Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ІНФАРМАЦЫЯ АБ ГАЛОЎНЫМ

Кастрычніцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

11 кастрычніка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў выступ Старшыні Партыі сп. Зянона Пазьняка — “Аб дзейнасьці на шкоду нацыі” (публікуецца).

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Антыбеларускі рэжым у сваёй унутранай палітыцы выконвае праграму імпэрскай Масквы па зьнішчэньні беларускай нацыі. Пад хлусьлівыя заявы прапаганды аб тым, што “Беларусь знаходзіцца на ўтрыманьні Расеі, атрымлівае з Расеі танныя энэрганосьбіты” і г.д., вядзецца плянамернае татальнае зьнішчэньне беларускага бізнэсу, нашай нацыянальнай гаспадаркі, культуры і духоўнай спадчыны.

Беларусь і яе народ адрэзаныя ад узаемавыгадных кантактаў з цывілізаванымі, разьвітымі краінамі. Рэжым стварыў умовы, што беларускія прадпрыемствы, зямля і маёмасьць захопліваюцца расейскімі бандытамі-алігархамі. Рэжым зачышчае нашу тэрыторыю ад беларусаў для маскоўскіх чужынцаў-акупантаў. Беларусы, якія назіралі за гэтымі працэсамі і ацэньвалі гэтую антынацыянальную палітыку як “дурасьць тых, хто мае ўладу”, пачынаюць разумець, што гэта не “дурасьць”, а рацыянальна расплянаваная каляніяльная палітыка чужой дзяржавы праз яе мясцовых прадстаўнікоў, узятых каляніялістамі на службу (проста купленых за грошы, гэта робіцца рознымі мэтадамі). Шмат чаму навучыў эканамічна актыўных беларускіх людзей разгром дробнага беларускага бізнэсу (ліквідацыя шапікаў у гарадах і манапольнае існаваньне ў гандлі супэрмаркетаў і крамаў, падпарадкаваных расейскаму капіталу). Апошнія рэпрэсіўныя дзеяньні рэжыму таксама паспрыялі адэкватным ацэнкам ягонай антыбеларускай сутнасьці (напрыклад, за няправільнае мытнае афармленьне тавару коштам у 6 мільёнаў рублёў беларускіх дробных прадпрымальнікаў пакаралі штрафам у памеры 150 мільёнаў рублёў – у нармальнай эканоміцы так ня робіцца).

На працягу шэрагу гадоў рэжым Лукашэнкі выдаткоўвае вялізарныя сумы на пабудовы каласальных аб’ектаў: “лядовых палацаў”, “падземнага гораду” у сталіцы. Апошнім такім фараонскім аб’ектам стаў агромністы велатрэк у Менску, які пустуе і існуе на вялікія датацыі з бюджэту. Усё гэта адбываецца не выпадкова, а зьяўляецца спосабам падрыву беларускай эканомікі. Колькі б ні працаваў наш народ, ягоная праца, нацыянальныя багацьці будуць змарнаваныя. Вядома таксама, што ўсе тупіковыя каласальныя праекты дыктатуры даюць магчымасьць для раскраданьня народных грошай і шалёнай карупцыі.

У нядаўнім інтэрв’ю для расейскіх журналістаў А. Лукашэнка заявіў, што ў забруджаных пасьля Чарнобыльскай катастрофы раёнах “праводзяцца навуковыя дасьледваньні”. Матар’ялам для гэтых дасьледваньняў служаць мільёны беларусаў, экспэрымэнтам ахоплены сотні тысячаў беларускіх дзяцей. Забруджаныя радыяцыяй харчовыя прадукты распаўсюджваюцца па ўсёй краіне, людзі спажываюць гэта і наносяць свайму здароўю вялікую шкоду. Рост ракавых і іншых захворваньняў дэманструе да чаго вядзе антыгуманная “навукова-дасьледчая дзейнасьць” рэжыма.

Так рабіць з народам можа толькі акупацыйны, антынародны рэжым – і ўсё больш беларусаў разумеюць гэта. Людзі ня хочуць удзельнічаць у фальшывых выбарчых спэктаклях, якія наладжвае рэжым. Беларусы паступова вызваляюцца з павуціны хлусьні і адварочваюцца ад жульніцкай і злачыннай дыктатуры.

Каб у чарговы раз падмануць нашых людзей, Масква і мясцовы рэжым зноў мабілізуюць падстаўную псэўдаапазыцыю, якая пачынае заклікаць людзей “на выбары, каб перамагчы дыктатуру”. Нядаўна рэжым правёў пэўныя перастаноўкі ў некаторых групоўках сваёй “апазыцыі”. З кіраўніцтва гэтых груповак былі выдалены асобы, на якіх уплывалі спэцслужбы. На іх месца былі пастаўлены кадравыя прадстаўнікі. Мэтай гэтай “рэформы” ёсьць падпарадкаваньне “пад кантору” псэўдаапазыцыйнай дзейнасьці грантаўскіх структураў да такой ступені, каб рэжым мог пазьбегнуць любых выпадковасьцяў і непрадугледжаных сытуацыяў.

Беларускаму грамадзтву аб’ектыўна неабходна салідарна супраціўляцца гэтай антынароднай палітыцы, якую зьдзяйсьняюць чужародныя сілы на нашай зямлі. Неабходна даводзіць да нашых людзей праўдзівую інфармацыю, словам і чынам узмацняць волю да супраціву злу, абвяргаць хлусьлівых блытанікаў ад рэжыму і ягонай “апазыцыі”.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра дзеяньні імпэрскай Масквы ў беларускіх гарадах. Любыя дзеяньні маскоўшчыны на нашай зямлі маюць выразныя прыкметы чужынскай акупацыі: паездка па Беларусі начальніка РПЦ патрыярха Кірыла, маштабныя ваенныя манэўры расейскай арміі. Паўсюль рэжым зганяў людзей, каб “вітаць” маскоўцаў, паўсюль выстаўляліся паліцэйскія кардоны, нашы гарады напаўняліся цемрай ФСБ-КГБ. Але трэба прызнаць, што беларусы не паддаліся гвалту і дэмагогіі і не дазволілі зрабіць з сябе паслухмяных блазнаў для фальшывай масоўкі – людзі праігнаравалі “маскоўскіх гасьцей” або масава разьбягаліся з рэжымных шоў.

Цяпер беларусаў трывожыць тое, што з нашай зямлі дагэтуль ня выведзены расейскія войскі, якім дарогу сюды на манэўры адчыніў Лукашэнка. Прысутнасьць іх на нашай тэрыторыі зьяўляецца грубым парушэньнем Канстытуцыі і стварае пагрозу для міру і бясьпекі.

Трывожыць таксама падрыхтоўка рэжымам ашуканцкага перапісу насельніцтва. Галоўнае пытаньне аб роднай мове беларусаў (якая ёсьць аб’ектыўна беларуская) па шулерску падменена пытаньнем аб першай мове, якую беларус засвоіў у дзяцінстве (вядама, якую “мову” “засвойвалі” для беларусаў руская акупанты-бальшавікі і колькі мільёнаў беларусаў забілі). Нягледзячы на засакрэчанасьць падрыхтоўкі акцыі, стала вядома таксама, што ў анкеты перапісу ўнесены шэраг пытаньняў, якія зьяўляюцца ўмяшальніцтвам у прыватнае жыцьцё чалавека (пытаньні пра “крыніцы даходу”, “калі Вы былі за мяжой?”, “ці маеце Вы кампутар і выхад у інтэрнэт?” і г.д.). Гэта надае акцыі перапісу характар паліцэйскага допыту. Сябры Сойму выказалі меркаваньне, што грамадзяне Беларусі маюць права заявіць тым, хто праводзіць анкетаваньне, аб сваёй нацыянальнасьці (беларус, беларуска), аб роднай мове (беларуская), а потым адмовіцца адказваць на правакацыйныя, некарэктныя пытаньні.

Сойм разгледзеў і прыняў заяву “Санкцыі павінны застацца” (публікуецца). Былі прыняты пастанова “Аб пацьвярджэньні пастановы Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ ад 10 сьнежня 2006 г. і аб паўторным узбуджэньні крымінальнай справы па факту фальсіфікацыі выбараў 2006 г. у сувязі з новымі ўлікамі” і пастанова “Аб звароце ў судовыя інстанцыі па факту парушэньня заканадаўства гр. Лукашэнкам А.Р.” Было прынята рашэньне падаць іскавую заяву ў Вярхоўны Суд Беларусі аб парушэньні Канстытуцыі А. Лукашэнкам у сувязі з уводам на тэрыторыю Беларусі расейскага войска.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
11 кастрычніка 2009 г.

13/10/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2009
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024