Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: ЛУКАШЭНКА Ў ВАТЫКАНЕ

Мы сталі сьведкамі як візіт Лукашэнкі да Папы Рымскага Бенедыкта 16-га ня тое што дрэнна, а проста фатальна падзейначаў на сьвядомасьць некаторых вольных беларусаў. Іншыя хапаюцца за галаву, маўляў, сьвет здурэў, усё прагніло і нікому нельга верыць, а Папу, якога яны лічылі найвялікшым маральным аўтарытэтам, аказваецца “напляваць на нашы душы.”

Усё гэта, вядома, ня так. Прычына такога ўспрыняцьця крыецца ў неінфармаванасьці і, часткова, на жаль, у антырэлігійным выхаваньні. Каталіцкі Касьцёл адчынены для чалавека. Ён не практыкуе сьвятарскага ментарства, тут свая мова адносінаў, пагрунтаваная на свабодзе і павазе да бліжняга – праява культуры тыпова эўрапейскага кшталту. У чалавечым вымярэньні такія абставіны пазначаны ўсюды ад характару літургіі да дачыненьняў паміж сьвятаром і вернікамі і, таксама, паміж самымі вернікамі.

Папа Бенедыкт 16-ы дзейнічае дакладна ў духу гэтай рэлігійнай культуры, і ў дачыненьні да прыняцьця з візітам “апошняга ізгоя Эўропы” не парушыў ніводнага, устаноўленага ў Ватыкане правіла, звычаю і традыцыі. А правілы такія, што кіраўнік дзяржавы можа прасіць праняць яго ў Ватыкане, будучы на тэрыторыі Італіі. Папа тады не адмаўляе. Як вышэйшая духоўная ўлада ён па прыкладу Боскаму гатовы выслухаць любую асобу, не робячы ніякіх папярэдніх вердыктаў, бо ўсе душы роўныя перад Богам. У адваротным выпадку траціўся б сэнс рэлігіі і функцыя Касьцёла. Акрамя таго Беларусь мае дыпляматычныя зносіны з дзяржавай Ватыкан і калі кіраўнік дзяржавы просіць, каб яго прынялі, то яго прымаюць, нават калі і не надта хочуць.

Візіт “ізгоя” да Папы быў падрыхтаваны зь ведама Эўразьвязу і Сільвіё Бэрлусконі, які запрасіў Лукашэнку ў Італію і дзейнічаў тут як прадстаўнік Эўрапейскай структуры. Пра гэта выразна далі зразумець італьянскія дыпляматычныя крыніцы. Пры гэтым напярэдадні запросінаў Міністар замежных справаў Італіі Франка Фратыні зьмясьціў у друку адкрыты ліст з характарыстыкай рэжыму Лукашэнкі і заклікам “паважаць правы і асноўныя свабоды беларускіх грамадзянаў”.

У гэтых абставінах прыезд Лукашэнкі да Папы меў катэгорыю прыватнага рабочага візіту. Візіцёра сустракалі, праводзілі да Папы, адбывалася фармальнае знаёмства, рутыновыя фразы і далей Папа выслухоўваў наведніка сам на сам (гэта істотна, бо, магчыма, наведнік хацеў бы сказаць нешта важнае ці асабістае). Пасьля такога прыёму ў Ватыкане пішуць кароткі камунікат, дзе паведамляецца пра што гаварылася з Папам. Ніякіх заяваў, прэсавых канфэрэнцыяў не прадугледжана. Сустрэча з Папам (з улікам перакладу) доўжылася 25 хвілінаў. Сам прыезд Лукашэнкі быў абстаўлены таямнічасьцю, візіт пацьвердзілі ў апошні момант. Невядома было нават дзе ён затрымаўся. Ягоная сустрэча з Папам не знайшла, практычна, ніякага адлюстраваньня ў італьянскім друку. Журналісты былі занятыя асьвятленьнем іншага візіту (прынца Чарльза і герцагіні Камілы)

Пасьля сустрэчы Лукашэнка, не міргнуўшы вокам, даў зразумець, што абмяркоўвалася патаньне аб сустрэча Папы і Патрыярха Маскоўскага і выказаў спадзеў, што сустрэча адбудзецца ў Беларусі, сказаў таксама, што ягоная гаворка з Папам доўжылася 50 хвілінаў (не схлусіць ён ня мог, але ў Рыме пра гэтую асаблівасьць яшчэ ня ведалі).

Ватыкан не пацьвердзіў размовы пра сустрэчу з Патрыярхам, зазначыўшы, што такія спатканьні рыхтуюцца на вышэйшым царкоўным узроўні. Прадстаўнікі Маскоўскай Патрыярхіі тым часам не стрымаліся нават ад зьедлівасьці, паведаміўшы, што такія сустрэчы рыхтуюцца ў інтарэсах цэркваў, а не з нагоды “палітычнай кан’юнктуры”, што ў Патрыярха ёсьць непасрэдны кантакт з Папам і што ім “няма неабходнасьці выкарыстоўваць пасярэднікаў” (рэзкі і забойны пасаж). Лукашэнка, як бачым, ужо наклікаў на сябе грэблівыя адносіны і камэнтары, але ён гэтага не разумее. ТБ круціць сваю “катрынку”.

Візіцёраў, якія наведваюць Папу, абавязваюць добрыя манеры, культура, павага. Гэта спэцыяльна не прапісана, суправаджальная асобы таксама не рэгламэнтуюцца, кожны кіруецца сам, сваёй выхаванасьцю, пачцівасьцю, пашанай да Папы і г. д. І нікому яшчэ ні прышло ў галаву прыйсці да Папы ў шлёпанцах на босу нагу, зь любоўніцай ці з пазашлюбным дзіцем (пры жывой жонцы). Лукашэнка стаў першым дзікуном, які такое зрабіў. Зразумела, пра што ён думаў сваімі мазгамі і чаго хацеў дасягнуць. У Рыме ўсё ўбачылі і ўсё зразумелі. Дзіцятка не вінаватае, што яго выкарыстоўваюць, як цацку, у палітычных гульнях. Яно тут ёсьць несьвядомай ахвярай людзкой жорсткасьці і разьліку. Пантыфік цёпла прывітаў хлопчака як найлепш, як і трэба рабіць добраму і мудраму чалавеку.

Гледзячы на гэтую сытуацыю і на Лукашэнку ў Ватыкане, мне так і ўспамінаецца стары адэскі анекдот: “І каво вы хаціце абмануць…?” Ніякага карт-бляншу, ніякага празнаньня, дазволу на паскудзтва Лукашэнка не атрымаў, нікаго не расчуліў, нікаго не ашукаў, толькі паказаў наглядна, хто ён такі і што ён за чалавек. Прыдумка з рускім букваром таксама марны нумар. Пантыфік ведае, што адбываецца ў Беларусі і на якой мове друкаваў кнігі Скарына ў Пецярбургу.

Тое, што за ўсю гісторыю Ватыкана ніхто не хадзіў да Папы з пазашлюбным дзіцем – гэта вядома. Ня ведаю, аднак, ці размаўляў хто калі з Пантыфікам у такой ненармальнай манеры, як Лукашэнка (а гэта таксама заўважылі).
“Наша встреча затянулась на долгие годы, но наконец-то мы встретились”, — кажа Лукашэнка. Тут ня праста няўменьне гаварыць. Ён лічыць сябе раўнёй з Пантыфікам (а ў глыбіні душы, магчыма, і вышэй), таму такая фраза. Некалі ў 90-х Лукашэнка спаткаўся з прэм’ерам Расеі Віктарам Чарнамырдзіным (былым намэнклятурным цэкістам і шышкай КПСС) і кажа яму: “Вітя”. Чарнамырдзін пакруціў шыяй і буркнуў: “М-да, давненько меня никто Витей не называл”.

А вось як выглядае запрашэньне Пантыфіку наведаць Беларусь (ёсьць відэазапіс у Інтэрнэце, кожны можа паглядзець):
“Если вы найдёте время, мы с Вами встретимся на Белорусской земле, кажа Лукашэнка. – Если Гасподь так решит – Вы исполните.”
Усё тое ж самае (“найдёте время” – “мы встретімся”). “Мы” – двух роўных. Ён запрашае не ў Беларусь, а да сябе на “встречу” (тут той жа “Вітя”).

Тут зраблю кароткую дэгрэсію. Гэта тыповы ўзор паводзінаў малакультурнага чалавека з прэтэнзіямі, які трапіў на вяршыню сацыяльнай лесьвіцы у неадпаведную для сябе абстаноўку (“з гразі ў князі”, — як казалі некалі ў Вялікім Княстве). З другога боку гэта характэрнае захаваньне асобы пры псіхічных (шызоідных) адхіленьнях (манія велічы, значнасьці, неадэкватная самарэалізацыя, завышаная самаацэнка і інш.).

Кажуць “стыль – гэта чалавек”. Ну хто можа так гаварыць з Пантыфікам: “Если Гасподь так решит – Вы исполните.”? Стыль прапаршчыка з “погранвойск КГБ” (начальство решает, мы ісполняем). Гэта гатовая п’еса, сатыра “куншцюк”, яе можна іграць на сцэне. Зрэшты ў перакладзе яно губляецца, але і таго, што было, Ватыкану хапіла, каб атрымаць адэкватнае ўяўленьне, хто ў іх пабываў.

Так што ня трэба заламываць рук і расчароўвацца ў папскай прыстойнасьці, спадарам інтэлігенцыі. Эўропа даверлівая, філісьцерская і г. д., але яна чуйная на бескультур’е. Гэта не Расея, дзе паміж “феняй”, матам і “фігнёй” Лукашэнка можа плаваць, як рыба ў моры, і біць бакалы аб паркет.

Вось дзе сапраўды ня трэба каб ён быў – гэта на саміце Эўразьвязу ў Празе 7-га траўня. Ягоная прысутнасьць-непрысутнасьць там ёсьць вельмі прынцаповае, балючае для ўспрыняцьця, сымвалічнае і знакавае для беларусаў патаньне, якое пры рэалізацыі можа сыграць надзвычай адмоўную ролю (пра гэта ўжо пісалася). У рэальнасьці яно такім, як бы і ня ёсьць, але так успрымаецца грамадзтвам і Лукашэнкам і з гэтым трэба лічыцца. Прыём у Папы быў падрыхтаваны дзеля таго, каб Лукашэнка зразумеў, што ў Прагу цяпер яму ехаць ня трэба. Ці сапраўды ён гэта зразумеў, стане вядома якраз 7 – га траўня, але прыём яму на ўсялякі выпадак беларусы рыхтуюць.

2 траўня 2009 г. Зянон Пазьняк

3/5/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2009
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024