Верасень 39-га
(Подзьвіг дзядоў. 1939-1945)
Малады беларускі гісторык Юры Грыбоўскі (нар. 1979 г.) пачынае сваю кнігу пра беларускіх вайскоўцаў у Войску Польскім з асабістых рэфлексій: “У дзіцячы глузд моцна запалі фотаздымкі дзядулі і яго землякоў у форме польскіх жаўнераў. Пажоўклыя і састарэлыя фатаграфіі выклікалі падвойнае пачуцьцё. Нас у школе вучылі пра гераічныя ўчынкі чырвонаармейцаў і савецкіх партызанаў, а тым часам у бацькоўскай хаце былі фотаздымкі жаўнераў у незнаёмым прыгожым абмундзіраваньні, з шаблямі і надпісамі на невядомай мне тады яшчэ мове. Маленькім хлапчуком я доўга ня мог зразумець, чаму мой дзед ня быў у Чырвонай арміі. З цікавасьцю і неразуменьнем слухаў аповеды бабулі пра дзеда, які служыў “у польскім войску”, пра вайну 1939-га, якая разлучыла закаханых бабулю і дзядулю праз тыдзень пасьля шлюбу, пра “першых і другіх саветаў”, пра “нямецкі і савецкі палон” і шмат чаго іншага.
Зараз надышоў час, калі нашчадкі ў Беларусі павінны даведацца пра гераічнае мінулае суродзічаў, якія, нягледзячы на тое, што апынуліся далёка па-за межамі Бацькаўшчыны, да канца выканалі свой жаўнерскі абавязак. Яскравым сьведчаньнем гэтага зьяўляецца тое, што магілы тысяч нашых землякоў параскіданыя на прасторах Польшчы, Італіі, Францыі, Нямеччыны, Галяндыі, Англіі, ёсьць нават у Паўночнай Афрыцы і ў Атлантычным акеане”.
Мы публікуем фрагмэнты з кнігі Юры Грыбоўскага (“Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях. 1918-1945”. Санкт-Пецярбург, 2006), якія прысьвечаны абарончай вайне Польшчы супраць нямецкай і маскоўскай інвазіі ў верасьні 1939 года. Гэтыя факты абвяргаюць навязаную беларусам савецкую мадэль пачатку вайны (“велікой отечественной”, паводле фармулёўкі Сталіна) 22 чэрвеня 1941 года.
***
1 верасьня 1939 г. адбыўся напад Нямеччыны на Польшчу, які стаў пачаткам Другой сусьветнай вайны. Польскае кіраўніцтва, кіруючыся нарастаньнем напружанасьці польска-нямецкіх адносінаў, яшчэ раней распачало падрыхтоўку да непазьбежнае вайны. Польская дзяржава пачала рыхтавацца да абарончай вайны з заходнім суседам і канцэнтраваць на захадзе краіны асноўныя вайсковыя сілы. Ажыцьцяўленьне апэратыўнага пляна “Захад” па перамяшчэньні вайсковых часьцей з усходніх ваяводстваў да заходняй мяжы краіны адбывалася ў некалькі этапаў. Пасьля адбыцьця на захад злучэньняў на іх месцы былі створаныя мабілізацыйныя пункты, дзе за кошт рэзэрвістаў ствараліся запасовыя часьці.
23 жніўня 1939 г. на тэрыторыі ўсёй краіны была абвешчаная частковая, а 31 жніўня – усеагульная мабілізацыя. На тэрыторыі Заходняй Беларусі па мабілізацыі былі разгорнутыя рэзэрвовыя 38-я (96-ы і 97-мы палкі) і 39-я (95-ы полк) пяхотныя дывізіі.
Падчас верасьнёвай кампаніі 1939 г. колькасьць беларусаў у Войску Польскім павялічылася ня менш, чым у чатыры разы ў параўнаньні з міжваенным часам, дасягнуўшы найвышэйшай колькасьці за ўвесь пэрыяд існаваньня ўзброеных сілаў 2-й Рэчы Паспалітай. На працягу ўсёй верасьнёўскай кампаніі 1939 г. у шэрагах Войска Польскага знаходзілася 840 тыс. чалавек. Супастаўляючы гэтую лічбу з сярэдняй колькасьцю беларусаў у Войску Польскім у міжваенны пэрыяд (5-9%), можна дапусьціць, што ў верасьнёўскай кампаніі 1939 г. удзельнічала ня менш 70 тыс. польскіх грамадзянаў беларускага паходжаньня. У вышэйзгаданую лічбу ўваходзілі ня толькі рэзэрвісты, але і тыя беларусы, якія сустрэлі напад Нямеччыны ў шыхтах Войска Польскага вайскоўцамі тэрміновай службы.
Беларускае насельніцтва моцна не супраціўлялася мабілізацыям 1939 г. Значна горшым стаўленьне мясцовых сялян было ў адносінах да мабілізацыі гаспадарчых элемэнтаў – коней, вазоў і інш. Былі адзначаныя нават выпадкі масавых уцёкаў у лес.
Асноўным спосабам ухіленьня ад мабілізацыі зьяўляліся ўцёкі ў БССР. Са справаздачаў польскіх афіцэраў вынікае, што напярэдадні абвяшчэньня мабілізацыі сярод беларускага насельніцтва варожым элемэнтам пачалі распаўсюджвацца чуткі пра тое, што ў Менску ствараецца г. зв. Легіён Заходняй Беларусі. Мэтай гэтага “Легіёна” нібыта было адраджэньне беларускай дзяржавы на вызваленых ад польскіх уладаў тэрыторыях (чуткі пра “Легіён” былі класічнай дэзай савецкага НКВД, ніякага беларускага “Легіёну” у Менску не стваралася, СССР рыхтаваўся да нападу на Польшчу разам з сваім лепшым сябрам Гітлерам – заўвага рэдактара).
Варта падкрэсьліць, што з пачаткам баявых дзеяньняў злучэньні, скамплектаваныя на тэрыторыі Заходняй Беларусі, апынуліся на пярэднім краі абароны і практычна з самых першых дзён нямецкай агрэсіі ўдзельнічалі ў цяжкіх баях. Вызначыліся мужнасьцю беларусы 20-й пяхотнай дывізіі падчас бітвы ў раёне Млавы (1-4 верасьня), жаўнеры якой стрымлівалі наступ войскаў 3-й арміі Вэрмахта. На працягу 4 дзён злучэньне, якое ў значнай ступені складалася з рэзэрвістаў са Слонімшчыны і Баранавічаў, панесла вялікія страты, да 40% асабовага складу.
Адной з заўважных старонак верасьнёўскай кампаніі стала абарона Хэльскай паўвыспы, якая доўжылася з 1 верасьня па 2 кастрычніка 1939 г. На вузкай паўвысьпе ў суцэльным атачэньні нямецкіх войскаў абарону трымалі жаўнеры 1-га Вэйхераўскага і 2-га Гдынскага батальёнаў марскіх стральцоў. Па сьведчаньнях удзельнікаў абароны Хэльскай паўвыспы, у складзе вышэйзгаданых батальёнаў служыла да 10% беларусаў, якія падчас баёў паказалі сябе найлепшым чынам. Нягледзячы на безнадзейнасьць сітуацыі, ніводзін зь іх не пакінуў часьць ажно да капітуляцыі. Сярод абаронцаў Хэльскай паўвыспы былі “выбаровы (выдатнік) стралец” капрал Фларыян Глінскі – камандзір кулямётнага разьліку, а таксама вядомы пасьля вайны беларускі пісьменьнік Янка Брыль, які тады зьяўляўся жаўнерам тэрміновай службы.
Мужна змагаліся польскія вайскоўцы беларускай нацыянальнасьці падчас абароны Берасьцейскай фартэцыі. У савецкай гісторыяграфіі моцна замацаваўся стэрэатып аб тым, што Берасьцейская фартэцыя паказала прыклады гераізму на пачатковым этапе нямецка-савецкай вайны, калі гарнізон савецкіх войскаў больш месяца ў поўнай самоце працягваў аказваць адчайны супраціў. У рэчаіснасьці муры гэтай фартэцыі ўпершыню сустрэлі ўдары нямецкіх агрэсараў яшчэ ў верасьні 1939 г. Абарону Берасьцейскай фартэцыі ўзначаліў генэрал Канстанцы Плісоўскі. З 13 па 17 верасьня польскія вайскоўцы ўпарта стрымлівалі атакі пераўзыходзячых сілаў немцаў – 19-га танкавага корпуса пад камандаваньнем генэрала Ганса Гудэрыяна. Польскія часьці адбілі сем нямецкіх атакаў, якія нярэдка заканчваліся рукаемным боем. Абарона Берасьцейскай фартэцыі стала яскравым прыкладам гераізму і мужнасьці польскіх жаўнераў, у першую чаргу – беларусаў. Шэраговы склад запасовых фармаваньняў, якія ў верасьні папоўніў гарнізон фартэцыі, у асноўным быў з мясцовых рэзэрвістаў Берасьцейшчыны і Кобрыншчыны. Сярод жаўнераў гэтых вайсковых адзінак – абаронцаў Берасьцейскай фартэцыі – былі Зьміцер Іванчук, Мікалай Зубовіч, Рыгор Ігнатовіч, Рыгор Ляўчук, Сьцяпан Раюк і інш.
Адной з першых гітлераўскую навалу 1 верасьня 1939 г. сустрэў гарнізон марскіх стральцоў умацаванага раёна паўвыспы Вэстэрплятэ. Нягледзячы на няроўныя суадносіны сілаў, польскія вайскоўцы, абараняючыся на працягу дня, адбілі 13 штурмаў нямецкай марской пяхоты. Сярод 182-асабовага гарнізона абаронцаў Вэстэрплятэ знаходзілася пэўная колькасьць беларусаў. Сустракаюцца ўласна беларускія прозьвішчы: капралы Пятро і Андрэй Кавальчукі, стральцы Антон Федарчук, Віктар Белавус, Баляслаў Горбач, Уладзіслаў Собаль, Эдвард Няркевіч, Віктар Цярэшка, Браніслаў Вус, Браніслаў Жук, Лявон Мазуркевіч, Сігізмунд Казак, Уладзіслаў Грыгаровіч, Браніслаў Карко і інш. Пяцёра палегла падчас варожых атакаў. У іх ліку знаходзіўся капрал Андрэй Кавальчук, які загінуў сьмерцю героя ў першы дзень баёў 1 верасьня 1939 г. Пасьмяротна ён быў узнагароджаны Срэбным Крыжам Ордэна Virtuti Militari.
Беларусы знаходзіліся сярод вайскоўцаў 20-й пяхотнай дывізіі, якая абараняла фартэцыю Модлін. Сярод абаронцаў, якія да канца засталіся адданымі вайсковай прысязе, знаходзіліся шэрагоўцы: ураджэнец Камянеччыны Васіль Жаўняркевіч і Вінцук Варона з-пад Клецку.
Значная колькасьць беларусаў удзельнічала ў баях на тэрыторыі Заходняй Украіны, у тым ліку – у абароне Львова (12-22 верасьня). У баях каля Львова быў цяжка паранены шэраговец Уладзімер Таболіч з-пад Зэльвы. У савецкі палон (пасьля пачатку савецкай “вызвольнай” інвазіі 17 верасьня 1939 г. – заўвага рэдактара) патрапілі Якуб Конан і Язэп Жамойдзін з Валожыншчыны, Мікалай Багуцкі з-пад Ліды і шмат іншых.
Адным з эпізодаў удзелу беларусаў у нямецка-польскай вайне 1939 г. сталася гераічная абарона Варшавы (8-28 верасьня). Сярод абаронцаў Варшавы быў кананір артылерыі 76-га палка Уладзімер Мычко з Мядзельшчыны, які гарматным агнём у ваколіцах сталіцы пасьпеў зьнішчыць некалькі нямецкіх танкаў. Сярод абаронцаў Варшавы знаходзіўся кананір 29-га лёгка-артылерыйскага палка Апанас Цыхун з-пад Гародні. Дывізіён, дзе служыў Цыхун, уваходзіў у супрацьтанкавую заслону Варшавы і заняў абарону перад фортам Бэма. Апанас Цыхун знаходзіўся ў ліку той невялічкай часткі польскіх вайскоўцаў, якія ня склалі зброі нават пасьля афіцыйнай капітуляцыі сталіцы 28 верастня.
Кажучы пра ўдзел беларусаў у абароне Варшавы, абавязкова варта ўзгадаць імя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча, які 6 верасьня зьвярнуўся да кіраўніка абароны Варшавы генэрала Валер’яна Чумы з прапановай стварыць і ачоліць аддзел дабраахвотнікаў. Гэты дабраахвотніцкі аддзел (1800-2000 чал.) С. Булак-Балаховіча да апошняга дня (28 верасьня) вёў баі на паўдзённым прамежку абароны сталіцы, за што С. Булак-Балаховіч быў прадстаўлены да ўзнагароджаньня Крыжам Virtuti Militari 3 класа.
Адмоўна паўплывала на баявы дух вайскоўцаў беларускай нацыянальнасьці ўступленьне 17 верасьня Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы. На думку гісторыка Марэка Вяжбіцкага, гэта і стала адной з прычынаў іх дэзэрцірства. 17 верасьня падарваў веру і сэнс далейшага змаганьня ўсіх польскіх жаўнераў. Аднак, на нашу думку, зьява масавага дэзэрцірства ў першую чаргу датычылася беларусаў з рэзэрвовых злучэньняў, якія фармаваліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі 1-14 верасьня і яшчэ не былі перакінуты на нямецка-польскі фронт.
Масавы характар адмоўнага стаўленьня мясцовага насельніцтва да мабілізацыі ў Войска Польскае паўплываў на тое, што камандваньне шэрагу гарнізонаў пайшло на звальненьне беларусаў, якія не жадалі служыць далей. Напрыклад, 18 верасьня капітан Ежы Гендзерскі распусьціў мясцовых рэзэрвістаў, якія пражывалі ў ваколіцах Вільні.
Многім беларусам удалося самастойна вярнуцца дадому пасьля роспуску камандваньнем сваіх аддзелаў, якія кватараваліся на Украіне і Любліншчыне. Сярод іх знаходзіліся курсант школы падхаружых непаўналетніх у Срэме Сяргей Кураш, жаўнер 4-га танкавага батальёна Уладзімер Мацэвіла, шэраговец 82-га палка Аляксей Куна, шэраговец 22-га палка Пятро Кісель і інш. Гэтыя людзі ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Украіны і на Любліншчыне, на Млаве і пад Варшавай. Пасьля разьбіцьця сваіх аддзелаў яны групамі альбо паасобку, абмінаючы нямецкія і савецкія вайсковыя пастарункі і баронячыся ад узброеных аддзелаў украінскіх нацыяналістаў, часам апранутыя ў цывільную вопратку, пешшу дайшлі да родных мясьцінаў.
Акрамя нежаданьня надалей знаходзіцца ў вайсковых шыхтах, таксама адбываліся здарэньні ўдзелу вайскоўцаў беларускай нацыянальнасьці ў бунтах мясцовых жыхароў супраць Войска Польскага і рабунках вайсковай маёмасьці. Дэмаралізацыя ў шэрагах Войска Польскага ў сувязі з паразай на заходнім фронце і паходам Чырвонай Арміі ў пэўнай ступені абвастрылі міжнацыянальныя супярэчлівасьці.
Знаная частка польскіх вайскоўцаў беларускага паходжаньня з 17 па 22 верасьня змагалася супраць савецкіх войскаў. У гэтым змаганьні вызначыліся беларусы з брыгады “Ваўкавыск”. Першапачаткова камандваньне брыгады загадала рушыць да Вільні на дапамогу мясцоваму гарнізону. Аднак пасьля заняцьця горада савецкімі войскамі гэтае фармаваньне зьмяніла накірунак і выступіла ў напрамку Гародні на захад. На сваім шляху жаўнеры ўмела зліквідавалі некалькі савецкіх дывэрсійных бандаў у Скідалі і Лунне. Уланы-беларусы вызначыліся таксама ў бойцы паміж брыгадай “Ваўкавыск” і савецкімі танкамі, які адбыўся 21 верасьня каля мястэчка Кудзянцы каля Аўгустова. Варта прыгадаць, што сілы былі далёка не на карысьць брыгады “Ваўкавыск”. Аднак дзякуючы гераізму і самаахвярнасьці ўланаў, савецкія войскі панесьлі значныя страты – 12 танкаў і 800 чалавек.
Апошнім фармаваньнем Войска Польскага, якое склала зброю, была група “Палесьсе” пад камандваньнем генэрала Ф. Клебэрга. Пасьля баёў супраць нямецкіх войск у ваколіцах Берасьця (13-17 верасьня) і Кобрына (18 верасьня) вайскоўцы згрупаваньня скончылі свой баявы шлях на Падольлі, дзе 5 кастрычніка склалі зброю перад нямецкімі войскамі. Вынікі апошняй баталіі верасьнёвай кампаніі – сечу пад Коцкам – генэрал Ф. Клебрг узгадваў так: “На жаўнерскіх могілках ляжаць у адным шэрагу побач з польскімі жаўнерамі верныя ім сябры з Баранавічаў, Слоніма і Наваградка і іншых усходніх мястэчак і вёсак, якія да канца змагаліся поплеч з палякамі”.
Калі дапусьціць, што каля 7-8% Войска Польскага ў верасьні 1939 г. складалі беларусы (да 70 тыс.), і перанесьці гэтую лічбу на агульныя страты польскага боку загінуўшых і зьніклых (97 тыс.), то атрымаецца, што ня менш як 7-8 тыс. польскіх вайскоўцаў беларускага паходжаньня палегла ў пэрыяд абарончае вайны. Калі ж браць пад увагу, што польскія злучэньні, якія фармаваліся за кошт рэзэрвістаў з Заходняй Беларусі, удзельнічалі ў найбольш крывавых баталіях і панесьлі значныя страты, то гэтую лічбу можна павялічыць да 9-10 тыс.
Юры Грыбоўскі
28/4/2010 › Навіны, Старонкі гісторыі
|
|
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
‹
Пошук:
Каляндар:
Ідзі і глядзі:
Беларуская Салідарнасьць:
ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.
1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
Каго любіш?
Люблю Беларусь.
Дык узаемна.
2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.
4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.
5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.
6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ.
7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.
Сябры й партнэры:
|
|