Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Пачатак нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, на якой была абвешчана незалежнасьць Беларусі, 24 жніўня 1991 г. (са сьцягам – Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч). 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі надаў Бел-Чырвона-Беламу сьцягу і гэрбу “Пагоня” статус дзяржаўных сымвалаў. Але перш чым прыгадаць падрабязнасьці таго паседжаньня – колькі слоў пра даволі распаўсюджаны міт, зьвязаны зь цяперашнім кіраўніком дзяржавы. Сьцяг у Авальнай залі Калі надышоў час ісьці на сэсію, Галіна Сямдзянава ўзяла Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Яна пранесла яго праз калідор трэцяга паверху, потым па калідоры другога паверху каля кабінэту старшыні ВС Дземянцея – да фае перад Авальнай заляй. Пазьняк папрасіў перадаць сьцяг Валянціну Голубеву, і Валянцін унёс яго за крэслы прэзыдыюму, паставіўшы побач са сьцягам БССР.
Пазьняк падышоў да мікрафона: “Паважаны прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў апазыцыі Беларускага народнага фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта нам дае наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі”. Варта сказаць, што камуністычная большасьць прыехала на сэсію перапалоханая – яшчэ некалькі дзён таму іхні штаб, ЦК КПБ, падтрымаў антыканстытуцыйны ГКЧП, на сходах адкрыта патрабавалі выгнаць парткамы з прадпрыемстваў, забараніць кампартыю. Але тут некаторыя імгненна паўскоквалі зь месцаў – “Непорядок! Зачем этот флаг?”. Дземянцей паставіў пытаньне на галасаваньне – толькі 107 дэпутатаў прагаласавалі “за” (патрэбна было 173). Узьнікала небясьпека псыхалягічнай перамогі камуністаў, што магло фатальна адбіцца і на пытаньнях аб незалежнасьці; Голубеў вынес сьцяг са сцэны і паставіў яго ў “менскім” сэктары. Пазьняк адразу запатрабаваў, каб Дземянцей, які “падтрымаў хунту”, ня вёў сэсіі, а перадаў гэтае права свайму першаму намесьніку Шушкевічу. Сэсія пайшла па нашым сцэнары. Потым Бел-Чырвона-Белы сьцяг быў вернуты на сцэну, а назаўтра Беларусі была вернутая незалежнасьць. Вытокі аднаго міту У другі дзень сэсіі здарыўся эпізод, які, відаць, і стаў нагодай міту, што нібыта Лукашэнка ўнёс у Авальную залю ВС Бел-Чырвона-Белы сьцяг (а некаторыя журналісты яшчэ пішуць – “першы ўнёс”). Яшчэ перад сэсіяй БНФ заклікаў людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. Сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, над якімі луналі сотні бел-чырвона-белых сьцягоў. У перапынку паседжаньня, вяртаючыся з гатэлю “Менск”, касманаўт Уладзімер Кавалёнак узяў у некага на плошчы нацыянальны сьцяг і прынёс яго у Авальную залю. Разам з Кавалёнкам ішлі Інэса Драбышэўская (пазьней – міністар аховы здароўя ў першым лукашэнкаўскім урадзе, яшчэ пазьней – “сэнатар”) і Аляксандар Лукашэнка. У гады дэпутацтва Лукашэнка ня тое што не выказваў сымпатыяў да нацыянальных сымбаляў – ён імі адкрыта, падкрэсьлена пагарджаў. Ня памятаю, каб ён насіў дэпутацкі бел-чырвона-белы значок, які выдалі кожнаму дэпутату ў пачатку 1992 году. Затое дакладна з 1993 году на ягоным пінжаку быў стары значок з “бээсэсэраўскім” зялёна-чырвоным сьцягам – гэта добра відаць і на фатаздымках пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Так што, калі некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі кажуць, што зьмена сымболікі ў 1995 годзе для іх была нечаканасьцю, яны хітруюць. Кожны голас быў вызначальным У верасьні 91-га адкрылася наступная сэсія, і апазыцыя БНФ унесла ў парадак дня пытаньне аб наданьні “Пагоні” і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў. Эталён сьцягу і гербу на просьбу Пазьняка распрацаваў мастак Яўген Кулік, яму дапамагалі Ўладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава. У фае перад Авальнай заляй мы разьмясьцілі стэнды пра гісторыю нацыянальных сымбаляў – для большасьці дэпутатаў гэтая інфармацыя была адкрыцьцём. Якраз 19 верасьня на запросіны ВС Малдовы мы з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым павінны былі ляцець у Кішынёў на выбары ў якасьці назіральнікаў. Але раніцай я ня стаў складваць валізку і сказаў жонцы, што нікуды, хутчэй за ўсё, не палячу – бо наўрад ці пасьпеем прагаласаваць да вылету. Перад паседжаньнем пайшоў да Шушкевіча – і ў ягонай прыёмнай сустрэў Сьлямнёва. Ён таксама вырашыў адмовіцца ад паездкі. Аргумэнт быў адзін – мы не даруем сабе, калі нашых галасоў ня хопіць. Шушкевіч пагадзіўся. Па праўдзе, мне падавалася, што галасоў павінна хапіць – проста не хацелася прапусьціць такое гістарычнае паседжаньне. Але сытуацыя аказалася больш драматычнай, чым уяўлялася спачатку. За тры тыдні, якія прайшлі ад папярэдняй сэсіі, дэпутаты камуністычных перакананьняў адышлі ад пасьляпутчаўскага шоку і пачалі рыхтавацца да рэваншу. Цэнтрам палітычнай сілы намэнклятуры пасьля ліквідацыі ЦК КПБ рабіўся Саўмін (нагадаю, што ў тыя дні Кебіч канкураваў з Шушкевічам за пасаду старшыні ВС). Кебіч тады не выступаў супраць нацыянальных сымбаляў, але і не падтрымліваў іх (зусім магчыма, што ён хацеў уцягнуць нас у гандаль: ён падтрымоўвае сьцяг і “Пагоню”, а мы – яго). Шмат якія дэпутаты вагаліся. Вельмі станоўча паўплывалі на настроі залі выступы прэзыдэнта Акадэміі навук Уладзімера Платонава і асабліва – Георгія Таразевіча (у той момант ён быў членам Прэзыдыюму ВС СССР, яшчэ за паўтара году перад гэтым – старшынём Прэзыдыюму ВС БССР, а да гэтага мэрам Менску. Намэнклятура ўспрымала яго як “свайго” і верыла яму). Сапраўды, сьцяг і герб былі прынятыя “голас у голас” – калі хаця б аднаго не хапіла, пытаньне давялося б адкласьці, магчыма, да наступнай сэсіі (празь некалькі месяцаў сытуацыя для станоўчага рашэньня была ўжо неспрыяльная; ды што месяцы, ужо на наступны дзень некаторыя дэпутаты камуністычных перакананьняў паспрабавалі аспрэчыць рашэньне). Вядома, кожны з дэпутатаў, якія галасавалі “за”, можа абсалютна справядліва лічыць менавіта свой голас “вызначальным”. І ўсё ж быў адзін голас, які сапраўды вызначыў вынікі галасаваньня. Вось як пра гэта прыгадвае Зянон Пазьняк: “Перад галасаваньнем я падышоў да аднаго дэпутата-вэтэрана зь Менску, узяў яго за руку і сказаў: “Мы з вамі розных палітычных поглядаў, але і вы, і я – беларус. Мы павінны працаваць дзеля Беларусі. Калі ласка, прагаласуйце за герб і сьцяг. Я вас вельмі прашу”. Ён памаўчаў, а потым адказаў: “Добра. Я вам абяцаю, што прагаласую”. І сапраўды прагаласаваў”. Тым дэпутатам быў Міхаіл Жукоўскі – былы намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, у той момант – старшыня Камісіі па справах вэтэранаў і член Прэзыдыюму ВС. І да гэтага, і пасьля гэтага і як “просты” дэпутат, і як член Прэзыдыюму Жукоўскі галасаваў зусім ня так, як галасавалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ў той гістарычны дзень ён сапраўды падтрымаў Беларусь. За больш як дваццаць гадоў знаёмства з Пазьняком я толькі аднойчы бачыў на ягоных вачах сьлёзы – увечары 19 верасьня 1991 году, калі на табло высьвецілася лічба станоўчага рашэньня, і нацыянальныя сымбалі набылі статус дзяржаўных. …Калі-небудзь мы даведаемся імя дэпутата, які ўнясе Бел-Чырвона-Белы сьцяг у парлямэнт вызваленай ад дыктатуры Беларусі. Магчыма, гэта будзе нехта з тых сёньняшніх маладых, якіх зьбіваюць, арыштоўваюць і штрафуюць за вывешваньне нацыянальнага сымвала на вуліцах нашых гарадоў. 19 верасьня 2009 г. Сяргей Навумчык 4/10/2009 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |