Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
У 16-м стагоддзі Стары Сьвет актыўна адкрываў Сьвет Новы. У Амэрыцы высаджваліся першаадкрывальнікі-канкістадоры. Мясцоваму люду яны абяцалі “царствіе небесное”, а народам сваіх краінаў горы золата і пашырэньне жыцьцёвай прасторы. На шляху гэтага “культуртрэгерства” было шмат злачынстваў, крыві і фальшу. Але час ад часу аўтахтоннае насельніцтва мела дывэртысмэнт пасярод лютай чужынскай навалы. За першай камандай незапрошаных “цывілізатараў” на бераг высаджвалася другая каманда. Яна прыбывала на большай каравэле, якая мела большую колькасьць гармат, і не зьбіралася талераваць жвавых папярэднікаў. Дзьве каманды сыходзіліся ў пампасах, фэхтавалі на шпагах, і адны флібусьцьеры гналі ў карак другіх. На навакольных пагорках сядзелі індзейскія аўтахтоны і з імпэтам заўзятараў назіралі за эўрапейскім гладыятарствам. З тае пары шмат што зьмянілася. Прамінула пара бронзавых гармат і ветразьнікаў. Канкістадоры больш ня ходзяць са шпагамі, яны шмат усьміхаюцца і трымаюць дулю ў кішэні. Але час ад часу лацінаамэрыканскія аўтахтоны сядаюць ямчэй на навакольных пагорках і аддаюцца дзедаўскай забаве… Зусім нядаўна Лукашэнка “адкрыў для беларусаў Амэрыку”. Не, ня тую, у Штаты яго больш ня пускаюць. А тую, што пад пальмамі, з ламамі і левымі “народнымі лідэрамі”. Яго там прымалі з помпай, давалі ордэны і сустракалі апладысмэнтамі. Зьвінелі гітары, білі барабаны. На Беларусь прыходзілі зьвесткі адна манумэнтальней за другую. Цяпер легіёны беспрацоўных беларускіх будаўнікоў, маўляў, будуць будаваць вэнэсуэльскія гарады і хмарачосы, наша прамысловасьць сядзе на падпітку з вэнэсуэльскай нафты, зазьяе над РБ нязгаснае сонца эканамічнай і фінансавай незалежнасьці. Аднак, адукаваныя людзі адразу лагічна запярэчылі гэтай вясёлкавай пэрпэктыве. Маўляў, надта далёка, надта рызыкоўна, надта нестабільна, экзатычна. Прагучалі халодныя словы “міраж”, “ілюзія”, “самападман” і нават “авантура”. Але не прамінула і дэкады, як на вэнэсуэльскі бераг высадзілася канкурэнтная каманда маскоўскіх флібусьцьераў начале з рыцарам Ордэна плашча і кінжала Пуціным. Зноў зайгралі аркестры, запляскаў у ладкі мясцовы парлямант, пачаліся размовы пра нафту і зброю. Людзі з большай каравэлы робяць выгляд, што колькі дзён таму ў Каракасе не было ніякай драбязы з Менску. Яны гнуць сваю лінію і ламаюць ілюзорную канструкцыю, якую так велічна пабудаваў быў менскі начальнік. Яны ўсё падмінаюць пад сябе. Іхныя прэс-сакратары ўжо заявілі, што “для Расеі Вэнэсуэла – гэта як раней Куба” і што з гэтага плацдарма “Расея ўпэўнена вяртае свае пазыцыі ў Лацінскай Амэрыцы”. Усё неяк становіцца на свае месцы. На вачах у аўтахтонаў бяз лішняга шуму і пылі маскоўскія канкістадоры гоняць перад сабой правінцыйных васалаў, якія на імгненьне забыліся пра фэадальную герархію. Народ рагоча, эліта ледзь стрымлівае сьмех… Дзякуй маскоўскім журналістам, якія разьвянчалі лубочную карцінку, намаляваную на БТ. Па правілах крытычнага рэалізма яны разгортваюць перад намі на расейскіх тэлеканалах краявіды і стафажы Вэнэсуэлы, дэманструюць дэталі, якіх спэцы ад “первого національного” чамусьці “не заўважылі”. Аказваецца, што паводле афіцыйнай статыстыкі Каракас зьяўляецца самым крымінальным горадам Лацінскай Амэрыкі. Штогод у Вэнэсуэле забіваюць 15 тысячаў чалавек. Замежнікам, якія прыязджаюць па справах у гэтую краіну і гэты горад, мясцовыя раюць не выходзіць з гатэляў, якія ахоўваюць аўтаматчыкі. Калі выйдзеш, то забьюць. Большасьць насельніцтва гэтай патэнцыйна багатай краіны жыве ў трушчобах (гэта ёсьць адна з прычын крымінала). Грамадзтва падзелена. Сталічная студэнцтва і адукаваныя людзі ненавідзяць дэмагога Чавэса і рэгулярна выступаюць на вуліцах супраць ягонай дыктатуры, якая загнала краіну ў шэраг краін-ізгояў. І ў гэтае “эльдарада” менскі рэжым зьбіраўся заперці беларусаў? На гэтым расхістаным апірышчы пабудаваць сваю “стабільнасьць” і “незалежнасьць”? Дзякуй Богу, правальваецца чарговы тупік, у які дыктатура зьбіралася завесьці наш народ. Няхай там корпаюцца маскоўцы. Яны любяць прыгоды, ім няма куды дзяваць свае шалёныя капіталы, іх распірае ад жаданьня захапіць Басфор і Дарданэлы. А беларусы няхай лепш глядзяць на іхную заакеанскую мітусьню ды кажуць: “Наварылі кашы, ды невядома, ці паядуць”. Валеры Буйвал 2/4/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |