Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Падчас Першай расейска-чачэнскай вайны (1994-96) Расея цярпела адну за адной паразы ня толькі на поле боя, але таксама і ў інфармацыйнай прасторы. Журналісты з розных краінаў прабіраліся на фронт і ў тылы, бралі шчырыя інтэрв’ю ў жаўнераў і афіцэраў, працавалі пасярод чачэнскіх атрадаў нацыянальнага супраціву. Раскрываліся дзікія факты расейскай карупцыі, генэральскага і крамлёўскага тупізма, ваенных злачынстваў і імпэрскага маразма ў цэлым. Усе гэтыя факты апэратыўна абагульнялі і прадстаўлялі расейскаму і міжнароднаму грамадзтву расейскія праваабаронцы, былыя савецкія дысыдэнты. Крэмль-Лубянка былі ў адчаі, ня ведалі як заткнуць ім рот, як спыніць гэтую плынь раскрыцьцяў злачыннай антычалавечай палітыкі Масквы. Правакацыі супраць ненавісных крамлёўцам раскрывальнікаў праўды набывалі розныя кшталты. На іх выпускалі Жырыноўскага ў блазанскім каўпаку. Пырскаючы сьлінай з тэлеэкрана, іх абзывалі “гадзёнышамі” прымітыўнатварыя падпалкоўнікі-палітрукі і г.д. Але найбольш запоўніўся публіцы адзін, больш вытанчаны па форме, правакацыйны эпізод. Ён быў сюжэтна прывязаны да падзеяў вакол Дзярждумы РФ. Агульнавядома, што вышэйшы ворган “русской демократіі” сабраў ў сябе даволі стракатую публіку. Каго там толькі не было і няма цяпер! Былыя (а ці адпаведна тут казаць “былыя”?) крымінальнікі, кілеры, гуртовыя злодзеі і падобны чалавечы матэр’ял, які складаў (і складае цяпер) значную частку гэтага дзяржворгану. І вось на адным з паседжаньняў з трыбуны прагучаў “голас ісьціны”. Адзін з нардэпаў запатрабаваў, каб Дзярждуме і ўсяму грамадзтву быў прадстаўлены сьпіс дэпутатаў Думы, якія маюць у сваёй біяграфіі судзімасьці. Грамадзтва застыла ў чаканьні. Праз пару дзён сьпіс вынесьлі на разгляд. І тады стала зразумелым, навошта ўсё гэта было задумана. Хто з нардэпаў крымінальныя злачынцы, было даўно вядома ўсім. Але хваткім рухам пяра складальнікі сьпісу ўнесьлі ў сьпіс паводле алфавіту прозьвішчы ўсіх былых савецкіх дысыдэнтаў, якія прайшлі праз брэжняўскі ГУЛАГ і тэрарыстычную псіхіатрыю, а цяпер засядалі ў Думе. Эх, як заўлюлюкалі крымінальнікі на думскіх трыбунах, як ажывіліся лубянскія падстаўныя: “Ды яны такія ж, як мы! Гэтыя асобы з крымінальным мінулым. Яны хочуць паразы нашай арміі на Каўказе!..” На трыбуну выходзіў былы дысідэнт Сяргей Кавалёў і зьвяртаўся да грамадзтва з заклікам не паддавацца на гэтую правакацыю. У прынцыпе правакацыя правалілася. 12 сакавіка Радыё Свабода пазнаёміла нас з чарговай “навукова-папулярнай” ініцыятывай чарговага “гісторыка”. Нехта К. Лашкевіч пачаў распаўсюджваць у інтэрнэтпрасторы (гэта ўжо адлюстроўвалася на TUT.by) эскіз свайго опусу, прысьвечана “дзеячам беларускага тэрарызму”. Што ж, цяпер і заўсёды актуальная тэма. Радыё падала сьпіс галоўных постацяў беларускіх тэрарыстаў, які запрапанаваў К. Лашкевіч. У сьпісе ў храналагічным парадку пададзены імёны Ігната Грынявіцкага, Івана Пуліхава, Елены Мазанік і некалькіх іншых, менш вядомых. Замыкае сьпіс постаць (цытуем аўтара) “невядомага менскага падрыўніка на канцэрце 4 ліпеня 2008 года”. Вось такі сьпіс “герояў”. Апошнім часам зьявілася ў Беларусі некалькі дасьледчыкаў нашай нацыянальнай гісторыі мэтадам “па вэртыкалі”. Найбольш вызначылася ў вэртыкальных адкрыцьцях такая мадам Севярын. Яна спэцыялізуецца на выкрыцьці розных чалавечых слабасьцяў і недахопаў у характарах удзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну. Яны, аказваецца, “перасварыліся паміж сабой”, “аднойчы скралі адзін у аднаго скрыню гранат” і г.д. Ненавязьліва, але даволі ўпарта эпізадычныя характарыстыкі пераносяцца на ўсю Беларускую народную армію і на саму зьяву нацыянальнага супраціва расейска-бальшавіцкай агрэсіі. Цікава, ці сама сп. Севярын дадумалася да гэтага ўсяго, а можа хто падказаў? Але падобна, што гэта і ёсьць сапраўдная гісторыяграфія антыбеларускага рэжыма. К. Лашкевіч ліха прайшоўся па храналагічнай вэртыкалі новай і найноўшай беларускай гісторыі. Ён зваліў у кучу ўсё і ўсіх, як казаў Арыстафан, “агуркі і памаранчы”. Тэрарыстам названы беларускі студэнт Ігнат Грынявіцкі, які ў 1881 г. кінуў бомбу ў цара Аляксандра ІІ, начальніка імпэрыі, што зьнішчала Беларусь, нашу культуру і наш народ. Сьветлы юнак, які ахвяраваўся маладым жыцьцём у змаганьні за вызваленьне Бацькаўшчыны ад расейскай акупацыі, ня можа выйсьці на трыбуну і адказаць сваім апанэнтам. Грынявіцкі памёр ад ран праз некалькі гадзін пасьля выбуху. Дзе ён пахаваны невядома, ва ўсе пэрыяды расейскія карнікі затаптвалі магілы сваіх ахвяраў, каб яны не маглі быць аб’ектам пакланеньня. У цяперашняй акупаванай Беларусі няма аніводнага помніка Ігнату Грынявіцкаму, дзе можна было б ускласьці кветкі і памянуць нацыянальнага героя. Але ў вызваленай Бацькаўшчыне такія помнікі абавязкава будуць! Мяркуем, што К. Лашкевіч ня сам дайшоў да свайго “навуковага адкрыцьця”. Пасьля 1991 года ўсе адразу заўважылі зьмену ў лексіцы расейскай прапаганды і гістарычнай навукі. Раней нарадавольцаў і эсэраў, якія змагаліся супраць царызма са зброяй у руках, афіцыйна называлі “героямі, барацьбітамі, народнымі мсьціўцамі” і г.д. Пасярод “русской демократіі” іх пачалі кляйміць як “тэрарыстаў”. Як жа, яны ж паднялі руку на “венценосную особу” і “ея чіновніков”. Цар Мікалай ІІ (якога народ называў Міколкам Крывавым за расстрэлы мірных дэманстрацый) у іх зрабіўся сьвятым РПЦ. Манархічная настальгія стала адным з улюбёных прыёмаў лубянскага абалваньваньня на ўсіх тэрыторыях, дзе жыве расейская мова (“русскій мір”) і распаўсюджваецца ўплыў Масквы. Правінцыйным прадуктам гэтага працэсу зьяўляюцца такія “гісторыкі”, як Севярын, Лашкевіч і шэраг іншых. Пасьля вайны згаданую Е. Мазанік пасялілі ў Гомелі, падалей ад месца яе “подзьвіга”. НКВД баяўся, што людзі адпомсьцяць заслужанай правакатарцы. Яна, як вядома, падклала бомбу пад гаўляйтэра Вільгельма Кубэ і гэтым пазбавіла гестапа ад неабходнасьці рабіць гэтую працу нямецкімі рукамі. Пасьля забойства немцы расстралялі тысячы мірных жыхароў Менска, людзей зьнішчалі цэлымі сем’ямі, цэлымі вуліцамі. Вось такая постаць знаходзіцца ў адным тэматычным шэрагу з Ігнатам Грынявіцкім. Але найбольш уражвае фінал “гістарычнай рэтраспэктывы” К. Лашкевіча. Беларускае грамадзтва ўжо да канца зразумела, што выбух ўноч на 4 ліпеня 2008 г. быў класічнай гэбоўскай правакацыяй. Нездарма “славные органы” дагэтуль не знайшлі арганізатараў злачынства. Затое рэжым атрымаў карт-бланш на правядзеньне беспрэцэдэнтнай па маштабах акцыі застрашэньня: масавага збору адбіткаў пальцаў у мільёнаў беларусаў і беларусак. А царскі ваявода Жадобін атрымаў вялікую зорку на мундзір. К. Лашкевіч і падобныя на яго дзейнічаюць у рамках жанру “гістарычнай правакацыі”. Іхная задача – ссоўваньне маральных і палітычных арыенціраў беларускіх людзей ад нармальнага стану (шанаваньня сваіх нацыянальных герояў, арыентацыі на каштоўнасьці нацыянальнай гісторыі і культуры) да збачэнскага сурагату нацыянальна-духоўнага існаваньня. Прычым, як бачым робіцца гэта ня ў лоб, а хітранька, подленька, з пазыцыяў “аб’ектывізму ў навуцы”. Гэта ёсьць знак нашага каламутнага часу. Шмат хто спрабуе дэзарыентаваць на розныя лады беларускіх людзей, заглушыць сабой галасы праўды, што гучаць з глыбіні нашай гісторыі. Успомнім хаця б амбасадара ФРГ Фрыка, які колькі гадоў таму прышоў у Курапаты і зрабіў там свой каронны блюзьнерскі выступ. Немец сказаў сярод іншага, што “беларусы павінны ўзяць на сябе адказнасьць за ўсе цёмныя старонкі сваёй гісторыі”. Гэта значыць, што беларусы адказныя, вінаватыя ў тым, што іх расстрэльвалі ў Курапатах. Беларускія патрыёты тады абвясьцілі Фрыка пэрсонай нон грата ў Беларусі і паведамілі пра гэта нямецкаму грамадзтву і дзяржаўнаму кіраўніцтву. З тае пары немцы сталі паводзіць сябе на нашай зямлі больш акуратна. Ёсьць даўні спосаб паводзінаў з правакатарамі. Трэба трымацца далей ад правакатара, ня слухаць яго і не ўступаць зь ім у дыскусіі. Трэба ня ўдзельнічаць у акцыях і тусоўках, якія арганізоўваюць правакатары. Трэба расказваць усім пра дзейнасьць гэтых няшчырых, нячыстых на руку асобаў. І ня трэба баяцца іх і тых, хто стаіць за імі. Праўда ў жыцьці і гісторыі заўсёды пераможа. Янка Базыль 14/3/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |