Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Перамога

Сусьветныя войны ХХ стагоддзя пачыналіся і завяршаліся па-рознаму. Пераход з аднаго стану (вайны) у другі стан (невайны) суправаджаўся часам кур’ёзнымі дзеямі. Мне ўспамінаецца адна музэйная вітрына ў паўночна-італьянскім горадзе Равэрэта. За шклом быў выстаўлены белы сьцяг, зь якім аўстрыйскія парляманцёры выйшлі да італьянскіх пазыцый у лістападзе 1918 года. Калі пачыналася І Сусьветная вайна, над Эўропай луналі тысячы і тысячы вышываных золатам і срэбрам сьцягоў, грымелі аркестры, натоўпы гукалі пампезныя лёзунгі. Калі праз чатыры гады над скрываўленымі траншэямі ахрыплыя галасы закрычалі: “Не страляйце! Мір!”, то для белага сьцягу давялося выкарыстоўваць выпадковую шпітальную прасьціну. Пра залатыя вышыванкі ня думалі людзі, агаломшаныя гіганцкімі разбурэньнямі і масавымі забойствамі.

У 1918 годзе людзі не маглі сябе ўявіць, што на працягу жыцьця аднаго пакаленьня адбудзецца яшчэ адна сусьветная вайна, якая засьціць Першую вайну аб’ёмам зьнішчэньняў, злачынстваў і нянавісьці. Што разьвяжуць яе дзьве разгромленыя ў вайне імпэрыі, якія пройдуць гвалтоўным шляхам унутраных пераўтварэньняў, — Нямеччына і Расея. Аказаліся, аднак, неістотнымі фактары сацыяльна-палітычных інавацыяў у гэтых дзьвюх краінах, якія ў выніку рэвалюцыяў пазбавіліся ад манархіі, зьмянілі дзяржаўную сымволіку і афіцыйную лексіку. Ваймарская канстытуцыя пачыналася юрыдычнай галаваломкай 1-га артыкула: “Das Deutsche Reich ist eine Republik” (“Нямецкая Імпэрыя ёсьць рэспублікай”). СССР быў абвешчаны “пралетарскім раем” і “отечеством всех трудящихся планеты”. Імпэрскія амбіцыі і імпэрская агрэсіўнасьць атрымалі ў іх розныя фармулёўкі. У саветаў гэта была “сусьветная рэвалюцыя” і “утварэньне саюза савецкіх рэспублік усёй зямлі”. У немцаў паўстала пытаньне “Lebensraum” (“жыцьцёвай прасторы”) за кошт земляў іншых народаў.

Праз шчыльнае супрацоўніцтва 20-30-х гадоў, Пакт аб ненападзеньні і дружбе 1939 года, праз сумеснае паглынаньне незалежных дзяржаваў у 1939-40 гадах два імпэрскія драпежнікі імкнуліся насустрач адзін адному, ішлі да непазьбежнага сутыкненьня і канфлікту. У тагачасных карыкатурах Гітлера і Сталіна паказвалі ў выглядзе двух гангстэраў, якія няшчыра ўсьміхаюцца адзін адному, а рукі іхныя гатовыя выхапіць схаваную зброю, каб зьнішчыць хаўрусьніка і партнёра.

Калі крамлёўская хунта на працягу 1941-44 гадоў патрабавала ад заходніх краінаў “адкрыцьця другога фронту ў Эўропе”, то хунта крывадушна “забывалася”, што якраз савецка-германскі фронт быў “другім”. Што з 1 верасьня 1939 г. па 22 чэрвеня 1941 г. польскія, брытанскія, французкія войскі і невялікія арміі Бэльгіі, Нідэрляндаў, Грэцыі і Нарвэгіі спачатку змагаліся на “першым фронце” супраць нашэсьця гітлерскай кааліцыі, а потым ваявалі супраць фашызма на выгнаньні і ў Бітве за Англію. У той самы час СССР забясьпечваў агрэсараў стратэгічнымі матэр’яламі, сыравінай, збожжам, прадастаўляў ім свае базы, праводзіў з гітлерцамі сумесныя парады ў Горадне і Берасьце, дзяліў разам зь імі Эўропу. Масква ў адкрытую нахвальвала і падбадзёрвала бандытаў са свастыкай, ганьбіла абаронцаў эўрапейскіх айчынаў і кпіла зь іх.

У мэмуарах гэнэрала Шарля Дэголя ёсьць цікавы фрагмэнт. Мэмуарыст згадвае ноч на 22 чэрвеня 1941 года. Войскі “Вольнай Францыі” толькі што выбілі з Бэйрута аддзелы Вішысцкага рэжыма (французкіх калабарантаў з немцамі). Радыё Масква на французкай мове паведамляла ў сьвет пра “дэголеўскіх памагатых міжнароднага капітала, якія зьдзейсьнілі акт агрэсіі на Блізкім Усходзе”. Такое паведамленьне гучала на радыёхвалях да 3.00 гадз. А 4.00 французкая рэдакцыя Радыё Масква выдала навіну: “Французкія антыфашысты пад кіраўніцтвам выдатнага патрыёта Дэголя вызвалілі Бэйрут ад гітлерскіх памагатых”. Імклівая мэтамарфоза маскоўскай гэбельсаўшчыны была зьвязана з тым, што гангстэр Гітлер пасьпеў выхапіць сваю зброю раней за гангстэра Сталіна. Апошні абвясьціў “велікую отечественную войну”, але ня вызваліў з ГУЛАГу мільёны людзей, асуджаных як “ворагі народа”. Маскоўскі фашызм заставаўся маскоўскім фашызмам нягледзячы на дэмагогію ў праваслаўным стылі пра Аляксандра Неўскага, Дзімітрыя Данскога, “святую Русь” і знакамітае сталінскае “братья і сёстры”, якое 3 ліпеня 1941 г. пралілося з рэпрадуктараў на падсавецкіх людзей.

Крамлёўскі плян разгрому заходняй цывілізацыі рукамі немцаў і наступнага разгрому немцаў з грукатам праваліўся. Крамлёўская банда сур’ёзна пралічылася і вымушана была ратаваць сваю скуру любым коштам (знакамітае “мы за ценой не постоим”). Ад самага пачатку вайны шэраг народаў (польскі, фінскі, беларускі, украінскі, прыбалтыйскія) апынуліся паміж Сцылай і Харыбдай, паміж дзьвюх антычалавечых сістэмаў, якія счапіліся ў сьмяротнай бойцы і не хавалі, што імкнуцца да скарэньня, асіміляцыі і зьнішчэньня гэтых народаў. Злачынства накладалася на злачынства, зьверства на зьверства. Катынь і Ігуменскі шлях сталі знакавымі трагедыямі маскоўскага чалавеканенавісьніцтва. Германскія чалавеканенавісьнікі далёка не адсталі ад сваіх настаўнікаў (гестапа на працягу даваенных гадоў актыўна вучылася ў структурах НКВД і ГУЛАГа).

Самаўпэўненасьць і фанабэрыя немцаў, тэрор супраць ваеннапалонных і мірнага насельніцтва пераканалі народы, што гітлерцы прышлі на іхную зямлю як зьнішчальнікі, а не як “вызваліцелі ад бальшавізма” (што сьцьвярджала гітлерская прапаганда). Перад нацыянальнымі элітамі паўстала задача захаваньня патэнцыялу нацыі і пазбаўленьня ад прыгнёту абодвух таталітарных гігантаў.

У гады вайны Масква асабліва актыўна пакарысталася падначаленымі сябе народамі, кінуўшы ў вір вайны мільёны людзей. Жахі нямецкага тэрору шакіравалі нават некаторых немцаў, а ў падсавецкіх людзей выклікалі сапраўднае жаданьне граміць ворага. Камісары хлусьліва падказвалі ім, што пасьля вайны “всё будет иначе, справедливо, колхозов не будет”. Калі не хапала гэтых аргумантаў, за справу браліся СМЕРШ і заградатрады НКВД. Са свайго боку Гітлер пайшоў на ўтварэньне шырокіх структураў падпарадкаванай яму “Русской Освободительной Армии” генэрала Уласава толькі ў верасьні 1944 года, калі стаў відавочным стратэгічны правал нямецкай арміі.

Кожны дзень вайны быў аплочаны незьлічонымі ахвярамі. Маскоўскія “геніі” у залатых пагонах гналі жаўнерскую масу ў лабавыя атакі, на мінныя палі, пад артылерыйскі агонь. Ніводная дзяржаўная сістэма не ваявала такім злачынным спосабам (нават Чынгіс-хан дбаў пра сваіх ваяроў). Нягледзячы ні на што жаўнеры зьдзяйсьнялі цуды гераізму і перамагалі магутнага ворага. Вядома, якім чынам Масква адудзячыла грузінаў, якутаў, украінцаў, беларусаў і як яна “вызваліла” ад фашызма народы замежнай Эўропы. Нацыянальны прыгнёт, ліквідацыя элітаў, асіміляцыя-русіфікацыя, навязваньне лакальных хунтаў з маскоўскай агентуры, эксплуатацыя нацыянальных багацьцяў і разбурэньне нацыянальных каштоўнасьцяў – вось “падзяка” і “вызваленьне” з рук падступнага маскоўскага Рэйха. Для мільёнаў людзей адзін страх зьмяніў другі страх.

Дзьве сістэмы, якія па прыхамаці гістарычных абставін апынуліся на адным баку фронта, па-рознаму паставіліся да вайскоўцаў-пераможцаў і да ахвяраў вайны. У дэмакратычных краінах эўрапейскай цывілізацыі падчас вайны і пасьля яе сканчэньня прыкладаліся і прыкладаюцца дагэтуль вялікія намаганьні для таго, каб кожны забіты вайсковец быў дастойна пахаваны, каб было высьветлена імя кожнага палеглага. У міністэрствах абароны заходніх дзяржаваў дзейнічаюць адмысловыя дэпартамэнты, якія даглядаюць за могілкамі сваіх вайскоўцаў па ўсім сьвеце.
Савецкія генэралы параскідалі мільёны сваіх жаўнераў на прасторах Эўропы і Азіі. Дагэтуль большая частка з тых, што загінулі на тэрыторыі цяперашняй Расеі, ляжаць у зямлі або на зямлі непахаваныя. Тысячы магіл ня маюць ніякіх знакаў пашаны да палеглых. На палях, засеяных чалавечымі касьцямі, расейцы араюць і будуюць жылыя кварталы. Ва ўсім гэтым напоўніцу выявілася дзіка-азіяцкая мэнтальнасьць маскоўскай імпэрыі. Нават і там, дзе жаўнерскія магілы абазначаны, часьцей за ўсё большасьць з палеглых згадваюцца пад шыльдай “невядомы”. Як невядомы? Ёсьць жа штабныя справаздачы, архіўныя дакуманты палкоў і дывізій. З часам падсавецкія людзі здагадаліся, чаму ў расейскай арміі заўсёды столькі людзей праходзіць пад грыфам “прапаў бяз вестак”. Проста тут замешана фінансавая выгада рэжыма. Сем’ям “прапаўшых бяз вестак” ня трэба плаціць за страту кармільца. Гэта ж якія мільярды эканоміі!

Розьніца сьветапоглядаў адкрылася таксама ў адносінах да палонных. У заходніх гарадах людзей, якія вярталіся з палону, сустракалі як герояў – з аркестрамі, з кветкамі, дапамагалі ім вярнуцца да нармальнага жыцьця. Там з пасьляваеннага часу дзейнічаюць клюбы і аб’яднаньні былых вязьняў. Савецка-маскоўская сістэма кінула мільёны вызваленых з нямецкага палону людзей на пакуты і сьмерць у ГУЛАГу. Іх трактавалі як “здраднікаў” і “ворагаў народу”. На працягу дзесяцігоддзяў, да канца 80-х гадоў яны маўчалі пра сваю мінуўшчыну, расказвалі пра палон толькі шэптам.

Жудаснае ваеннае злачынства (прычым, над сваімі людзьмі) маскоўская імпэрыя зьдзейсьніла праз некаторы час пасьля сканчэньня вайны. У 1946-47 гадах па загаду з Крамля НКВД зьбірала па савецкіх гарадах калек, якія прасілі міласьціну, апранутыя ў жаўнерскія гімнасьцёркі з мэдалямі (яны “портілі советскій пейзаж”). Няшчасных вывозілі за горад і расстрэльвалі ў падрыхтаваных ямах. Каля многіх беларускіх гарадоў ёсьць такія безыменныя магілы. Такім чынам крамлёўская хунта зьнішчыла сотні тысяч людзей.
Свае адносіны да чалавечага жыцьця Масква актыўна праяўляла да апошняга дня вайны. Было арганізавана ідыёцкае спаборніцтва за “водруженіе флага победы” над Берлінам і іншымі заваяванымі гарадамі пад нямецкім агнём. Сотні маладых жаўнераў загінулі пры выкананьні гэтых злачынных загадаў.

Амэрыканцы таксама клапаціліся аб сымволіцы, але ім у галаву не прыходзіла расплочвацца за гэта чалавечымі жыцьцямі. Акт аб капітуляцыі Японіі і заканчэньні сусьветнай вайны быў падпісаны на палубе флагманскага карабля ЗША “Місуры” 1 верасьня 1945 года. Над караблём адмыслова ўзьнялі амэрыканскі сьцяг, які павяваў над будынкам Капітолія ў Вашынгтоне 7 сьнежня 1941 года (у той дзень японцы напалі на амэрыканскую базу ў Пёрл-Харбары і распачалі вайну). Цырымонію падпісаньня капітуляцыі распачаў адмірал Хэлсі, які зачытаў зварот у мікрафон. Побач зь ім стаялі генэралы Вэйнрайт і Пэрсівал. Яны не былі самымі высокапастаўленымі чынамі ў амэрыканскіх узброеных сілах. Але іхная прысутнасьць у цэнтры значнай падзеі была не выпадковай. Гэта быў знак павагі да ўсіх вайскоўцаў, што пацярпелі найбольш у гэтай вайне. Першы генэрал патрапіў з войскамі ў японскі палон на Філіпінах, другі ў Сінгапуры. Абодва прайшлі праз цяжкую няволю ў японскіх лягярох разам са сваімі жаўнерамі.

Заканчэньне Сусьветнай вайны ў Эўропе 8 траўня 1945 года (Victory-E) атрымала значна большы розгалас у сьвеце, чым канчатковы разгром імпэрыялістычнай Японіі і яе капітуляцыя ў Азіі ў першы дзень верасьня 1945 года (Victory-A). Ва ўсіх краінах, закранутых вайной, адбываліся стыхійныя маніфэстацыі радасьці, мільёны людзей сьвяткавалі заканчэньне кашмара. Старэйшыя людзі ўспаміналі, якое шалёнае сьвята адбылося ў гістарычным цэнтры Гомеля. Людзі танцавалі, абдымаліся, сьмяяліся, плакалі. Усім здавалася, што цяпер настане зусім іншае, шчасьлівае жыцьцё. Нейкі малады матрос схапіўся за шматмятровы дрот, што зьвісаў з паркавай вежы палацавага ансамбля Паскевічаў, і пачаў караскацца ўгару. Дрот абарваўся і юнак загінуў… Людзям сапраўды здавалася, што цяпер ніхто і нішто ня зможа спыніць, абмежаваць іх.

Сталін і тут паказаў сваю дзікую пыху, загадаў падсавецкім людзям лічыць днём перамогі ня 8 траўня, а 9-е. Гэтая недарэчнасьць дзейнічае ў постсавецкіх краінах і дагэтуль. Але Сталін і ягоная хунта ставіліся да гэтага дня з насьцярожанасьцю і крывадушна. Да сьмерці Сталіна сьвята пад назовам “День победы” афіцыйна адзначалася 1 студзеня, разам з Новым годам (?!). Прапаганда тлумачыла гэты кур’ёз тым, што лішнім сьвятам-выходным будзе наносіцца шкода народнай гаспадарцы. Пасьля 1953 года 9 траўня сталі згадваць больш, але адчувалася па ўсім, што Крэмль ніколі не прыняў вынікі сусьветнай вайны як спаўненьне сваіх перадваенных праектаў. Перамогу яны лічылі частковай і непаўнавартаснай. У іх меркавалася заняць усю Эўропу да Ла-Маншу і арганізаваць паўсюль савецкі парадак.

Упершыню 9 Траўня быў абвешчаны непрацоўным днём і дзяржаўным сьвятам у 1965 годзе (праз 20 гадоў пасьля вайны!). Я добра памятаю гэты цёплы сонечны дзень. Мы хадзілі па гомельскаму парку з бацькам. На ганку палаца Паскевічаў іграў габрэйскі духавы аркестар. Быў першы брэжняўскі год, пачыналася паступовая рэабілітацыя Сталіна. За два пасьляваенных дзесяцігоддзі беларусы ўжо пазбавіліся ад травеньскіх спадзяваньняў 45-га, якія аказаліся ілюзіямі. Ніхто не крычаў ура, усім хацелася спакою, каб ад іх адчапіліся хаця б у гэты дзень.

Той “День Победы” ня быў яшчэ да такой ступені раскручаны афіцыёзам КПСС. Захоўвалася натуральная камэрнасьць адзначэньня ўгодкаў простымі людзьмі, якія ацалелі ў вайне. З кожным годам, аднак, крамлёўская хунта ўсё больш нахрапіста прыватызавала подзьвіг народа, стварала сваю пачварную міфалогію, усё больш нахабна падманвала людзей сфальшаванай статыстыкай. З крахам СССР у 1991 годзе здавалася, што ад людзей урэшце адчэпяцца з афіцыёзнай какафоніяй. І вось цяпер мы бачым, як 9 Траўня зноў ператвараецца ў манумэнтальны і няшчыры трыюмф “сістэмы”. Нэабальшавіцкая сістэма ўчэпіста трымаецца за гэты дзень, бо ўсё іншае ў іхнай савецкай гісторыі было з грукатам правалена, пра што сьведчылі навукова-тэхнічная адсталасьць, ізаляцыя краіны і здушанасьць духоўнага жыцьця. Формулу савецкай міфалогіі на ваенную тэму па-свойму вывеў А. Лукашэнка: “Знаете, товарішчі, война – это лучшее, что у нас было…”

І яны напоўніцу карыстаюцца гэтым крывавым козырам. Апошнім часам накруцілі безьліч ваенных сэрыялаў з маладымі акцёрамі і актрыскамі, якія мізэрна ўдаюць з сябе Галівуд, абнавілі анталогію кніжак-выдумлянак. Ганяюць штодня танкавыя калёны па вуліцах гарадоў – рэпэціруюць “парад”. Савецкае бронеламачча не вытрымлівае нават гэтай прыгоды. Днямі на сумнавядомай плошчы Бангалор у Менску адзін з парадных танкаў загарэўся сам сабой. Цяперашнім старшакласнікам вядома, што танк даўно ўжо не зьяўляецца эфэктыўнай зброяй сучаснай вайны.

У дэмакратычнай Беларусі гэтае шоў будзе прыкрыта. Дзень заканчэньня вайны будзе сапраўдным днём памяці аб героях і ахвярах народу. Ня будзе мілітарысцкага грукату і дэмагагічнага пустазвонства. Старэйшыя людзі і іхныя нашчадкі пойдуць у храмы, каб маліцца за душы палеглых і за мір на зямлі. На магілы часоў вайны будуць ускладаць кветкі і ўспамінаць кожнае імя. Будзе так, як прынята ў нашага міралюбівага эўрапейскага народа.

Валеры Буйвал

8/5/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2010
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024