхоўнай Рады В. Канавалюка. Гэты Канавалюк з групоўкі Януковіча ўзначальвае “сьледства па незаконных пастаўках украінскай зброі Грузіі”. Усе спробы ягонай антыўкраінскай камісіі праваліліся, але вэрхалу ў Маскве было шмат. Саюз афіцэраў Украіны падтрымаў рашэньне міністра Еханурава і заявіў, што гэта ёсьць акт “ачышчэньня Узброеных Сілаў Украіны і вяртаньня да маральных каштоўнасьцяў”. 6 сьнежня спэцчасткі ФСБ атачылі дом у Інгушэціі і пачалі абстрэл і атаку. Там ім супраціўляліся двое партызанаў, якія ў розных баявых апэрацыях зьнішчылі шэраг расейскіх акупантаў і мясцовых здраднікаў-калабарантаў. Партызаны загінулі. На наступны дзень на месца боя прыехала сьледчая група ФСБ, пачала фатаграфаваць ды замяраць. Ды як сьпявалі ў адным савецкім дэтэктыве: “Наша служба і опасна і трудна…” Яны вымушаны былі пакідаць свае фотапаапараты і рулеткі ды ўцякаць у розныя бакі, бо з іншага двара пасёлку па іх адкрылі шчыльны агонь партызаны-мінамётчыкі. Народ працягвае барацьбу супраць ворага. З розных месцаў Беларусі прыходзяць зьвесткі пра вынікі разбуральнага фінансава-эканамічнага крызісу. Даволі вялікі холдзінг па продажы замежных аўтамабіляў у Менску знаходзіцца на парозе краху. Кіраўніцтва ўжо абвясьціла пра звальненьне 10% супрацоўнікаў. Усе разумеюць, што гэта толькі пачатак. Пад агульную моду кіраўніцтва набрала сёлета вялікіх крэдытаў, а аддаваць іх няма чым. Холдзінг вымушаны прадаваць завезеныя з Захаду аўтамабілі па сабекошту (!), бо галоўная задача – пазбавіцца ад аўтамабіляў, якімі забіты склады. Людзі не сьпяшаюцца купляць гэты тавар. Але многія кажуць, што крызіс у РБ быў яшчэ да гэтага крызісу. Па Менску і іншых гарадах рэгулярнымі хвалямі каціліся афіцыйныя бандыцкія пагромы прыватнай маёмасьці. Мадэль наступная. Вы распачалі сваю справу, уклалі вялікія грошы, разбудавалі элітны рэстаран з кэгэльбанам або саўну. Плаціце падаткі дзяржаве, кліенты задаволены. Раптам прыходзяць асобы з халоднымі тварамі і заяўляюць: “Это помешченіе понадобілось адміністраціі презідента…” І загадваюць вам выбірацца прэч. Рэакцыя прадпрымальных беларусаў на гэты бандытызм аднолькавая. Вызваляючы “помешченіе”, яны не пакідаюць нічога, што магло б дастацца “гэтым гадам” (так яны называюць тых, хто разбурыў іхны бізнэс). Рабочыя зьдзіраюць і вывозяць драўляныя пліты, якімі былі аформлены сьцены. Выдзіраецца ўсё да апошняга цвіка, узрываюцца кафлевыя падлогі і г.д. Гэта тыповыя паводзіны людзей, якія вымушана пакідаюць сваю тэрыторыю ворагу-захопніку. У сьнежні стала вядома пра дыскусіі ў нэтрах антыбеларускага рэжыму. Бонзы ў чарговы раз абмяркоўваюць пытаньне прымусовага разьмеркаваньня маладых спэцыялістаў пасьля сканчэньня навучальных установаў. У блізкім часе рэжым намерваецца адрасна абрадваць “рэформай” выпускнікоў-мэдыкаў. Іх будуць высылаць прымусова на “пасьлявучэбную адпрацоўку” на 10 або 15 гадоў. Такім чынам, беларускую моладзь будуць гвалтам прымушаць жыць і працаваць у атручаных радыяцыяй чарнобыльскіх раёнах (“презідент же сказал, что радіаціі уже нет…”). Нічога сабе выдатны пачатак для маладога жыцьця. У гэтых раёнах засталося ня больш за 30% мэдычных работнікаў, астатнія паўцякалі з гэтага кашмару разам з сем’ямі. Замест таго, каб цывілізавана перасяліць прынамсі маладыя сем’і з месцаў, дзе чалавеку жыць нельга, у Зону будуць высылаць маладых спэцыялістаў. Цікава, ці спадобяцца яны на пратэст супраць гэтага злачыннага маразма? 8 сьнежня (гадавіну падпісаньня Віскулёўскага пагадненьня пра развал СССР) крамлёўскі рэжым абавязкава адзначае якім-небудзь дэманстрацыйным актам. Некалі ў гэты дзень абвясьцілі “саюзную дзяржаву РБ і РФ” (дагэтуль неканстытуцыйную, незаконную). А сёлета Крэмль “чуділ без гармоні”. Скалочанае нядаўна з ашмёткаў нямцовых-хакамадаў “Правое дело” заявіла, што рэгіянальныя аддзяленьні гэтых “правых” узначаляць у бліжэйшы час рэгіянальныя дзеячы пуцінскай “Едіной Россіі”. Такога “чудачества” ня ведае гісторыя партыйнага будаўніцтва з часоў Мэсапатаміі і Старажытнага Рыма. Мала таго, што генсекам “Едіной Россіі” зьяўляецца беспартыйны Пуцін, дык цяпер дзеячы адной партыі ўзначаляць структуры другой партыі. Хамурапі з братамі Гракхамі за галаву б схапіліся. А ў Расеі нічога сабе. Хаця ў прынцыпе ў іх там засталася адна сапраўдная партыя – ФСБ. Крэмль-Лубянка, аднак, не забыліся на “заслужаных таварышаў” з патопленага СПС. 9 сьнежня стала вядома, што нядаўні генсек СПС Нікіта Белых (часты госьць на вінцукоўскіх мітынгах у Менску, дзе ён прадстаўляў “рускую дэмакратыю”) прызначаны Пуціным на пост губэрнатара Кіраўскай вобласьці. Няхай сабе не хлебны горад Ташкент, не прыморскі Піцер. Але на “кормленіе” “рускаму дэмакрату” цалкам хопіць. Падалі голас з абломкаў СПС паплечнікі Белых (таксама частыя госьці “белорусскіх оппозіціонеров” Лебедько-Мілінкевіча і іншых) М. Гайдар, Б. Нямцоў, Г. Каспараў. Яны зашумелі, што Белых “прадаў душу д’яблу” і што яны “спыняць адносіны з колішнім паплечнікам, які перабег ва ўладу”. Камэдыя з губэрнскімі хлестаковымі працягваецца. На чарзе менскія хлестаковы. 9 сьнежня юрыдычная камісія Сойма Латвіі павысіла ў два разы штрафы “за невыкарыстаньне ў поўным аб’ёме дзяржаўнай мовы пры выкананьні прафэсійных абавязкаў і падчас публічных мерапрыемстваў”. Цяпер за публічнае невыкарыстаньне латышскай мовы або незабесьпячэньне перакладчыка на яе падчас масавых мерапрыемстваў прадугледжаны штраф ад 25 да 200 латаў (50-400 даляраў). 11 сьнежня Міністэрства адукацыі Украіны апублікавала распрацаваныя ім папраўкі да Закону аб вышэйшай адукацыі. У адпаведнасьці з заканадаўствам і Канстытуцыяй Украіны выкладаньне ў вышэйшых установах краіны будзе весьціся толькі на дзяржаўнай мове – украінскай. Ва Украіне існуюць яшчэ русскоязычныя школы. Можна ўявіць цяпер, як яны будуць пусьцець у сувязі з адэкватнай беспэспэрктыўнасьцю навучаньня на мове былога акупанта. У Маскве ўжо затупалі нагамі і загалдзелі пра “прініженіе языка, на котором говоріт половіна Украіны”. Няхай сабе тупаюць. Украінцы могуць ім цяпер праз гукаўзмацняльнікі каля мяжы пасылаць мэлёдыі з элемэнтамі тупаньня. Напрыклад, “Гапак”. Беларусы вяртаюцца з Масквы і распавядаюць цікавыя гісторыі. Шалёная нафтавая “пруха” абудзіла фантазію многіх маскоўскіх капіталістаў. Яны нават захацелі, каб ім паслужылі заходнія спэцы. Спэцоў запрасілі ў небясьпечную Маскву, узялі пад ахову. Паклалі заробкі ў дзесяткі і часам сотні тысячаў даляраў. Заходнікі пачалі весьці справы. Але тут грымнуў гром, усё пасыпалася, “пруха” скончылася. Фірмы разараюцца, банкі трасе, работнікаў звальняюць. Выставілі за дзьверы і дарагіх спэцоў. Пры чым настолькі нечакана, што яны й апамятавацца не пасьпелі. Некаторыя зь іх хутчэй паляцелі дадому. Але многія замкнуліся ў нанятых раскошных кватэрах і пачалі ўпівацца “по-русскі”, заліваюць гарэлкай і каньяком свой стрэс. Іхныя сем’і ў адчаі, дзеці ня ходзяць у прэстыжовыя маскоўскія школы, сядзяць дома і глядзяць на пьяных бацькоў, якім крызіс абрэзаў крылы. А так хацелася паслужыць Расеі, узбагаціцца на “бяскрайніх прасторах”… 12 сьнежня Расея сьвяткавала “дзень Канстытуцыі”. Сьвяткавала неяк квола, “без огонька”. Нават расейскія тэлеканалы не маглі схаваць раўнадушнасьці грамадзтва. На тэлеэкранах прамільгнулі пару мітынгаў з купкай начальства на трыбуне. Было відавочна, што ўлады сабралі некалькі тысячаў статыстаў, якім было загадана адстаяць паўгадзіны, ня рухаючыся. Частка статыстаў трымала сьцягі-трыкалёры. Але сьцягі былі абсалютна аднатыпныя па фармаце. Зразумела, што іх раздалі з агульнай кучы і загадалі патрымаць. Каб нельга было разглядзець раўнадушныя твары, тэлекамэру не наводзілі на паасобных людзей, а здымалі ўсё здалёк. Вызначаецца пэўная тэндэнцыя групавых паводзінаў расейскага грамадзтва. Гэта, дарэчы, прадэманстраваў і нядаўні шматхадовы рытуал з пахаваньнем Алексія ІІ всея Русі. Былі прыкладзены выключныя адміністрацыйныя намаганьні, каб у дзень пахаваньня сабраць нейкі прадстаўнічы шматтысячны натоўп у Маскве. Сабралі. Але зноў жа ўзьніклі праблемы з буйнымі плянамі тэлездымкаў. Апэратары доўга не знаходзілі партрэт з плачам. І ўрэшце паказалі нейкага нявыспанага чалавека, які старанна цер вочы. Ну, атрымалася амаль як плач па патрыярху. А на наступны дзень ўся рэжысура “добровольно-прінудітельно” раскрылася ў поўнай красе. Вернікі ведаюць, што на наступную пасьля пахаваньня раніцу прынята ісьці на магілку і маліцца, запальваць сьвечку і г.д. Ведаеце колькі людзей прышло раніцай у царкву, дзе знаходзіцца мармуровы саркафаг Алексія? НТВ прызналася: дзьве тысячы. Заўважым, што гэта адбывалася ў 12-мільённым горадзе. Ёсьць над чым задумацца РПЦ, ад якой ў цэлым адвярнулася як ад нечага недарэчнага і фальшывага нават расейскае грамадзтва. З раніцы расейскія тэлеканалы забаўляюць гледачоў майстрамі лёгкіх жанраў і сур’ёзнымі спэцамі, якія ў адзін голас тлумачаць грамадзтву, што “крызіс – гэта нічога сабе, паветра стане чысьцей …” Цікава, што калі ў навінах пачынаюць паказваць прэм’ера Пуціна, то ён паводзіць сабе такім жа чынам. Іміджмэйкэры загадалі яму ўдаваць аптыміста з імпэтным дзёрганьнем рук, салодкімі ўсьмешкамі і “планов громадьём”. Грамадзтву асабліва спадабаўся сюжэт з фэрмы, дзе Уладзімір Уладзіміравіч гладзіў па галаве кароў. Гарадзкі чалавек, “в доску пітерскій” (як яны самы сабе называюць), гэты гэбоўскі опэрработнік дэманстраваў клопат пра харчовую праграму пасярод пацёмкінскага калгаснага хлява. Усе цудоўна разумеюць фальш гэтых мізансцэнаў і палітыкі лубянскай хунты, якую ўсё жыцьцё вучылі не жывёлагадоўлі і не барацьбе за мір, а якраз усяму адваротнаму. Час ад часу ў эфір вымушана прарываюцца аб’ектыўныя зьвесткі з расейскіх прастораў. 17 сьнежня паведамілі, што ў запалярным горадзе Кандалакшы на парозе свайго дому была забіта мэр горада Н. Варламава. Яе забіў нажом беспрацоўны чалавек, які доўга дамагаўся падвышэньня пэнсіі. Трэба расейскаму начальству ўсіх узроўняў езьдзіць выключна ў браневіках і спаць у бронекамізэльках. А яны ўсё пра “чыстае паветра”. 18 сьнежня ў Пецярбурзе пачаўся суд над міліцэйскімі чынамі Потетіновым і Фарманянам. Яны спэцыялізаваліся на катаваньнях непаўнагадовых падлеткаў, выбівалі электрашокам прызнаньні ў гадаванцаў дзіцячага дома. З балкону Ватыканскага палаца да вернікаў зьвярнуўся Папа Рымскі. Сярод віншаваньняў з Нараджэньнем Хрыстовым на 57 мовах з вуснаў панціфіка прагучалі і віншаваньні па-беларуску. Акупацыйны рэжым на Беларусі па-свойму данёс інфармацыю пра Каляды. Непаўторнае БТ паказала сьвяточную імшу з магілеўскага сабора. Служба вялася на беларускай мове, з казаньнем па-беларуску выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. А шматслоўныя камэнтары БТ перадавала па-расейску (Мабыць, “чтобы всем понятней было”. Так паводзяць сябе акупанты-калянізатары, камэнтуючы рэлігійны абрад акупаванага народу). 25 сьнежня па раёнах беларускай сталіцы разьехаліся спэцаўтобусы з “развлекательнымі программамі”. Жоўты аўтобус спыняўся каля мясцовага ўнівэрсаму, спэцгрупа выстаўляла ля дзвярэй маленькую штучную ялінку і пачынала “представленіе”. Замест прыгожых калядных сьпеваў з рэпрадуктара раўла расейская папса. Дыскатэчна-панэльнага выгляду камсамолкі махалі мікрафонамі і арганізоўвалі “вікторіну”: “Как называется главная плошчадь Москвы?” “Красная!” – гукалі падпітыя дзядзькі, якіх заўсёды шмат каля крамы. Купка дзяцей агаломшана маўчала і глядзела на “светопредставленіе”. Адным словам, трыюмф русскості… У Маскве 26 сьнежня адбыўся “Антыкрызісны марш”. Гэтым разам нікога ня білі паліцэйскімі дубінамі. Маршыравалі маладзёвыя арганізацыі “Россія молодая” і “Россійскій союз сельской молодёжі” (аказваецца, у РФ не адзін пуцін-югенд, а цэлая процьма). Як патлумачылі лідэры гэтых югендаў, яны “дэманстравалі падтрымку антыкрызісным захадам кіраўніцтва Расеі”. Прайшлі па-над ракой-Масквой да дзьвюх тысячаў падтрымшчыкаў. Яны несьлі стандартныя сьцягі і транспаранты, якія потым скінулі ў падрыхтаваныя грузавікі. На адным з грузавікоў пасярод маршу ехала жывая скульптура “Рабочы і калгасьніца” (скульптар Мухіна стварыла прататып кампазіцыі ў жудасным 1937-м). А мы думалі, што пластычнай настальгіяй займаецца толькі шклоўская “эліта” РБ. Трэба прызнаць, што БТ зрэдку выдае праўдзівую інфармацыю пра беларускую рэчаіснасьць. 24 сьнежня яны паказалі тэматычны рэпартаж пра аўтакантрабанду. У апошнія месяцы сапраўднай праблемай сталі ўгоны будаўнічай тэхнікі з Беларусі ў Расею. З будпляцовак, гарадзкіх і калгасных аўтабазаў злодзеі гоняць у бандыцкую дзяржаву аўтакраны, бульдозэры, грузавікі, бэтонамяшалкі і падобнае. БТ паведаміла, што, напрыклад, за магутны аўтакран у Маскве можна атрымаць да 80 тысячаў даляраў. Выказвалася і міліцэйскае начальства Магілеўшчыны і Віцебшчыны, наракала на “празрыстую” мяжу з Расеяй. Паўстае пытаньне: колькі яшчэ будзе існаваць гэтая мафійная “празрыстасьць” на мяжы з ворагам-бандытам? Чаму ня злоўлены аніводзін кантрабандыст? Чаму не разгромлены банды злодзеяў (самотнікі-ліхачы ня могуць арганізаваць такую маштабную дзейнасьць)? Безумоўна, у наяўнасьці арганізаваная сетка аўтамафіі, якая дзейнічае па абодва бакі мяжы. І ў гэтай сетцы заблытаны асобы з пагонамі і без пагонаў. Гніеньне прамаскоўскага рэжыму працягваецца. Раз-пораз расейскія тэлеканалы паведамлялі пра “удачные спецопераціі по ліквідаціі бандітов в Дагестане”. Расейскія акупанты то там то тут забівалі аднаго-двух партызанаў і прадстаўлялі гэта сваім вялікім стратэгічным посьпехам. Партызанам гэта абрыдла і 29 сьнежня яны зрабілі ў Махачкале засаду на нам. начштаба расейскіх войскаў МУС на Паўночным Каўказе генэрал-маёра Ліпінскага. Ягоны аўтамабіль патрыёты абстралялі з аўтаматаў і сьмяротна паранілі арганізатара “стратэгіі”. У гэты ж дзень у Грозным адбыўся вялікі мітынг пратэсту супраць вызваленьня з турмы шалёнага палкоўніка Буданава, які па-зьверсу катаваў і забіў 18-гадовую чачэнскую дзяўчыну. Расейскі суд задаволіў пэтыцыю эсэсаўца, і яго павінны выпусьціць з-за кратаў на пачатку студзеня наступнага года. Мяркуем, што акупацыйныя ўлады мірныя пратэсты праігнаруюць і Буданава выпусьцяць. А чачэнцы атрымаюць яшчэ адзін доказ таго, што акупанта трэба судзіць народным судом, а не перадаваць у акупанцкі суд. 30 сьнежня для лубянска-маскоўскага рэжыму даўно зрабілася “сымвалічнай датай”. У 1922 г. у гэты дзень ленінцы ўтварылі СССР. Пры цяперашніх гаспадарах Расеі ў гэты дзень яны рэгулярна падпісвалі з Лукашэнкам чарговую антыканстытуцыйную дамову пра “саюз РФ і РБ”. Сёлета на экранах тэлевізараў зьявіўся намінальны прэзыдэнт Медведев і падпісаў таксама адну паперу. У паперы гаворыцца, што цяпер прэзыдэнцкі тэрмін у РФ будзе не чатыры, а шэсьць гадоў. Усе заўважылі, які невясёлы, кволы і зморшчаны быў гэты Медведев. Справа ў тым, што павелічэньне тэрміну яго ня тычыцца, а ўступае ў сілу пры наступным прэзыдэнце. Усе (у тым ліку і ён) ведаюць, што гэтая папера і ягонае, — Медведева, — прэзыдэнцтва якраз і былі задуманы як манэўр для вяртаньня (нібыта канстытуцыйнага па форме) Пуціна на крамлёўскі трон. А Медведев ужо і ў густ увайшоў, месца пад сабой нагрэў… Трэба чакаць у 2009 годзе пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, а ў выніку традыцыйнага фарсу — “пераабраньня” Пуціна на трон. Трэба чакаць таксама актывізацыі расейскай агрэсіі на Беларусі, бо акупацыя і анэксія нашай краіны Масквой ёсьць найбольш верагодны прыём, з дапамогай якога акупанты зьбіраюцца апраўдаць зьяўленьне Пуціна на чале “новай дзяржавы”. Хаця ня выключана, што Медведев і ягоная групоўка ўчэпяцца за ўладу мёртвай хваткай і не захочуць яе аддаваць. Што ж, даўно ўжо ў Маскве не стралялі танкі. Самае галоўнае, каб наша краіна засталася па-за рамкамі крывавага маскоўскага кашмару. Толькі салідарны супраціў беларусаў можа абрынуць падступныя пляны ворагаў чалавецтва. Янка Базыль 5/1/2009 › Актуаліі |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |