Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
“На нём погоны золотые и алый орден на груди…” БТ паказала нам 17 сакавіка, як старанна рыхтаваліся на падворку прэзыдэнцкага палаца ў Каракасе да сустрэчы А. Лукашэнкі і ягонай камарыльі (па-савецку: “сопровождаюжих товарищей”). Наводзілі бляск, папраўлялі дэталі ўніформаў і цывільнай вопраткі. На эстрадзе апрабоўвалі галасы сьпевакі ў нацыянальных строях. Лаціна-амэрыканскі фальклёр вельмі багаты, там ёсьць безьліч яркіх прывітальных песень з сюжэтам пра дарагога госьця. Нешта на кшталт аднаго папулярнага хіта ўсіх савецкіх людзей. Памятаеце? “Вон кто-то с горочки спустился, наверно милый мой идёт…” У гэты дзень наагул у Каракасе было шмат чаго. Госьця вадзілі па стройпляцоўцы і ён з упэўненасьцю прафэсійнага парараба вучыў вэнэсуэльскага прэзыдэнта Чавэса, як трэба будаваць вайсковую базу, жылыя кватралы і зоны адпачынку. Потым паабяцаў прышчапіць у Вэнэсуэле сваю канцэпцыю аграгарадкоў (бедныя вэнэсуэьскія кампэсінас!). Дамовіліся і пра нафту. А потым быў афіцыйны прыём у парляманце. Менскі госьць крыху пачытаў з паперкі, але раптам адарваўся ад лістка і… “Остапа понесло…” Лукашэнка шматслоўна абяцаў абараніць вэнэсуэльскі народ ад усіх няшчасьцяў і ад любога імпэрыялізма. Прысутныя парлямантары прафэсійна “трымалі ветлівую міну”, але ўсім было, безумоўна, трывожна. Бо ведаюць: каго паабяцае бараніць менскі кадр, з тым праз пэўны час адбываюцца нехарошыя рэчы: кайданкі на рукі надзяюць, у Гаагу вязуць, на радзіме ягоныя помнікі валяць… Дзеля справы ўмацаваньня супрацоўніцтва і прыязнага сэнтымэнту старшыня парляманту надзела на Лукашэнку вэнэсуэльскі ордэн Франсіска дэ Міранды. Усе пляскалі ў ладкі. У яго ўжо пачынае складвацца цэлая калекцыя мясцовых ордэнаў. Пару гадоў таму падчас чарговага візыту ў далёкую краіну, Чавэс навесіў яму вышэйшы ордэн за баявыя заслугі – ордэн Карабоба. Ніхто ня ведаў, праўда, у якіх бітвах вызначыўся менскі дыктатар. Пэўна, у легендарных “бітвах за ўраджай”. Сур’ёзным людзям у Вэнэсуэле ад усяго гэтага было нясьмешна. Абсурднае ўзнагароджваньне яны ўспрынялі як нацыянальную абразу і як чарговы выбрык свайго дыктатара. Карабоба для вэнэсуэльцаў – гэта тое ж што для беларусаў сьвятая Ворша. Як і пад Воршай, пад Карабоба адбылося некалькі бітваў, бітваў рэвалюцыйнай вайны за вызваленьне ад іспанскага іга – у 1814 і 1821 гадах. Народная армія разграміла акупантаў-каланіялістаў. Імя перамогі стала сымвалем Волі і Незалежнасьці. А тут ордэн даюць чужынцу, які вядомы тым, што прадае свой народ гуртом і ў розьніцу ў імпэрыю, ад якой гэты народ пазбавіўся быў. Мабыць прыйдзецца вэнэсуэльскім жывапісцам прымалёўваць Лукашэнку яшчэ кавалак грудзей, каб зьмясьціліся ўсе ўзнагароды (так давялося рабіць савецкім рафаэлям на партрэтах тав. Брэжнява, непараўнальнага кавалера ўсіх ордэнаў). Цяпер вось афіцыёз ашчасьлівіў яго ордэнам Міранды. Франсіска дэ Міранда (1750-1816) – адзін з выдатнейшых дзеячаў эпохі Рамантызма і абуджэньня народаў. Вялікі вэнэсуэлец заўсёды імкнуўся туды, дзе людзі пачыналі змаганьне за вызваленьне ад прыгнёту. Маладым афіцэрам ён змагаўся супраць брытанцаў у арміі Джорджа Вашынгтона. Потым накіраваўся ў Эўропу, дзе ў каралеўскіх палацах і ў колах асьветнікаў ён выкладаў сваю ідэю Вялікай Калумбіі – Лацінскай Амэрыкі, вызваленай ад іспанскага каланіялізма. У 1785-87 гадах Міранда быў у Рэчы Паспалітай, наведаў Беларусь (вось тэма, над якой яшчэ трэба працаваць нашым гісторыкам і раманістам). У траўні 1787 года князь Пацёмкін наладзіў яму ў Кіеве сустрэчу з Кацярынай ІІ. Міранда імпэтна распавядаў пра сваю рэвалюцыйную ідэю расейска-нямецкай дзяячцы. Але хутка зразумеў, што ягоная інфармацыя была не па адрасе. Французкую рэвалюцыю Міранда сустрэў у Парыжы. Вопытнага афіцэра ўзялі на службу. Ён быў удзельнікам шэрагу бітваў. Вызначыўся ў знакамітай бітве пры Вальмі (1792), калі ад прускага нашэсьця быў выратаваны Парыж. Пазьней вэнэсуэлец ваяваў на пасадзе другога камандуючага паўночнай рэвалюцыйнай арміі. У 1810 годзе яго паклікала Айчына, дзе пачалася вайна за вызваленьне ад іспанцаў. Міранда стаў першым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Пасьля разгрому каланіялістамі першай хвалі рэвалюцыі Міранда патрапіў у палон і ў 1816 годзе памёр у турме. І вось ордэн такой намінацыі даецца сумніўнаму дзеячу з далёкай, экзатычнай для вэнэсуэльцаў краіны. Увесь антураж і сама сутнасьць зьявы зноў выклікала пратэст дэмакратычнай грамадзкасьці Вэнэсуэлы. У СМІ быў перададзены адкрыты пратэстны ліст так званага “Камітэту Чатырохсот”. Падпісанты, вядомыя і шанаваныя ў краіне людзі, выказалі свой рашучы пратэст супраць візыту ў краіну дыктатара, які парушае правы чалавека, перасьледуе моладзь і валадарыць аўтарытарнымі мэтадамі. Яны параўналі Лукашэнку з мясцовым Чавэсам і ўбачылі шмат падабенства. Адным словам, гэтым разам прагучаў наступны рэфрэн са згаданага хіта: “Зачем ты в наш колхоз приехал, зачем нарушил наш покой…” Разумныя людзі ў Вэнэсуэле і ў Беларусі не прымаюць сэрцам адыёзных дзеячаў, якія ператварылі гэтыя дзяржавы ў краіны-ізгоі, у пасьмешышча для цывілізаванага, дэмакратычнага сьвету. Людзі не маўчаць, яны адкрыта заяўляюць, што даўно пара гэтую публіку “спустіть с горочкі”. Але пакуль што іхныя галасы заглушаюць афіцыйныя (хаця й няшчырыя) воплескі ды прыпеўкі з імправізаванай эстрады… 18/3/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |