Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Перамены трэба рыхтаваць

(Выступ на красавіцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

За мяжой, якая поўніцца ад інфармацыі, стан у Беларусі ўспрымаецца мной як “трывожныя дні”. На Беларусі тым часам ранейшы маразм рэжымнага нішчэньня з той хіба розьніцай, што калі ў Менску людзі яшчэ ўпарта церпяць, то ў раёнах і абласьцях беларусу ўжо робіцца нясьцерпна: ні працы, ні заробкаў, ні пэрспэктывы і няма куды дзецца. Магчыма людзі адчуваюць, што самы сабе ўзгадавалі калгасны рэжым і яго начальніка, і няведаюць, што рабіць. Але статыстыка паказвае, што большую падтрымку “галоўны начальнік” мае якраз у абласьцях і раёнах, і што з пачаткам крызісу гэтая падтрымка не змалела, а, наадварот, павялічылася.

Прыгледзімся да прычыны гэтай зьявы. Тым больш, што яна існуе пастаянна, яшчэ з часоў пасьляваеннага СССР і нават раней – з 30-х гадоў.

Агульная прычына, як я мяркую, гэта вынік рэпрэсіяў і кіраваньня 200-гадовай расейскай акупацыі. Адбылася дэфармацыя мэнтальнасьці ў пэўнай часткі беларусаў, што выжывалі і прыстасоўваліся пры маскоўскім рэжыме.

Па мэнтальнасьці і па шматлікіх аспэктах жыцьця Расея – гэта ёсьць Азія ў горшым, крымінальным яе выяўленьні, гэта – супольнасьць, пазбаўленая лучнасьці культурных традыцыяў. У гэтым грамадзтве ніколі не было і не сфармавалася супольнага мэханізму абароны асобы ад тыраніі і гвалту ўлады і ад сабе падобных; існуе татальная непавага да закону і абсурднае спадзяваньне на справядлівасьць і волю вярхоўнай асобы як панацэю ад разбою і бяспраўя. У такіх абставінах абсалютнымі каштоўнасьцямі грамадзтва робяцца дзяржава, улада і воля вярхоўнага начальніка. Жыцьцё чалавека перад гэтымі рэальнасьцямі ёсьць другасным, і гэта ўспрымаецца як натуральны парадак рэчаў. Гэта значыць, залежнасьць ад парадку ўлады і чаканьне ад яе справядлівасьці праз пакараньне крыўдзіцеляў. Рухавіком такіх дачыненьняў становіцца нянавісьць, ашуканства, эгалітарнае думаньне. Гэта не эўрапейцы, яны зусім іншыя ў адносінах да сьвету, чым беларусы. У іх іншыя ацэнкі людзей, стандартных дачыненьняў і зьяваў, якія не адразу распазнаюцца з прычыны падобнасьці формы і эўрапейскага выгляду.

Непасрэднай прычынай падтрымкі дыктатуры часткай людзей зьяўляецца сама дыктатура і страх, які яна насаджае. Ад гэтага дэфармуецца калектыўная псіхіка, узьнікае эфэкт закладнікаў, якія ў выпадку небясьпекі (што вядома) пачынаюць супрацоўнічаць з тэрарыстамі. Як правіла, гэта прыкмета псіхалогіі прыстасаванства і зламанага духу. Такія людзі, баючыся невядомасьці і пераменаў, жадаюць не свабоды, а парадку. Яны хапаюцца якраз за дыктатуру і за дыктатара, які гэты парадак, на іх думку, забясьпечыць (ім хочацца Сталіна, Лукашэнкі, расстрэлаў і г.д.).

Цяпер, у час крызісу, мы зьяўляемся якраз сьведкамі праявы такой мэнтальнасьці. Наш тэзіс аб неабходнасьці скарыстаць крызіс дзеля ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі як галоўнай прычыны крызісу на Беларусі, ня быў і ня будзе ўспрыняты гэтай катэгорыяй людзей. Ім здаецца (стандартнае апраўданьне), што як абваліцца рэжым і скончыцца рэжымнае рабства, то пачнецца анархія і беззаконьне і стане яшчэ горай. Міфалагічная сьведамасьць малюе страшныя карціны. Характэрна, што (як і трэба было чакаць) найбольш адкрыта гэтую збочаную пазыцыю выказала цяперашняя сэрвільная інтэлігенцыя і ўсе дэмпартыі так званай вікаўскай апазыцыі, якія засьведчылі сваю гатоўнасьць супрацоўнічаць з антыбеларускім рэжымам і разам ратавацца ад крызісу. Дзеяньні “апазыцыйнага” калябаранцтва набываюць панічныя формы.

Наступным важным чыньнікам існаваньня закладніцкай мэнтальнасьці ёсьць узьдзеяньне афіцыёзнай інфармацыі і прапаганды, якая цалкам зманапалізаваная антыбеларускім рэжымам.

Другая частка беларусаў (прыблізна роўная першай катэгорыі людзей) выхад з крызісу зьвязвае зь пераменамі і з пазбаўленьнем ад рэжыму. Сьведама ці ня сьведама ў іх сьпее гатоўнасьць змагацца. Яны ня згодны на антынародны парадак і па сутнасьці не хацелі б чужога парадку, але жадалі б народнай свабоды — грамадзянскай і нацыянальнай.

Мэнтальны і, ў выніку, палітычны падзел добра і пастаянна відаць. Мы мусім улічваць гэтакае становішча ў нашым змаганьні з антыбеларускім рэжымам і правільна разьмяркоўваць ужываньне нашых ініцыятываў.

Мэнтальнасьць свабоды больш актыўная і схільная пашырацца. Такім чынам, ёсьць духоўныя і сацыяльныя падставы дзеля стварэньня арганізаванай пратэстнай сілы, якая можа стацца рашаючым чыньнікам ва ўмовах крызіснага абвастрэньня адносінаў паміж антынародным рэжымам і беларускім грамадзтвам. У гэтым накірунку павінна цяпер працаваць наша народная партыя.

Тут, апісваючы абставіны, мушу зрабіць дэгрэсію, каб падкрэсьліць істотную акалічнасьць. Дзейнасьць антыбеларускага рэжыму і ягонага псіхічна няўстойлівага кіраўніка становіцца ва ўмовах крызісу вельмі небясьпечнай для грамадзтва і беларускай дзяржавы. Ён здольны ў такіх умовах зрабіць учынак, які пацягне цяжкія наступствы для нашай дзяржавы і незалежнасьці. Абсалютная канцэнтрацыя ўлады ў руках аднаго палітычна і псіхічна ненадзейнага чалавека стварае магчымасьць гэтаму чалавеку выклікаць непапраўнае няшчасьце для цэлай нацыі. І мы бачым, што ён робіць і ведаем, што можа зрабіць.

У час такога разбуральнага дзеяньня і верагоднага крызіснага абвастрэньня першасны выхад заўсёды адзін – зьмена ўлады, адстаўка кіраўніка. Магчымасьць зьмены – гэта ёсьць магчымасьць захаваньня грамадзтва і дзяржавы перад катастрофай. Але ў тым і справа, што Лукашэнка, як і бальшыня дактатараў, зьнішчыў усе законныя магчымасьці зьмены аўтарытарнага кіраўніка ўлады, пачынаючы ад перапісу і незаконнага ўвядзеньня ў 1996 г. сваёй “канстытуцыі дыктатуры” і заканчваючы стварэньнем машыны выбарчай фальсіфікацыі. Уся нацыя апынулася ў закладніках аднаго неўраўнаважанага і малакультурнага чалавека. Законнага мэханізму яго зьмены практычна не існуе. Беларускі народ загналі ў кут. У выпадку экзыстэнцыяльна-разбуральнага дзеяньня з боку ўзурпатара (здачы сувэрэнітэту Беларусі, напрыклад; увядзеньня чужога войска на нацыянальную тэрыторыю і т.п.) народ мае права на непасрэднае дзеяньне супраць прадажнай улады (арт. 3 Канстытуцыі 1994 г.) і гэта законна.

Тым часам, антынародны рэжым, практычна, імкнецца зачыніць беларусам і гэтую магчымасьць (стварыў велізарнае і мілітарна ўзброенае ўнутранае войска, праводзіць прэвентыўныя рэпрэсіі, падпісаў незаконнае пагадненьне аб карных войсках з Расеяй – “аддзелы хуткага рэагаваньня”). Словам, тут стандарт, тыпалогія дыктатуры; стварэньне незьнішчальнасьці рэжыму паварочваецца парадаксальным бокам, бо правакуе скрайнія дзеяньні (і гісторыя гэта пацьвярджае). Той, хто заганяе ў кут цэлы народ, адначасна заганяе ў кут самога сябе.

Пра мірную схему зьмены ўлады ў Беларусі з удзелам грамадзтва я ўжо пісаў раней у агульных рысах. У гэтай сувязі ёсьць яшчэ адна, нібыта пабочная тэма, якую ніхто не абмяркоўвае, але якая датычыць дзяржавы і кожнага беларуса. Гэта пытаньне грошай, нарабаваных узурпатарам шляхам эксплуатацыі беларускай дзяржавы. Сістэма эксплуатацыі і мэтады рабаваньня беларусаў бачныя ўсім, хто ўмее глядзець. З самага пачатку быў створаны паралельны бюджэт (што само па сабе крымінал), якім па сёньняшні дзень распараджаецца выключна адзін Лукашэнка і ніхто ня бачыў, колькі там грошай, адкуль прыходзяць і куды выходзяць, і, увогуле, дзе яны знаходзяцца. У канцы 90-х гаварылі і друкавалі, што ў гэтым “бюджэце” 11 мільярдаў даляраў. У 1998 годзе за паўгода перад бамбаваньнем Сэрбіі амэрыканскай авіяцыяй (1999 г.) Лукашэнка паехаў раптам без патрэбы ў Бялград, абымаўся там з Мілошавічам, гаварыў траскучыя палітычныя “бздуры”, накшталт аб’яднаньня Сэрбіі, Беларусі і Расеі ў “саюзную дзяржаву” і потым ад’ехаў.

Тады і ў Амэрыцы, і ў Эўропе ў палітычных колах я чуў адну і тую ж гісторыю (прытым з падрабязнасьцямі). Грошы Лукашэнкі былі ў сэрбскім банку. Зразумеўшы, што “друг Слабадан” можа дрэнна скончыць, Лукашэнка прыехаў да яго абымацца і клясьціся ў дружбе. У выніку Слабадан Мілошавіч асабістым уплывам выдзеліў яму бранявік для перавозкі грошай з банку на самалёт. Вазілі тры дні. Перавозкай кіравалі чальцы сям’і “вялікага сябра Сэрбіі”. Самалёт адляцеў у невядомым кірунку. Потым стала вядома, што прызямліўся ён у Лівіі. Усё было спакойна, пакуль не пачаўся фінансавы крызіс. Узурпатар захваляваўся і запрасіў “брата Муамара” ў Менск. “Брат” прыехаў са сьвітай, бедуінскім шатром і дзяўчаткамі-“ахоўніцамі” (Кадафі – арыгінал), пабыў і паехаў (прынялі для віду нейкі мэмарандум аб нейкіх неіснуючых “дачыненьнях”).

Выснова з гэтай брацкай дружбы можа быць толькі адна: грошы, забраныя ў беларускага народа, павінны быць вернуты беларускаму народу. Зразумела, дзе яны знаходзяцца. Хай ляжаць. Муамару Кадафі беларусы толькі падзякуюць.

Вяртаючыся да крызісу, не палянуюся паўтарыць: народным сілам трэба рыхтаваць сваю тэхнічную сістэму выбарчага працэсу. Зрабіць гэта ўвогуле не складана, яна можа вельмі прыдасца. Прэзыдэнцкія выбары, у выпадку перамены, трэба правесьці разам з парляманцкімі па законнай Канстытуцыі 1994 года.

Аб эўрапалітыцы. Да жніўня 2008 г. Эўразьвяз ня меў выразнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Існаваў падвойны стандарт: штурханьне Беларусі ў Расею (немцы) і, адначасна, адпрацаваныя штампы падтрымкі “барацьбы за дэмакратыю” са стварэньнем сваёй крэатурнай “апазыцыі” і ўпорам на “правы чалавека”.

Цяпер, пасьля расейскай агрэсіі супраць Грузіі зьявілася стратэгія, заснаваная на геапалітыцы, так званае “Усходняе партнёрства” (мадыфікацыя нашай фронтаўскай канцэпцыі БЧС – Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці). Недахоп гэтай стратэгіі ў тым, што яна канцэптуальна не распрацавана. Эўразьвяз, адкінуўшы тупіковыя гульні са сваёй падстаўной “апазыцыяй”, напрасткі стаў супрацоўнічаць з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі, практычна (як і раней), выкінуўшы з гэтай сваёй стратэгіі нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

“Усходняе партнёрства” мы, вядома, падтрымліваем. Але генэральныя дачыненьні Эўразьвязу мусяць быць ня толькі з антынародным рэжымам, але і зь беларускім народам і зь яго палітычнымі арганізацыямі (прытым з усімі, а ня толькі зь эўрапейскай “апазыцыйнай” падстаўкай). У адваротным выпадку станоўчага сэнсу ў гэтым ня будзе. Апартуністычная эўрапалітыка дачыненьняў толькі з рэжымам умацуе гэты акупацыйны рэжым, узаконіць рэпрэсіі і этнацыд беларусаў і легітымізуе вынікі фальшывых выбараў, што аблегчыць агрэсію Масквы, палітычную і эканамічную інвазію ў нашу краіну.

Цяпер асобным пытаньнем для Эўропы і Беларусі паўстала праблема: запрашаць ці не запрашаць Лукашэнку ў Прагу на саміт Эўразьвязу. Складваецца ўражаньне, што перамагае апартунізм. Хаця зразумела ўсім зацікаўленым бакам, што запрашаць узурпатара нельга. Гэтае запрашэньне нікому не патрэбнае. Яно не патрэбна нам, беларусам, па вялікаму кошту (а не па нямецкаму) яно не патрэбнае Эўразьвязу, Расеі і самому Лукашэнку. (Незапрашэньне аблегчвае яго дачыненьні з Мядзьведзевым-Пуціным і дае козыры ў перамовах з Эўзразьвязам.) Такім чынам, запрашаць Лукашэнку на інаўгурацыйны саміт “Усходняга партнёрства” ў Прагу ня трэба. Інакш гэта легалізуе бяспраўе і этнацыд, ўмацуе рэпрэсіі рэжыму і ціск на народ Беларусі. Такая наша пазыцыя.

Беларусам цяпер вельмі важна ўмацаваць сваю нацыянальна-дэмакратычную палітычную сілу, адрадзіць яе масавасьць і ўплыў на палітыку. Інакш Эўразьвяз ня будзе лічыцца з інтарэсамі Беларусі. Мы не павінны стаць пешкамі ў чужой палітыцы, асабліва ў такім збочаным варыянце як супрацоўніцтва Эўразьвязу з антыбеларускім рэжымам. Усё гэта без нашай сілы і нашай палітыкі можа абярнуцца супроць Беларусі, прывесьці да чарговага падзелу нашай уласнасьці і эканомікі паміж Масквой і Эўразьвязам.

Бессэнсоўна, аднак, доўга разважаць пра магчымасьці чужой палітыкі. Наш лёс і наша будучыня вырашаецца ў Беларусі. Але сутнасьць гэтага вырашэньня заключаецца ў арганізацыі змаганьня і ў барацьбе з антыбеларускім рэжымам з мэтай яго ліквідацыі і ўсталяваньня нармальнай беларускай і дэмакратычнай улады. Тым часам падстаўная апазыцыя цяпер, калі Эўропа яе пракінула, таксама залемантавала, што ўсё вырашаецца на Беларусі. Але сутнасьць іхняга вырашэньня (Лябедзька), гэта не барацьба, а супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам, пра што яны пастаянна цяпер кажуць. Як бачым, усё ў іх вяртаецца на свае кругі. Наш шлях – барацьба. Свабоду мы можам мець, толькі здабыўшы яе ў змаганьні.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
11 красавіка 2009 г.

13/4/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2009
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024