Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Гарбачоў

На пленуме ЦК КПСС 11 сакавіка 1985 года члены ЦК прагаласавалі за новага генсека КПСС. Ім стаў Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў. З трыбуны пленума запрапанаваў ягоную кандыдатуру такі Андрэй Грамыка (з вёскі Старыя Грамыкі Гомельскага раёну). Салжаніцын напісаў быў пра выбары ў царскую дынастыю Міхаіла Раманава ў 1613 годзе: “Абралі Мішу Раманава, бо яго ніхто не баяўся…” Баярства ня ведала, не магло ведаць чым праз трыста гадоў скончыцца для імпэрыі раманаўскі выбар элітаў. Падобна, што ніхто з крамлёўскіх баяраў не баяўся і ў сакавіцкі дзень 1985-га. Меркавалася, што бальшавіцкая дынастыя, заснаваная ў 1917 годзе, будзе весьці “страну к новым свершеніям” і забясьпечваць камфорт для тых, што адзінадушна галасавалі “за маладога”. (Людзі, аднак, адразу заўважылі, што 54-гадовы сьвежа выпечаны генсек быў равесьнікам дзядулі Леніна, калі з таго рабілі мумію і несьлі яе ў маўзалей). Калі б члены ЦК маглі зазірнуць у будучыню, то, безумоўна, жахнуліся б. І рукі іхныя, паднятыя ў дысцыплінаваным галасаваньні, ліхаманкава б трымцелі. Тым больш, што віртуальная будучыня была не ў тры стагоддзі даўжынёй, а стала сучаснасьцю ўжо на працягу бліжэйшых шасьці гадоў.

“Малады генсек” праз пару дзён пасьля абраньня-прызначэньня даваў першае інтэрвію замежным (амэрыканскім) журналістам. Ён сьвяціўся радасьцю, прамаўляў без паперкі, бадзёра, ставіўся да амэрыканскіх сумоўцаў з рэспэктам. Тым больш, што свае пытаньні яны пачалі з кароткай, але панегірычнай прадмовы, артыкулятыўна перакладзенай для савецкіх тэлегледачоў: “Господин генеральный секретарь, мы думаем, что на ближайшие двадцать пять лет вопрос лидерства в вашей партии основательно решён…” Вось і прамінулі абяцаныя 25 гадоў. Вырашылася ня толькі пытаньне з лідэрствам, але і шэраг іншых пытаньняў: з КПСС, СССР, ВЦСПС, Варшаўскай дамовай, сацыялістычным лягерам, марксізмам-ленінізмам, пяцігодкамі, БАМам, “мы впереді планеты всей…” і гэтак далей. Але аб усім па парадку, без перадгісторыі немагчыма.

На календары быў 1982 год. Усе без выключэньня стаміліся ад брэжняўскага маразма. Мільёны людзей жылі анекдотамі пра лядашчага генсека і чакалі пераменаў. Імпэрыя ўваходзіла ў глыбокі палітычны, эканамічны, сацыяльны і культурны крызіс. Многія адчувалі яго, але нямногія сапраўды бачылі. Хаця трэба прызнаць, што да Леаніда Ільіча прывыклі, як прывыкаюць да старой мэблі. Здавалася, ён будзе вечна чытаць з паперы сваё “сіські-масіські” (“систематически”) і “сіські-сраные” (“социалистические страны”). 7 лістапада 1982 года ён стаяў на маўзалеі разам з таварышамі, выглядаў, як мумія, але прымаў парад і дэманстрацыю. Праз два дні эпоха брэжнявізма скончылася. Спадзяваньні на абмалажэньне савецкага лідэрства былі правалены адразу. Пачаўся пэрыяд “каліфаў”, калі не на гадзіну, то на год. Вострасловы адразу ж высунулі новы лёзунг існаваньня сінільнага Палітбюро: “Умрём генсеками!” Было вядома, што некаторых зь іх ужо вадзілі пад рукі. Але дзяды, пастаўленыя ва ўладу яшчэ таварышам Сталіным, сапраўды не здаваліся.

Генсек КГБ Юры Андропаў стаў генсекам КПСС. Гэбэшніка арганізаваная ягонай канторай “народная молва” шырока характарызавала як “энэргічнага, прынцыповага, чэснага, ня любіць намэнклятуру, ён за дысцыпліну”. Найбольш кур’ёзнай была наступная характарыстыка: “Андропов – выдающийся поэт, но он пожертвовал своим талантом ради светлого дела”. “Паэт” рэдка зьяўляўся на публіцы (пажылы чалавек хварэў). Запомніўся ён агульнасаюзнай “кампаніяй па ўмацаваньню працоўнай дысцыпліны”. Па ўсёй саўдэпіі міліцыя і дружына рабілі масавыя аблавы і хапуны ў працоўны час у кінатэатрах, лазьнях, цырульнях і г.д. Савецкія людзі (якія павінны былі знаходзіцца на працоўным месцы) панічна беглі па вуліцах у адных трусах, у няскончаных фрызурах… Праз некаторы час генсек зусім перастаў паказвацца, на партыйных сходах і па радыё-тэлебачаньню зачытвалі ягоныя пасланьні. А ў лютым 1984 года па ўсёй саўдэпіі пачалі страляць гарматы. Гэта быў разьвітальны салют з каліфам.

На ягонае месца заступіў чарговы геронт: замучаны астмай Канстанцін Чарненка. Цяжка было глядзець на гэтую безаблічную асобу і яшчэ цяжэй было слухаць ягоныя прамовы. Генсек задыхаўся і неяк інфантыльна-прыязна махаў правай рукой. Чарненка не запомніўся нічым. А праз 13 месяцаў, у сакавіку 1985 года я ўбачыў у цэнтры Менска вялікія чэргі людзей у кнігарнях. Прафсаюзныя і партыйныя сакратары працоўных калектываў апэратыўна раскуплялі партрэты генсека-нябожчыка. Рыхтаваліся жалобныя мітынгі, па радыёкропках гучала сумная музыка. Зноў стралялі гарматы (савецкія людзі пачалі ўжо прызвычайвацца да гэтай кананады).

Усе неяк уздыхнулі з аблягчэньнем, калі на генсека быў абраны сакратар, на 25-30 гадоў маладзейшы за большасьць у Палітбюро. Пра яго сапраўды ведалі выключна толькі тое, што ён “малады”. Здагадацца пра ягонае блізкае прызначэньне можна было таксама паводле цырыманіяльнай дэталі. Менавіта Гарбачоў з трыбуны ленінскага маўзалея ў Маскве вёў разьвітальны мітынг над магілай Чарненкі. Па тэлебачаньню яго паказвалі штодня і шмат, ён не хварэў, уся кінэтыка ягонай фігуры была актыўная і экспрэсіўная. Гаварыў бойка, аднолькавай інтанацыяй на ўсе тэмы. Умеў усьмяхацца. Хаця людзі, блізкія да навуковай псіхіятрыі, заўважылі пэўныя прыкметы ў ягонай лексіцы. Гарбачоў часта ўжываў словы “мы побеседовали” і некаторыя іншыя словазлучэньні і слоўцы, характэрныя для гэбоўскага прафэсійнага жаргону. Ён быў адтуль, з лубянскіх прыцемак, як меркавалі інтэлігентныя людзі. Яны камэнтавалі ягоную біяграфію. У 1950 годзе юны Гарбачоў без экзамінаў (як “знатный комбайнёр”) паступіў у Маскоўскі ўнівэрсітэт, вызначыўся там па камсамольскай лініі. Праз 5 гадоў скончыў юрыдычны факультэт і пачаў працаваць у пракуратуры Стаўрапальскага краю. Выпадковых “выдатнікаў” на такія пасады не ставілі. Ягоны кар’ерны рост гэта агітацыя і прапаганда, камсамол і партстаршынства на розных узроўнях. Была ў яго і сельскагаспадарчая адукацыя. З 1971-га Гарбачоў у ЦК КПСС, з 1978-га – сакратар ЦК КПСС.
У прынцыпе гэта была банальная кар’ера. Такіх кар’ер у КПСС былі тысячы і тысячы. Але недзе з 1979 года Гарбачова пачалі пасылаць за мяжу прадстаўляць СССР, пазнаёмілі яго з таварышамі, якія будуць разам зь ім рабіць перастройку і гласнасьць. Дарэчы, у сакавіку 1985 года і яшчэ даволі доўгі час (прыкладна да 1987 года) савецкія людзі аніразу не пачулі гэтыя ключавыя словы-лёзунгі. Трыяда “перестройка-гласность-ускореніе” зазіхацела над савецкай зямлёй не адразу.
Шматслоўны генсек абяцаў усім і ўсё. На пачатку гэта называлася “аднаўленьнем ленінскіх нормаў”. Многія ў Беларусі слухалі яго, верылі яму. На працягу першага года цараваньня ён быў вельмі папулярным. Улетку 1985 года Гарбачоў наведаў Менск. Я бачыў, як тысячы людзей зьбягаліся ў адзін натоўп у раёне плошчы Якуба Коласа, каб убачыць яго. Іх ніхто не прымушаў, не зазываў. Сапраўды ў раньнім гарбачавізьме была выразная навізна, людзям імпанавала ягоная манера, рэзка непадобная на брэжняўшчыну і каліфаў. Цяжкое ацьверазьвеньне настала для беларусаў у красавіку 1986 года, з Чарнобыльскай катастрофай. Гарбачоў зьявіўся на тэлеэкранах роўна праз 13 дзён пасьля катастрофы, супакойваў, што нічога асаблівага ня здарылася, хлусіў. “Навізна” пачала выразна тусклець і гаснуць.
Але ўсё гэта будзе потым. І Чарнобыль, і правал аўганскай авантуры, і пустыя паліцы крамаў, і путч, і распад СССР, і нянавісьць да Гарбачова. Гэта ёсьць асобная тэма. Наш успамін прысьвечаны ілюзіям сакавіка 1985 года. Тады здавалася, што пачынаецца нешта новае. І гэта была праўда, хаця і ілюзорная.

Сапраўды, члены Палітбюро не маглі ведаць да чаго прывядзе іхнае галасаваньне і аб’ектыўная хада гісторыі. Як мы ўжо зазначылі, рассыпаліся КПСС, СССР, ВЦСПС і г.д. Чаму ж захавалася, выжыла маскоўская імпэрыя? Чаму праз 25 гадоў пасьля пачатку новага (і як аказалася, катастрафічнага для яе) вітка ў яе разьвіцьці імпэрскі монстр адраджаецца і актыўна вядзе шалёную палітыку рэванша? Чаму крамлёўскі мярцьвяк цягне ў магілу жывых? Выснова можа быць адна. Таму што захавалася некранутай адна з галоўных сістэмаў у імпэрскім мэханізме – КГБ. Больш таго, гэтая сістэма зрабілася цяпер галоўнай у імпэрыі. Гэта яна пачала шоў пад вывескай “перастройкі-гласнасці”, яна адсунула ад улады КПСС. А потым Лубянка шыхтом і з песьнямі перайшла ў Крэмль. Кашмарныя вынікі гэтых працэсаў мы назіраем цяпер.

Беларусы не павінны мець ілюзій. Мы на сваёй зямлі. Нам ня трэба імпэрскіх цэнтраў і іхных “дабрадзеяў”. Наш шлях іншы, наш шлях – не назад у гэбізм і імпэрыю. Наша будучыня не зь імі, а ў эўрапейскай і хрысьціянскай цывілізацыі. Беларусам трэба салідарна абараніць краіну, народ, сьвятыні, будучыню дзяцей ад усходняга Патопу.

Валеры Буйвал

29/3/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2010
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024