Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
У гэтыя дні ў многіх краінах людзі ўспамінаюць трагічныя падзеі Другой сусьветнай вайны. Набліжаецца 65-я гадавіна перамогі краінаў антыгітлерскай кааліцыі над Нямеччынай і яе хаўрусьнікамі. Урады і грамадзтвы ўшаноўваюць вэтэранаў, якія жывуць, успамінаюць герояў і ахвяраў вайны. Адбываюцца мэмарыяльныя мерапрыемствы на месцах баёў, у музэях, каля помнікаў і магіл палеглых. Зьяўляюцца новыя навуковыя дасьледваньні, фільмы, кнігі і мастацкія творы. Новыя пакаленьні хочуць ведаць праўду пра тую вайну, пра паводзіны ўрадаў і генэралаў, пра подзьвіг жаўнераў, пра прычыны і вынікі чалавечай трагедыі, што зьмяніла сьвет. Вайна абпаліла нашу Беларусь, прынесла нашаму народу незьлічоныя страты і пакуты. Беларусы ваявалі супраць фашызма на ўсіх франтах Сусьветнай вайны: у руінах Сталінграда і ў Лівійскай пустыні, на Мурманскім беразе і пры Монтэ-Касіна. Беларусы абаранялі Ленінград і Каір, штурмавалі Балонью і Берлін, білі ворага на роднай зямлі. Маракі-беларусы прайшлі змагарным шляхам праз усе моры і акіяны, дзе адбываліся марскія бітвы Сусьветнай вайны. Мы не павінны забывацца пра няўдзячны лёс нашай Беларусі пасьля вайны. Беларусь аказалася адзінай з дзяржаваў-пераможцаў, якая пацярпела тэрытарыяльныя страты ў выніку вайны. Імя пераможцаў-беларусаў растварылася ў чужой славе. На Захадзе ўсіх нашых жаўнераў, што ваявалі ў Войску Польскім, натуральна называлі “палякамі”, а тых, хто ваяваў у партызанскіх атрадах у Італіі, Францыі і Славакіі, называлі “рускімі”. На Усходзе на тых, хто ваяваў у чырвонай арміі, назаўжды паставілі таўро “рускіх” або “савецкіх”. Нашы героі вярталіся на Радзіму і зноў траплялі ў маскоўскі імпэрскі палон, калгаснае рабства, многія ўжо пасьля вайны загінулі ў ГУЛАГу. На Захадзе беларусам таксама давялося нясоладка. “Удзячныя” брытанцы, пабачыўшы людзей у польскіх уніформах, агрэсіўна крычалі “Polish, go home!” Адзіны прывілей, які мелі жаўнеры, гэта быў дазвол начаваць у лёнданскім мэтро. Гісторыя беларускага змаганьня на Усходзе больш менш вядома нашым людзям, няхай сябе і ў скрыўлена-савецкай трактоўцы. Подзьвіг беларусаў на Захадзе да апошняга часу быў табу для беларускай навукі і нашага грамадзтва. Беларускія вэтэраны маўчалі або распавядалі шэптам пра сваю адысею. Сапраўднай рэвэляцыяй у гэтай тэме было выданьне ў 2006 годзе (вельмі малым накладам і ў Пецярбурзе) кнігі маладога беларускага гісторыка Юры Грыбоўскага “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях 1918-1945 гадоў”. Яна адразу ж зрабілася бібліяграфічным рарытэтам. Зразумела, што пад антыбеларускім рэжымам не даводзіцца чакаць яе перавыданьня або новых адкрыцьцяў. Савецкая псэўданавука і фальшывая прапаганда пачыналі адлік храналогіі ІІ Сусьветнай вайны (пад сталінскім эўфэмізмам “велікой отечественной войны”) з 22 чэрвеня 1941 года. Беларусам даўно ўжо пара аддаць гэтыя храналагічныя гульні назад у Маскву. Для нашага народа сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 года. Немцы бамбілі Горадню, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Беларускія жаўнеры і афіцэры Войска Польскага з першых імгненьняў нямецкай агрэсіі ўступілі ў бой на Вэстэрплятэ пад Гданьскам. У баях з японскай Квантунскай арміяй у Манчжурыі (жнівень 1945 года) беларусы скончылі свой баявы шлях у вайне. Мы распачынаем новую рубрыку, прысьвечаную змаганьню беларускага народу ў Сусьветнай вайне, — “Подзьвіг дзядоў (1939-1945)”. Мы ня маем на мэце храналагічны выклад падзеяў вайны. Подзьвіг кожнага чалавека, кожнага палка – самакаштоўны. Подзьвіг нашых дзядоў, якія на роднай зямлі і ў далёкіх краях змагаліся за Беларусь і за вызваленьне чалавецтва, не павінен быць забыты. Не павінны чужынцы бясконца выкарыстоўваць беларусаў у якасьці падсобнага матэр’ялу для сваёй гісторыі. Трэба ведаць праўду пра беларускіх герояў і ганарыцца імі. *** Бітва за Нідэрлянды У верасьні 1944 года брытанскі фэльдмаршал Мантгомэры распачаў апэрацыю пад крыптонімам “Маркэт-Гардэн” з мэтай прарыву саюзных войскаў праз тэрыторыю Нідэрляндаў у Нямеччыну. Меркавалася захапіць прамысловую Рурскую вобласьць Нямеччыны і завяршыць вайну да Калядаў 1944 года. “Маркэт-Гардэн” зьяўляецца найбуйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыяй у ваеннай гісторыі. У тыле немцаў высаджваліся цэлыя дывізіі брытанскіх і амэрыканскіх дэсантнікаў, насустрач ім прарываліся сухапутныя войскі з тэрыторыі Бэльгіі. Актыўны ўдзел у апэрацыі ўзялі аддзелы Войска Польскага (тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў). Нагадаем, што пасьля разгрому Польшчы ў верасьні-кастрычніку 1939 года 20 тысячаў беларускіх вайскоўцаў адышлі ў шэрагах Войска Польскага ў Румынію, а потым працягнулі змаганьне супраць немцаў у Францыі і Брытаніі. У 1942 годзе да іх далучыліся выведзеныя з Сібіры ў Паўночную Афрыку, а потым на Захад часткі Польскай арміі генэрала Андэрса, сфармаванай з вайскоўцаў, узятых у палон саветамі ў 1939 годзе (таксама тысячы беларусаў з Заходняй Беларусі, значна менш украінцаў). На пяты дзень апэрацыі “Маркэт-Гардэн”, 21 верасьня 1944 года над Нідэрляндамі, каля горада Арнхэм дэсантавалася частка польскай паветрана-дэсантнай брыгады пад камандваньнем генэрала Сасабоўскага. Беларускія вэтэраны ўспаміналі гэты дэсант: “Немцы стралялі па нас, як па курапатках…” Астатняя частка брыгады высадзілася праз тры дні ў раёне Гравэ. Жаўнеры высаджваліся проста на галовы немцам і вялі цяжкія баі, маючы толькі лёгкую зброю. Супрацьтанкавая артылерыя брыгады з жаўнерамі абслугі высадзілася раней з брытанцамі і змагалася на іншым участку арнхэмскага фронту. Польскія батальёны два разы фарсіравалі Рэйн пад шквальным агнём і зьнішчалі нямецкія аддзелы. Мантгомэры і іншыя лічылі, што нямецкая армія канчаткова дэмаралізавана, але гэта была памылка. Немцы сабралі рэзэрвы і пачалі контрнаступ. Рызыкоўная брытанская апэрацыя правалілася, быў аддадзены загад на адступленьне. Упершыню за ўсю вайну камандваньне загадала не забіраць з сабой параненых, каб не замаруджваць адступленьне. На апошняй фазе бітвы, уноч з 25 на 26 верасьня польскія часткі прыкрывалі сабой адступленьне 1-й брытанскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Страты Войска Польскага склалі 40% забітымі і параненымі. Каб падмануць ворага, брытанцы ў той самы час арганізавалі наступ на поўдні Нідэрляндаў у раёне горада Аксэль. Гэта быў падманны манэўр, каб адцягнуць увагу ад галоўнага ўдару на Арнхэм-Эйндховэн. На гэтым участку вызначыліся сапёрныя часткі Войска Польскага (шмат беларусаў). Пад агнём ворага яны будавалі масты праз рэчкі і забясьпечвалі наступ брытанскіх частак. Загінула і было паранена вельмі шмат жаўнераў і афіцэраў. Увесну 1945 года войскі антыгітлераўскай кааліцыі пачалі канчатковае вызваленьне Нідэрляндаў. 8 красавіка ў складзе першага эшалёну канадскай арміі у бой уступіла 1-я польская танкавая дывізія генэрала Мачка (шмат беларускіх вайскоўцаў). Дывізія мела загад адрэзаць нямцекія войскі ў паўночнай Галяндыі ад тэрыторыі Нямеччыны. Дывізія выканала сваю задачу, потым ўступіла на тэрыторыю Нямеччыны і з баямі заняла нямецкі горад Вільгэльмсхафэн. Вядома, што ў наш час даволі шмат маладых беларусаў езьдзіць у Нідэрлянды. Знайдзіце час, завітайце на мясцовыя вайсковыя могілкі, ускладзіце кветкі на магілы беларускіх герояў, перадайце ім прывятаньне ад роднай зямлі. *** У небе над Курскай дугой Подзьвіг беларускага аса павінны вывучаць ва ўсіх вайсковых акадэміях сьвету. 6 ліпеня 1943 года, на самым пачатку гіганцкай бітвы на Курскай дузе 28-гадовы старэйшы лейтэнант Аляксандр Гаравец уступіў ў бой з нямецкімі бамбавікамі. Адзін супраць дваццаці самалётаў. Беларус зьбіў 9 нямецкіх самалётаў, але і сам загінуў у няроўным баі. Дагэтуль ніхто ня здолеў паўтарыць гэты геройскі учынак і прадэманстраваць такое баявое майстэрства. Аляксандр Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сеньненскага павета Магілеўскай губерніі. Вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Скончыў віцебскі аэраклюб, Ульянаўскую лётную школу (1935). Зрабіў 74 баявых вылеты, зьнішчыў 11 самалётаў і шамт наземнай тэхнікі ворага ў баях на Паўночна-Каўказкім і Варонежскім франтах. З архіўнага фотаздымка на нас глядзіць малады, прыгожы, сьветлы твар беларускага юнака. Нельга забываць нашых дзядоў, нашых славутых продкаў, што аддалі свае жыцьці за Беларусь. Нельга змарнаваць нашу народную славу. Валеры Буйвал 5/4/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |