Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: ПАРТНЁРСТВА І ІНТАРЭСЫ (Ліст да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай …7-га траўня ў Празе на саміце Эўразьвязу была прынятая і зацьверджаная праграма “Усходняе партнёрства.” Гэта падзея, якая патрабуе грунтоўнага асэнсаваньня. Перад самітам нам, беларусам, неабходна было ўмяшацца ў сытуацыю, каб паправіць тое, што можна паправіць. Бо, здаецца, ня ўсе ўсьведамляюць, наколькі небясьпечны паварот адбываецца ў эўрапейскай палітыцы. Галоўная задача, якая стаяла перад намі (беларусамі з Бацькаўшчыны і замежжа) і, як вядома, перад шэрагам эўрапейскіх палітыкаў, — не дапусьціць Лукашэнку ў Прагу. Задача дасягнута. Другая задача – увесьці ў кантэкст палітыкі Эўразьвязу патрабаваньне аб абароне беларускай культуры, адукацыі і творчасьці ад вынішчэньня антыбеларускім рэжымам. Гэтая задача пастаўлена і адчыненыя магчымасьці яе ажыцьцяўленьня. “Усходняе партнёрства” дае беларусам магчымасьць манеўру ў выпадку абвастрэньня палітычнага і эканамічнага націску з боку Расеі. Праграма прадугледжвае верагоднасьць уцягваньня беларускага грамадзтва ў сфэру эўрапейскіх дачыненьняў. Аднак “Усходняе партнёрства” запраграмаванае на супрацоўніцтва Эўразьвязу з антыбеларускім рэжымам. Калі пачнуцца інвэстыцыі з Эўропы і сумесныя энэргетычныя праекты, усялякія размовы пра дэмакратыю і правы чалавека скончацца (яны ўжо, фактычна, скончыліся). Самая вялікая небясьпека для нас у тым, што рэжым атрымае карт-блянш на поўнае вынішчэньне беларускай культуры і легітымізацыю сваёй улады з рук Эўропы. У гэтым зацікаўлены рэжым і Расея (каб увесьці незаконныя пагадненьні з нелегітымным Лукашэнкам у прававое поле). Калі такое адбудзецца, тады пачнецца працэс падзелу беларускай эканомікі паміж Аб’яднанай Эўропай і Фэдэратыўнай Расеяй (дакладней, паміж эўрапейскім капіталам і расейскай эканамічнай мафіяй). У такой сытуацыі цяперашнюю вікаўскую апазыцыю чакае поўная маргіналізацыя і адкідваньне на ўзбочыну палітычных працэсаў. Новая апазыцыя, якая магла б змагацца з рэжымам як сіла, павінна будзе ў новых ўмовах стратэгічна, тактычна і канцэптуальна зьвярнуцца да нацыянальнай ідэі і зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. (На нашу народную Партыю – КХП-БНФ — кладзецца вялікая адказнасьць). Калі такая шырокая нацыянальная апазыцыя ня ўзьнікне, то ня ўзьнікне ніякай. Апазыцыйныя варожаму рэжыму нацыянальныя сілы павінны мець поўнае праграмнае забесьпячэньне па эканоміцы, сацыяльнай, фінансавай, прававой, абароннай, экалягічнай сфэрах, але аб’ядноўвацца мусілі б на клопатах па абароне дзяржаўнай незалежнасьці, у імкненьні да свабоды і ў барацьбе за захаваньне беларускай культуры як важнейшага чыньніка суверэнітэту і грунту дэмакратычных пераўтварэньняў. Беларуская культура ёсьць ідэалягічная альтэрнатыва антыбеларускаму рэжыму і імпэрскай палітыцы Расеі. Мэтай барацьбы новай беларускай апазыцыі павінен стаць катэгарычны імпэратыў: Лукашэнка нелегітымны кіраўнік і павінен пакінуць уладу. Мусіць быць распрацаваная і ўжытая новая тактыка, заснаваная на сумяшчэньні легальнай і нелегальнай дзейнасьці (стыхійна яна ўжо існуе). Усе гэтыя пытаньні трэба вырашаць, улічваючы эканамічны і сістэмны крызіс грамадзтва і асаблівую мэнтальнасьць людзей. Прыклад беларускага ўзаемадзеяньня ў Празе перад падрыхтоўкай да саміту паказаў прынцыповую магчымасьць мэтавага злучэньня антырэжымных сілаў на падставе агульнанацыянальных інтарэсаў. Тым часам пражскія назіраньні, слуханьні і наступны за гэтым аналіз выказваньняў і падзеяў прыводзяць мяне да высновы, што праект “Усходняга партнёрства” ўспрыняты рэжымам сур’ёзна (прынамсі на бліжэйшую пэрспэктыву), і спадар Мілінкевіч сьведама выконвае ролю лабі гэтага рэжыму ў Эўропе. Каардынацыя яго паводзінаў з палітыкай рэжыму Лукашэнкі ў праграме “Усходняе партнёрства” не выклікае цяпер сумніву. Мяркую, што да гэтага трэба аднесьціся ўважліва, бо лабі, супраца і калябарацыя сярод знаных асобаў будуць павялічвацца. Трэба разумець прагматычную схему заходнеэўрапейскай палітыкі, якая будуецца на энергетычнай і абароннай бясьпецы ад пагрозы з Усходу. У канцы 90-х і пачатку 2000-х стаўка была зроблена на зьнішчэньне беларускай нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі (Народнага Фронту) і стварэньне сваёй, залежнай ад Захаду, кіруемай апазыцыі на грунце касмапалітычнай дэмакратыі і тэзісах аб правах чалавека. Пытаньні аб нацыянальнай культуры і нацыянальным разьвіцьці, аб гарантыях незалежнасьці тут прынцыпова не ўзгадваліся. Такую “апазыцыю” ім удалося стварыць, раскалоўшы Народны Фронт і злучыўшы нешматлікія “дэмакратычныя” партыі. На дзейнасьць дэмапазыцыі выдаткавалі велізарныя сродкі (што яе й загубіла — грошы, халява плюс безідэйнасьць). Укараняючы сваю апазыцыйную схему ў Беларусі, Захад ня гідзіўся таемным супрацоўніцтвам з рэжымам і КГБ (Ганс Вік). Меліся два варыянты разьвіцьця схемы: прывядзеньне да ўлады кіруемай апазыцыі праз электаральныя выбары (сэрбскі варыянт) і ўключэньне Беларусі ў склад Расеі, якую заходнія “чэмбэрлены” называлі “дэмакратычнай” краінай. Расейскі аншлюс, на іх “думку”, паспрыяў бы беларускай дэмакратыі. Праз восем гадоў апазыцыйнага маразму, які Захад нагарадзіў у Беларусі, праваліліся ягоная схема і варыянты. Прытым “чэмбэрлены” так і не зразумелі, чаму электаральная схема спрацавала ў Сэрбіі і не ўдалася на Беларусі. Хаця адказ элемэнтарны і ляжыць на паверхні. Дэнацыяналізаванае грамадзтва ня ў стане змагацца за свабоду. І Захад (разам са сваёй “апазыцыяй”) спрыяў гэтай дэнацыяналізацыі, прынамсі сваім маўчаньнем, калі душылі беларускую мову, зачынялі беларускія школы, палілі беларускія падручнікі, разбуралі беларускія выдавецтвы і кнігадрук, душылі творчыя саюзы, зьдзекваліся над вялікімі беларусамі. Шыльдбюргерскую памылковасьць другога варыянту заходнія палітыкі ўбачылі толькі ў 2008 годзе пасьля расейскіх газавых войнаў і ваеннай агрэсіі супраць Грузіі. Тое, што ў Расеі ўсталяваўся гэбізм і што рускі антычалавечы рэжым такі ж антынародны і антыдэмакратычны, як і рэжым у Беларусі, яны зразумелі, аказваецца, толькі цяпер. Вынікам гэтага зразуменьня стала “Усходняе партнёрства”. З самага пачатку пранікненьня (1998 г.) заходняй прагматычнай палітыкі ў беларускую антырэжымную барацьбу, мы, фронтаўцы, як і ў выпадку з расейскай “імпэрскай” палітыкай, паказвалі ўсю падступнасьць і небясьпечнасьць яе для Беларусі, выкрываючы яе тактыку і стратэгію, наклікаючы на сябе нянавісьць ды ўлюлюканьне палітычных прафанаў. Цяпер, сутыкнуўшыся з брусэльскім “рэалізмам” наўпрост, яны, як аглушаныя, хапаюць паветра. Тым часам людзі, якія ўсе гэтыя гады мелі доступ да нашай фронтаўскай інфармацыі і нашай дзейнасьці, ёсьць добра інфарматыўна падрыхтаваныя да таго, што рэальна адбываецца, валодаюць ідэалёгіяй і тэрміналёгіяй сапраўднага дэмакратычнага беларускага змаганьня. Наша фронтаўская арыентацыя на ўнутраныя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя праблемы, на нацыянальнае асьветніцтва і культуру, на Беларусь застаецца нязьменнай. Але ўвага да эўрапалітыкі мусіць цяпер павялічыцца і набыць канкрэтныя кшталты (аналіз, факты, прапановы і нават праекты). Мы мусім ня толькі сьведчыць, але і рабіць, прапаноўваць дзеяньні для рэалізацыі. Мы (зрэшты, усе арганізаваныя і актыўныя беларусы) павінны будзем змушаць заходніх “партнёраў” да дзеяньняў з намі (і ў нашых інтарэсах) ў той час, калі яны вымушаны супрацоўнічаць з рэжымам. Нашымі саюзьнікамі будуць краіны Скандынавіі і ўсе дзяржавы былой савецкай зоны, дзе шануюць культурную ідэнтычнасьць і добра ведаюць, што такое расейскі імпэрыялізм і якім розумам трэба “понять” Расею. Новая беларуская апазыцыя вымагае патрыятызму, апоры на нацыянальныя каштоўнасьці і на Беларусі народ. Гэты час будзе цяжэйшым, але можа стаць паваротным. Упэўнена, бяз горычы й страху, спатыкайма яго. Зянон Пазьняк 11/5/2009 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |