Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Крызіс як магчымасьць пераменаў

(Ліст да сяброў Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

…У сувязі з крызісам сытуацыя, як бачым, спрасьцілася, выявіліся асновы існаваньня гэтага рэжыму і яго дачыненьні з Масквой. Усё больш выказьнікаў паказвае на тое, што крызіс будзе зацяжным і, магчыма, на некалькі гадоў. Першым палітычным вынікам зацяжной рэцэсіі мусіць стацца ўзрастаньне агрэсіўнасьці Расеі і шуканьне выхаду ў вайне. Рускі гэбізм спрабаваў ужо выклікаць грамадзкае абвастрэньне ва ўсходняй Украіне, калі ў пачатку гэтага года адключыў падачу газу на Ўкраіну і распачаў прапагандысцкую антыукраінскую кампанію. Украінцы, аднак, рэалізавалі разумныя контрмеры, і крамлёўская газавая афёра правалілася.

Другім подступам антынароднай палітыкі, якая робіцца за плячыма людзей, стала падпісаньне 4-га лютага гэтага года пагадненьня з Лукашэнкам і іншымі нявольнікамі “калектыўнай бясьпекі” (АДКБ) аб стварэньні ваенна-карных сілаў “хуткага рэагаваньня”. Гэтакія карныя войскі непатрэбныя нікому, акрамя Расеі, якая хоча мець фармальнае права вайсковага ўступленьня на чужую тэрыторыю. Расея скарыстала момант страху перад крызісам, баяньне азіяцкіх і антыбеларускага рэжымаў страціць уладу і глыбей зацягнула іх у свой ваенны блёк.

Зь беларускага гледзішча, гэта цалкам незаконная апэрацыя, якая супярэчыць асноўным палажэньням Канстытуцыі, законам Беларусі і пры гэтым падпісаная за плячыма народа нелегітымным кіраўніком выканаўчай улады. Авантура абазначае ўступленьне Беларусі ў расейскі ваенны блёк. Яна не прызнаецца і ня можа быць прызнанай. Грамадзтва мае права супрацьдзейнічаць гэтай антынацыянальнай палітыцы ўсімі сродкамі.

У гэтым жа кантэксьце страху Лукашэнка падпісаў за плячыма народа пагадненьне аб так званай сумеснай з Масквой супрацьпаветранай абароне, якое супярэчыць Канстытуцыі і абсалютна не патрэбнае Беларусі, але было праплочана ўзурпатару, што нават і не хаваецца.

Якая адказнасьць (ці, дакладней, кара) належыць спраўцу, пытаньне рытарычнае – усё прапісана ў законах. Але небясьпека здрады і антынародных дзеяньняў ня столькі ў тым, што да ўжываньня закону можа не дайсьці, і нават ня ў тым, што дойдзе запозна, але найперш, у аб’ектыўнай несувымернасьці злачынства і пакараньня. Рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіў столькі шкоды для беларускай культуры, дзяржавы і нацыі, што хоць ты тысячу разоў пакарай іх усіх самым строгім чынам – гэта не кампэнсуе ўсяго таго, што яны разбурылі. Хіба што ў маральна-этычным, духоўным аспэкце існаваньня. І таму пакараньне мусіць стацца неунікнёным, як акт справядлівасьці.
Антынароднае разгортваньне крызісу, падпісаньне незаконных пагадненьняў пра чужыя карныя сілы, удзел у іх, доступ іх на нашу тэрыторыю, незаконнае пагадненьне пра СПА сьведчыць аб тым, што дзейнасьць А. Лукашэнкі стала крайне небясьпечнай для Беларускай дзяржавы і нацыі. Далейшае знаходжаньне яго на вяршыні ўлады недапушчальнае. Пытаньне патрабуе неадкладнага і абавязковага вырашэньня.

Іронія становішча яшчэ ў тым, што грамадзтва (дакладней, частка грамадзтва), формула існаваньня якога “абы не было вайны”, падтрымліваючы Лукашэнку, усё больш набліжаецца да рэальнасьці гэтай самай чужой вайны (прытым на сваёй тэрыторыі). Пачатак фінансава-эканамічнага крызісу на Беларусі праілюстраваў, аднак, што праблема найперш не ў “грамадзтве” (і, тым больш, не ў народзе), а ў эліце, у вяршках гэтага “грамадзтва”. Крызіс адразу паказаў нікчэмнасьць вяршкоў, гніласьць інтэлігенцыі (за выключэньнем асобных змагароў), яе філісьцерства, канфармізм, гатоўнасьць супрацоўнічаць з антыбеларускім рэжымам, прыкрываючыся клопатам пра дзяржаву, абы не было гэтай самай “вайны” – цяжкасьцяў, сацыяльных абвастрэньняў у грамадзтве, канфліктаў з душыцелямі беларускай свабоды і незалежнасьці.

Нешта падобнае мы, фронтаўцы, ужо бачылі і перажывалі ў канцы 80-х мінулага стагоддзя, калі абвастрыўся крызіс СССР. Тая ж самая дэманстрацыя нібыта клопатаў пра народ з боку савецкіх элітаў, заклікі “не разгойдваць лодку” і аб’яднацца вакол “лепшых сілаў КПСС”. Прырода філісьцерства ўсюды аднолькавая і ва ўсе часы.

Мы не разглядаем крызіс як катастрофу, але як пераходны пэрыяд разьвіцьця, якое патрабуе абавязковага абнаўленьня, перамены арыентацыі, зьмены прыярытэтаў. Калі перамены не адбываецца, крызіс пераходзіць у зацяжную фазу стагнацыі, якая цягне за сабой дэградацыю ўсёй унівэрсальнай сістэмы. Тады далейшае разьвіцьцё праходзіць праз катастрофу, якая заканчваецца альбо выхадам у новую якасьць, альбо распадам. (Клясычныя прыклады катастроф, выкліканыя крызісам, — 1-я і 2-я Сусьветныя войны.)

Людзі, якія ўлучаныя ў беларускую нацыянальную палітыку, мусяць усьведамляць, што без ліквідацыі антыбеларускага рэжыму абнаўленчы выхад Беларусі з крызісу немагчымы; наступны этап – застой, крызісны маразм усёй сацыяльнай сістэмы, які можа стацца нацыянальнай катастрофай. Ва ўмовах крызісу трэба дзейнічаць згодна зь яго прыродай – генэраваць і набліжаць перамены і абнову становішча, а не кансэрваваць прычыны крызісу (чым кінуліся займацца розныя грамадзкія ахоўнікі рэжыму). Трэба разглядаць крызіс як магчымасьць, як шанц кардынальных палітычных, эканамічных і сацыяльных пераменаў у беларускім грамадзтве. Ліквідацыя нелегітымнага прамаскоўскага рэжыму – гэта ёсьць не асобнае меркаваньне, ня пункт погляду і нават не варыянт, а аб’ектыўная неабходнасьць і галоўная ўмова рэальнага выхаду з крызісу на Беларусі.

Тут мушу яшчэ сказаць, што назіраньне за тым, што адбываецца, прыводзіць да думкі, што крызіс сапраўды будзе доўгім і з пэўнымі адплывамі і даплывамі можа трываць працяглы час, цэлыя гады, бо сутнасная першапрычына яго (стымулятар завіхрэньняў) ёсьць ня толькі маніпуляцыі фінансавых акулаў і ня толькі крах амэрыканскай іпатэкі, і нават, магчыма, ня цэны на нафту (хоць гэта і важна), але агульны глябальны стан сусьветнай эканомікі і спажываньня. Сусьветны рынак напоўнены і вытворчасьць ужо ня можа нічога прапанаваць новага. Патрэбны скачок, выхад у новую якасьць тавараў (як гэта некалі, у 50-х мінулага стагоддзя, прапанавала хімічная вытворчасьць, а ў канцы ХІХ-га чыгуналіцейная. (Электроніка ня стала такой унівэрсальнай рэвалюцыяй, бо ня ёсьць першасным таварам масавай неабходнасьці.) Гэтая зьява (напоўненасьць попыту) супала з энэргетычным напружаньнем на рынку асноўных рэсурсаў – нафты і газу. Энэргетыка адчувальна стала адставаць ад замоваў і патрэбаў цывілізацыі. Выхад з энэргетычнага голаду можа быць усялякі, але толькі не ў стварэньні энэргетыкі ўчарашняга дня (чым займаецца цяпер антынацыянальны рэжым у Беларусі – АЭС і г. д.).

У мінулым лісьце я пісаў, што ліквідацыя палітычнага рэжыму як першапрычыны агульнага крызісу на Беларусі магчымая пры адпаведным ацэначным і настраёвым стане грамадзтва, дзе галоўным зьяўляецца пратэстны настрой, імкненьне людзей да пераменаў. Такі настрой у беларускім грамадзтве яшчэ асэнсавана ня выявіўся, знаходзіцца ў схаваным і нават зародкавым стане. Задача палітычнай партыі дапамагаць людзям выявіць і асэнсаваць такі настрой, перавесьці яго ў дзеяньне. Людзі павінны мець адказы на два клясычныя пытаньні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”.

Мы мусім павялічыць і пашырыць нашую палітыка-асьветніцкую працу па падрыхтоўцы спрыяльнага асяроддзя для пераменаў. Канкрэтна мы ведаем, як гэта рабіць, таму я спыняюся толькі на пачатковых лёзунгах і патрабаваньнях.

Наша пазыцыя павінна ўключаць патрабаваньне адхіліць Лукашэнку ад улады, адмяніць накінутую фальшаваньнем канстытуцыю дыктатуры, правесьці новыя выбары прэзыдэнта (сумесна з выбарамі ў парлямант), згодна зь Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыяй 1994 года і законамі, створанымі на яе аснове.

Наступныя антыкрызісныя патрабаваньні, якія павінны быць пастаўленыя перад уладай: даць поўную вытворчую свабоду людзям, каб чалавек мог бесперашкодна вырабляць, купляць і прадаваць, што хоча, дзе хоча і каму хоча. Устанавіць мінімальныя падаткі для такога прадпрыймальніцтва, вызначыць сістэму зьніжэньня і пазбаўленьня ад падаткаў у выпадку мецэнацкай дапамогі і філянтрапічнай дзейнасьці вызначаным арганізацыям і асобам (школы, інваліды, творчыя пачынаньні і г. д.).

Аблегчыць і спрасьціць беларусам выезды на працу за мяжу. Зьнізіць кошт арэнднай платы за наём памяшканьняў для бізнэсу і вытворчасьці ў некалькі разоў і для грамадзка-палітычных і культурніцкіх арганізацыяў у 10-20 разоў. Ліквідаваць манаполію Адміністрацыі прэзыдэнта на арэндную плошчу, памяшканьні і нежылы фонд. Перадаць усё ў веданьне мясцовых уладаў.

Гэта патрабаваньні першых крокаў.
Мы ўжо цяпер павінны рыхтавацца да адзначэньня 25 Сакавіка ці ўгодкаў незалежнасьці БНР (Дзень Волі). Прапаную прыняць адпаведнае рашэньне на Сойме і даручыць вызначаным асобам зьвярнуцца ў Менгарвыканкам аб правядзеньні шэсьця і мітынгу. Мітынг трэба рыхтаваць як палітычнае антыкрызіснае мерапрыемства.(…)
Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Парты – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
5-8 лютага 2009 г.

10/2/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2009
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
232425262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024