Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ВЫХАД З КРЫЗІСУ

Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету, асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.

У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося, што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы?

Крызіс высьпяваў даўно і зьвязаны ён з несувымерным павелічэньнем цаны за нафту, якая зьяўляецца адным з базавых чыньнікаў фармаваньня цэнаў на тавары і адыгрывае ў сучасным сьвеце ролю каталізатара сусьветных грошай (даляра). Актыўна спрыяла гэтаму працэсу (палітычнымі мэтадамі) гэбоўская Расея, эканамічнае існаваньне якой залежыць ад цаны на нафту.

Адначасна з ростам цэнаў на нафту адбывалася штучнае зьніжэньне курсу амэрыканскага даляра з боку Амэрыкі і інтэнсіўнае падвышэньне кошту нерухомасьці. Наступны этап – падвышэньне курсу даляра і зьніжэньне цаны нерухомасьці.

На гэтых кіруемых працэсах нажываюцца краіны-экспарцёры нафты (найбольш Расея) і асабліва (на манiпуляцыях зь нерухомасьцю і курсах) — групы, якія ўплываюць на фармаваньне курсу сусьветнай валюты і цэнаў на нерухомасьць. Летам мінулага году сістэма дала збой – банкі пераацанілі свае магчымасьці: ня вытрымаў амэрыканскі народ, ня змог плаціць па крэдытах (лопнула іпатэка). Пачаўся фінансавы крызіс, дакладную прычыну якога “ня ведаюць” самы стратэгі і аўтары працэсаў. Паказальнае выступленьне (былога ўжо) старшыні Фэдэральнай Рэзэрвавай Сістэмы ЗША, прызнанага аўтарытэта ў фінансавым сьвеце Алана Грынспэна ў Кангрэсе ЗША ў кастрычніку мінулага году. Ён сказаў, што “памыліўся”, што сорак гадоў усё атрымлівалася, а тут “памыліўся”, і ўсё перакулілася.

Расея, дзе няма нармальнай капіталістычнай эканомікі і нармальнай, адпаведнай банкаўскай сістэмы, дзе гэбоўская група ўлады пампавала свае нафта-даляры і думала, што так будзе вечна, гэтая Расея адчула крызіс адразу і адразу ён набыў там пачварныя формы. Усё гэта было цалкам прадказальным, варта было толькі падумаць.

Вялікай небясьпекай і злачынствам перад будучыняй было б зьвязаць большую палову нацыянальнага гандлю краіны і адзіны імпарт рэсурсаў з такой дзяржавай, як Расея. Але рэжым Лукашэнкі менавіта гэтакае злачынства сьведама і зрабіў. Крызіс у Беларусь прыйшоў найперш з Расеі. Рэжым не рабіў нічога, каб яму запабегчы. Наадварот, гаворачы людзям пра ўяўную стабільнасьць, рыхтуючы вялікую дэвальвацыю, рэжым штучна трымаў заніжаную цану ў беларускіх рублях за даляр у той час як даляр зь лета мінулага году йшоў у гару. Гэта, як можна меркаваць, дало магчымасьць атрымаць выгаду тым, хто ведаў пра дэвальвацыю.

Дзейнасьць рэжымнага кіраўніцтва Беларусі ва ўмовах крызісу, які яно наклікала, прадыктаваная выключна і толькі клопатам пра захаваньне сваёй улады, гэтак жа як і рэакцыя на новыя дачыненьні Эўразьвязу да палітыкі антыбеларускага рэжыму. Нічога ў прынцыпе не зьмянілася і ня будзе зьмяняцца ва ўнутранай палітыцы на Беларусі (акрамя маленькіх і паказушных саступак, якія не зьяўляюцца нават тэндэнцыяй). Зьнішчэньне ўнутранага рынку гэтак жа, як і зьнішчэньне нацыянальнай беларускай культуры, працягваецца.

Сустрэча зь прэзыдэнтам Юшчанкам, якая нядаўна адбылася ў Чарнігаве, і чарговая ўяўная зацікаўленасьць Лукашэнкі праектам Балта-Чарнаморскага калектара (БЧНК), за ажыцьцяўленьне якога ўвесь час змагаўся Народны Фронт, — гэта зноў чарговае гульбішча рэжыму, каб выцыганіць малую цану за газ ад пуцінскай Расеі. Атрымалі цану, і на гэтым цікавасьць да БЧНК скончыцца. БЧНК ніколі ня стане зьместам эканамічнай палітыкі лукашысцкага рэжыму, як ніколі ня стане марыянэтка распараджацца сабой. Асобным эканамічным і палітычным накірункам дзеяньня БЧНК быў толькі ў Народным Фронце. Ажыцьцяўляючы гэтую ідэю, мы добра ўсьведамлялі, каму яна будзе непадабацца. За БНФ і ўкраінскім Рухам стаяць ужо міжнародныя дачыненьні і пагадненьні, распрацоўка праектнай дакумэнтацыі па БЧНК і нават ахвяры (зьнікненьне адказнага па Калектару ад Народнага Руху Ўкраіны Міхайлы Байчышына ў 1993 годзе разам з дакумантамі БЧНК). БЧНК не для антыбеларускага рэжыму і не для Лукашэнкі.

Жыцьцё беларусаў за гэтай уладай будзе няўхільна пагаршацца. Рэжым ня здольны выйсьці з крызісу не разбурыўшы грамадзтва і эканоміку, не абрабаваўшы народ і не загнаўшы яго ў галечу (хаця крызіс сам па сабе павінен прыносіць аздараўленьне). Аздараўленчае выйсьце з крызісу можа адбыцца толькі пры адхіленьні гэтага рэжыму ад улады. Аналіз паказвае, што наперадзе – грамадзка-эканамічны стрэс і вельмі цяжкі час, калі толькі ня ўдасца хутка адвязацца ад вялікадзяржаўнага ціску Расеі і пазбавіцца ад кіруючага рэжыму на Беларусі. У крызіснай сытуацыі беларускі народ у прынцыпе мог бы выжыць сам, калі б у яго была элемэнтарная свабода дзеяньняў і доступ да саёй нацыянальнай уласнасьці. Але, зразумела, што яму не дадуць дыхнуць, а будуць толькі душыць (дачыненьні з дробнымі прадпрыймальнікамі – характэрная ілюстрацыя).

Трэба было б у гэтым становішчы даць людзям волю, каб яны маглі ўнутры краіны рабіць (вырабляць), што хочуць і прадаваць, што хочуць, дзе хочуць і каму хочуць. Патрэбныя на гэтую дзейнасьць і на гэты час спрошчаныя невысокія падаткі. Доступ грамадзянаў Беларусі да зямлі. Заахвочваць прыватныя фермы і хутары. Трэба спрасьціць і аблегчыць грамадзянам выезд на працу (на заробкі) за мяжу. Трэба панізіць мінімум ў дзесяць разоў арэндную плату за памяшканьні, за рабочыя месцы на рынках, у варштатах і г. д. Трэба ўвогуле скасаваць мафійную манаполію на нерухамасьць, якой незаконна распараджаецца адзін чалавек. Спыніць беспэрспэктыўнае будаўніцтва “аграгарадкоў” і г. д. па ўсёй шкале, з чаго адразу відаць, што пры гэтым рэжыме зрабіць нічога немагчыма. Крэдыты ад МВФ (можаце лічыць гэта за жарт) патрацяць на пабудову лядовых палацаў у “Казючыках” (адпрацаваная форма “адмыўкі” грошай і крадзяжу).

Ашчадны выхад з крызісу, паўтаруся, вымагае толькі палітычнага рашэньня – ліквідацыі рэжыму, які гэты крызіс падрыхтаваў. Дзеля гэтага трэба, мінімум, наяўнасьць пратэстных настрояў у грамадзтве і наступная іх кансалідацыя на ідэі зьмены кіраўніцтва і вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, якая дасьць магчымасьць хутка ўпарадкаваць нармальную сістэму ўлады ў краіне. Адпадаюць усе пытаньні пра “палаткі”, “сэнат”, “вертыкаль”, выбарчае заканадаўства і пра аўтарытарнага прэзыдэнта. У Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыі, якую незаконна адмяніў Лукашэнка, усё напісана як рабіць.

У падрыхтоўцы людзей да патрабаваньня зьмены збанкрутаванай улады ўзурпатараў і фальсіфікатараў ёсьць першыя крокі да палітычнага выхаду з крызісу і задача грамадзянаў краіны. Найперш бачу ў гэтым галоўную задачу тых патрыётаў, якія стаяць на пазыцыях Адраджэньня, змаганьня, незалежнасьці і беларускай дэмакратыі і не пабеглі, як так званая вікаўская “апазыцыя”, прасіцца на службу да рэжыма, каб дапамагчы ацалець прамаскоўскай ўладзе. Крызіс ужо расстаўляе шмат што на сваё месца. Небясьпеку для незалежнасьці Беларусі уяўляе ня крызіс, а існуючы антыбеларускі рэжым. Каб ратаваць краіну трэба не падтрымліваць рэжым, а зьнішчыць яго. Трэба скарыстаць крызіс, каб ліквідаваць уладу цемры. Беларусам даецца шанц. Пасьля крызісу павінна стаць выздараўленьне. Але патрабуецца толькі адно – хваробу перамагчы.

24 студзеня 2009 г. Зянон ПАЗЬНЯК

27/1/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2009
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024