Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
У інтэрнэт-прасторы распаўсюджваецца Зварот пад тытулам “Пуцін павінен сысьці”. Зварот ужо падпісалі дзесяткі тысячаў людзей. Менавіта гэты Зварот згадваецца ў тэкстах А. Піанткоўскага і В. Навадворскай, апублікаваных на нашым сайце ў апошнія дні. Першы ў цэлым падтрымлівае яго (хаця і з лёгкай іроніяй), другая не пакідае на ім каменя на камені. Пэтыцыі да цара-бацюхны і нават да грамадзтва ў цэлым – не навіна ў расейскай гісторыі. Было ўсялякае за стагоддзі існаваньня Масковіі. Складалі агульнарасейскія звароты хлусьлівыя авантурнікі і шчырыя рамантыкі, выдатныя стылісты і непісьменныя сяляне пад дыктоўку мясцоваму грамацею. Па рознаму складваўся антураж уручэньня гэтых зваротаў. За адзін дзень 9 студзеня 1905 года царскі рэжым забіў на вуліцах сваёй сталіцы тысячу хадакоў, якія з харугвамі і партрэтамі цара несьлі свой зварот, і параніў тры тысячы. У 16-м стагоддзі падчас адной з шызафрэнічных істэрык Іван Жахлівы пакінуў на троне пацешнага татарскага прынца Бекбулатавіча (пра гэта згадваецца ў антыпуцінскім Звароце), а сам зачыніўся ў замку ў Аляксандравай Слабадзе. Баяры і апрычнікі прымусілі тады народныя натоўпы ісьці па сьнезе ў Слабаду і кленчыць перад яе мурамі, молячы бацюхну вярнуцца на царства. Загадана было рваць на сябе вопратку і плакаць. У каго не атрымлівалася, той націраў вочы сьлінай… Але вось цікава: наступствы такіх зваротаў і зьменаў дзяржаўных кіраўнікоў не мянялі сутнасьці расейскай трагедыі. Яна працягвалася, а часта яе наступныя акты былі жудасьней за папярэднія. Пасьля Івана Жахлівага настае Смутны час, пасьля Мікалая ІІ – ленінска-сталінскае канібальства бальшавізма і г.д. Пра ўсё гэта ведаюць адукаваныя ў сваёй большасьці аўтары і падпісанты расейскага Звароту. Яны абапіраюцца на гістарычны ўспамін і шукаюць аналогіі. Іх па-сапраўднаму хвалюе лёс сваёй дзяржавы. Аднак, няўжо яны сапраўды мяркуюць, што крыніца зла знаходзіцца менавіта ў пэрсоне па-свойму энэргічнага падпалкоўніка КГБ, які за апошнія дзесяць год вызначыў нават новы “ізм” у расейскай і сусьветнай тэорыі і практыкі шмат чаго – “пуцінізм”? Пачытаеш Зварот, дык выходзіць, што дастаткова адсунуць ад руля гэтага малапрывабнага капітана і карабель РФ адразу паплыве па вольных прасторах дэмакратыі і псіхічнай нармальнасьці. У Звароце няма галоўнага. Няма канстатацыі сапраўднага стану рэчаў у расейскай імпэрыі. Ёсьць слабенькі намёк, выкарыстоўваецца слоўца з вялікай літары – “Сям’я”. Маецца на ўвазе Тое, што прывяло Пуціна да ўлады. Дык не круціце з эзопавай мовай, скажыце проста: “КГБ на мафійны манер захапіў уладу ў нашай краіне, пасадзў на трон свайго сярэднестатыстычнага чалавечка і маніпулюе ўсімі намі”. Не, расейскія інтэлігенты так ня скажуць. Бо страшна, бо як казалі ў сталінскую эпоху: “Ответ придёт ночью, в кованых сапогах…” Дык навошта тады было пісаць гэты эзопаўскі тэкст і зьбіраць пад ім подпісы, калі застаюцца намёкі, нешта недаказанае і прыхаванае? Вы думаеце ліквідаваць зло, не назваўшы ягоную прыроду і канкрэтны вобраз гэтага зла? Да нямногіх сапраўды разумных расейскіх грамадзянаў (галоўным чынам нярускай нацыянальнасьці) ужо дайшло, што корань айчыннага зла – гэта існаваньне Імпэрыі Зла. Пакуль у сучасным сьвеце існуе гэты гіганцкі дапатопны выкапень, ня будзе спакою і шчасьця расейскаму народу і ягоным суседзям. А аўтары Зварота называюць каўказкія войны “міжусобнымі”, яны пякуцца пра “цэласнасьць краіны”. Яны ня ведаюць, што народы Каўказа вядуць нацыянальна-вызвольную вайну супраць маскоўскага імпэрыялізма, а выйсьце са згаданага імі “гістарычнага тупіка” магчыма толькі з распадам і дэмантажом Імпэрыі? Імпэрыя, а не Пуцін зьяўляецца сапраўдным крыжом пакуты, які цягне на сябе Расея. Але не даводзіцца спадзявацца, што калі-небудзь аб гэтым здагадаюцца і пра гэта заявяць аўтары Звароту і мільёны “дорогіх россіян”. З чым можна пагадзіцца, дык гэта з канцоўкай Зварота. Сапраўды Пуцін з групоўкай не аддасьць уладу дабраахвотна. Беларусы ўжо здагадаліся, што сэрыя апошніх трагедый ёсьць пуцінска-лубянскім “адказам у каваных ботах”, які атрымаў увесь сьвет, што паспрабаваў заікнуцца пра неабходнасьць зьмены начальства у Крамлі. Наперадзе ў народаў сур’ёзнае змаганьне супраць Імпэрыі Зла. Янка Базыль *** Пуцін павінен сысьці (Зварот) Грамадзяне Расеі! Усьведамленьне таго, што наша краіна воляй кіруючай вярхушкі апынулася ў гістарычным тупіку, прымусіла нас абнародваць гэты зварот. Уручэньне Сям’ёй, якая шукала гарантыяў сваёй бясьпекі, практычна неабмежаванай ўлады над Расеяй чалавеку з сумніўнай рэпутацыяй, які не вызначаецца ані талентамі, ані неабходным жыцьцёвым і прафэсійным досьведам, прадвызначыла рэзкую дэградацыю ўсіх інстытутаў дзяржаўнага кіраваньня. Неабходнасьць пераменаў адчуваецца ўжо і значнай часткай кіруючай “эліты”, дастаткова ўспомніць опус “Расея, наперад!”, што быў нарабіў шуму. Аднак праект мядзьведзеўскай “мадэрнізацыі” мае выразна імітацыйны характар і служыць адзінай мэце – паднавіць дэкарацыі, захаваўшы прыроду рэжыма аўтарытарнай клептакратыі. Мы сьцьвярджаем, што ў дзяржаўна-палітычнай канструкцыі, якая нішчыць Расею і навязана грамадзянам нашай краіны, ёсьць архітэктар, куратар і ахоўнік у адной асобе. Ягонае імя – Уладзімір Пуцін. Мы сьцьвярджаем, што дэмантаж пуцінскага рэжыму, паварот краіны ў рэчышча дэмакратычнага разьвіцьця можа пачацца толькі з пазбаўленьня Пуціна ўсіх рычагоў кіраваньня дзяржавай і грамадзтвам. Мы сьцьвярджаем, што за гады свайго кіраваньня менавіта Пуцін ператварыўся ў сымвал бязлітаснай ў адносінах да сваіх уласных грамадзянаў карумпаванай і непрадказальнай краіны. Краіны, у якой грамадзяне бяспраўныя і ў падаўляючай масе сваёй бедныя. Краіны, якая ня мае ані ідэалаў, ані будучыні. Калі, як любяць паўтараць крамлёўскія прапагандысты, Расея ў часы Ельцына стаяла на каленях, то Пуцін і ягоныя апрычнікі паклалі яе тварам у балота. У балота фальшывай і бездапаможнай імітацыі палітычных і грамадзкіх інстытуцыяў – ад бюракратычнага фантома “Едіной Россіі” да нашысцкага пуцін-югенда. У балота тэлевізійнага цемрашальства, якое раз’ядае розумы і душы, ператварае ўсё яшчэ адзін з самых адукаваных у сьвеце народаў у бездухоўны і амаральны натоўп. У балота татальнага крадзяжу і карупцыі, што сьцякае з самай вершаліны расейскай улады. Без шматгадовага намаганьня Пуціна на крамлёўскіх галерах не маглі б існаваць ані фінансавыя імпэрыі мільярдэраў бліжняга кола – Абрамовіча, Цімчанкі, Кавальчукоў, Ротэнбэрга; ані паразітуючыя дзяржкарпарацыі сяброў – гэтыя чорныя дзіркі расейскай эканомікі. Распачаўшы свой узыход з эпахальнага “мочіть в сортіре”, Пуцін ужо амаль адзінаццаць гадоў выкарыстоўвае гэты ўнівэрсальны “інструмант” кіраваньня краінай, які аказаўся асабліва эфэктыўным ва ўзаемаадносінах з палітычнымі апанэнтамі і бізнэс-канкурэнтамі. Любая палітычная, сацыяльная або эканамічная нязгода адразу здушваюцца: у лепшым выпадку – адміністрацыйнымі абмежаваньнямі, а часта амонаўскімі дубінкамі, крымінальным перасьледам, фізічным гвалтам і нават забойствамі. Пуцін на справе даказаў, што сваіх асабістых апанэнтаў ён будзе зьнішчаць усімі даступнымі сродкамі. За час знаходжаньня на вершаліне дзяржаўнай улады Пуціным правалена ўсё, што толькі можна было праваліць. Ляснулі пэнсійная і адміністрацыйная рэформы, не праведзены рэформы арміі, спэцслужбаў, праваахоўнай і судовай сістэмаў, у мізэрным стане застаецца айчынная ахова здароўя. Упадак адукацыі і навукі, аддадзеных на водкуп дзялкам з каапэратыва “Озеро”, дасягнуў такога ўзроўню, што ў “тытаны” расейскай навуковай думкі трэба залічаць пэрсанажаў накшталт Петрыка і Грызлова. Страчаны цэлых дзесяць гадоў, калі бум коштаў на вуглевадародную сыравіну і мэталы мог быць выкарыстаны для мадэрнізацыі краіны і структурных пераўтварэньняў у эканоміцы. Таму і аказаўся такім бязлітасным для Расеі ўдар сусьветнага крызісу, які для яе далёка ня скончыўся. Прызначаны спадкаемцам Ельцына, Пуцін ня толькі ня здолеў выправіць дапушчаныя сваімі папярэднікамі лёсавызначальныя памылкі і згасіць каўказкі пажар, але й дадумаўся сваёй палітыкай перавесьці яго ў новую якасьць, здольную падарваць цэласнасьць краіны. “Курск”, “Норд-ост”, Беслан, дзесяткі тысячаў загінуўшых ў міжусобнай другой каўказкай вайне, тысячы тых, хто згубіў жыцьцё ад тэхнагенных катастрофаў, згарэў у непрыстасаваных для чалавечага пражываньня дамах для пажылых людзей і інвалідаў, дзесяткі забітых журналістаў, праваабаронцаў, палітычных праціўнікаў рэжыму і проста ахвяраў садысцкага міліцэйскага гвалту (“беспредела”) – усё гэта магільныя помнікі часу пуцінскага кіраваньня. Неразгаданымі таямніцамі зачацьця пуцінскага рэжыму застаюцца паход Басаева ў Дагестан, выбухі дамоў у Маскве і Валгадонску, “вучэньні” у Разані. Няздольнасьць Пуціна да стратэгічнага мысьленьня даўно нікога не зьдзіўляе. Яму не дадзена прадбачыць, якім будзе сьвет праз дзесяць-пятнаццаць гадоў, якое месца ў гэтым сьвеце, які зьмяняецца, павінна і можа заняць Расея. Ён ня здольны ацаніць рэальныя пагрозы і рызыкі для краіны, а значыць, ня ў стане слушна плянаваць накірункі магчымага руху, вызначаць патэнцыйных хаўрусьнікаў і праціўнікаў. Яркай ілюстрацыяй такой недальнабачнай палітыкі зьяўляюцца нядаўнія капітулянцкія пагадненьні з Кітаем, якія з лёгкай рукі Пуціна фактычна адпісваюць Паднябеснай расейскія Далёкі Усход і Усходнюю Сібір. Аб неразуменьні Пуціным будучыні сьведчаць і яго маніакальная жарсьць у справе пракладкі нафтагазавых труб ва ўсіх магчымых і немагчымых для розуму накірунках, ініцыяваньне амбіцыйна-затратных праектаў (накшталт сочынскай алімпіяды або маста на выспу Рускі), якія абсалютна супрацьпаказаныя краіне, дзе значная частка насельніцтва пражывае па-за рысай беднасьці. Перасунуўшыся на час з прэзыдэнцкага крэсла ў апартаманты прэм’ер-міністра і пакінуўшы ў Крамлі паслухмянага месцазахавальніка адной зь ім “групы крыві” – сучаснага Сімяёна Бекбулатавіча, — Пуцін стварыў адкрыта антыканстытуцыйную канструкцыю пажыцьцёвага кіраваньня краінай. Відавочна, што Пуцін ніколі дабраахвотна не адмовіцца ад улады ў Расеі. Ягоная цьвёрдая рашучасьць кіраваць пажыцьцёва кіруецца ўжо ня столькі прагай самой улады, колькі страхам адказнасьці за зробленае. Для расейскага народа прыніжальна, а для краіны сьмяротна небясьпечна мець такога кіраўніка, як Пуцін. Гэты крыж Расея далей несьці ня здолее. Пуцінская групоўка, якая губляе глебу пад нагамі, у любы момант ад кропкавых рэпрэсіяў можа перайсьці да масавых. Мы папярэджваем супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў і сілавых ведамстваў – не ідзіце супраць свайго народа, не выконвайце злачынных загадаў карупцыянэраў, калі яны пашлюць вас забіваць за Пуціна, Сечына, Деріпаску: Сёньня агульнанацыянальным патрабаваньнем на мітынгах ад Уладзівастока да Калінінграда павінен стаць заклік “Пуцін – на выйсьце!” Пазбаўленьне ад пуцінізма – першы, але абавязкавы крок на шляху да новай вольнай Расеі. За адстаўку Пуціна падпісаліся 36 380 чалавек (на 17 красавіка 2010 г.) Боннер Елена Крыніца: http://putinavotstavku.ru/ (Пераклад з расейскай) 17/4/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |