Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: НІЯКАЙ ТАЛЕРАНЦЫІ. ТОЛЬКІ БАЙКОТ!

(Выступ на красавіцкім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

…Захады, якія робіць антыбеларускі рэжым дзеля вырашэньня праблемы нафты і газу, ні да чаго не прывядуць. Намеры яго простыя: ацалець, нічога не мяняючы ў эканоміцы і ўнутранай палітыцы. На іншую пазыцыю рэжым ня здольны. А гэта абазначае, што будуць распрадавацца нацыянальныя багацьці і маёмасьць народа, адначасна будзе зьніжацца ўзровень жыцьця і ўзмацняцца рэпрэсіі, запалохваньне людзей, кантроль над грамадзтвам, дадушваньне ўсяго нацыянальнага, беларускага, як галоўнай крыніцы небясьпекі антыбеларускаму рэжыму.

Небясьпечнасьць Лукашэнкі для беларускай нацыі павялічваецца з кожным днём яго знаходжаньня на вяршыні ўлады. Няўклюдныя імкненьні навязаць нафтавыя, энергетычныя дачыненьні з Венесуэлай, Кітаем, Іранам скончацца нічым з прычыны ўмяшаньня Расеі і асабіста Пуціна, які не пагрэбуе сам перабегчы дарогу напарніку зь Менска. Складваецца ўражаньне, што гэты “напарнік” не ўяўляе, што такое міжнародная нафтавая мафія і як яму будзе помсьціць падпалкоўнік Пуцін за словы пра яго (і пра яго сабаку). Сур’ёзнае з камічным.

Рост непрыязьні паміж двума функцыянерамі ідзе ўжо па накатанай дарожцы. Толькі замест высылкі дыпляматаў практыкуецца высылка агентуры. У 2002-2003 гг. (за часы “мухаў-катлетаў”) Калгасьнік, што называецца (па Гашэку), плюнуў Пуціну ў кубак з кавай – выслаў зь Беларусі рускага шпіёна Суздальцава. Цяпер аналягічная сытуацыя – дайшла чарга да Шарамета (якога таксама зьбіраюцца вытурыць назад у Маскву). Маўляў, мы ведаем, чым вы тут займаецеся з нашага дазволу. Больш таго, 25 Сакавіка рэжым публічна агучыў сакрэт Палішынэля – нямякнуў, што выбух 4 ліпеня 2008 года ў Менску – справа рук Масквы. Цікавыя рэчы адкрываюцца, між іншым. Калі яны гэтак, як кожны разумны беларус, добра ведаюць, што выбух – справа Масквы, то навошта ж палохаюць і мучаюць людзей амаль два гады ператрусамі, адбіткамі пальцаў, арыштамі, шуканьнем неіснуючых тэрарыстаў і т. п.? Але зразумела, навошта.

Тым часам становішча Пуціна ў Расеі таксама хістаецца. Умацаваньне пазыцыі робяць па-гэбоўску проста (як умеюць). Зноў, як некалі ў Валгадонску і Маскве, загучэлі выбухі ў маскоўскім мэтро. Цяпер Пуцін пачне наводзіць “парадак”, і ўсе будуць зноў глядзець на “ратавальніка” Расеі. Тэатр на трупах.

У Беларусі зьнешне як бы нічога новага не адбываецца, але зразумела, што галоўным дзеяньнем ёсьць падрыхтоўка да выбараў 2011 года і выбарчая рэпетыцыя фальсіфікацыйнай сістэмы 25 красавіка гэтага года.

Цяпер уся праца беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў павінна быць сканцэнтравана ў гэтым накірунку, у падрыхтоўцы народнага няўдзелу ў галасаваньні і стварэньня народнай апазыцыі антыбеларускаму рэжыму.

Паводзіны псэўдаапазыцыі тут, як мы бачым, звыклыя: незалежна ад сытуацыі, заўсёднае падыгрываньне рэжыму ўдзелам у яго масоўках. Іхняя дэмагогія тут у стане маразму. Напрыклад, прынялі нядаўна чарговую сумесную заяву, дзе напісалі, што “выбараў няма”, што кампанія не адпавядае вымогам дэмакратычных выбараў і што вынікі іх ня будуць адлюстраваньнем волі беларускіх выбаршчыкаў.

Прыняўшы заяву, яны вярнуліся да свайго: агітуюць насельніцтва ісьці на галасаваньне і рыхтуюцца да выбараў, на якіх (самы разумеюць) іх ня выберуць і не прапусьцяць.

Кожны раз зьдзіўляешся, як нізка могуць упасьці гэтыя людзі. Рэжым ужо даўно вырашыў з гэтымі выбарамі, не праймаецца ні рэклямай, ні агітацыяй, ліквідаваў парог удзелу і напіша, колькі захоча. Саветы ім ужо заранёў сфармаваныя. Адзіная група асобаў, якая няпрошана дапамагае яму зрабіць бачнасьць выбараў, — гэта так званая “вікаўская апазыцыя”. Вось і ўся іхняя роля, добра ўсім вядомая. Даўно таксама вядома, што яна ня ёсьць рэальнай апазыцыяй рэжыму.

Тым часам намецілася чарговая авантура, накіраваная супраць байкоту выбараў. На ролю другога Мілінкевіча настойліва прэтэндуе Андрэй Саньнікаў. Гэта інтэлектуальна выраблены чалавек, і сумніўна, каб ён не разумеў раскольніцкага зьместу сваіх плянаў. Ні Гайдукевіч, ні іншыя пацешныя кандыдаты небясьпекі для байкоту не ўяўляюць. Тым часам Саньнікаў можа адколоць частку актыўных людзей (ня здольных да сур’ёзнага аналізу), і яны пойдуць на галасаваньне. Такім чынам будзе забясьпечана галасаваньне пратэстнага электарату, Саньнікаву выдзяляць належныя яму 3-5 адсоткаў галасоў, узурпатар у чацьверты раз “элегантна” застанецца ва ўладзе, а Саньнікаў (скарыстаўшы чарговыя чужыя сродкі) стане экс-кандыдатам у прэзыдэнты і будзе езьдзіць у якасьці такога па Стразбургах і Брусэлях, а дакладней – у Вашынгтон, пацясьніўшы (альбо і зусім выштурхнуўшы) таварыша Мілінкевіча.

Усё гэта — як і ў 2006 годзе, калі за грошы Масквы скуплівалі цэлыя партыі і прыхільнікаў і калі Мілінкевач і Казулін дакладна выканалі падстаўную ролю ў выбарах. Усё гэта называецца карупцыяй у палітыцы і патрабуе ня толькі маральнага асуджэньня.

Грошы, як выглядае, на чарговую падстаўку, ужо выдзеленыя. Зьвяртае на сябе ўвагу дзіўная кампанія, якую распачалі ў гэты час на расейскай мове, і называецца яна “Говори правду”. Ініцыятары будуць заклікаць усіх гаварыць праўду. Магчыма нехта думае, што калі б усе пры гэтай ілжывай уладзе сталі казаць праўду, то рэжым палепшыўся б, і тады ўсім стала б добра жыць пры гэтым рэжыме.

Ініцыятары напісалі маніфэст (вядома, таксама па-руску), дзе сутнасьць кампаніі сфармулявана коратка: “Вместе с обществом будем добиваться действенности правды, конструктивных решений”.

Першай акцыяй кампаніі была прапанова ўсім людзям напісаць пра свае праблемы ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Далей – цікавей. Беларусы пачалі атрымліваць лісты ад імя кампаніі “Говори правду”, падпісаныя прозьвішчамі “Андрей Петровых” і “Андрей Дмитриев” з агітацыяй прыняць удзел у кампаніі. У гэтых лістах напісана, што “задачей компании” “является донесение правдивой информации до населения с целью некоторой активизации его к президентским выборам. По республике (так і напісана па-савецку, з малой літары) формируются штабы и набираются валонтеры. Эта компания не связывает себя ни с какими политическими партиями или движениями”.
Вельмі цікава ўсё робіцца і, дарэчы, палітычна пісьменна.

Чытаем далей. “Для проведения этой компании зарегистрировано республиканское общественное абъединение”. (Ого! А нічога ж ужо даўно не рэгіструюць у гэтым непраўдзівым рэжыме!)

І завяршэньне абзаца: “Лицом компании является поэт Владимир Некляев”.

Але перш, чым даваць камэнтар, прадоўжу яшчэ цытаваньне ліста. “В компанию требуются волонтеры, — пішуць Петровых і Дмитриев, — они нужны для распространения какой-либо печатной информации по почтовым ящикам, организации встреч, ну и прочей подобной деятельности. Еще нужны контролеры, они будут обеспечивать контроль за деятельностью этих самых волонтеров.”

Прачытаўшы ўсё гэта, міжволі спыняешся: “Отэта-да!” Сур’ёзныя таварышы. Але апошняя фраза закліку да супрацоўніцтва проста забойная: “Работа оплачивается неплохо, — пішуць аўтары. – Люди могут быть любого возраста”.

Далей просяць пакінуць свае “координаты” і абяцаюць аплочваць дарогу для праезду ў Менск.

Пачытаўшы ўвесь гэты лапідарны цынізм, першая думка, якая ў мяне ўзьнікла, што ўсё гэта правакацыя, і ў рэальнасьці не існуе ніякіх “петровых”. Надта ж груба і прымітыўна. Зрэшты, таварышы Петровых і Дмитриев напісалі адрасы сваіх электронных скрынак… Калі інфармацыя, зьмешчаная ў лісьце, ёсьць адпаведнай, то застаецца толькі канстатаваць, тое што там напісана. Гэта значыць, што ствараецца структура пад выбары прэзыдэнта для збору подпісаў і агітацыі.
Другое, што трэба канстатаваць, гэта тое, што планіроўшчыкі, як заўсёды, прыкрываюцца імёнамі вядомых асобаў. Так было з “Хартыяй-97”, зь “вялікім дэмакратам” Ул. Ганчарыкам, зь “беларускім дэ Голем” генэралам Фраловым, потым зь Мілінкевічам, цяпер вось “Говори правду”, дзе наперад (як шырма і лакаматыў) выстаўлены Уладзімер Някляеў, дзе абапіраюцца на імёны Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Зінаіды Бандарэнкі, Генадзя Грушавога, Радзіма Гарэцкага. (Куды толькі ні ўключалі імёны гэтых паважаных асобаў за апошнія 15 гадоў!)

І, нарэшце, апошнія пытаньні: пад каго ствараюць і хто аплочвае? Хто аплочвае, вядома – тыя самыя. А пад каго ствараюць, то так: Някляеў ня будзе, бо ў яго дастаткова розуму і гонару, каб ня зганьбіцца. Ды і сам ён паведаміў, што не зьбіраецца бавіцца ў выбарчыя гульні. Але за ім ідуць, як за шчытом (гл. іхную стар. ). Там нават спадарыня Процька выплыла і т. п.

Пад каго рыхтуюць?.. Зрэшты, ведаем, але ня мае значэньня. Шчыра скажу, паважаныя сябры Сойму, мне часам надакучвае гэты скамарошы хор. Калі Масква рыхтавала афёру з прэзыдэнцтвам Чыгіра, то за год да гэтага я напісаў, што рыхтуюць авантуру з Чыгіром, і для чаго, хто і як стварылі Хартыю-97. Тады ў друк вылезла ўся нечысьць, пляваліся і гыркалі, аж пакуль ні зьявіўся той самы Чыгір у постаці кандыдата “апазыцыі”. У 2001 годзе гэтая “апазыцыя” знайшла яшчэ лепшага “адзінага кандыдата” ў прэзыдэнты – камуністычнага намэнклятуршчыка, члена бюро ЦК КПБ(КПСС), нашага ворага на выбарах 1990 года Ўладзімера Ганчарыка. Тады я пісаў, што Ганчарык ідзе з падачы Захаду, але гэта чалавек Масквы і аплочваецца Масквой. “Нечысьць” аж захлыналася ад рогату. “Политический труп”, – лямантавалі, — “пулю”, яму “пулю” і “кто пульнёт” (нішто не забыта і ўсё надрукавана).

Чым скончыўся праект “Ганчарык” – вядома. 21 сакавіка 2010 года ў “Свободных новостях” ён даў інтэрв’ю, дзе сказаў, што на вельмі высокім узроўні Масква ня толькі гарантавала яму падтрымку, але былі ўжо нават запісаныя яго выступы і праплочаныя на расейскіх тэлеканалах (а гэта ж сумы!). Але ў апошні момант Масква перамяніла пазыцыю і зрабіла стаўку на Лукашэнку. Новы стаўленьнік Крамля – і кандыдат “апазыцыі” адразу сьпёкся. Цяпер ён ва ўсім прызнаўся. Толькі нешта я цяпер ня чую ляманту нечысьці, ніхто не пасыпае галаву попелам.

І ў 2005, і ў 2006 гадах я пісаў (і ня раз) пра маскоўскі праект Паўлоўскага, пра дзьве падстаўныя кандыдатуры ад “апазыцыі”, праплочаныя Масквой на падстаўную ролю, бо стаўку Крэмль робіць на Лукашэнку. Нечысьць зноў ціха хіхікала і лямантавала: “Мілінкевіч!”, “Казулін!”. Чым скончыўся праект “Мілінкевіч-Казулін” – таксама вядома. Самае брыдкае ў тым, што “Мілінкевіч-Казулін” ведалі, што выконваюць ролю падстаўкі, і не пагнушаліся скарыстоўваць на гэтую падстаўку грошы. Мілінкевіч пры гэтым нават добра ўвайшоў у ролю – адвёў народ з плошчы да “вечнага агню” кветачкі ўскладаць. Дык можа Казулін ня ведаў?

Вось што піша Ганчарык у згаданым інтэрв’ю: “А в 2006 году, когда мы ездили в Москву с Козулиным, сразу было сказано: Москва поддержит только Лукашенко”. Ну і зноў жа, дзе цяпер тая журна-палітычная хіхікаючая абслуга?

Я ня бачу сэнсу больш высьвятляць дэталі. З гэтымі гумовымі “дэмакратамі” даўно ўсё зразумела. Двойчы яны дапамаглі Лукашэнку прыйсьці да ўлады. Першы раз — у 1994-м (“маладыя ваўкі”), другі раз – у 2004-м, калі адмовіліся ад нашых патрабаваньняў байкатаваць незаконны рэфэрэндум пра трэці тэрмін Лукашэнкі, калі яны заклікалі людзей ісьці на гэты незаконны рэфэрэндум і пайшлі самы (адпрацоўвалі заходнюю падтрымку). Гэта горш, чым у 1994–м, бо тут грубае парушэньне Канстытуцыі і здрада змаганьню за волю і дэмакратыю. Такое не даруецца.

Паважаныя сябры Сойму. Дзеяньні псэўдаапазыцыі супярэчаць разьвіцьцю цяперашніх антырэжымных працэсаў у нашым грамадзтве. Яны супярэчаць таксама народным імкненьням і нашай палітыцы не прызнаваць і ня браць удзелу ў выбарчых гульнях рэжыму, супярэчаць нашай пазыцыі стварэньня народнай альтэрнатывы і кансалідацыі людзей супраць ашуканцкіх фальшывых выбараў. Цяпер адносінаў індэферэнтнасьці і талеранцыі з нашага боку (як дагэтуль) ня можа быць. Лёзунг такі: “НІЯКАЙ ТАЛЕРАНЦЫІ!” Рана ці позна іх усяроўна трэба будзе зьмятаць, разам з рэжымам. Чаша цярпеньня даўно перапоўнілася. На падыходзе шырокая народная сіла. Зь ёй трэба нам працаваць на платформе Беларускай Салідарнасьці. Трэба ізаляваць фальсіфікацыйны выбарчы працэс. І людзі нам дапамогуць.

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня БНФ “Адраджэньне” і КХП–БНФ
9-11 красавіка 2010 г.

12/4/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2010
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024