Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Валерыя Навадворская: “Мулкая пасадка”

Мы публікуем артыкул Валерыі Навадворскай, апублікаваны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Grani.ru. Аўтарка артыкула жыве ў Маскве, зьяўляецца заснавальнікам і кіраўніком правай партыі Дэмакратычны Саюз, выступае ў СМІ з адкрытай крытыкай і канстатацыяй стану рэчаў у расейскай імпэрыі. Нарадзілася ў 1950 годзе на Беларусі, у Баранавічах, дзе закончыла школу. У пэрыяд вучобы ў Інстытуце замежных моваў імя М. Тарэза ў Маскве заснавала студэнцкую групоўку дзеля ўзброенай барацьбы супраць савецкага рэжыму. Адкрыта пратэставала супраць савецкай інвазіі ў Чэхаславакію, Аўганскай вайны, іншых злачынстваў Крамля. Была ўвязьнена ў турме і на прымусовым псіхіатрычным лячэньні (тэрарыстычная псіхіатрыя). Беларусам запомніліся яе ацэнкі “новай рускай дэмакратыі”, зробленыя Навадворскай у 1991-92 гадах. Яна распавядала па тэлебачаньню: “Вось жа цікава, калі мяне цяпер затрымліваюць на нейкім мітынгу ў Маскве, то судзіць мяне той жа самы суддзя, што і пры савецкай уладзе. І той жа самы генэрал КГБ курыруе назіраньне за мной. І тыя ж афіцэры міліцыі арыштоўваюць мяне…”

***

13 красавіка, 65 гадоў таму, Савецкая Армія (у нядобрую гадзіну, у няшчасную хвіліну) уступіла на тэрыторыю Аўстрыі. Нешчасьлівай Аўстрыі, якую ейны ня сын, а вырадак Гітлер прыхлопнуў аншлюсам (13 красавіка 1938 г. гітлерскія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю і быў зьдзейсьнены “аншлюс” (“далучэньне”) краіны да Нямеччыны. Саветы паўтарылі ўваход 13 красавіка 1945 г. – заўвага перакладчыка)., а ўрэшце рэшт сьледам за гэтым прыдуркам прышлі савецкія войскі. Няўжо гэта не нагода для Медведева зьесьці шніцэль па-венску, а для Пуціна – адрэзаць сабе кавалачак торта “Захэр”? Славакію ж пацягнулі на сьвята яе акупацыі сваімі войскамі.
З Чэхіяй толькі цяжкасьці намячаюцца. Прагу вызваляў Уласаў, РОА (“Русская освободительная армия” – заўвага перакладчыка). І хто там павінен кнэдлікі есьці? Вось так і езьдзіць наш чэкісцкі табар па ўсходнеэўрапейскім сталіцам, прапаноўваючы свае паслугі: падкаваць эўрапейскіх прэзыдэнтаў, парляманты і прэсу, вельмі па-штукарску падкаваць, як некалі Ляўша падкаваў блаху, і пагадаць на нашай імпэрскай калодзе, абяцаючы спатканьне з трафовым каралём у казённым расейскім доме, гэта значыць у лягерным бараку па імені РФ, у прыватнасьці, на Чырвонай плошчы 9 траўня. І бубновы кароль будзе. (Пуцін – відавочна трафовы, а Медведев – бубновы).
Гэтае казіно забыліся забараніць. Самыя подлыя і дурныя расейцы ставяць на трэфы, і імя ім легіён. Слабыя розумам ідэалісты, якія ня маюць ні сілаў стаяць на ўласных дрыготкіх ножках, ні мужнасьці зірнуць горкай праўдзе ў вочы, ставяць на бубновую адлігу і крычаць: “Пуціна ў адстаўку!” І зьвяртаюцца да Медведева з заклікам: “Приди ко мне во тьме душистой ночи, я жду тебя, как ждут свиданья с ней…” А ставак жа больш няма, чэкісцкая гульня “Пуцін-Медведев”, “замаразкі-адліга”, “злы сьледчы – добры сьледчы” зроблена, і гэта ня наша гульня.
Перамога чэкістаў над гестапаўцамі – гэта сапраўды вялікі дзень для СССР і Усходняй Эўропы. Адзначалі б хіба хаўрусьнікі – ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя – дзень перамогі над Гітлерам асобна, без нас і няшчасных краінаў Балтыі і Варшаўскай дамовы. У іх – вясельле, у нас – пахаваньне. Яны пераможцы, яны маюць права.
А Аўстрыі яшчэ пашэнціла. СССР і на яе аблізваўся, але ялцінская змова яе ня выставіла на кон, яна не патрапіла ў здабычу, выдзеленую маскоўскаму тырану. Так карта лягла. Грэцыя і Аўстрыя апынуліся па той бок рысы, Югаславію пусьцілі на волю хваляў, і яе выратаваў ад ад савецкага ярма Іосіф Броз Ціта. Уся астатняя Усходняя і Паўднёвая Эўропа, палова Нямеччыны і краіны Балтыі – гэта ўсё Сталіну дазволілі забраць з сабой. “Аддам мядзьведзю, лясуну, цыганам, жабраку ў торбу, калі ня будзеш есьці, спаць, слухацца”, — так кажуць маці непаслухмянаму дзіцяці. Але хіба Усходняя Эўропа і Балтыя ня слухаліся ЗША, Англію і Францыю? За што іх аддалі мядзьведзям?
Аўстрыі пашэнціла. Праўда, яе ня пусьцілі ў НАТО, узялі слова трымаць нэўтралітэт і ледзь не сацыялізм будаваць. А Эўразьвяз за перамогу на справядлівых выбарах адной аўстрыйскай партыі (ня надта вартай, але ж не КПСС, не КПРФ, не ЛДПР, не “Едіная Россія”) ледзь Аўстрыю ня выключыў. Гэта значыць, што прыглядаюць за беднягай, хаця яны і ня немцы, хаця і не прасіліся пад аншлюс. Але нямецкамоўныя, падобна, усё падазроныя – паводле лінгвістычнага прынцыпу. У адрозьненьні ад савецкамоўных, савецкадумаючых і савецкадзейнічаючых.
І вось жа няшчасныя гаспадары ня радыя такім гасцям, чэкістам-вызваліцелям. У сэнсе “няхай такіх гасьцей на могілках шукаюць”. Аднак на могілках будуць шукаць не гасьцей, а гаспадароў. Напрыклад, польскую эліту. Зрэшты, нават у Пуціна ня хопіць нахабства заявіць, што Савецкая Армія вызваліла Варшаву. І запатрабаваць сабе біфштэкс па-татарску, гусь са сьлівамі, флякі гаспадарскія, а таксама канышы з вяршкамі. Зрэшты, нашы супрэзыдэнты паядуць усяго гэтага на пахаваньні польскай дэлегацыі, ахвяраў Катыні-2. І тут ужо дакладна на немцаў не зваліш, Нямеччыны там і побач не стаяла.
У Варшаве напэўна будзе цэлы вагон чэкісцкіх прадстаўнікоў з кракадзілавымі сьлязьмі на бессаромных вачах. Не прывыкаць пасьля пахаваньня Міхоэлса, Пастэрнака, Старавойтавай і Юшанкова. “А над гробом стали мародёры и несут почётный караул”.
Гасьцей такога кшталту без газу і ядзерных баегаловак, без нафты і 1/8 часткі сушы наогул на парог не пусьцілі б. “Добры госьць – да нас, дрэнны госьць – міма”. Дык чаго патрабавалі палякі ад СССР і Расеі ў сувязі з Катыньню? Чаму Коля Остенбакен ніяк ня мог даць рады з полськай прыгажуняй Інгай Заёнц? (Праўда, Колю не прышла ў галаву думка проста Інгу прыкончыць). Не патрабавалі палякі грошай – гэта хлусьня. І газу бясплатнага не прасілі. А патрабавалі гістарычнай справядлівасьці.
Дадзена: пакт Молатаў-Рыбэнтроп, Катынь, савецкая акупацыя, палову краіны адцяпалі, парады з Гітлерам у Берасьці праводзілі, далі здушыць Варшаўскае паўстаньне. Дэпартацыі, расстрэлы. Ад Таліна да Бэсарабіі. Неабходна даказаць: за што вас дзячыць? За тое, што два тырана, Гітлер і Сталін, не падзялілі Эўропу? Гэта іхная асабістая справа. Удзельнікаў бандыцкіх разборак не дзячаць.
Ад нас чакалі пакаяньня. Прыкладна такога: “Прабачце нас, мы раскайваемся. Мы ня лепшыя за гітлерцаў. Мы вас абразілі, мы вас катавалі. Мы ня вартыя лічыцца сярод пераможцаў фашызма, таму што наш рэжым быў ня лепшым за фашыстоўскі. Сталінізм роўны фашызму, Гітлер роўны Сталіну, СССР роўны Трэцяму рэйху. Скажыце, куды нам ісьці на Нюрнбэргскі працэс. Мы просім ва Усходняй Эўропы, Балтыі, Фінляндыі прабачэньня на каленях”. І ўкленчыць перад усімі эўрапейскімі мурамі, таму што гэтыя муры сталі з-за нас Мурамі Плачу.
Але на Катынь-1 легла Катынь-2, а туман – алібі памацней немцаў. Доказаў няма і ня будзе. У мяне ёсьць замест іх абсалютная ўпэўненасьць. Прэзыдэнт Лех Качыньскі быў бяльмом на чэкісцкім воку, яго трапалі савецкія тэлеканалы разам з прэзыдэнтамі Юшчанкам і Саакашвілі. Ён расплаціўся адразу за ўсё: за падтрымку Грузіі, за той гераічны рэйс у Тбілісі; за стыпэндыі і месцы ва ўнівэрсітэтах, выдзеленыя для беларускіх студэнтаў; за прытулак для чачэнскіх сайтаў і чачэнскіх уцекачоў; за спробы асудзіць Ярузэльскага; за антысаветызм і антыкамунізм; за заходнюю арыентацыю; за фільм “Катынь” і за пытаньні наконт Катыні; за актыўную ролю ў НАТО.
Што належыць польскім паўстанцам? Тры падзелы Польшчы; здушэньне паўстаньняў Касьцюшкі, паўстаньняў 1830 і 1963 гг.; вайна 1920 г.; акупацыя 1939 г.; Катынь; Варшаўскі блёк; ваеннае становішча ў 1981 г. і, нарэшце, Катынь-2 у 2010 г. Вайна ня скончана, вайна паміж воляй і рабствам ня скончыцца ніколі, а той абрэзак СССР, у якім мы жывем, ваюе супраць волі.
Я не працую ў СВР (Служба внешней разведки РФ – заўвага перакладчыка), я ня ведала пра тое, што палякі зьбіраліся ў гэты шалёны палёт. На самалёце сваіх ворагаў, парэпанай “тушцы”, адрамантаванай ворагамі ўжо пасьля перамогі Качыньскага на выбарах, без прэсы, без аховы вайсковых самалётаў, без кантролю, на закінутым вайсковым аэрадроме, цалкам аддацца ў рукі цёмных чэкісцкіх сілаў… Цяпер зразумела, чаму “Катынь” пусьцілі па тэлевізару: гэты Таміздат быў кавалачкам сыру ў мышалоўцы.
Я ня веру ў такія выпадковасьці. У Катыні-2 трэба абвінавачваць альбо Маскву, альбо сьвятое Наканаваньне. Я хрысьціянка і не магу абвінаваціць сьвятое Наканаваньне ў працы на чэкістаў. Я наогул не абвінавачваю. Я разважаю паводле прынцыпу cui prodest. Але для абвінавачваньняў патрэбныя доказы. Ня факт, што праз 15 гадоў які-небудзь Берыя захоча закласьці сваіх калег, якім сам аддаваў загады. Так было пралітае сьвятло на справу Міхоэлса. Сталін памёр, пачалася бойка трыюмвіраў. Берыі патрэбныя былі ачкі. Інакш мы дагэтуль бы верылі, што вялікі рэжысёр загінуў у выніку ДТЗ (Міхоэлса НКВД забіла ў Менску і падкінула ягоны труп на дарогу непадалёк ад Дому Ураду – заўвага перакладчыка).
Чаму польскія патрыёты не ляглі ў Варшаве ўпоперак узлётнай паласы? Ды калі б я ведала пра гэты рэйс, я б кінулася ў ногі польскаму амбасадару і прасіла б яго патэлефанаваць і папярэдзіць. Вось да чаго даводзяць гульні ў “перазагрузку”. Ляцець у тыл ворага, у ручкі ворага, на літасьць ворага…
Я нікога не абвінавачваю, адкуль я ведаю, хто стаіць за гэтым стоп-кадрам, хто галоўны ў чэкісцкай хунце? Куды пойдзеш з такім абвінавачваньнем, у які суд? Лічыце, што я той мешчанін, які трыста крокаў ішоў побач з Раскольнікавым і казаў яму: “Забойца”. Але ж Парфіры Пятровіч разумеў, што яму няма з чым Раскольнікава ў суд цягнуць, тым больш што Міколка на сябе віну ўзяў. Парфіры Пятровіч хацеў, каб у Раскольнікава нэрвы здалі. Ён яго даводзіў. А ў гэтых нэрвы моцныя, іх не давядзеш.
І Эркюль Пуаро і міс Марпл з Агаты Крысьці працавалі на тым, што іхныя аналітычныя выкладкі падмацоўваліся фактамі: забойца пачынаў рабіць глупствы, ліквідаваў сьведкаў, выдаваў сябе, а потым на публічным сэансе “раскрыцьця магіі” у Эркюля Пуаро не вытрымліваў і кідаўся на ўцёкі. Гэтыя не пабягуць… Нават калі здарыцца цуд і ў Расеі настане лета назаўжды, мы наўрад ці здолеем судзіць чэкістаў нават за падрывы дамоў. Доказаў і пісьмовых указаньняў няма, а з Дастаеўскім у суд ня пойдзеш (“Вы и убили-с…, вы-с, и некому больше-с…”). За такія доказы адвакаты і пракуроры засьмяюць.
Ня верце мне, дарагія эўрапейцы, але ў такім складзе і ў такія месцы да нас ня лётайце. А тое прамінуць яшчэ дзесяцігоддзі, прамінуць яшчэ 65 гадоў, і на месца аварыі польскага самалёта прыляціць новая порцыя польскіх палітыкаў. І таксама лясьнецца… Ня ведаю толькі, ці пасьпее Анджэй Вайда накруціць яшчэ адзін фільм.
Канцэрн “Ледаруб-інтэрнэшнл” (Троцкага ў Мэксіцы агент НКВД забіў ударам ледаруба – заўвага перакладчыка) будзе працаваць, аж покуль ёсьць Савок, покуль ёсьць КГБ. І калі яны не ленаваліся ганяцца па Эўропе за 90-гадовым Красновым і труціць палоніем Літвіненку, ды частаваць цукеркамі з ядам, і калоць парасонам, то хто мне дакажа, што нельга беспакарана і з гарантыяй забіць антысаветчыка, ворага Лубянкі і Крамля Леха Качыньскага? Мы зь ім не былі знаёмыя, але ён быў маім паплечнікам, таварышам па змаганьню, і я яго буду аплакваць, у адрозьненьні ад Адама Міхніка і іншых левакоў Польшчы, абаронцаў Ярузэльскага. Качыньскі быў польскім Рэйганам, спадчыньнікам Касьцюшкі, Савіньскага, Дамброўскага і Пілсудскага. “Польска”, зразумела, “не згінее”. Польшча ўсё памятае, і яна на добрым шляху, але чэкісты радыя ўгрызнуць і адскочыць. Сабачае племя, пачынаючы з афармленьня апрычнікаў (пры Іване Жахлівым ягоны НКВД – так званыя апрычнікі – чаплялі на сваіх коней сабачую галаву як сымваль перасьледу і пакараньня “ворагаў народу” – заўвага перакладчыка).
Я нават не магу сказаць, што мая нянавісьць моцна павялічыцца. Ёй няма куды расьці. “Мою ненависть, широкую, как море, вместить не могут жизни берега”. Праўда, у шэкспіраўскай Джульеты было каханьне, а не нянавісьць, але ж я маю справу не з Рамэа…
Балюча, што ніхто не адкажа. Зрэшты, гэта таксама ня новае. Сталін – таксама не адказаў. І за яго, невінаватае ягня, ягоны ўнук цягне ў суд “Новую газету”. Пайшлі на той сьвет каты з НКВД і ВЧК, і тыя, каго не расстралялі калегі па цэху, пайшлі беспакараныя. Чаркесаў пры пасадзе, Філіп Бабкоў быў пры НТВ, састарэлая вохра атрымлівае пэрсанальную пэнсію, Ленін зьзяе ў маўзалеі, і сапраўднымі ёсьць узнагароды за Аўган, Чачэнію і Грузію. А хто заплаціў за згубленыя жыцьці пасажырам паўднёвакарэйскага лайнэра? (Зьбіты паводле загаду Масквы пасажырскі самалёт у 1983 г. – заўвага перакладчыка). Дарэчы, у сюжэце канала “Імэдзі” самалёт з Лехам Качыньскім узрываецца, калі ён ляціць на дапамогу Грузіі. Лічыце, што гэта быў першы знак.
Антысаветчык Качыньскі памыліўся толькі адзін раз – калі паляцеў у савецкім самалёце на савецкую тэрыторыю, даверыўшыся савецкай уладзе.
А цывілізаваны сьвет ня будзе абвінавачваць. Усё пакроюць газ, нафта і туман.

Валерыя Навадворская

(пераклад з расейскай мовы)

Крыніца: http://grani.ru/Events/Disaster/m.176940.html

13/4/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2010
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024